БЕ́ЛАЯ ГАРА́ (Bilá Hora),

гара ў Чэхіі, побач з Прагай. Тут 8.11.1620 у час Трыццацігадовай вайны 1618—48 імперска-баварскія войскі (Каталіцкая ліга) разбілі чэшскія войскі (Пратэстанцкая унія). З гэтага часу Чэхія страціла сваю самастойнасць і на 300 гадоў трапіла пад уладу аўстрыйскіх Габсбургаў.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНАЯ ЗБРО́Я,

зброя, у якой сродкі паражэння дастаўляюцца да цэлі з дапамогай ракет. Прызначана для паражэння наземных, марскіх, паветр. і касм. цэлей. Падзяляецца на стратэгічную, аператыўна-тактычную, тактычную; у залежнасці ад далёкасці дзеяння бывае блізкага, сярэдняга і далёкага дзеяння. На Беларусі Р.з. маюць сухап. войскі, войскі ППА і ВПС.

Вядома з 11—12 ст. (парахавыя ракеты ў Індыі і Кітаі), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 17—18 ст. Выкарыстоўвалася ў 2-й сусв. вайне. У 1950—60-я г. створаны ракетныя комплексы, якія знаходзяцца на ўзбраенні розных відаў і родаў войск. Выкарыстанне ракет у якасці носьбітаў ядз. боепрыпасаў прывяло да стварэння ракетна-ядзернай зброі. Гл. таксама Ракетныя войскі, Ракетныя войскі і артылерыя.

В.​У.​Макрынскі.

Да арт. Ракетная зброя. Міжкантынентальная балістычная ракета МХ «Піскіпер» (ЗША).
Да арт. Ракетная зброя. Ракетны комплекс (зенітны) С-300 (Расія).

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАГРА́ДСКАЯ АБАРО́НА 1919.

Адбывалася ў маі—ліст. 1919 у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Сав. войскі 7-й і 15-й армій Зах. фронту (каманд. Дз.М.Надзёжны, потым У.М.Гіціс) пры падтрымцы Балт. флоту (А.​П.​Зеляной) задушылі антыбальшавіцкае паўстанне на фартах Красная Горка і Шэры Конь (чэрв. 1919), адбілі 2 наступленні (май—жн. і вер.—кастр.) арміі белай гвардыі ген. М.М.Юдзеніча, якая пры падтрымцы войск Эстоніі, Фінляндыі і брыт. флоту імкнулася авалодаць г. Петраград (асн. ўдар з тэр. Эстоніі) і ў кастр. выйшла на блізкія подступы да горада. Потым сав. войскі перайшлі ў контрнаступленне, да канца ліст. адкінулі войскі Юдзеніча ў Эстонію.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАС-НА́ВАС-ДЭ-ТАЛО́СА (Las Navas de Tolosa),

сяло ў Іспаніі (прав. Хаэн, Андалусія), каля якога 16.7.1212 аб’яднаныя войскі ісп. каралеўстваў Кастыліі, Леона, Арагона і Навары на чале з кастыльскім каралём Альфонсам VIII разграмілі арабскія войскі Альмахадаў. Бітва стала пераломным момантам у гісторыі Рэканкісты: пасля яе пачаўся заняпад дзяржавы Альмахадаў і хуткае тэр. пашырэнне ісп. дзяржаў.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1512—22,

вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У выніку трох паходаў (1512, 1513, 1514) маскоўскія войскі авалодалі Смаленскам. Імкнучыся выкарыстаць поспех, яны занялі Мсціслаў, Крычаў, Дуброўну, перайшлі Дняпро, Друць і толькі каля Бярэзіны спынены перадавымі атрадамі Жыгімонта I Старога. У час Аршанскай бітвы 1514 гетман найвышэйшы К.І.Астрожскі разбіў 80-тысячнае маскоўскае войска, але вярнуць Смаленск не змог. У 1515 маскоўскія войскі хадзілі на Полацк, Віцебск і Мсціслаў, Браслаў і Друю, а войскі ВКЛ на Северскую зямлю і Вял. Лукі. Летам 1517 пасольства Жыгімонта I спрабавала дамовіцца пра спыненне вайны, але беспаспяхова, і ваен. дзеянні актывізаваліся. Летам 1518 маскоўскае войска рушыла на Полацк, Віцебск і ў Падняпроўе, у інш. месцах даходзіла да Слуцка, Мінска, Новагародка. У 1519 маскоўскія войскі займалі многія гарады і вёскі, бралі ў палон жыхароў. У 1520 пасольства ВКЛ дамовілася пра спыненне ваен. дзеянняў. У 1522 падпісана перамір’е на 5 гадоў. Смаленск застаўся ў Маскоўскай дзяржаве, а шматлікі «маскоўскі палон» — у ВКЛ.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКІЯ СТРАЛКІ́,

