БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА свіней.

Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.

Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.

М.​А.​Лобан.

Свінаматка беларускага тыпу буйной белай пароды.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

украінская стэпавая белая парода

т. 16, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Буйная белая парода свіней 1/113; 2/233, 418, 458; 4/155; 9/328—329 (укл.), 442, 443

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́НКА, ваўнянка белая (Lactarius pubescens),

шапкавы пласціністы грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі пераважна ў маладых, часта забалочаных бярозавых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жніўні—верасні.

Шапка да 6 см у дыяметры, тонкаапушаная, з загнутым уніз валакністым краем, белая, сухая або злёгку слізкая, з цягам часу становіцца шырокалейкападобная, сухая, белая або крэмаватая. Пласцінкі спачатку белыя, пасля крэмава-ружовыя. Ножка да 4 см выш., белая або з ружавата-крэмавым адценнем, гладкая, пустая. Мякаць белая, пад скуркай ружаватая, са слабым пахам герані, мае горкі млечны сок. Ядомы грыб. Ужываецца толькі солены (пасля вымачкі і адварвання). Вонкавым выглядам нагадвае сапраўдную ваўнянку.

Бялянкі.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКІ́ТНІЦЫ (Parus),

птушкі сям. сініцавых атр. вераб’інападобных. 2 віды: блакітніца блакітная, або звычайная (P. caeruleus), і блакітніца белая, або князёк (P. cyanus). Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі блакітніца блакітная — звычайная на ўсёй тэрыторыі, блакітніца белая — рэдкі аселы від (зах. мяжа арэала віду). Жывуць у мяшаных і лісцевых лясах. Блакітніца белая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 13,5 см, маса да 12 г. Апярэнне белае, шаравата-зялёнае з жоўтым, блакітным і чорным. Гняздуюцца невысока ад зямлі ў дуплах дрэў, шчылінах пнёў. Кормяцца пераважна насякомымі, восенню і зімой — насеннем раслін. Карысныя птушкі.

Блакітніцы: блакітная (уверсе), белая.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВІ́ШАНЬ (Clitopilus prunulus),

шапкавы грыб сям. энталомавых. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у лясах, на палянах, узлесках, садах. Нар. назва гладун.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 10 см, пукатая, пазней увагнутая з няроўным хвалістым краем, светла-ружавата-бялёсая, падсохлая — белая. Пласцінкі прырослыя. Ножка белая, кароткая, унізе звужаная. Мякаць белая, з пахам мукі. Споры эліпсападобныя, ружаватыя. Ядомы.

Падвішань.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАЭМІГРА́НТ,

гл. ў арт. Эміграцыя белая.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГРУ́ЗДКІ,

група шапкавых грыбоў сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: белы, або сухар (Russula delica), чорна-белы (R. albonigra), чорны, або свіння (R.adusta). У лясах трапляюцца з ліп. па кастрычнік.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 15 см, пукатая, потым лейкападобная, белая, брудна-белая, бурая ці амаль чорная. Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка даўж. да 4 см, роўная ці слаба звужаная ў нізе, шчыльная. Мякаць белая, шчыльная. Споры яйцападобныя, бясколерныя. Ядомыя.

Падгруздак белы.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАПА́ТКІ,

птушкі сям. цецеруковых і фазанавых атр. курападобных. Пашыраны ўсюды, ад тундры да трапічных лясоў і высакагор’яў. На Беларусі 2 віды: К. белая (Lagopus lagopus) і К. шэрая (Perdix perdix). Жывуць на палях, балотах, лугах, у драбналессі. К. белая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 46 см, маса да 900 г. Афарбоўка шэра-бурая, рыжа-бурая, у К. белай зімой белая. Кормяцца парасткамі, пупышкамі, насеннем траў, зернем, насякомымі (у т. л. каларадскімі жукамі). Нясуць да 24 яец. Аб’ект палявання. Гл. таксама Белыя курапаткі.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЯЛА́ (Viscum),

род паўпаразітных кветкавых раслін сям. амяловых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Афрыцы і Азіі, на Пн Аўстраліі; амяла белая (V. album) трапляецца ў Еўропе і на Каўказе, амяла афарбаваная (V. coloratum) — на Д. Усходзе. На Беларусі амяла белая расце ў зах. і паўд. раёнах пераважна на старых лісцевых дрэвах, асобны падвід (ssp. austriacum) на хвоі.

Двухдомны шматгадовазялёны шарападобны куст дыям. да 1,2 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, супраціўнае, скурыстае, жоўта-зялёнае, размешчана папарна на канцах галінак. Кветкі дробныя жоўта-зялёныя, сабраны ў пучкі. Плод — белая аднанасенная ягада з клейкай мякаццю. Размнажаецца насеннем, якое птушкі заносяць на галіны дрэў, дзе яно і прарастае. Выкарыстоўваецца на лячэнне гіпертаніі і неўралгіі, як танізоўны сродак (прэпараты амялен, віскулен, акафіт), у нар. медыцыне пры хваробах сэрца і лёгкіх.

Амяла белая.

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)