ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, індустрыя,

найважнейшая галіна матэрыяльнай вытв-сці, якая аказвае вырашальнае ўздзеянне на ўзровень эканам. развіцця грамадства; сукупнасць прадпрыемстваў (фабрык, заводаў, электрастанцый, шахтаў, руднікоў і інш.), занятых вырабам прылад працы, вытв-сцю энергіі, здабычай сыравіны і паліва, нарыхтоўкай лесу, апрацоўкай і перапрацоўкай прадуктаў, атрыманых у П. або вырабленых у сельскай гаспадарцы. Паводле характару вытв-сці і прадметаў працы падзяляецца на здабыўную і апрацоўчую, паводле эканам. прызначэння і выкарыстання прадукцыі — на вытв-сць сродкаў вытв-сці і вытв-сць прадметаў спажывання. Адрозніваюць П. цяжкую, лёгкую, харчовую і інш., якія ў сваю чаргу падзяляюцца на галіны і асобныя віды вытв-сці (напр., лёгкая П. уключае тэкстыльную, швейную, гарбарную, футравую, абутковую і інш.).

П. зарадзілася ў рамках натуральнай гаспадаркі. Яна ўзнікла як самаст. галіна грамадскай вытв-сці пасля аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. У станаўленні П. як самастойнай сферы грамадскай працы вял. ролю адыгралі гарады, дзе склаліся першыя элементы капіталіст. адносін. У сваім развіцці П. прайшла 3 стадыі: дробнатаварную, мануфактурную і фабрычную. Пераход ад мануфактуры да буйной машыннай індустрыі абумоўлены прамысловым пераваротам, які адбыўся спачатку ў Вялікабрытаніі, а потым і ў інш. краінах. У канцы 19 і пач. 20 ст. больш хуткімі тэмпамі П. развівалася ў ЗША і Германіі, якія апярэдзілі Вялікабрытанію. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найхутчэй развівалася П. ЗША. Да пач. 1920-х г. ЗША давалі амаль палавіну сусв. здабычы вугалю, каля ​3/5 сусв. вытв-сці чыгуну і сталі, ​2/3 здабытай ва ўсім свеце нафты, 85% сусв. выпуску аўтамабіляў. П. еўрап. краін была разбурана 1-й сусв. вайной. П. Францыі дасягнула даваен. ўзроўню ў 1924. У Вялікабрытаніі выпуск прамысл. прадукцыі да 1929 дасягнуў толькі аб’ёму 1913. У Германіі стабілізацыя эканомікі пачалася з 1924, за кошт крэдытаў ЗША і Вялікабрытаніі, і да 1927 быў адноўлены даваенны ўзровень. За гады 1-й сусв. вайны ўзбагацілася і забяспечыла далейшы рост П. Японія. Сусв. эканам. крызіс 1929—33 суправаджаўся рэзкім скарачэннем прамысл. вытв-сці, асабліва ў ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі. Пасля выхаду з крызісу ў найбуйнейшых еўрап. краінах і ў Японіі назіраўся значны рост ваен. вытв-сці.

2-я сусв. вайна 1939—45 нанесла цяжкі ўдар па прамысл. вытв-сці еўрап. краін і Японіі. У аднаўленні П. гэтых краін важную ролю адыграў Маршала план, паводле якога магутныя фінансавыя ўліванні амер. крэдытаў дазволілі адрадзіцца Еўропе і Японіі. Сусв. канкурэнцыя прымусіла еўрап. краіны аб’яднацца і гэта прывяло да стварэння «Агульнага рынку» (ЕЭС). За гады вайны нац. даход ЗША падвоіўся, удвая вырасла прамысл. вытв-сць. Аб’ём П. ЗША у 1953 павялічыўся ў параўнанні з 1947 на 37%. Канкурэнцыя з боку еўрап. краін і Японіі з’явілася магутным стымулам для ўкаранення дасягненняў навукова-тэхн. рэвалюцыі (НТР).

