ДЗЕВЯ́ТЫХ (Рыгор Рыгоравіч) (н. 1.12.1918, в. Бараноўшчына Кіраўскай вобл., Расія),
расійскі хімік-неарганік. Акад.Рас.АН (1974). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў Горкаўскі ун-т (1941) і працаваў у ім. З 1973 у Ін-це хіміі АНСССР (г. Ніжні Ноўгарад), з 1988 дырэктар ін-та хіміі высакачыстых рэчываў Рас.АН. Навук. працы па неарган. і аналіт. хіміі высакачыстых рэчываў, праблемах атрымання высакачыстых матэрыялаў. Распрацаваў метады глыбокай ачысткі лятучых неарган. гідрыдаў, хларыдаў і металаарган. злучэнняў. Ленінская прэмія 1986.
Тв.:
Высокочистые тугоплавкие и редкие металлы. М., 1993 (разам з Г.С.Бурханавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗІНТЭГРА́ТАР (ад дэз... + лац. integer цэлы),
1) машына для грубага здрабнення крохкіх малаабразіўных матэрыялаў (вугалю, гіпсу, серы, торфу, драўніны і інш.). Складаецца з двух ротараў, якія зманціраваны на асобных сувосевых валах і верцяцца ў процілеглых напрамках. На дысках ротараў размешчаны па канцэнтрычных акружнасцях 2—4 рады цыліндрычных пальцаў (білаў). Матэрыял паступае ў цэнтр.ч. ротара, пры яго вярчэнні адкідваецца ад цэнтра і здрабняецца ўдарамі пальцаў.
2) Апарат для ачысткіпрамысл. газаў ад узважаных цвёрдых (пыл) або вадкіх часціц. Выкарыстоўваецца пераважна ў доменных цэхах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙФЕР (ням. Greifer ад greifen хапаць, схопліваць),
1) грузазахопныя прыстасаванні пад’ёмных механізмаў (экскаватараў, кранаў, пагрузчыкаў, монарэйкавых цялежак), якія маюць паваротныя сківіцы (з зубамі) для захоплівання грузаў. Выкарыстоўваюцца для перагрузкі і транспартавання на невял. адлегласці сыпкіх і кускавых матэрыялаў, лесаматэрыялаў, для распрацоўкі невял., але глыбокіх катлаванаў у мяккіх грунтах, ачысткі вадаёмаў і інш.Найб. пашыраны грэйфер для сыпкіх грузаў ёмістасцю 0,8—1,2 м³.
2) Прыстасаванне ў апаратах і машынах для замацавання (захоплівання) прадмета, які апрацоўваецца.
І.І.Леановіч.
Схема работы двухканатнага двухсківічнага грэйфера: 1 — разгрузка; 2 — апусканне на матэрыял; 3 — захопліванне матэрыялу; 4 — пад’ём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДУКІАМЕ́ТРЫЯ (ад англ. conductivity электраправоднасць + ...метрыя),
сукупнасць электрахім. метадаў колькаснага аналізу, заснаваных на вымярэнні электраправоднасці раствораў электралітаў.
К. ўключае кантактныя і бескантактныя метады. Кантактныя метады — прамыя, ускосныя і кандуктаметрычнае цітраванне, заснаванае на змяненні электраправоднасці раствору пры хім. рэакцыях, праводзяць пры непасрэдным кантакце даследуемага раствору з электродамі. Бескантактныя метады дазваляюць праводзіць вымярэнні пры высокіх і нізкіх т-рах, у агрэсіўным асяроддзі і замкнёных аб’ёмах. Выкарыстоўваюць у хім. кінетыцы для вызначэння канстантаў дысацыяцыі электралітаў, асноўнасці кіслот, растваральнасці асадкаў і інш., пры кантролі рэгенерацыі іанітаў, ачысткі вады, якасці він, сокаў, для аналізу хім. рэактываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІЯЗА́РАЎ (Юрый Рыгоравіч) (н. 22.5.1933, Баку),
бел. вучоны ў галіне нафтахіміі. Д-ртэхн.н. (1984), праф. (1989). Скончыў Азерб.індустр.ін-т (1956). З 1962 у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні хім. складу і тэхнал. уласцівасцей бел. нафты, каталітычных сістэм для перапрацоўкі вуглевадароднай сыравіны. Распрацаваў комплексную схему рацыянальнай перапрацоўкі нафты бел. радовішчаў, каталітычныя сістэмы для вытв-сці капралактаму, ачысткіпрамысл. газавых выкідаў.
Тв.:
Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972 (разам з М.С.Казловым, У.І.Куліковым);
Гетерогенпо-каталитическая изомеризация углеводородов. Мн., 1989 (разам з М.Ф.Саўчыцам, Э.Я.Усцілоўскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТРЫЮ ГІДРАКСІ́Д, едкі натр, каўстычная сода,
моцная аснова, адносіцца да шчолачаў, NaOH.
