РАЕ́ЎСКІ (Андрэй Пятровіч) (1.9.1910, с. Нікіцкае Куркінскага р-на Тульскай вобл., Расія — 26.4.1993),
расійскі і бел. рэжысёр, акцёр. Засл. арт. Беларусі (1959). З 1928 вучыўся і працаваў акцёрам у маскоўскіх тэатр. студыях пад кіраўніцтвам Ю.Завадскага, А.Жыльцова, М.Хмялёва, з 1932 працаваў у розных трах Расіі. У 1955—80 рэжысёр Магілёўскага абл.драм.т-ра. Для пастановак характэрны дакладнасць рэалізацыі аўтарскай задумы, глыбокая прапрацоўка вобразаў, раскрыццё акцёрскіх індывідуальнасцей: «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1960), «Гэта было ў Магілёве» Я.Тарасава (1964), «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1965), «Мільянерка» Б.Шоу, «Тры дні і тры ночы» (абедзве 1967), «Амністыя» (1971), «Апошняя інстанцыя» (1975), «Наследны прынц» (1976) М.Матукоўскага, «Гарачае сэрца» А.Астроўскага (1971), «Таблетку пад язык» (1973), «Не сумуй, Верачка» («Верачка», 1979) А.Макаёнка. У Магілёўскім т-ры найб. значныя ролі Керанскі («Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Дзяржынскі («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна і «Імем рэвалюцыі» М.Шатрова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУР (Ruhr),
Рурская вобласць, галоўная вугальна-металург. база Германіі, на тэр. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, па абодвух берагах р. Рэйн (асн.ч. на правабярэжжы, у бас. рэк Рур, Эмшэр, Ліпе). Тэрытарыяльна супадае з Рурскім вугальным басейнам. Пл. 3,3 тыс.км². Нас. каля 6 млн.чал. (2000); сярэдняя шчыльн. каля 1800 чал. на 1 км² (макс. больш за 5000 чал.). Гарады Р. (Эсэн, Дортмунд, Дуйсбург, Вуперталь, Дзюсельдорф, Мюльгайм, Гельзенкірхен, Бохум і інш.) з’яўляюцца вял.прамысл. цэнтрамі і зліліся ў адзіную канурбацыю. У Р. сканцэнтраваны гал. чынам галіны цяжкай прам-сці, асабліва кам.-вуг. (здабываецца каля 85% кам. вугалю ў краіне, у т. л. ўвесь каксавальны), чорная металургія, цяжкае машынабудаванне, хім. і коксахім. прам-сць. У сувязі з хранічным крызісам гэтых галін многія шахты і прадпрыемствы закрываюцца. Традыц. галіны прам-сці часткова замяняюцца новымі для Р. галінамі — аўтабудаваннем, эл.-тэхн., нафтаперапр., швейнай. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Густая сетка чыгунак, аўтадарог, унутр. водных шляхоў; нафтаправоды з Ротэрдама і Вільгельмсгафена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛАНПЯ ((Sillanpää) Франс Эміль) (16.9.1888, г. Хяменкюрэ, Фінляндыя — 3.6.1964),
фінскі пісьменнік. Вучыўся ў Хельсінкскім ун-це (1908—13), працаваў у выдавецтвах (1915—26). У першым рамане «Сонца і жыццё» (1916), зб-ках навел «Дзеці чалавечыя ў карагодзе жыцця» (1917), «Мая ўлюбёная радзіма» (1919), «Ад зямлі» (1924), «Тэлінмякі» (1925) адчувальныя ўплывы творчасці неарамантыкаў (Ю.Аха, К.Гамсун). У рамане «Праўдзівая беднасць» (1919), аповесці «Хілту і Рагнар» (1923) псіхал. асэнсаванне стану фін. сялянства ў час і ў першыя гады пасля грамадз. вайны 1918. У раманах «Памерлая ў маладосці» (1931), «Шлях мужчыны» (1932), «Людзі ў летняй ночы» (1934) паглыбленне псіхалагізму, узмацненне рэаліст. тэндэнцый. Аўтар аўтабіягр. раманаў «Жнівень» (1941), «Хлопец жыў сваім жыццём» (1953), «Расказваю і выяўляю» (1954), «Галоўная падзея дня» (1956) і інш. Нобелеўская прэмія 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭГО́Н (Oregon),
штат на З ЗША. Пл. 248,6 тыс.км², нас. 3,08 млн.чал., у т. л. гарадскога каля 68% (1993). Адм. цэнтр — г. Сейлем. Найб. гарады: Портленд, Юджын з Спрынгфілдам, Олбані. На З Берагавыя хр. і Каскадныя горы (вулкан Худ, 3427 м), паміж імі Уіламецкая даліна, на ПнУ Калумбійскае плато, на ПдУ нагор’е В. Басейн.