Дзякуючы электрыфікацыі і хімізацыі вытв. працэсаў рэзка павысілася прадукцыйнасць працы, змяніўся падыход да праблемы выкарыстання сыравінных рэсурсаў, атрымалі развіццё новыя галіны эканомікі. Характэрнай рысай НТР стала аўтаматызацыя вытв-сці, у прыватнасці стварэнне і выкарыстанне ў вытв-сці электронна-выліч. тэхнікі. Калі ў 2-й пал. 19 ст. найважнейшымі галінамі П. былі тэкст., металургічная, чыг. машынабудаванне, а ў 1-й трэці 20 ст. — аўтамаб., электраэнергетычная і хім., то пасля 2-й сусв. вайны гал. вагу набылі атамная, электронная, аэракасмічная, нафтахім., распрацоўкі біятэхналогій.

У Рас. імперыі тэмпы прамысл. развіцця сталі рэзка расці пасля адмены прыгоннага права. Перабудова рас. П. адбывалася на базе ўласных матэрыялаў — металу, мінер. паліва, цэменту і інш., уласнага машынабудавання. Здабыча вугалю і нафты, выплаўка чыгуну да канца 19 ст. павялічыліся ў 3 разы. Прамысл. ўздым у 1909—13 вывеў Расію па тэмпах росту вытв-сці на 1-е месца ў свеце. Да 1909 тут узніклі магутныя карпарацыі і канцэрны, куды ўваходзілі машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя з-ды. Нягледзячы на высокія тэмпы развіцця П., Расія напярэдадні 1-й сусв. вайны па агульным аб’ёме валавой прадукцыі адставала ад ЗША, Германіі і Вялікабрытаніі, асабліва па прадукцыйнасці працы і вытв-сці на душу насельніцтва. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 буйнейшыя прадпрыемствы асн. галін П. Расіі былі нацыяналізаваны, у т. л. 11 100 акц. прадпрыемстваў. У перыяд нэпа (1921—27) было дазволена прыватнае прадпрымальніцтва. За перадваенны перыяд у СССР былі створаны новыя галіны вытв-сці, пабудаваны буйныя прамысл. прадпрыемствы, паявілася цяжкае машынабудаванне. У выніку 2-й сусв. вайны СССР страціў трэць свайго нац. багацця. Эканоміка была адноўлена за даволі кароткі тэрмін. На месцы ранейшых пабудавана каля 3200 тэхнічна больш дасканалых і магутных прадпрыемстваў. У 1950—60-я г. рабіліся спробы гасп. рэформ: у 1957 кіраванне П. было перададзена ў Саветы нар. гаспадаркі, спрабавалі перавесці прадпрыемствы на гасп. разлік, аднак існуючая ў краіне паліт. сістэма вельмі хутка задушыла рэформы. Рэальнае рэфармаванне эканомікі Расіі пачалося з 1992, калі стаў складвацца рыначны механізм.

На Беларусі мануфактуры паявіліся ў 1-й пал. 18 ст. Першымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, на якой у 1748 працавала больш за 100 чал., выпускала 100 відаў прадукцыі (аконнае шкло, графіны, бакалы і інш.), і Урэцкая шкляная мануфактура. Потым паявіліся Нясвіжская мануфактура шаўковых паясоў, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Нясвіжская суконная мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У 19 ст. ўзніклі першыя ф-кі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая ў 1860 у 2 разы пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. Дробныя прадпрыемствы пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкст. галінах. З 1860 да 1900 колькасць прадпрыемстваў павялічылася да 17,1 тыс., а рабочых на іх з 2364 да 63,5 тыс. У канцы 19 ст. паявіліся першыя акц. т-вы. З 1900—13 аб’ём вытв-сці на акц. прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5,2 раза. Эканам. ўздым спрыяў прытоку замежных інвестыцый, гал. чынам у лесаапрацоўку. Напярэдадні 1-й сусв. вайны П. Беларусі пастаўляла 26,8% піламатэрыялаў, 23,5% фанеры, 11,7% запалак, 10,2% паперы, 9,9% спірту, шкляной прадукцыі агульнарас. вытв-сці. За 1-е дзесяцігоддзе сав. улады П. у БССР была адноўлена і пачала развівацца на планавай аснове. Ствараліся новыя галіны вытв-сці і будаваліся прамысл. прадпрыемствы. У 1930-я г. БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку: выпускала металаапр. станкі, сельгасмашыны, маторы, турбіны, радыёпрыёмнікі і інш. У перадваенны час на долю Беларусі прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, 27% запалак, 30% аліфы, 25% дражджэй, 11% маргарыну, больш за 10% станкоў. Па вытв-сці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. У перыяд Вял. Айч. вайны П. Беларусі была разбурана. Яе аднаўленне пачалося адразу пасля вызвалення ў 1944. Напр., за гады 5-й пяцігодкі ўведзены ў дзеянне 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных. Расло значэнне вядучых галін П. — энергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі, развівалася хім. прам-сць, асабліва вытв-сць мінер. угнаенняў; пабудаваны Салігорскі калійны камбінат (гл. «Беларуськалій»), Гродзенскі азотнатукавы з-д (гл. Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот»), суперфасфатны ў Гомелі (гл. Гомельскі хімічны завод). У 1960-я г. здадзены ў эксплуатацыю Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан», Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Лідскі лакафарбавы завод і інш. Значная ўвага аддавалася рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытв-сці, аснашчэнню яе аўтаматычнымі і механічнымі лініямі, аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання.

