СІНО́ПСКАЯ БІ́ТВА 1853,

марская бітва паміж рас. і тур. эскадрамі 18 ліст. ў бухце г. Сіноп (на паўн. узбярэжжы Турцыі) у час Крымскай вайны 1853—56; апошняя вял. бітва эпохі паруснага флоту. Тур. эскадра пад камандаваннем Асман-пашы стаяла на рэйдзе і рыхтавалася да высадкі дэсанта ў р-не Сухум-Кале (Сухумі) і Поці (16 караблёў розных класаў, узброеных 510 гарматамі), знаходзілася пад аховай берагавых батарэй. Рас. эскадра пад камандаваннем віцэ-адм. П.​С.​Нахімава (6 лінейных караблёў, 2 фрэгаты, 720 гармат) заблакіравала тур. эскадру з боку мора, вытрымала абстрэлы тур. берагавой і карабельнай артылерыі, прарвалася на Сінопскі рэйд і адкрыла агонь па тур. караблях і берагавых батарэях. За 4 гадзіны бою знішчана 15 тур. караблёў (адзін уцёк) і большасць берагавых батарэй. Страты тур. боку — больш за 3 тыс. чал. забітымі, каля 200 чал., у т. л. паранены Асман-паша, трапілі ў палон. Рас. эскадра страціла 37 чал. забітымі і 235 параненымі. У сувязі з гэтым паражэннем Турцыі яе саюзнікі — Вялікабрытанія і Францыя ў снеж. 1853 накіравалі свае эскадры ў Чорнае мора.

Да арт. Сінопская бітва 1853. Сінопская бітва 18 лістапада 1853. Мастак А.​Багалюбаў. 2-я пал. 19 ст.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ПАД ВАТЭРЛО́О,

гл. ў арт. Ватэрлоо.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯЁВІЦКАЯ БІ́ТВА 1794,

бітва паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбылася 10.10.1794 каля в. Мацяёвіцы недалёка ад Варшавы. Пасля Крупчыцкага бою 1794 і паражэння ад войск А.​В.​Суворава каля в. Цярэспаль 19.9.1794 Т.​Касцюшка сабраў рэшткі дывізіі К.​Серакоўскага, 2 палкі пяхоты, кавалерыйскую брыгаду, уланаў, 2 эскадроны кароннай гвардыі і столькі ж шляхецкай конніцы з-пад Брэста (разам 5600 чал. пры 21 гармаце). 9 кастр. войска Касцюшкі перакрыла дарогу корпусу І.​Я.​Ферзена (каля 20 тыс. чал. пры сотні гармат), які рухаўся насустрач Сувораву. На досвітку 10 кастр. Ферзен пачаў наступленне. Бітва скончылася паражэннем паўстанцаў, цяжка паранены Касцюшка быў узяты ў палон. Гэта адмоўна паўплывала на ўвесь ход паўстання і прадвызначыла яго паражэнне.

Я.​І.​Юхо.

т. 10, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ПАЛСКАЯ БІ́ТВА 1396,

бітва, што адбылася 25 вер. каля г. Нікопал (Балгарыя) паміж арміяй тур. султана Баязіда I і войскам крыжаносцаў (французы, іспанцы, італьянцы, англічане, чэхі і інш.), якім камандаваў венг. кароль Жыгманд (гл. Сігізмунд I). Больш падрыхтаваная тур. армія (гл. таксама Янычары) разграміла феад. рыцарскае войска крыжаносцаў (большасць забіта, частка трапіла ў палон, невял. колькасці пашчасціла ўцячы). У выніку гэтай перамогі Турцыя замацавала сваё панаванне на Балканскім п-ве.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маскоўская бітва 1941—42 3/244, 441; 4/279; 5/349; 7/57, 62; 11/142; 12/162

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1371,

бітва на р. Марыца (пры Чарнамене, на З ад сучаснага тур. г. Эдырне) паміж тур. войскамі і апалчэннем народаў Паўд.-Усх. Еўропы (сербаў, харватаў, баснійцаў, балгар, венграў, валахаў і інш.), якое сабраў паўднёвасербскі кароль Вукашын. У ноч на 26 вер. туркі знянацку атакавалі колькасна пераўзыходзячае іх саюзнае войска, якое не мела адзінага камандавання, і знішчылі яго. У бітве загінуў Вукашын. М.б. адкрыла тур. заваёўнікам шлях у глыб Балканскага п-ва. Яны авалодалі Зах. Фракіяй, амаль усёй Македоніяй, значнымі часткамі Сербіі і Балгарыі.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЛАВІ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1794,

