АЛЮМІНАВА́ННЕ,

нанясенне на паверхню метал. вырабаў алюмінію ці яго сплаваў. Ахоўвае яе ад карозіі, надае спецыяльныя фіз.-хім. ўласцівасці, паляпшае вонкавы выгляд вырабаў. Ажыццяўляецца алітаваннем, газаплазмавым і плазмавым распыленнем, плакіраваннем, выпарэннем металу ў вакууме, апусканнем у расплаў. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы дэталяў самалётаў, ракет, аўтамабіляў, с.-г. інвентару, бытавых вырабаў.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІДАВА́ННЕ,

працэс утварэння на паверхні металічных вырабаў аксіднай плёнкі. Павышае каразійную ўстойлівасць, зносаўстойлівасць, электраізаляцыйныя ўласцівасці вырабаў, надае ім прывабны дэкар. выгляд (гл. Паціна). Аксідную плёнку атрымліваюць тэрмічным (гл. Вараненне), хімічным (з дапамогай раствораў кіслот, шчолачаў, спец. рэчываў) і электрахім. анодным (гл. Анадзіраванне) спосабам. Выкарыстоўваюць у прылада-, самалёта-, машынабудаванні, для аддзелкі буд. і арх. дэталяў, метал. вырабаў быт. прызначэння. Гл. таксама Акаліна, Акісленне металаў.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМААЗБЕ́СТАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ.

Асноўная прадукцыя — гума- і азбестатэхнічныя вырабы, а таксама разнастайныя гумавыя вырабы на аснове каўчуку ў спалучэнні з іншымі матэрыяламі. Аб’ядноўвае гумава-тэхнічных вырабаў вытворчасць, гумавага абутку вытворчасць, а таксама вытв-сць гумавых вырабаў шырокага ўжытку і азбестатэхн. вырабаў (параніт, тканіны, шнур, папера, кардон, пракладкі, фільтратканіны) і інш. рэчы і матэрыялы з азбеставымі ўключэннямі. Апошняя ў Беларусі не прадстаўлена.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

чаканка,

працэс штампоўкі ці апрацоўкі металічных вырабаў.

т. 17, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ФУ́ТРАВАЯ ФА́БРЫКА.

Засн. ў 1960 у г. Бабруйск, у 1963—75 рэканструявана і расшырана. Дзейнічаюць цэхі швейных вырабаў, галаўных убораў, вырабаў з пушніны. Асн. прадукцыя (1995): вырабы з футра (пласціны, галаўныя ўборы, каўняры) і верхняе адзенне (паліто, паўпаліто, курткі).

т. 2, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

экструзія,

спосаб атрымання вырабаў з пластычных мас і гум.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРА́ЎКА,

1) прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для мацавання на ім пустацелых вырабаў ці інструментаў пры апрацоўцы на металарэзных станках; від аснасткі тэхналагічнай. Бывае суцэльная — у выглядзе метал. стрыжня канічнай, цыліндрычнай ці камбінаванай формы, і распускальная — у выглядзе пустацелага цыліндра з конусным стрыжнем унутры. Апраўка надае інструменту, дэталям і загатоўкам неабходнае становішча, папярэджвае магчымае працісканне сценак вырабаў, памяншэнне дыяметра адтулін і інш. 2) Інструмент (цыліндрычны стрыжань), які ўстаўляецца ў поласць вырабаў пры коўцы, раскачванні кальцавых паковак, пракатцы трубаў з патанчэннем сценак, выпраўленні змятых трубаў і інш.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКЁРА-ГАРЭ́ЛАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчасмакавай прамысловасці, якая выпускае розныя віды гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў. Найбольш буйнымі вытворцамі лікёра-гарэлачных вырабаў у свеце з’яўляюцца Расія, Украіна, Польшча, ФРГ, Югаславія, Францыя і інш.

На Беларусі Л.-г.п. адна са старэйшых. У 1820-я г. ў 5 бел. губернях Расіі выраблялася 17,1% гарэлкі ад агульнай вытв-сці. У 1913 на спіртагарэлачную галіну прыпадала 44,3% валавой прадукцыі і 52,5% рабочых харчасмакавай прам-сці. У 1998 вытв-сцю лікёра-гарэлачных вырабаў займалася 68 прадпрыемстваў. Іх вытв. магутнасці складалі 20 млн. дал за год, загрузка абсталявання складала ўсяго 63—65%. На долю прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці, якія выпускалі алкагольную прадукцыю прыпадала 25% аб’ёму вытв-сці гарэлкі і 14% лікёра-гарэлачных вырабаў. У 1997 вытв-сць гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў склала 12,7 млн. дал, з якіх 2,1 млн. дал было накіравана на экспарт у асноўным у Расію. Імпарт гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў у 1997 склаў 411 тыс. дал, з іх з краін далёкага замежжа — 297 тыс. дал і краін СНД — 114 тыс. дал (Расія, Азербайджан).

