род бактэрый, роднасных актынаміцэтам. Каля 20 відаў. Пашыраны ў глебе, вадзе, харч. прадуктах.
Палачкі (0,2—0,6 × 1—10 мкм), часта злёгку скрыўленыя, галінастыя з уключэннямі ў выглядзе ружанцаў і гранул. Некат. віды ўтвараюць гіфы, якія распадаюцца на палачкі і кокі. Грамстаноўчыя, кіслотаўстойлівыя, нерухомыя. Маюць у сабе караціноіды, таму іх калоніі часта пігментаваныя (аранжавыя, жоўтыя, чырвоныя). Размнажаюцца дзяленнем клетак, спор не ўтвараюць. Сапрафітныя формы ўдзельнічаюць у мінералізацыі арган. рэшткаў, некат. акісляюць парафіны і вуглевадароды. Патагенныя віды выклікаюць хваробы чалавека (туберкулёз, лепру), жывёл і раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНІКАВЫЯ (Istiophoridae),
сямейства рыб атр. кунепадобных. 3 роды: кап’яносцы, або кап’ярылы (Tetrapturus) — 6 відаў, марліны (Makaira) — 3 віды, паруснікі (Istiophorus) — 2 віды. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Жывуць пераважна ў прыбярэжнай зоне. Развіваюць скорасць да 130 км/гадз.
Даўж. да 5 м, маса да 900 кг. Рыла падоўжанае. Першы спінны плаўнік доўгі і высокі, нагадвае парус (адсюль назва), у час руху здольны ўкладвацца ўздоўж спіны. Грудныя плаўнікі звычайна доўгія і вузкія. Драпежнікі, кормяцца рыбай і кальмарамі. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛІ,
зборная група ніжэйшых раўнакрылых і разнакрылых матылёў, якія належаць да 3 падатрадаў (больш за 40 сям., каля 15 тыс. відаў). Вядомы з мелавога перыяду (каля 135 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі 11 сям.: М. зубатыя — Micropterygidae, М. сапраўдныя — Tineidae (27 відаў), М.-стракаткі — Gracilariidae, або LithocoUetidae (18 відаў), М. гарнастаевыя — Yponomeutidae, М. выемчатакрылыя — Gelechiidae, М.-чахланоскі — Psychidae (9 відаў), М.-малюткі — Nepticulidae, або Stigmellidae (7 відаў), М. вузкакрылыя — Momphidae, М.-блішчанкі. або М. кружковыя — Heliozelidae (2 віды), М.-мінёры — Tischeriidae (4 віды), М.-мяшочніцы — Talaeporiidae (3 віды).
Матылі дробных і сярэдніх памераў. размах крылаў да 70 мм. Лічынкі (вусені) паядаюць раслінныя і жывёльныя рэшткі, грыбы, лішайнікі; дарослыя не кормяцца. Сярод М. шмат шкоднікаў, напр., М. мэблевая і М. адзежная псуюць шэрсць і футра, М. зерневая, або свірнавая — збожжапрадукты, М. стракатка яблыневая і М. гарнастаевая яблыневая шкодзяць яблыні, М. пупышкава-парасткавая — хвоі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАПАДО́БНЫЯ (Cypriniformes),
атрад рыб падкласа прамянёвапёрых. 3 падатр.: харацынападобныя (Characoidei) з 16 сям., гімнотападобныя (Gymnotoidei) з 4 сям., карпавідныя (Cyprinoidei) з 7 сям. Каля 3 тыс. відаў. Харацынападобныя (напр., піраньі, прахілоды) — жыхары прэсных субтрапічных і трапічных вод Амерыкі і Афрыкі. Іх характэрная адзнака — тлушчавы плаўнік (як у ласасёвых). Многія відыпадатр. разводзяць у акварыумах (капеіны, неоны). Гімнотападобныя жывуць у прэсных водах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У большасці прадстаўнікоў падатр. цела моцна выцягнутае, сціснутае з бакоў, звычайна адсутнічаюць спінны і хваставы (можа быць маленькі) плаўнікі. У многіх відаў ёсць эл. органы (электрычны вугор). Карпавідныя жывуць у прэсных вадаёмах Еўразіі, Афрыкі і Паўн. Амерыкі. Некат. віды выходзяць у мора. Характэрная іх рыса — зубы размешчаны на ніжніх глоткавых касцях шчэлепнага апарата. Плавальны пузыр з двума ці больш аддзеламі, злучаны з кішэчнікам. На Беларусі 19 родаў, 25 відаў. Некат. віды інтрадукаваныя (амуры, таўсталобікі). Жывуць у рэках, азёрах, сажалках. 66 відаў і падвідаў К. у Чырв. кнізе МСАП, 2 віды (вусач і рыбец) — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. ад 2 см да 1,7 м. Цела ўкрыта цыклоіднай луской або голае. Маюць вебераў апарат. Брушныя плаўнікі за груднымі. Нераст вясной і ў пач. лета. Кормяцца беспазваночнымі, воднай расліннасцю, дэтрытам, ёсць драпежнікі (жэрах). Сярод К. многа прамысл. рыб, з іх на Беларусі пашыраны гусцяра, лешч, лінь, плотка, сазан, карп, карась залаты, карась сярэбраны і інш. Аб’екты промыслу, спарт. лоўлі, сажалкавага і акварыумнага развядзення, акліматызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПАТРЫ́Я (ад ала... + грэч. patris радзіма),