З распадам СССР і разрывам традыцыйных эканам. сувязей сітуацыя ў П. Беларусі пагоршылася: пачаліся перабоі з пастаўкамі сыравіны, паліва і электраэнергіі, страчаны звычныя рынкі збыту прамысл. прадукцыі. Да 1995 спад вытв-сці склаў 31%. Складаная сітуацыя ў эканоміцы вымусіла ўрад распрацаваць праграму «Асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 1996—2000 г.», дзе прадугледжвалася павялічваць рост тэмпаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) штогод на 4—6%. Урад і Нац. АН Беларусі распрацавалі праграму развіцця прамысл. комплексу Рэспублікі Беларусь на 1998—2015. Для яе рэалізацыі неабходны дадатковыя капіталаўкладанні — не менш як 2 млрд. долараў штогод. А замежныя інвестары павінны атрымаць поўныя гарантыі абароны сваіх капіталаў і мець рэальныя выгады ад інвестыцый. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Беларусь (раздз. Прамысловасць).

Літ.:

Экономическая история зарубежных стран: Курс. лекций. Мн., 1996;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд. Мн., 1996.

Л.​Ф.​Пашкевіч.

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУВЯЗЬ І ІНФАРМАТЫЗАЦЫЯ

Сістэма электрычнай і паштовай сувязі на Беларусі з’яўляецца неад’емнай часткай вытворчай і сац. інфраструктуры краіны і функцыянуе для задавальнення патрэбнасцей насельніцтва, органаў дзярж. улады і кіравання, гаспадарніцкіх суб’ектаў у паслугах сувязі. Падзяляецца на тэлефонную, тэлеграфную і паштовую сувязь, радыёвяшчанне і тэлебачанне, перадачу даных па сістэме Інтэрнет і інш. Асн. частка яе структурных падраздзяленняў падпарадкоўваецца Мін-ву сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, якое ў сваёй дзейнасці кіруецца законамі «Аб сувязі», «Аб паштовай сувязі» і інш. заканад. і нарматыўнымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Першыя паштовыя ўстановы на Беларусі ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст., калі пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 км) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Вільняй і Варшавай, у 1669 — паміж Вільняй і Масквой (праз Мінск і Магілёў). У 1707 прайшла першая пошта па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 18 ст. гал. трактамі былі Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Вільня—Мінск—Навагрудак—Гродна і інш. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. Першы мінскі паштовы штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. Акрамя дзярж., існавала пошта земстваў і валасных упраўленняў. У 1859 пачала дзейнічаць першая тэлеграфная лінія Мінск—Бабруйск. У пач. 1880-х г. у Магілёўскай губ. дзейнічала 9 тэлеграфных ліній працягласцю 1335 км, у Мінскай губ. даўжыня тэлеграфных ліній у 1900 склала каля 2557 км. Першая тэлефонная станцыя на 100 нумароў пабудавана ў Мінску ў 1896, пазней такія станцыі дзейнічалі яшчэ ў 15 гарадах, у т. л. ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Бабруйску. У 1913 было 380 прадпрыемстваў пошты і тэлеграфа, адпраўлена каля 33 млн. пісьмаў. У 1917 тэлеф. станцыі мелі 16 гарадоў Беларусі. У 1925 у БССР дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы, пачалі працаваць радыёстанцыі ў Гомелі і Мінску (магутнасцю па 1,2 кВт). У 1930-я г. пабудаваны першыя аўтам. тэлеф. станцыі (АТС), пачалася тэлефанізацыя сельскай мясцовасці. Да 1940 тэлефанізаваны ўсе 185 гарадоў і раённых цэнтраў. Сельская тэлефонная сувязь ахоплівала 2208 сельсаветаў (амаль 80%), 301 МТС, 822 калгасы і саўгасы. Даўжыня міжгародніх тэлеф. ліній перасягнула 26 тыс. км. У параўнанні з 1922 колькасць паштова-тэлеграфных прадпрыемстваў павялічылася больш як у 7 разоў.

