ГА́БЕР, Хабер (Haber) Фрыц (9.12.1868, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 29.1.1934), нямецкі хімік-неарганік і тэхнолаг. Скончыў Берлінскі ун-т (1891). З 1894 у Вышэйшай тэхн. школе ў Карлсруэ (з 1898 праф.). У 1911—33 дырэктар Ін-та фіз. хіміі і электрахіміі ў Берліне. З 1933 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі аміяку, электрахіміі. Распрацаваў фізіка-хім. асновы прамысл. спосабу сінтэзу аміяку і арганізаваў завод па фіксацыі атм. азоту (1913). Нобелеўская прэмія 1918.

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

Ф.​Габер.

т. 4, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАНІТА́РНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ А́СПЕНА ІНСТЫТУ́Т (англ. Aspen Institute for Humanistic Studies),

навуковы цэнтр па распрацоўцы шляхоў вырашэння глабальных праблем чалавецтва. Створаны ў 1949 у Нью-Йорку (ЗША). Мае філіялы ў Берліне і Японіі. У складзе ін-та савет папячыцеляў (адм. орган), дырэктары праграм і спец. саветнікі (эксперты). Праводзіць пастаянна дзеючыя семінары для кіраўнікоў і супрацоўнікаў ін-та, распрацоўвае навук. праграмы і рэкамендацыі (у т. л. па праблеме гуманізму), рыхтуе спецыялістаў па спец. праграмах, выдае навук. працы. Каардынуе сваю дзейнасць з Корнелскім, Гарвардскім, Станфардскім ун-тамі, Масачусецкім тэхнал. ін-там (ЗША).

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́МБА (Мікалай Іванавіч) (15.6.1821, Віцебская губ. — 8.4.1879),

музычны тэарэтык, педагог, кампазітар. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Ігры на фп. і віяланчэлі вучыўся ў А.​Герке і І.​Гроса, тэорыю музыкі вывучаў у А.​Б.​Маркса ў Берліне. З 1859 выкладаў у Муз. класах Пецярбургскага аддзялення Рас. муз. т-ва. З 1862 праф. Пецярбургскай кансерваторыі, у 1867—71 яе дырэктар. Распрацаваў «Інструкцыю для Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі», якая садзейнічала ўпарадкаванню навуч. працэсу і стала асновай працы кансерваторыі. Аўтар араторыі «Іаан Хрысціцель», сімфоніі, хароў. Сярод яго вучняў Г.Ларош, П.Чайкоўскі.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́БЕЛЬ ((Sybel) Генрых фон) (2.12.1817, г. Дзюсельдорф, Германія — 1.8.1895),

нямецкі гісторык і паліт. дзеяч. Прадстаўнік вядучага пруска-малагерманскага кірунку ням. гіст. навукі 2-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Бонскім ун-це. З 1844 і 1861 праф. Бонскага, з 1846 Марбургскага, з 1856 Мюнхенскага ун-таў. У 1859 заснаваў у Мюнхене «Historische Zeitschrift» («Гістарычны часопіс»), У 1875—95 дырэктар Прускага дзярж. архіва ў Берліне. У 1862—64 дэп. ландтага. Гал. працы: «Гісторыя рэвалюцыйнай эпохі 1789—1795» (т. 1—5, 1853—79), «Заснаванне Германскай імперыі Вільгельмам I» (т. 1—7, 1890—94).

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́АХІМ ((Joachim) Іожэф) (Іозеф; 28.6.1831, Браціслава — 15.8.1907),

венгерскі скрыпач, педагог, кампазітар, дырыжор. Вучыўся ў І.​Бёма, Ф.​Давіда. Выступаў з 1838. У 1849—66 канцэртмайстар у Веймары і Гановеры. З 1866 у Берліне, з 1868 дырэктар і праф. Вышэйшай муз. школы. Заснавальнік (1869) і кіраўнік струннага квартэта. Сярод твораў З канцэрты для скрыпкі з арк., п’есы для скрыпкі і фп., песні і інш.; стварыў шэраг скрыпічных транскрыпцый (у т. л. «Венгерскія танцы» І.​Брамса). Аўтар працы «Скрыпічная школа» (т. 1—3, 1905; з А.​Мозерам).

