ВАЕ́ННАЯ СЛУ́ЖБА, вайсковая служба,
від службы, які заключаецца ў выкананні грамадзянамі вызначанага законам дзяржавы воінскага абавязку (воінскай павіннасці) ва ўзбр. сілах на працягу пэўнага тэрміну. У розных формах ажыццяўляецца ў большасці дзяржаў. Выконваецца грамадзянамі ў абавязковым парадку, добраахвотна або па найме. Уключае абавязковую службу ў мірны час і непасрэдны ўдзел у ваен. дзеяннях у час вайны. У Рэспубліцы Беларусь ваенная служба лічыцца асобым відам дзярж. службы, якая заключаецца ў выкананні яе грамадзянамі канстытуцыйнага абавязку ў складзе Узбр. Сіл і інш. вайсковых фарміраванняў. Паводле закону «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) устаноўлены наступныя віды ваеннай службы: тэрміновая салдат, матросаў, сяржантаў і старшын; курсантаў ваен.-навуч. устаноў (сярэднія і вышэйшыя ваен. вучылішчы, ваен. ін-ты, ваен. ф-ты пры цывільных ВНУ, ваен. акадэміі); паводле кантракту прапаршчыкаў і мічманаў; афіцэраў паводле прызыву і кантракту. Зыходзячы з важнасці ваеннай службы, устанаўліваецца яе прыярытэт перад інш. відамі дзярж. службы і прац. дзейнасці; пры прызыве або добраахвотным паступленні на ваенную службу работа, вучоба і інш. дзейнасць грамадзян на прадпрыемствах, у арг-цыях і ўстановах (незалежна ад формаў уласнасці і ўмоў гаспадарання) спыняецца. Парадак праходжання ваеннай службы для кожнай катэгорыі ваеннаслужачых рэгламентуецца законамі, воінскімі статутамі, палажэннем аб праходжанні ваеннай службы і інш. нарматыўна-прававымі актамі.
т. 3, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
галіна ваеннай навукі, якая вывучае ваенна-паліт., ваенна-эканам., фізіка-геагр. ўмовы і аператыўнае абсталяванне магчымых сухапутных і марскіх тэатраў ваен. дзеянняў (у межах асобных краін, стратэгічных раёнаў, напрамкаў) і іх уплыў на падрыхтоўку і вядзенне вайны і ваен. дзеянняў. Складаецца з ваен. краіназнаўства (сукупнасць эканам., паліт., маральнага і ваен. патэнцыялу) і геаграфіі тэатра ваен. дзеянняў (уплыў фізіка-геагр. наваколля на арганізацыю і падрыхтоўку войска, характар баявых дзеянняў, фіз. адчуванне і баяздольнасць асабовага складу). Выкарыстоўвае метады параўнальна-геагр., матэм. мадэлявання і інш.
У.А.Мехед.
т. 3, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці фарміравання і работы псіхікі чалавека ў працэсе ваеннай службы, асабліва ва ўмовах бою. Як асобная дысцыпліна склалася на пач. 20 ст. Актуальныя праблемы ваеннай псіхалогіі — маральна-псіхал. настрой арміі, псіхал. гатоўнасць ваеннаслужачых, адносіны салдата да сучаснай ваен. тэхнікі і ўзбраення. Разглядае пытанні, звязаныя з фарміраваннем эмацыянальнай стойкасці і валявых якасцей воіна, уплывам умоў бою на псіхіку і псіхалогію воінскага калектыву, выяўленнем здольнасцей чалавека пераадольваць цяжкасці паходна-баявога жыцця, устанаўленнем псіхал. крытэрыяў падбору асабовага складу па родах войск, для спец. заданняў і інш.
т. 3, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗА ВАЕ́ННАЯ,
спецыяльна абсталяваная тэрыторыя для размяшчэння на ёй войскаў, ваен. тэхнікі, запасаў матэрыяльных сродкаў і інш. Базы ваенныя ствараюцца на ўласнай тэр. і тэр. інш. дзяржаў у стратэгічна важных раёнах свету з мэтай забеспячэння вядзення ваен. дзеянняў. Падзяляюцца на ракетныя, авіяцыйныя, ваенна-марскія, сухапутных войскаў і агульнага прызначэння. Шмат баз ваенных мелі за межамі сваіх тэрыторый ЗША і інш. дзяржавы. З канца 1980-х г. іх колькасць пачала скарачацца паводле шэрагу міжнар. пагадненняў. У складзе б. СССР Беларусь мела значную колькасць баз ваенных (у т. л. стратэгічнага прызначэння). Пасля яго распаду ідзе скарачэнне і ліквідацыя баз ваенных на яе тэрыторыі, застаюцца толькі тыя, якія адпавядаюць ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь.