воіны, аснашчаныя спец. рыштункам і зброяй і падрыхтаваныя для вядзення бою ў гарах. Першыя фарміраванні з’явіліся ў канцы 18 ст. ў Францыі, прызначаліся для баявых дзеянняў у Альпах (адсюль назва) і складаліся ў асн. з жыхароў горных раёнаў. Назва захавалася ў Францыі, Італіі і некаторых інш. краінах як сінонім паняццяў «горныя» і «горнапяхотныя» войскі, якія ўваходзяць у склад сухапутных войскаў (гл. таксама Горныя войскі).

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТАПЯХО́ТА, матарызаваная пяхота,

сучасная назва пяхоты ва ўзбр. сілах ФРГ, Бельгіі, Нідэрландаў і інш.; у ЗША, Францыі і інш. — механізаваныя войскі, у краінах СНД — мотастралковыя войскі, якія ўваходзяць у склад сухапутных войск. Мотапяхотныя (матарызаваныя) злучэнні адрозніваюцца ад звычайных пяхотных высокай ступенню матарызацыі. Упершыню асобныя матарызаваныя падраздзяленні з’явіліся ў час 1-й сусв. вайны; значнае пашырэнне атрымалі ў 2-ю сусв. вайну. Гл. таксама Пяхота.

В.​М.​Пташнік.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЯ АБАРО́НА 1941.

Вялася войскамі 21-й арміі (ген.-лейт. М.​Р.​Яфрэмаў, ген.-м. В.​М.​Гардоў) Цэнтр. фронту і байцамі Гомельскага палка народнага апалчэння 12—19 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. У пач. жн. пад Гомелем было 25 ням. дывізій. 8—10 жн. праціўнік уклініўся ў абарону 21-й арміі і прарваў яе на ўчастку Крычаў—Прапойск—Рэчыца. 12 жн. 2-я ням. армія пачала штурм горада, авіяцыя бесперапынна бамбіла яго. Сав. войскі не толькі абараняліся, але і контратакавалі. Ням. войскі ўзмацнілі атакі на горад з ПнУ, фарсіравалі Сож, захапілі Ветку і 19 жн. ўварваліся ў Гомель. На левым беразе Сажа сав. войскі яшчэ трое сутак стрымлівалі рух праціўніка, прычыніўшы яму значныя страты. У гонар абаронцаў у в. Пакалюбічы пастаўлены помнік.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́НІКСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1915—1918,

наступальныя дзеянні войск Антанты (у т. л. 2 рас. брыгады) на Балк. п-аве (каля г. Салонікі, Грэцыя) у 1-ю сусв. вайну. Салонікскі фронт пачаў стварацца ў кастр.—ліст. 1915 пасля высадкі англа-франц. экспедыцыйнага корпуса ў мэтах дапамогі Сербіі стрымаць наступленне аўстра-герм.-балг. войск. У студз. 1916 сюды перакінуты англа-франц., потым італьян. і сербскія войскі і 2 рас. брыгады з Францыі. У выніку створана т.зв. Усх. армія (у 1918 да 29 дывізій). Пасля ўступлення ў вайну Румыніі (жн. 1916) саюзнікі ў вер.—ліст. занялі раён Манасціра. 15.9.1918 войскі Антанты (да іх далучыліся грэч. войскі) пачалі наступленне ўздоўж даліны р. Вардар на Скопле і нанеслі паражэнне балг.-герм. войскам. 29.9.1918 Балгарыя капітулявала, а 11-я герм. армія здалася ў палон.

т. 14, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ГАЧ з Дубы

(Roháč z Dubé) Ян (? — 9.9.1437),

дзеяч гусіцкага руху ў Чэхіі (гл. Гусіцкія войны), паплечнік Яна Жыжкі. З 1420 кіраўнік табарытаў у крэпасці Ломніцы, з 1421 гетман. У 1423 разам з Жыжкам засн. брацтва арэбітаў. Пасля паражэння табарытаў пад Ліпанамі (1434) узначальваў войскі табарыцкага гар. саюза. У 1436 кіраваў абаронай крэпасці Сіён — апошняй апорнай базы табарытаў, якую асадзілі войскі Сігізмунда I. Пасля падзення Сіёна (1437) пакараны смерцю ў Празе разам з 52 паплечнікамі.

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)