першая буйная бітва ў час паўстання 1794 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Адбылася 4.4.1794 каля в. Рацлавіцы пад Кракавам. У ёй паўстанцы пад камандаваннем Т.​Касцюшкі (4100 чал. рэгулярнага войска з 12 гарматамі і 2 тыс. сялян-касінераў) перамаглі рас. войска пад камандаваннем ген. А.​П.​Тармасава (каля 3 тыс. чал. з 12 гарматамі). У бітве Касцюшка ўпершыню ў паўстанні паспяхова выкарыстаў у змаганні з рэгулярным войскам атрады касінераў — сялян-добраахвотнікаў, узброеных косамі. Перамога ў бітве садзейнічала пашырэнню паўстання на інш. тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1649,

бітва паміж войскам ВКЛ і аб’яднанымі казацка-сялянскімі паўстанцкімі атрадамі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай не дапусціць войска ВКЛ на Украіну Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева 6-тысячны атрад казакоў на чале з С.Падбайлам і І.Гаркушам. Казакі замацаваліся ў сутоках Дняпра і Сажа. У ліп. 1649 войска ВКЛ (6 тыс. чал.) на чале з гетманам польным Я.Радзівілам выступіла з-пад Рэчыцы ў напрамку пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўскай брамы»). На дапамогу Падбайлу і Гаркушу з Палесся выйшла 15-тысячнае войска на чале з палкоўнікам кіеўскім М.Крычэўскім, да якога на Бел. Палессі далучылася 15 тыс. сялян-паўстанцаў. 31 ліп. казацкія і сялянскія атрады атакавалі ўрадавыя сілы. Бітва працягвалася з пераменным поспехам, але пад націскам кавалерыі, што падышла на дапамогу Радзівілу, казацка-сялянскае войска было разгромлена. Л.б. знайшла водгук у Еўропе, пра яе намаляваны батальныя сцэны, зроблена серыя габеленаў.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКМЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1331.

Адбылася паміж літ.-бел. войскам ВКЛ і рыцарамі Тэўтонскага ордэна на р. Акмяна (Паўн. Літва). Ням. рыцары, уварваўшыся ў Жамойць, рабавалі і знішчалі насельніцтва. Жмудзіны папрасілі дапамогі ў ВКЛ. Вял. кн. Гедзімін сабраў войска з літ., полацкіх і новагародскіх дружын і даў бой рыцарам на чале з Генрыхам фон Плокам. Дзякуючы добраму размяшчэнню войскаў (наперадзе татарская конніца, пасярэдзіне літ. воіны, на флангах і ў рэзерве бел. дружыны) Гедзімін разбіў ворагаў і прымусіў іх уцякаць. Мясц. насельніцтва, гвалтоўна ўключанае ў тэўтонскае войска, у час бою перайшло на бок Гедзіміна. Акмянская бітва на пэўны час прыпыніла ням. агрэсію на землі ВКЛ.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1386 Адбылася паміж войскам ВКЛ на чале з князямі Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам, Вітаўтам і Канстанцінам Альгердавічам і войскам вял. кн. смаленскага Святаслава Іванавіча 29 крас. Падтрымліваючы выступленне кн. Андрэя Альгердавіча ва ўнутрыпаліт. барацьбе ў ВКЛ, Святаслаў Іванавіч вырашыў вярнуць сабе страчаную раней Мсціслаўшчыну. 18 крас. ён аблажыў Мсціслаў, але аблога не мела поспеху. 29 крас. да горада падышлі войскі ВКЛ. Святаслаў заўважыў іх і першы пайшоў у атаку. На берагах р. Віхра пачалася бітва. Калі загінуў прабіты кап’ём Святаслаў, яго ратнікі кінуліся ўцякаць. Пераможцы патрабавалі ад смалян выкупу і пасадзілі на смаленскі пасад сына Святаслава Юрыя як данніка ВКЛ.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)