т. 2, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Заходнедзвінская ваенная флатылія 4/528; 10/608
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Каспійская ваенная флатылія 2/546; 5/498
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯ́ГА ВАЕ́ННАЯ,
урачыстае абяцанне (клятва), якое дае кожны вайсковец (грамадзянін) у час уступлення ў рады ўзбр. сіл; прыняцце П.в. важны прававы акт. Змест П.в. і рытуалы яе прыняцця адлюстроўваюць гіст. і нац. традыцыі народа, дзяржавы і арміі. П.в. воіна Узбр. Сіл Беларусі адпавядае патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам і ваен. статутам, вызначае абавязкі па абароне Айчыны. Яе тэкст зацверджаны ў 1992, палажэнне аб парадку прыняцця — у 1997. Кожны вайсковец, які прымае П.в., замацоўвае гэты акт уласнаручным подпісам (з аб’яўленнем мабілізацыі прысягаюць усе ваеннаабавязаныя, якія не прымалі прысягу ў мірны час). П.в. прымаюць пры Дзярж. сцягу Рэспублікі Беларусь і Баявым сцягу часці на тэр. вайск. часцей, ці ў месцах баявой і працоўнай славы. Дзень прыняцця П.в. абвяшчаецца для ўсяго асабовага складу часці святочным.
т. 13, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Прыпяцкая ваенная флатылія 8/603, 605; 10/608
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ДАКТРЫ́НА,
прынятая ў дзяржаве сістэма поглядаў на сутнасць, мэты, характар, падрыхтоўку і спосабы вядзення магчымай вайны. Выпрацоўваецца паліт. кіраўніцтвам дзяржавы. Асн. палажэнні ваеннай дактрыны найчасцей абумоўлены сац.-паліт. ладам, узроўнем эканомікі і сродкаў вядзення вайны, а таксама геагр. становішчам сваёй дзяржавы, дзяржавы верагоднага праціўніка і суседніх дзяржаў. Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь — гэта сістэма навукова абгрунтаваных поглядаў на прадухіленне вайны, захаванне міру, абароннае буд-ва, падрыхтоўку краіны і Узбр. Сіл да адбіцця агрэсіі, а таксама на спосабы барацьбы па абароне суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны. Прынята Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь у 1992. Мае абарончы характар і накіравана на ўмацаванне дзярж. і міждзярж. бяспекі, на ўзбр. нейтралітэт і супрацоўніцтва з інш. краінамі для вырашэння задач абароны. Мае 2 узаемаабумоўленыя аспекты — ваен.-паліт. і ваен.-тэхнічны. Першы раскрывае адносіны дзяржавы да вайны і выкарыстанне ваен. сілы; нац. інтарэсы і фактары, якія супрацьдзейнічаюць ім; характар ваен. небяспекі, яе памеры і крыніцы, магчымасць ваен. пагрозы; магчымасць і спосабы прадухілення вайны, сілы і сродкі, неабходныя для гэтага; ваен.-паліт. мэты магчымых праціўнікаў і саюзнікаў. Ваен.-паліт. Аспект ваеннай дактрыны мае канцэпцыі «прадухіленне вайны» і «спыненне агрэсіі». Першая як сістэма поглядаў на шляхі і спосабы ліквідацыі перадумоў да ўзнікнення вайны прадугледжвае вырашэнне спрэчных пытанняў праз паліт. дыялог, адмаўленне ад выкарыстання ваен. сілы і ўмацаванне ролі ААН у вырашэнні пытанняў калект. бяспекі. Канцэпцыя «спыненне агрэсіі» — сістэма поглядаў на абарону і спыненне агрэсіі спалучэннем паліт., эканам., дыпламат., уласна ваен. і інш. мер. Ваенна-тэхн. бок аспекту ваеннай дактрыны заснаваны на канцэпцыі «стрымлівання» і «актыўнай абароны» і адлюстроўвае сістэму поглядаў на характар магчымай вайны, спосабы яе вядзення і склад узбр. сіл. У канцэпцыю «актыўнай абароны» закладзены прынцыпы збалансаванага развіцця ўсіх відаў Узбр. Сіл Беларусі, рознабаковага супрацоўніцтва і гатоўнасці да вядзення мабільнай абароны. Яна прадугледжвае наяўнасць ва Узбр. Сілах невялікіх, але моцных вайсковых груповак, падрыхтаваных для паспяховага выкарыстання ў раёнах рэальнай ваен. пагрозы. Абвясціўшы сутнасць сваёй ваеннай дактрыны, Рэспубліка Беларусь гарантуе безумоўнае выкананне ўсіх яе палажэнняў і кіруецца мэтамі і прынцыпамі Статута ААН, а таксама прынятымі абавязацельствамі ў межах Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Беларусь у якасці бяз’ядзернай дзяржавы далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, выступіла з ініцыятывай стварэння ў Цэнтр. і Усх. Еўропе бяз’ядзернай прасторы.
В.А.Юшкевіч.
т. 3, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)