Клімат на ўзбярэжжы ўмераны, вільготны, ва ўнутраных раёнах кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4 °C да 4 °C, ліпеня 14—20 °C, ападкаў 300—2000 мм за год. Галоўная рака Калумбія з прытокамі Снейк і Уіламет. Каля палавіны тэрыторыі пад лесам (секвоя, дугласава піхта і інш.). Аснова эканомікі — лясная і сельская гаспадарка. Прамысловасць: дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая, алюмініевая, выплаўка нікелю, вытворчасць электроннага і высокатэхналагічнага абсталявання, металаапрацоўчая, хімічная, харчовая. Асноўны сельскагаспадарчы раён — урадлівая Уіламецкая даліна. Вырошчваюць пшаніцу, сеяныя травы, бульбу, садавіну, агародніну. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, птушак. Развіта рыбалоўства. Здабываюць ртуць, нікель. На рацэ Калумбія буйныя ГЭС. Транспарт: марскі (галоўны порт — Портленд), чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны; міжнародныя аэрапорты (Портленд, Асторыя). Развіты турызм. Нацыянальны парк Кратэр-Лейк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ (Генадзь Канстанцінавіч) (8.9.1918, г. Росаш Варонежскай вобл., Расія — 5.8.1987),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т імя Астроўскага (1941). З 1937 працаваў у Ленінградскім Новым т-ры юнага гледача, т-рах Балтыйскага флоту, Паўн. групы войск. З 1950 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі імя Горкага. З 1960 у т-ры імя Массавета. Творчасць адметная псіхал. верагоднасцю, тонкім адчуваннем стылю твора і рэжысёрскай ідэі. Сярод лепшых роляў на бел. сцэне — Ермашоў і Бонч-Бруевіч («Брэсцкая крэпасць» і «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Сакалоў («Песня нашых сэрцаў» В.Палескага), Васількоў («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Мікіта («Улада цемры» Л.Талстога), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Эдгар («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу), Алан Окапел («Шакалы» А.Якабсана); у т-ры імя Массавета — Лужнін («Злачынства і кара» Ф.Дастаеўскага), Генерал («Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына), Вэл Ксаўе («Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса), Дэрвіш («У ноч зацьмення Месяца» М.Карыма). Зняўся ў бел. фільмах «Чалавек не здаецца», «Першыя выпрабаванні» і «Якаў Багамолаў» (тэлевізійны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖБА́ (Іосіф Абрамавіч) (14.12.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.9.1995),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Пасля сканчэння студыі Маскоўскага трама працаваў у Маск. т-ры імя Ленінскага камсамола. У Айч. вайну ў рус. трупе Чувашскага т-ра драмы. З 1944 у Дзярж.рус. т-ры Беларусі. Выканаўца пераважна характарных роляў. Найб. ярка рысы творчай індывідуальнасці выявіліся ў вобразах нац. драматургіі; Малышаў, Духонін («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Багун, Мякішаў («Білет у мяккі вагон», «Пад адным небам» А.Маўзона), Фёдар Шупеня, Ніканаў («Трывога», «Соль» А.