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць ва ўмовах прасторавай раз’яднанасці папуляцый. Пад дзеяннем натуральнага адбору кожная папуляцыя дадзенага віду прыстасоўваецца да спецыфічных умоў яе месцапражывання. Адаптацыя да новых умоў і выпадковы дрэйф генаў у невял. папуляцыях прыводзяць да змены частаты алеляў і генатыпаў. У выніку працяглага раз’яднання папуляцый паміж імі можа ўзнікнуць генетычная ізаляцыя, якая захоўваецца нават у тым выпадку, калі яны зноў апынуцца разам. Такім чынам могуць утварацца новыя віды. Напр., разнастайнасць відаў уюркоў сям. Goespizidae і пашырэнне на а-вах Галапагас лічаць вынікам алапатрычнага відаўтварэння. Гл. таксама Сімпатрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЙКІ́ (Charadrius),
род птушак сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. 23 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. жыве паблізу вадаёмаў, некаторыя — у пустынях і камяністых стэпах. Найб. вядомыя З.: гальштучнік, або зуёк вялікі; малы (Ch. dubius); мангольскі (Ch. mongolus); марскі (Ch. alexandrinus); таўстадзюбы (Ch. leschenaultii). На Беларусі 2 віды З.: гальштучнік, занесены ў Чырв. кнігу, і малы.
Даўж. цела 15—25 см, маса 30—90 г. Галава вял., дзюба прамая, кароткая, слабая, ногі тонкія, крылы доўгія. Верх цела шаравата-пясочны, брушка белае. Гняздо — невял. ямка ў пяску. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і інш. беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЧА́НКІ, пясчанкавыя (Gerbillinae),
падсямейства хамяковых атр. грызуноў. Каля 15 родаў, 102 віды. Пашыраны пераважна ў пустынях Азіі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Еўропы. Жывуць калоніямі, у норах. Многія віды — шкоднікі с.-г. культур, пашаў, могуць разбураць насыпы дарог і інш. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў клешчавага сыпнога тыфу, скуранога лейшманіёзу, чумы і інш.інфекц. хвароб.
Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Вушы кароткія, закругленыя. Хвост даўжэйшы за цела, укрыты кароткімі густымі валаскамі, на канцы кутасік. Афарбоўка пясчана-жоўтая ці карычневая, знізу белая. Кормяцца раслінамі і насякомымі. Нараджаюць 5—6, зрэдку да 12 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРАФО́БЫ [ад гігра... + ...фоб(ы)],
наземныя арганізмы, не прыстасаваныя да існавання ва ўмовах павышанай вільготнасці асяроддзя. Жывуць пераважна на сухіх мясцінах (напр., асака пясчаная, лясныя мурашкі, многія віды насякомых і інш.). Гл. таксама Гіграфілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖАЗЁРНЫ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Створаны ў 1977 (воз. Воласа ўключана ў заказнік у 1986) з мэтай захавання прыроднага комплексу Бел. Паазер’я і воз. Воласа з рэліктавымі відамі ракападобных. Пл. 982 га. З 1995 у складзе нац. парку Браслаўскія азёры.
Займае цэнтр.ч. перашыйка паміж азёрамі Снуды, Воласа Паўн. і Воласа Паўд. Рэльеф з озавых, камавых і марэнных град і ўзгоркаў укрыты хваёвым лесам, растуць таксама бяроза, дуб, елка, у падлеску — брызгліна, ляшчына, рабіна, ядловец. Больш за 420 відаў вышэйшых сасудзістых раслін. У басейнах азёр расце хвошч стракаты, занесены ў Чырв. кнігу. Водная расліннасць займае каля 40% плошчы азёр, у асноўным харавыя водарасці да глыб. 7,5 м, прымешваюцца макрафіты — трыснёг, чарот, рдзест, эладэя канадская, рагаліснік, разак. У фітапланктоне 44 віды водарасцяў, у зоапланктоне 69 відаў жывёл, у заабентасе 24 віды. У іхтыяфауне 20 відаў рыб, у т. л. сняток, рапушка, шчупак, лешч, лінь, акунь і інш. 4 рэліктавыя віды ракападобных: лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда, а таксама рак шыракапальцы, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.