У пасляваенны час сетка разбураных прадпрыемстваў сувязі адноўлена і стала развівацца на новай тэхн. аснове. З сярэдзіны 1960-х г. сетка электрычнай сувязі рэспублікі развівалася як частка Адзінай аўтаматызаванай сувязі СССР. Пачалося выкарыстанне аўтаматызаваных сістэм на тэлегр. станцыях, апаратуры частотна-часавага тэлеграфавання на паўправадніковых прыладах, паштова-касавых машын «Анега», АТС каардынатнай сістэмы і інш. У 1975 капітальныя ўкладанні ў сувязь у параўнанні з 1960 павялічыліся ў 4,3 раза, прадукцыя сувязі — у 3,5 раза. Інтэнсіўна будаваліся кабельныя і радыёрэлейныя лініі, павысіўся ўзровень аўтаматызацыі міжгародняй тэлефоннай сувязі, пачало развівацца каляровае тэлебачанне. У параўнанні з 1940 колькасць прадпрыемстваў сувязі павялічылася ў 1,9 раза, у т. л. ў сельскай мясцовасці больш як у 2 разы. У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. расшырылася сетка тэлеф. і радыёсувязі, а таксама тэлебачання. Калі ў 1970 на тэр. Беларусі працавала 3735 прадпрыемстваў пошты, тэлеграфа і тэлефона, то ў 1985 іх было ўжо 4468; кошт паслуг прадпрыемстваў сувязі павялічыўся з 121,8 млн. руб. да 297,8 млн. руб. Колькасць радыёкропак за гэты час вырасла ў 2,3 раза і склала 9,8 млн. радыёпрыёмнікаў у насельніцтва — з 1400 тыс. да 2617 тыс., тэлевізараў — з 1111 тыс. да 2623 тыс. У сельскай мясцовасці амаль у 4,5 раза павялічылася колькасць тэлефонаў і дасягнула 238,2 тыс.

На Беларусі створана сучасная лічбавая інфраструктура электрасувязі верхняга ўзроўню. Здадзены ў эксплуатацыю магістральныя валаконна-аптычныя лініі сувязі з выкарыстаннем абсталявання сінхроннай лічбавай іерархіі, якія звязалі паміж сабой абл. цэнтры і міжнар. лініі на Латвію, Літву, Польшчу, Расію і Украіну. У 1995 створаны нац. аператар — рэсп. аб’яднанне «Белтэлеком», шэраг сумесных прадпрыемстваў па насычэнні рынку сродкамі тэлефоннай сувязі і рухомай радыёсувязі. У 1996 здадзены ў эксплуатацыю комплекс зямных станцый спадарожнікавай сувязі «Тэлепорт». У 1999 створаны першы аператар сотавай сувязі стандарту GSM 900/1800 — сумеснае бел.-кіпрскае прадпрыемства «Мабільная лічбавая сувязь» (гандл. марка VELCOM). Яно забяспечвае мабільнай сувяззю тэрыторыю, на якой пражывае больш за 95% гар. насельніцтва краіны, карыстальнікамі VELCOM з’яўляюцца каля 1 млн. чал. У 2001 ліцэнзію GSM у Рэспубліцы Беларусь атрымала рас. кампанія «Мабільныя ТэлеСістэмы» (МТС), якая абслугоўвае больш за 1 млн. абанентаў. Паслугі сотавай рухомай электрасувязі аказвае таксама сумеснае бел.-нідэрландскае прадпрыемства «БелСел» (NMT450). Паводле стану на 1.6.2004 аператарамі сотавай рухомай сувязі забяспечана пакрыццё больш за 30% тэр. рэспублікі, на якой пражывае каля 90% гар. насельніцтва. На сетцы рухомай сувязі функцыянуюць радыётэлефонныя сістэмы радыяльнай, радыяльна-зонавай і сотавай сувязі. У сувязі працуюць 63 тыс. чал., у т. л. ў электрасувязі каля 30 тыс., паштовай сувязі — 33 тыс. чал. (2003). Беларусь з’яўляецца членам Міжнар. саюза электрасувязі, Сусв. паштовага саюза (абодва з 1947), Міжнар. арганізацыі марской спадарожнікавай сувязі (з 1979), Міжнар. арганізацыі касм. сувязі (з 1993), Еўрап. арганізацыі касм. сувязі (з 1994), Еўрап. нарады адміністрацый паштовай і электрычнай сувязі (2003) і інш.

