КАНТАРНІЯ́ТЫ,

манетападобныя медныя знакі 4—5 ст. н.э. з партрэтамі рымскіх імператараў (ад Калігулы да Антэмія), Аляксандра Македонскага, знакамітых паэтаў, пісьменнікаў і інш.; на адваротным баку сустракаюцца выявы, скапіраваныя са стараж. манет, міфалагічныя сюжэты, цыркавыя сцэны і г.д. К., як правіла чаканіліся і мелі дыяметр 37—38 мм. Прызначэнне К. дакладна не высветлена, часам яны служылі ўзнагародамі ў спарт. спаборніцтвах, талісманамі і інш.

т. 7, с. 604

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРНЯ́НСКІ АРХІТЭКТУ́РНЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік горадабудаўніцтва барока. Сфарміраваўся ў 1760—70-я г. ў в. Варняны (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Арганізаваны вакол прамавугольнай у плане плошчы. Дамінантай ансамбля з’яўляецца размешчаны на ўсх. баку Георгіеўскі касцёл (пабудаваны ў 1767—69 у стылі позняга барока, дабудаваны ў 1880, 1909, фундатарка — уладальніца Варнян М.Абрамовіч, арх. А.Казакоўскі) — двухвежавы 1-нефавы мураваны храм з трансептам. Арх. пластыка (прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і шчыта) сканцэнтравана на гал. фасадзе. Касцёл фланкіруюць 2-павярховыя мураваныя дом аптэкара і плябанія (1770), якія ствараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр з акруглай па абрысе агароджай. На зах. баку плошчы быў палацава-паркавы комплекс (2-я пал. 18 — 1-я пал. 19 ст.; не захаваўся). На паўд. і паўн. баках плошчы размяшчалася па 8 аднатыпных драўляных 1-павярховых жылых дамоў, накрытых вальмавымі дахамі (захаваліся часткова). Мураваныя сцены іх фасадаў, злучаныя паміж сабой арачнымі праездамі, утваралі суцэльны фронт вулічнай забудовы, у якую ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.

А.М.Кулагін.

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЯЗІ́ (сапр. Тагі-задэ-Гаджыбекаў Ніязі Зульфугаравіч; 20.8.1912, Тбілісі — 2.8.1984),

азербайджанскі дырыжор, кампазітар. Нар. арт. Азербайджана (1955). Нар. арт. СССР (1959). Нар. арт. Арменіі (1962). Герой Сац. Працы (1982). Вучыўся ў Муз. тэхнікуме імя Гнесіных (Масква; 1926—31), Ерэванскай і Бакінскай (1933—34) кансерваторыях. З 1937 дырыжор, у 1956—65 (з перапынкам) гал. дырыжор (з 1961 дырэктар і маст. кіраўнік) Азерб. т-ра оперы і балета (Баку). З 1938 (з перапынкамі) маст. кіраўнік і гал. дырыжор Азерб. сімф. аркестра імя У.Гаджыбекава, з 1979 дырэктар і гал. дырыжор Азерб. філармоніі. У рэпертуары творы рус. і замежнай класікі, сучасных, у т. л. азерб. кампазітараў. Аўтар 2 опер, у т. л. «Хасроў і Шырын» (паст. 1942), балета «Чытра» (паст. 1960), «Канцэртнай лезгінкі», сімф. мугама «Раст» (1949), «Турэцкіх мініяцюр» для арк.; песень, апрацовак нар. песень, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Дзярж. прэмія Азербайджана 1967. Міжнар. прэмія імя Дж.Неру 1974.

Літ.:

Керимов С. Художник удивительного таланта. Баку, 1972·.