Петрашкевіча). Стварыў каларытныя вобразы і ў класічнай, сучаснай і замежнай драматургіі: Шалы («Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава), Андрэй Жаркоў («З вечара да поўдня» В.Розава), Леўшын, Маўрыкій Манахаў, Данат («Ворагі», «Варвары», «Ягор Булычоў і іншыя* М.Горкага), Сілан і Бяссудны («Гарачае сэрца», «На бойкім месцы» А.Астроўскага), Луп Кляшнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Казарын («Маскарад» М.Лермантава), Яга і Глостэр («Атэла» і «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Паўлет («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Харнблаўэр («Мёртвая хватка» Дж.Голсуарсі) і інш. Выступаў у радыёспектаклях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найбуйнейшы навучальны і навуковы цэнтр Польшчы. Засн. ў 1816 у Варшаве паводле загаду рас. імператара Аляксандра I як Аляксандраўскі ун-т (статут зацверджаны ў 1818). Меў ф-ты: юрыд., мед., прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-матэм., тэалагічны. Пасля задушэння паўстання 1830—31 ун-т зачынены. У 1862 аднавіў дзейнасць пад назвай «Галоўная школа». Адыграў выключную ролю ў развіцці польск. культуры і навукі. Сярод яго выхаванцаў Г.Сянкевіч, Б.Прус, Бадуэн дэ Куртэнэ, гісторык матэматыкі С.Дзікштэйн і інш. У 1869 школа пераўтворана ва ун-т з выкладаннем на рус. мове. У 1893—1915 у Варшаўскім універсітэце выкладаў Я.Ф.Карскі. У час герм. акупацыі 1915—18 фармальна лічыўся ням. ун-там, з 1917 — польскі. У 2-ю сусв. вайну не працаваў. Аднавіў дзейнасць у 1945. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: біял., хім., журналістыкі і паліт.Навук. філасофіі і сацыялогіі, фізікі, геаграфіі і вывучэння рэгіёнаў, геалогіі, гісторыі; матэматыкі, інфарматыкі і механікі; эканам.Навук. неафілалогіі, педагогікі, паланістыкі, прававых навук і адміністрацыі, прыкладных грамадскіх навук і рэсацыялізацыі, псіхалогіі, русістыкі і прыкладной лінгвістыкі (мае кафедру бел. філалогіі), кіравання. Філіял ун-та ў Беластоку. Б-ка (засн. 1817).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ПАЛЕСЦІ́НЫ (АВП),
галоўнаяарг-цыя палесцінскага нац.-выз. руху. Створана ў 1964. Уключае большасць арг-цый Палесцінскага руху супраціўлення і грамадска-паліт. аб’яднанняў, якія актыўна змагаюцца за правы араб. народа Палесціны. Мае ўзбр. сілы, прадстаўніцтвы больш як у 100 краінах, чл. Лігі араб. краін, Арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», з 1974 — адзіны законны прадстаўнік араб. народа Палесціны ў ААН. Вышэйшы орган — Нац. савет Палесціны (НСП, склікаецца раз у год, лічыцца палесцінскім парламентам у выгнанні), які ў 1988 прыняў рашэнне пра стварэнне Дзяржавы Палесціна на тэр.зах. берага р. Іардан і сектара Газа. Паліт. і арганізац. кіраўніцтва АВП ажыццяўляе яе Выканком (надзелены НСП паўнамоцтвамі часовага палесцінскага ўрада); з 1969 старшыня Выканкома АВП Я.Арафат. Гал.інфарм. агенцтва АВП выдае штотыднёвік «Філастын ас-Саура» («Рэвалюцыйная Палесціна»).