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́МІШЭ О́ПЕР»

(ням. Komische Oper камічная опера),

нямецкі оперны тэатр у Берліне. Засн. ў 1947 рэж. В.Фельзенштайнам як альтэрнатыўны традыц. опернаму т-ру. Адкрыўся спектаклем «Лятучая мыш» І.​Штрауса. Першы значны спектакль т-ра — опера «Кармэн» Ж.​Бізэ (1949). У 1965 створана балетная трупа (арганізатар і маст. кіраўнік балетмайстар Т.​Шылінг). У рэпертуары пераважаюць найлепшыя творы сусв. опернай і балетнай музыкі. У розны час у т-ры працавалі дырыжоры О.Клемперэр, К.Мазур, Р.​Ройтэр, рэжысёры Х.​Рукерт, Х.​Бонет, І.​Герц, В.​Керстэн і інш.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПФА́ЙФЕР ((Pfeiffer) Рыхард) (27.3.1858, г. Здуны, Польшча — 15.9.1945),

нямецкі бактэрыёлаг, імунолаг і гігіеніст. Вучань і супрацоўнік Р.Коха. Праф. Ін-та інфекц. хвароб у Берліне (1891), Ін-та гігіены ў Кёнігсбергу (1899) і Брэславе (1909—26). Навук. працы па вывучэнні грыпу, малярыі, брушнога тыфу, халеры, чумы і інш., агульнай гігіене, праблемах імунітэту. Адкрыў шэраг бактэрый, апісаў (разам з інш.) бактэрыёліз халерных вібрыёнаў пад уплывам спецыфічнай імуннай сывараткі, паказаў утварэнне лізінаў пры ўвядзенні ў арганізм забітых культур бактэрый, што прывяло да выкарыстання прышчэпак супраць тыфу і халеры іх забітымі (ці аслабленымі) культурамі.

т. 13, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГНЕР ((Wagner) Ота) (13.7.1841, Вена — 11.4.1918),

аўстрыйскі архітэктар. Прадстаўнік стылю мадэрн. Вучыўся ў Палітэхнікуме (з 1857) і АМ (1861—63) у Вене, Буд. акадэміі ў Берліне (1860). Выкладаў у Венскай АМ (1894—1912). Чл. аб’яднання «Венскі Сецэсіён» (1899—1905). У кампазіцыйна мудрагелістых ранніх пабудовах (бальніца Штайнгоф у Вене, 1904—07) выкарыстоўваў складаны багаты дэкор. Пазней перайшоў да пошукаў рацыянальнасці і прастаты. У інтэр’еры паштамта і ашчаднай касы ў Вене (1904—12) выступіў як папярэднік функцыяналізму, выкарыстаўшы пазбаўленыя дэкору лёгкія, канструкцыйна выразныя формы і адкрытыя метал. канструкцыі.

О.Вагнер. Інтэр’ер паштамта ў Вене. 1904— 12.

т. 3, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КМАН ((Beckmann) Макс) (12.2.1884, Лейпцыг — 27.12.1950),

нямецкі жывапісец, графік. Вучыўся ў маст. школе ў Веймары, Парыжы і Жэневе (1903—04). З 1904 працаваў у Берліне, з 1937 у эміграцыі. Экспрэсіянісцкімі прыёмамі ўвасабляў трагедыю асуджанага на пагібель чалавецтва: цыклы афортаў «Твары» (1914—18), літаграфіі «Ноч», «Пекла» (1918—19), трыптыхі «Ад’езд» (1935) і «Арганаўты» (1949—50). Ствараў драм. кампазіцыі, часта з глыбокім падтэкстам, партрэты, пейзажы, нацюрморты: «Узнясенне» (1909), «Зняцце з крыжа» (1917), «Старая акторка» (1926), «Аўтапартрэт у смокінгу», «Вялікі нацюрморт з падзорнай трубой» (абодва 1927), «Лунаючы» (1944) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

М.Бекман. Лунаючы. 1944.

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛАНД ((Wieland) Генрых) (4.6.1877, г. Пфорцгайм, Германія — 5.8.1957),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Д-р філасофіі (1901), праф. (1909). Замежны чл.-кар. АН СССР (1929). Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах, Вышэйшай тэхн. школе ў Штутгарце. У 1899—1917 і 1925—52 у Мюнхенскім ун-це, у 1917—18 у Ін-це хіміі ў Берліне, у 1921—25 у Фрэйбургскім ун-це. Навук. працы па хіміі гармонаў, стэроідаў, алкалоідаў, жоўцевых кіслот і інш. Прапанаваў тэорыю дэгідрыравання, што растлумачыла механізм акісляльных рэакцый, у т. л. працэс біял. акіслення. Нобелеўская прэмія 1927.

Г.Віланд.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)