Бясколерныя крышталі (тэхн. прадукт — белая непразрыстая маса), tпл 323 °C, шчыльн. 2020 кг/м³. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле, гліцэрыне. Паглынае з паветра ваду і вуглякіслы газ. Са спіртамі ўтварае алкагаляты. Атрымліваюць электролізам раствору хларыду NaCl, узаемадзеяннем гарачага раствору карбанату Na2CO3 з гідраксідам кальцыю Са(OH)2. Выкарыстоўваюць для ачысткі нафтапрадуктаў, асушвання газаў і многіх арган. вадкасцей, у вытв-сці паперы, мыла, штучных валокнаў; водныя растворы — як электраліты ў паветрана-цынкавых элементах. Выклікае цяжкія апёкі скуры і слізістых абалонак. ГДК у паветры 0,5 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНСКІНЖПРАЕ́КТ»,
дзяржаўны праектны інстытут. Засн. ў 1974 у Мінску. Асн. кірункі дзейнасці: выкананне праектна-вышукальных работ на буд-ва, рэканструкцыю, пашырэнне і рамонт інж. сетак і збудаванняў гар. інфраструктуры; аўтарскі нагляд за буд-вам аб’ектаў; вядзенне дзяжурнага аператыўнага плана інж. сетак горада; распрацоўка інж. раздзелаў генплана, праектаў планіроўкі, комплексных схем развіцця рэгіёна; праектаванне аб’ектаў водаправода, каналізацыі і энергазабеспячэння, дарог і збудаванняў транспарту, водазабеспячэння і ачысткі; рэкамендацыі па размяшчэнні новых, пашырэнні і рэканструкцыі дзеючых прадпрыемстваў, аб’ектаў і збудаванняў; распрацоўка дакументацыі; кантроль за рэалізацыяй генплана Мінска і прыгараднай зоны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РЫС (Барыс Ісаевіч) (н. 9.7.1937, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне гідрадынамікі. Д-ртэхн.н. (1991). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1960). З 1965 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні гідрадынамічных заканамернасцей абцякання восесіметрычных цел. Эксперыментальна пацвердзіў механізм уздзеяння палімерных дабавак на структуру турбулентнага патоку. Распрацаваў тэхнал. метады ачысткі вады ад дробных дамешкаў з выкарыстаннем гідрадынамічнай кавітацыі.
Тв.:
Некоторые эффекты крупномасштабных регулярных структур в пристенных турбулентных потоках (у сааўт.) // Процессы турбулентного переноса. Мн., 1985;
Интенсификация технологических процессов гидродинамической кавитацией (у сааўт.) // Процессы переноса в турбулентных течениях. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАКАМПРЭ́САРНАЯ СТА́НЦЫЯ,
станцыя павышэння ціску прыроднага газу пры яго здабычы, транспарціроўцы, захоўванні і перапрацоўцы. Бываюць: галаўныя, або даціскальныя (павышаюць ціск газу, што паступае з радовішча, у 1,2—10 разоў, магутнасць да 100 МВт і болей), лінейныя магістральных газаправодаў (будуюцца праз 100—150 км, ступень сціскання 1,6—2,5, магутнасць да 200 МВт), станцыі для падземных газасховішчаў (магутнасць да 50 МВт) і для зваротнага запампоўвання газу ў пласт (на газакандэнсатных радовішчах). Абсталяванне: кампрэсарныя ўстаноўкі (цэнтрабежныя нагнятальнікі з прыводам ад газавай турбіны або электрарухавіка і газамотакампрэсары), устаноўкі для ачысткі, асушкі і ахаладжэння газу і інш. Аўтаматызаванымі газакампрэсарнымі станцыямі кіруюць з цэнтр. дыспетчарскага пункта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ВІЦ (Товій Ягоравіч) (25.4.1757, г. Гётынген, Германія — 7.12.1804),
расійскі хімік і фармацэўт. Акад. Пецярбургскай АН (1793). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (1780—82). У 1784—97 працаваў у Гал. аптэцы ў Пецярбургу, выкладаў хімію і фармацэўтыку ў Мед. школе і Медыка-хірург. акадэміі. Навук. працы па агульнай хіміі. Адкрыў адсорбцыю раствораных рэчываў драўняным вугалем (1785) і прапанаваў выкарыстоўваць яго для ачысткі спірту і гарэлкі, фармацэўтычных прэпаратаў. Атрымаў ледзяную воцатную к-ту (1789), бязводныя дыэтылавы эфір і этылавы спірт (1796).
Тв.:
Избр. труды по химии и химической технологии. М., 1955.
Літ.:
Балезин С.А., Бесков С.Д. Выдающиеся русские ученые-химики. 2 изд. М., 1972.