ПУНТ,

старажытнаегіпецкая назва краіны ва Усх. Афрыцы, магчыма, на ўзбярэжжы Адэнскага заліва, на п-ве Самалі. Пачынаючы са Стараж. царства (3-е тыс. да н.э.) егіп. фараоны шмат разоў адпраўлялі гандл. і рабаўніцкія экспедыцыі ў П. па Чырвоным моры. З П. вывозілі міру, золата, чорнае дрэва, слановую косць, а таксама рабоў.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́Р I, Амар ібн аль-Хатаб (каля 591 ці 581, Мекка — 3 ці 4.11.644),

другі халіф (з 634) у Арабскім халіфаце, адзін з бліжэйшых паплечнікаў Мухамеда. Пры Амары I араб. войскі атрымалі перамогі над візантыйцамі і Сасанідамі, заваявалі значныя тэр. ў Азіі і Афрыцы (гл. Арабскія заваяванні). Увёў мусульманскае летазлічэнне паводле хіджры. Забіты рабом-персам.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКУ́РТ (Latrodectus tredecimguttatus),

ядавіты павук сям. тэрыдыід. Пашыраны ў Зах. Азіі, Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы. Жыве ў стэпах, паўпустынях, пустынях, перадгор’ях.

Даўж. самцоў 4—7 мм, самак 10—20 мм. Самкі чорныя, у самцоў і маладых самак чырв. плямы на брушку. Ядавітыя залозы — у галавагрудзях. Яд — бялковы таксін, які мае нейратропнае дзеянне.

Каракурт.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕЛІ́НАВЫ СІЕНІ́Т,

поўнакрышталічная магматычная шчолачная горная парода. Складаецца са шчолачнага палявога шпату (65—70%), нефеліну (каля 20%) і каляровых мінералаў (10—15%). Утварае інтрузіўныя масівы або ўваходзіць зонамі ў шчолачныя і шчолачна-ультрабазітавыя комплексы. Выкарыстоўваецца ў шкляной прам-сці. Масівы Н.с. на Украіне, у Расіі, Сярэдняй Азіі, Нарвегіі, Паўд. Грэнландыі, Канадзе, Паўд. Афрыцы і інш.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭ́ЛІЙ ВІ́КТАР (Секст) (Sextus Aurelius Victor),

рымскі гісторык 4 ст. Нарадзіўся ў Афрыцы. У 361 быў намеснікам Ніжняй Паноніі, у 389 — гар. прэфектам Рыма. Каля 360 напісаў кароткую гісторыю імператараў ад Аўгуста да Канстанцыя II «Пра цэзараў» («De Caesaribus»). Пазней гэты твор уключаны ў «Кароткую вытрымку пра цэзараў», дзе звесткі даведзены да 395, аўтарам якой памылкова лічылі Аўрэлія.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НІ (Cervidae),

сямейства млекакормячых атр. парнакапытных. 5 падсям.: кабарга, мунтжакі (Cervulinae), вадзяныя алені (Hydropotinae), алені сапраўдныя (Cervinae) і амерыканскія алені (Odocoileinae). 17 сучасных родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы. Акліматызаваны ў Новай Зеландыі, на Гавайскіх і некат. інш. астравах. На Беларусі лось, казуля, лань і алень высакародны.

Алені: 1 — плямісты; 2 — паўночны.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНІ́ШЧА,

прыстасаванне, дзе ў старажытнасці распальвалі і зберагалі агонь, які служыў чалавеку для абагравання, прыгатавання ежы і абароны ад дзікіх звяроў. Рэшткі першых агнішчаў знойдзены на стаянках пітэкантрапа ва Усх. Афрыцы (больш за 1 млн. г. таму назад) і сінантрапа ў Кітаі (каля 300 тыс. г. назад). На Беларусі найб. старажытныя агнішчы вядомы з эпохі верхняга палеаліту (Бердыж, Юравічы).

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́Р’Е,

вялізнае горнае падняцце, дзе спалучаюцца плато, горныя хрыбты і горныя масівы, якія нярэдка чаргуюцца з шырокімі міжгорнымі катлавінамі. Для Н. характэрны значныя абсалютныя вышыні і параўнальна невял. адносныя перавышэнні. Пашыраны ў Азіі (Тыбецкае, Іранскае, Армянскае), Амерыцы (Мексіканскае, Цэнтральнаандыйскае), Афрыцы (Ахагар, Эфіопскае, Тыбесты). Тэрмін «Н.» часам ужываюць як сінонім высока ўзнятых плато (без узвышаных над імі горных хрыбтоў).

т. 11, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВО́ЛЬНІЦКІ БЕ́РАГ,

устарэлая назва нізіннага ўзбярэжжа Гвінейскага зал. (зал. Бенін) у Афрыцы, паміж вусцямі рэк Нігер і Вольта. Бераг нізінны, забалочаны, з лагунамі і пратокамі. У вусцях рэк і па берагах лагун — мангравыя зараснікі, за імі паўторныя саванны (на 3) і вечназялёныя лясы (на У). У 16—18 ст. Н.б. — адзін з гал. раёнаў гандлю рабамі (адсюль назва).

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭ́Р (Aterian),

археалагічная культура сярэдняга палеаліту ў Паўн. Афрыцы (каля 30—19 тыс. г. назад). Назва ад стаянкі каля г. Бір-эль-Атэр (Алжыр). Сярод помнікаў — гроты і стаянкі на адкрытай мясцовасці. Насельніцтва займалася паляваннем на насарогаў, газеляў, сланоў і інш. Найб. характэрныя прылады — крамянёвыя тронкавыя і лістападобныя наканечнікі стрэл з двухбаковай апрацоўкай. Некат. прылады (бакавыя скрабкі, адшчэпы) нагадваюць мусцьерскія.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)