С.А.Ніязаў.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУЛА́ЕЎ (Мікаіл Гусейн аглы) (н. 19.12.1921, Баку),

азербайджанскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1949), вучыўся ў С.В.Герасімава і У.А.Фаворскага. У творчасці пераважаюць лірычныя тэмы: «Вечар», «Агні Мінгечаура», «Стогадовы рэзчык А.Бабаеў», «Індыйская серыя», серыі малюнкаў «За ракой Аракс»; іл. да паэмы М.Фізулі «Лейлі і Меджнун». Аўтар мазаічнага пано «Нізамі» ў Бакінскім метрапалітэне.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБЛІ́НСКІ (сапр. Халафаў) Гусейн Мамед аглы

(сакавік 1881, Баку — 20.3.1919),

азербайджанскі акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў азерб. прафесійнага т-ра. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1905 у першых азерб. прафесійных трупах. Акцёр трагічнага плана, моцнага тэмпераменту, высокай культуры. Сярод роляў: Гяве («Каваль Гяве» Ш.Салі), Франц Моор («Разбойнікі» Ф.Шылера), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра). Ставіў п’есы класічнага і нац. рэпертуару. Першы азерб. акцёр кіно («У царстве нафты і мільёнаў», 1916).

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРУЛЯ́ЦЫЯ,

утварэнне зачатка цэнтр. нервовай сістэмы — нерв. пласцінкі і замыканне яе ў нерв. трубку ў зародкаў хордавых. Зародак у перыяд Н., якая надыходзіць за гаструляцыяй, наз. нейрулай. Пры Н. вычляняюцца ў складзе трох зародкавых лісткоў зачаткі асобных сістэм органаў. Будова зародка нагадвае будову дарослага арганізма: на спінным баку, пад эпітэліем знаходзіцца нерв. трубка, пад ёй — хорда, пад хордай — кішэчнік; адрозніваюцца пярэдні і задні аддзелы цела.

А.С.Леанцюк.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМАСЗАДЭ́ (Гамэр Гаджы Ага кызы) (н. 10.3.1915, Баку),

азербайджанская артыстка балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1959). Пачала выступаць у 1930, была першай азерб. балерынай. Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1936). Салістка, з 1953 гал. балетмайстар Азерб. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Гюльянак («Дзявочая вежа» А.Бадалбейлі), Гюльшэн («Гюльшэн» С.Гаджыбекава, Дзярж. прэмія СССР 1952), Айша («Сем прыгажунь» К.Караева). Паст.: «Гюльшэн» (1950), «Чырвоная кветка» Р.Гліэра (1954), «Шур» Ф.Амірава (1968) і інш.

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЙБУТАЎ (Рашыд Маджыд аглы) (14.12.1915, Тбілісі — 9.6.1989),

азербайджанскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1959). Герой Сац. Працы (1980). З 1944 саліст Бакінскай філармоніі, у 1953—60 — Азерб. т-ра оперы і балета. Заснавальнік (1966) і кіраўнік Азерб. т-ра песні. Сярод партый Балаш («Севіль» Ф.Амірава), Аскер («Аршын мал алан» У.Гаджыбекава; здымаўся ў аднайм. кінафільме). Дзярж. прэмія СССР 1946; Дзярж. прэмія Азербайджана 1978.

Літ.:

Абасова Э. Рашид Бейбутов. Баку, 1965.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́ЦКІ ЗА́МАК.

Пабудаваны ў 1-й пал. 17 ст. на правым беразе р. Гаражанка, на процілеглым баку ад г. Гарадок Віцебскай вобл. Меў форму пяцівугольніка, быў умацаваны ровам і валам, паўн.-зах. ўчастак замчышча прыкрывала балота, адкуль выцякаў і ўпадаў у абарончы роў ручай. Праз кожныя 20 м крапасной агароджы размяшчаліся бастыёны, сляды якіх выяўлены з паўн. і ўсх. бакоў. Знойдзены нязначныя фрагменты посуду і інш. рэчаў 17—18 ст.

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАФЕ́З (сапр. Гаглойты Фёдар Захаравіч; 11.9.1913, Баку — 12.8.1983),

асецінскі пісьменнік. Скончыў пед. ін-т (Цхінвалі, 1950). Першы зб. вершаў «Акорды фандыра» (1940). У творах услаўляў жыццё, духоўную прыгажосць асецінскага народа (зб-кі вершаў «Мір», 1952; «Родны ачаг», 1959; «Жыццялюб», 1974; кн. апавяданняў «Лямпачка Дзаджэ», 1961; раман «Добры дзень, людзі!», 1966, і інш.). Вядомы як перакладчык і літ. крытык. На асецінскую мову пераклаў асобныя творы Я.Купалы. Літ. прэмія імя Косты Хетагурава 1981.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)