Палітыка АВП доўгі час будавалася на ўзбр. барацьбе супраць Ізраіля за вызваленне акупіраваных ім тэрыторый і непрыняцці рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 пра стварэнне на тэр. Палесціны яўр. і араб. дзяржаў. З канца 1980 — пач. 1990-х г. стала на шлях перагавораў і пошуку мірнага ўрэгулявання палесцінскай праблемы: прызнала рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 і Савета Бяспекі ад 22.11.1967 і 22.10.1973; паводле Вашынгтонскай дэкларацыі 1993 прадугледжана часовае палесцінскае самакіраванне на тэр.зах. берага р. Іардан сектара Газа. АВП і Ізраіль заявілі пра ўзаемнае прызнанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́МЧЫК (Мікола) (Мікалай Якаўлевіч; нарадзіўся 14.1.1920, в. Плёсы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1949). У 1942—45 у палоне, на кам.-вуг. шахтах у Руры. Пасля вайны — на аднаўленні Данбаса. У 1953—80 рэдактар аддзела паэзіі час. «Маладосць». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Пярэдні край» (1949). У яго паэзіі шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы, драматычны ваен. лёс (зб-кі «Шляхамі дружбы», 1952; «Ключы жураўліныя», 1960; «Сустрэча былых канагонаў», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964; «Універсітэцкі гарадок», 1967; «Радовішча», 1976, і інш.). Раман «Падзямелле» (1983) і аповесць «Палон» (1989) пра жорсткія баі, палон, маральнае супрацьстаянне ворагу, змаганне за чалавечую годнасць. Пераклаў на бел. мову творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, М.Джаліля, Г.Эміна, паэму М.Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980;
Агледзіны. Мн., 1969;
Анкета. Мн., 1990.
Літ.:
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 113—118;
Бугаёў Д. Адкрытая душа паэта // Бугаёў Д. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Сустрэча з чалавекам // Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;
Лецка Я. Балючыя старонкі жыцця // Вобраз—85. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАПЕРАХО́Д,
кантакт паміж двума рознымі паводле хім. саставу ці (і) фазавага стану паўправаднікамі (ПП). Па тыпе праводнасці спалучаных ПП адрозніваюць гетэрапераходы анізатыпныя — кантактуюць ПП з электроннай (n) і дзірачнай (p) эл.-праводнасцямі (p-n-гетэрапераход; гл.Электронна-дзірачны пераход), і ізатыпныя — кантактуюць ПП з адным тыпам праводнасці (n-n-гетэрапераход ці p-p-гетэрапераход). Камбінацыі некалькіх гетэрапераходаў утвараюць гетэраструктуры.
Для атрымання гетэрапераходу выкарыстоўваюцца кантакты паміж германіем Ge, крэмніем Si, ПП злучэннямі тыпу AIIIBV, дзе AIII — элемент III групы перыяд. сістэмы элементаў (алюміній Al, галій Ga, індый In), BV — элемент V групы (фосфар P, мыш’як As, сурма Sb), і іх цвёрдымі растворамі: Ge—Si, Ga Al As — Ga As, Ga Al—Ge, In Ga As — In P. Гетэрапераход атрымліваюць эпітаксіяй. Галоўная асаблівасць гетэрапераходу — скачкападобнае змяненне ўласцівасцей на мяжы падзелу ПП (шырыні забароненай зоны, энергіі роднасці да электрона, рухомасці носьбітаў зараду, іх эфектыўнай масы і інш.). Кіраванне імі шляхам падбору спалучаных ПП матэрыялаў дае магчымасць ствараць арыгінальныя ПП прылады. Гетэрапераходы выкарыстоўваюцца ў пераключальніках хуткадзейных лагічных схем для ЭВМ, ПП лазерах, святлодыёдах і інш.
Літ.:
Милис А., Фойхт Д. Гетеропереходы и переходы металл — полупроводник: Пер. с англ.М., 1975;
Шарма Б.Л., Пурохит Р.К. Полупроводниковые гетеропереходы: Пер. с англ.М., 1979.