Тэлефонная і тэлеграфная сувязь. Сетку міжгар. тэлеграфна-тэлефоннай сувязі складаюць лініі (кабельныя і радыёрэлейныя) і сістэмы шматканальнай высокачастотнай сувязі. Гэта дазваляе стварыць магутныя пучкі каналаў сувязі і ўводзіць неадкладную сістэму злучэння і аўтаматызаваць працэс злучэння абанентаў. З 1970 у Мінску працуе аўтам. міжгар. тэлефонная станцыя (АМТС), пазней такія станцыі здадзены ў эксплуатацыю ў Віцебску, Гродне і Магілёве. У 1972 завершана аўтаматызацыя гар. і сельскай тэлеф. сувязі. На Брэсцкай МТС здадзена ў эксплуатацыю АМТС-3 каардынатнага тыпу на 1714 каналаў (1981), у Мінску — квазіэлектронная «Метаконта-10с» (1983). З 1984, калі ў Мінску была ўведзена АТС-78, пачалося актыўнае ўкараненне электронных тэлеф. станцый. У 1989 арганізаваны першыя міжнар. каналы Мінск—Беласток і Мінск—Варшава. У 1990 здадзена ў эксплуатацыю першая ў СССР лічбавая АМТС тыпу EWSD. Ва ўсіх абл. цэнтрах дзейнічаюць сучасныя лічбавыя АМТС. Колькасць тэлеф. апаратаў сеткі агульнага карыстання або тых, якія маюць на яе выхад, у 2003 складала 3283,1 тыс. (на 87,6% больш, чым у 1990). На 75% павялічылася колькасць тэлеф. апаратаў у сельскай мясцовасці і дасягнула 611,4 тыс. Забяспечанасць насельніцтва кватэрнымі тэлефонамі складае 83 шт. на 100 сямей, у т. л. 97 — у гарадах і 49 — у сельскай мясцовасці (гл. табл.). Для абанентаў тэлеф. сувязі агульнага карыстання адкрыты аўтам. выхад на ўсе краіны свету.

З 1945 дзейнічае пастаянная радыётэлегр. сувязь паміж Мінскам і Масквой. У канцы 1940—50-х г. укаранёны танальная сістэма тэлеграфавання, апаратура прамых злучэнняў і абаненцкага тэлеграфа. З 1966 па кабельных і радыёрэлейных лініях фотатэлеграфным спосабам у Мінску прымаюцца матрыцы газет з Масквы, з 1967 працуе відэатэлефон. У 1979 уведзена міжнар. тэлегр. станцыя «Тэлекс». Створана лічбавая сетка электрасувязі, якая аб’ядноўвае службы для перадачы маўлення, тэксту, даных і выявы ў адзіную сетку з інтэгральным абслугоўваннем.