Самым буйным прадпрыемствам Л.-г.п. з’яўляецца Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь», дзе штогод вырабляецца больш за 4 млн. дал лікёра-гарэлачных вырабаў 40 найменняў і 1,8 млн. дал этылавага рэктыфікаванага спірту, у т.л. і самых высакаякасных спіртоў «Люкс» і «Супер-Люкс». Сярод найб. вядомых гарэлкі з-да «Крышталь»: «Белая Русь», «Крышталь-100», «Усяслаў Чарадзей»; лікёры «Папараць-кветка», настойкі горкія «Белавежская асобая», «Лошыцкая», «Калядная», «Застольная» і інш. Сярод буйных прадпрыемстваў галіны: Клімавіцкі лікёра-гарэлачны з-д (14 найменняў гарэлкі, 9 найменняў горкіх настоек, бальзам «Клімавіцкі»), лікёра-гарэлачныя з-ды ў Віцебску, Брэсце, Гомелі і Гродне. Выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў наладжаны таксама на шматлікіх вінзаводах (Слонім, Пружаны, Ілава і інш.). Сярод бел. бальзамаў найб. вядомы «Беларускі», «Брэсцкі», «Чорны рыцар». Прадпрыемствы Л.-г.п. неаднаразова ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнар. выстаўках, дзе атрымлівалі дыпломы, медалі і прызы «За лепшую якасць прадукцыі».

П.І.Рогач.

Да арт. Лікёра-гарэлачная прамысловасць. Цэх разліву гарэлкі і гарэлачных вырабаў на Мінскім вінна-гарэлачным заводзе «Крышталь».

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРО́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць макаронныя вырабы. Каля 80% прадукцыі вырабляецца з мукі вышэйшых гатункаў, у некаторыя вырабы дадаюцца малочныя прадукты, яйкі і інш. Атрымала шырокае развіццё ў многіх краінах свету, паколькі макаронныя вырабы пажыўныя і высокакаларыйныя, добра зберагаюцца, хутка і проста гатуюцца. Найбуйнейшыя вытворцы макаронных вырабаў з’яўляюцца Італія (35 кг на 1 чал. за год), Японія (12 кг), Францыя (6 кг), Венгрыя, Германія, Расія, ЗША.

На Беларусі да 1920-х г. вытв-сць макаронных вырабаў вялася пераважна саматужным спосабам. Толькі ў Брэсце працавала паравая макаронная ф-ка (17 рабочых у 1908). Як самастойная галіна М.п. створана ў пач. 1920-х г. У 1931 у Барысаве, на базе дражджавога з-да пабудаваны макаронна-мукамольны камбінат (з 1944 макаронная ф-ка). На базе арцелі ўзнікла макаронная ф-ка ў Віцебску. У 1940 выпушчана 13,5 тыс. т макаронных вырабаў. У 1963 на базе арцелі створана Слуцкая макаронная ф-ка. У 1977 дзейнічала 14 аўтаматычных, 18 механізаваных паточных ліній, комплексна-механізаваны ўчастак; выпушчана 49,1 тыс. т макаронных вырабаў. У 1997 М.п. давала 0,9% валавой прадукцыі харч. прам-сці. У ёй занята 1,2% прамысл. персаналу харч. прам-сці. Вытв-сць макаронных вырабаў склала 41,5 тыс. т, што ў 1,5 раза менш, чым у 1990. Працуюць 57 прадпрыемстваў і вытв-сцей па выпуску макаронных вырабаў, найбуйнейшыя з іх Барысаўская макаронная фабрыка (адкрытае акц. т-ва «Барымак»), ф-кі ў Слуцку і Віцебску, цэх пры Магілёўскім хлебазаводзе. Створаны шэраг сумесных прадпрыемстваў, у т.л. чэшска-бел. прадпрыемства Pastaala у Нясвіжы, якое вырабляе 10 найменняў макаронных вырабаў.

П.І.Рогач.

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

серыя,

шэраг аднародных прадметаў, дзеянняў, вырабаў; частка вялікага кінафільма; катэгорыя дакументаў, абазначаных лічбамі або літарамі.

т. 14, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)