Радыё і тэлебачанне. Першая перадача Бел. радыё адбылася ў 1925. Сучаснае дзярж. радыёвяшчанне вядзецца па 2 каналах і трох радыёстанцыях у мона- і стэрэаварыянтах. У 1965 у Мінску, ва ўсіх абл. і некаторых раённых цэнтрах укаранёна 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1956 у Мінску пабудаваны рэсп. тэлецэнтр, і пачаліся рэгулярныя тэлевізійныя перадачы. У 1972 уведзены ў дзеянне комплекс тэлебачання ў наваколлі Мінска. З 1974 ажыццяўляецца прыём тэлевізійных перадач на ўсёй тэр. Беларусі з Мінска і Масквы. Працуюць рэсп. студыя тэлебачання, тэлерадыёстудыі ва ўсіх абл. цэнтрах. З 1991 развіваюцца недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі тэлебачання. Асн. дзярж. аператарам сеткі вяшчальнага тэлебачання, гукавога праваднога і радыёвяшчання на тэр. Беларусі з’яўляецца рэсп. унітарнае прадпрыемства «Беларускі радыётэлевізійны перадавальны цэнтр». У 2000—04 уведзена ў эксплуатацыю 25 тэлевізійных і 49 радыёвяшчальных перадатчыкаў. Сетку тэлевізійнага вяшчання складаюць 23 магутныя тэлевізійныя станцыі і 19 тэлевізійных станцый магутнасцю да 1 кВт. На гэтых станцыях працуюць 126 тэлевізійных перадатчыкаў рознай магутнасці, якія забяспечваюць распаўсюджанне праграм «Першага нацыянальнага тэлеканала» (БТ-1), «Агульнанацыянальнага тэлебачання» (АНТ, «Другі нацыянальны тэлеканал»), тэлеканалаў «Лад», «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ), «Расія», «НТБ», абл. вяшчання і 20 недзярж. праграм. Тэлевізійнымі праграмамі БТ-1 ахоплена 99,4% насельніцтва рэспублікі, дзвюма праграмамі — 97,3%, трыма — 80%, чатырма — 59,2%, пяццю і болей праграмамі — 43,7% і камерцыйнымі праграмамі — 43,5%. Сетка радыёвяшчання Беларусі ўключае 191 перадатчык доўгіх, сярэдніх, кароткіх і ультракароткіх хваль. Яны забяспечваюць трансляцыі праграм 1-га Нац. канала Бел. радыё, каналаў «Культура», «Радыус FM», «Сталіца», абл. радыёаб’яднанняў і 18 камерцыйных праграм. На базе станцый дыяпазону 87,5—108 МГц створана рэсп. сістэма пейджынгавай (бесправадной) сувязі.

Паштовая сувязь. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 бел. пошта існуе ў складзе Мін-ва сувязі і інфарматызацыі. У 1995 створана дзярж. прадпрыемства «Белпошта»; у ім працуе каля 37 тыс. чал., у т. л. 12,5 тыс. паштальёнаў, дзейнічае каля 4 тыс. аддзяленняў сувязі. У 2003 адпраўлена 153 млн. пісьмаў, картак і бандэролей, 413 млн. сродкаў масавай інфармацыі, 1,3 млн. пасылак, 4,2 млн. грашовых пераводаў, 24,5 млн. пенсіённых выплат і 1,4 млн. тэлеграм (гл. табл.). Авіяцыйным транспартам у 2002 адпраўлена 93,5 т пошты (у 1990—2626, у 1995—10,3).

Паслугі паштовай сувязі аказваюць паштамты ў Мінску (пабудаваны ў 1954), Віцебску (1960), Магілёве (1961), Гродне (1970), прычыгуначны паштамт у Мінску (1977), гар. і раённыя вузлы сувязі. У 1969 створаны Бел. занальны вылічальны цэнтр, аснашчаны ЭВМ, апаратурай перадачы даных па каналах сувязі, перфарацыйнай, лічыльна-клавішнай і інш. відамі вылічальнай тэхнікі. Дзейнічаюць інфарм.-тэхнал. сетка паштовай сувязі, аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі па міжнар. пошце, афармленні падпіскі на перыяд. выданні, уліку і кантролю дзейнасці аддзяленняў сувязі, выплаты пенсіённых і сац. дапамог. Для забеспячэння неабходнага ўзроўню якасці і аператыўнасці абслугоўвання насельніцтва, аўтаматызацыі паштовых тэхнал. працэсаў укаранёны паштова-касавыя тэрміналы, персанальныя камп’ютэры, электронныя вагі, касавыя апараты і інш. Арганізацыі паштовай сувязі аказваюць больш за 50 відаў асн. і нетрадыц. паслуг. Распрацоўваюцца тэхналогіі ўкаранення новых паслуг паштовай сувязі: паскоранага электроннага грашовага пераводу, электроннага гандлю з выкарыстаннем Інтэрнета і інш. З’явіўся новы від дзейнасці пошты — выпуск паштовых марак. Іх тэматыка ўключае творы мастацтва, старадаўнія гербы бел. гарадоў, архітэктурныя помнікі, партрэты выдатных асоб, спорт, гіст. падзеі, фауну, флору, бел. нар. адзенне і інш. З 1998 Беларусь прымае ўдзел у міжнар. філатэлістычных выстаўках.

Распаўсюджваннем перыяд. друку па падпісцы і ў розніцу займаецца гандл. рэсп. унітарнае прадпрыемства «Белсаюздрук». У 2003 разавы тыраж газет па краіне складаў 11,4 млн. экз., у т. л. на бел. мове 1,2 млн., гадавы — адпаведна 578 і 141 млн. экз.; гадавы тыраж часопісаў і інш. перыяд. выданняў склаў 19 млн. экз., у т. л. на бел. мове 3,1 млн. У структуру «Белсаюздруку» ўваходзяць 6 абл. і Мінскае гар. прадпрыемства, гар. і раённыя аддзяленні. Дзейнічала 1898 спецыялізаваных кіёскаў і магазінаў; іх агульны тавараабарот склаў 40 480 тыс. руб., а ў разліку на адну гандл. кропку — 52,3 млн. руб.

Інфарматызацыя. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.2.2004 Мін-ву сувязі былі перададзены функцыі дзярж. кіравання ў сферы інфарматызацыі. Дзярж. праграма інфарматызацыі ўключае 99 праектаў па 9 раздзелах. Асн. з іх з’яўляюцца праекты, якія выконваюцца па заказах дзярж. органаў улады і кіравання, праекты стварэння агульнадзярж. аўтаматызаванай сістэмы, фарміравання дзярж. рэгістраў інфарм. рэсурсаў. У перыяд 2000—04 колькасць бел. Інтэрнет-рэсурсаў павялічылася ў 5,5 раза. Актыўна ўкараняюцца ў практыку пластыкавыя карткі для аплаты розных плацяжоў праз Інтэрнет, пашыраецца аплата па факце дастаўкі тавараў заказчыку (у рэжыме off-line). Развіваецца Інтэрнет-рэклама; у Інтэрнеце прадстаўлена каля 5 бел. банерных сетак. У адзіную навук.-інфарм. камп’ютэрную сетку аб’яднаны існуючыя сеткі BASNET (Нац. АН Беларусі), UNIBEL (Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь) і BSUNET (Цэнтр інфарм. рэсурсаў і камунікацый БДУ). Яны ўключаюць каля 260 устаноў навук. сферы, вядучыя ун-ты, ін-ты, бібліятэкі, шэраг інш. арганізацый навукі і адукацыі (250 устаноў адукац. сферы). У 2002 Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь выдала 1-ю ў рэспубліцы ліцэнзію на дыстанцыйную форму навучання праз Інтэрнет Бел. ун-ту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Развіццю інфарматызацыі садзейнічае павелічэнне колькасці персанальных камп’ютэраў. Агульны камп’ютэрны парк рэспублікі на пач. 2003 склаў 775 тыс. камп’ютэраў, з іх 318 тыс. у прамысл. сектары, 250 тыс. — у насельніцтва.

Літ.:

Связь Белоруссии. Мн., 1972;

Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;

Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1.988;

Алишев Я.В., Урядов В.Н. Перспективные пути информационных технологий в волоконно-оптических сетях телекоммуникаций. Мн., 2003;

Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.

С.​Ф.​Дубянецкі.


Асноўныя паказчыкі сувязі агульнага карыстання Беларусі
1990 1995 2000 2002 2003
Адпраўлена, млн.
пісьмаў і бандэролей 302 134 132 152 153
друкаваных сродкаў масавай інфармацыі 2201 568 531 472 413
пасылак 8,2 0,6 0,7 1,3 1,6
тэлеграм 10,6 2,4 1,5 1,4 1,4
грашовых пераводаў 12,2 3,9 3,9 4,0 4,2
пенсіённых выплат 24,8 28,9 26,1 25,1 24,5
Колькасць міжгародніх тэлефонных размоў, млн. 193,5 248,3 528,6 732,2 929,2
Колькасць тэлефонных апаратаў, шт. 1749,8 2159,6 2962,0 3183,2 3283,1
у т. л. гарадской сеткі 1400,6 1745,1 2422,2 2597,2 2671,7
сельскай сеткі 349,2 414,5 539,8 586,0 611,4
Забяспечанасць насельніцтва хатнімі тэлефоннымі апаратамі на 100 сем’яў 37 49 73 79 83
Колькасць таксафонаў, якія дазваляюць забяспечваць паслугамі міжгародняй тэлефоннай сувязі 5806 3758 4142 5962 7709

т. 18, кн. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)