ДУ́КТАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 28.12.1953, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1976). Працаваў у прэсе, на парт. рабоце. З 1994 сакратар Магілёўскага абл. аддз. СП Беларусі. Друкуецца з 1986. Аўтар кн. прозы «Дзякуй і даруй» (1993), «Трэцяя асоба» (1997).
т. 6, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАТАРМА́ЙСТАР (ням. Quartiermeister ад Quartier кватэра, пастой + Meister гаспадар),
1) у 16—20 ст. службовая асоба (афіцэр, генерал) у органах кіравання войскамі многіх еўрап. краін, у т. л. Расіі (з пач. 18 ст.), якая напачатку (16 ст.) займалася размяшчэннем войск лагерам ці па кватэрах, а пазней (17—20 ст.) пераважна аператыўнымі пытаннямі.
2) Начальнік тылавой гаспадаркі палка ў рас. арміі (пач. 18 ст. — 1881, наз. кватармістр), войсках ВКЛ і Польшчы (паводле штату 1789).
3) Начальнік службаў харч. і рэчавага забеспячэння ў палку Чырв. Арміі (да 1928, наз. кватармістр).
4) Пасада унтэр-афіцэра карабельнай службы ВМФ Расіі (да 1917), які загадваў гасп. пытаннямі.
5) Службовая асоба ва ўзбр. сілах ЗША і Вялікабрытаніі, якая кіруе вырашэннем усіх пытанняў кватэрнага і рэчавага забеспячэння войск.
т. 8, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́МБУДСМАН (ад швед. ombudsman прадстаўнік чыіх-небудзь інтарэсаў),
спецыяльна выбраная або прызначаная службовая асоба ў шэрагу краін для кантролю за захаваннем правоў чалавека рознымі адм. органамі. Выбіраецца або прызначаецца як службовая асоба парламентам, кіраўніком дзяржавы або ўрадам. У некат. краінах гэтыя функцыі выконваюць прыватныя асобы і аб’яднанні. У адрозненне ад пракуратуры О. ажыццяўляе кантроль і вядзе расследаванне з пункту гледжання законнасці, эфектыўнасці, мэтазгоднасці, добрасумленнасці, справядлівасці. Дзейнічае і па скаргах грамадзян і па ўласнай ініцыятыве. Такіх службовых асоб называюць: уласна О. — у скандынаўскіх краінах; нар. абаронца ў Іспаніі і Калумбіі; пасрэднік — у Францыі; адвакат народа — у Румыніі; упаўнаважаны па правах чалавека — у Расіі. Вынікі сваёй дзейнасці О. паведамляе парламенту або органу, які яго ўпаўнаважыў для прыняцця адпаведных мер і аднаўлення парушаных правоў.
т. 11, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВІНАВА́ЧАНЫ,
асоба, прыцягнутая да крымін. адказнасці ва ўстаноўленым законам парадку. Умовай прыцягнення асобы ў якасці абвінавачанага з’яўляецца наяўнасць дастатковых доказаў пра ўчыненне ёю злачынства. Прававое становішча абвінавачанага (працэсуальныя гарантыі, права на абарону і інш.) вызначаецца законам. Абвінавачаны, аддадзены пад суд, наз. падсудным.
т. 1, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПТЭНА́РМУС (франц. capitaine d’armes),
службовая асоба малодшага каманднага саставу ў роце, батарэі, эскадроне і інш., якая адказвала за захаванне, улік, выдачу маёмасці, харчавання, зброі і інш. Існавала ў Расіі з пач. 18 ст. да 1917, у Сав. Арміі ў 1918—50-я г.
т. 8, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧВО́ЙТ, Ключнік,
службовая асоба ў ВКЛ, якая выконвала функцыі вартаўніка, замыкала нанач гарадскую браму або вароты замка і зберагала ключы ад іх. Так называлі і войта, які кіраваў часткай маёнтка феадала ці велікакняжацкай эканоміі — ключом. У 16—17 ст. вядома пасада К. віленскага.
т. 8, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁР (ад лац. prior першы, важнейшы),
1) настаяцель невял. каталіцкага кляштара; вял. П. — службовая асоба ў духоўна-рыцарскіх ордэнах, рангам ніжэйшая за вял. магістра.
2) У Італіі і некаторых інш. краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі — выбарны кіраўнік купецкай або рамеснай гільдыі.
т. 13, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУ́ДЖАНЫ,
асоба, у адносінах да якой судом вынесены прыгавор аб прызнанні яе вінаватай у злачынстве і назначана мера пакарання. У адпаведнасці з заканадаўствам асуджаны нясе абавязкі і карыстаецца правамі грамадзяніна з некаторымі абмежаваннямі, ступень якіх вызначаецца прыгаворам і залежыць ад рэжыму і ўмоў адбывання пакарання.
т. 2, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РМА,
рускі дойлід 16 ст. У 1555—60 з І.Поснікам (паводле некаторых меркаванняў, Барма і Поснік — адна і тая ж асоба) стварыў у Маскве на Краснай плошчы унікальны помнік архітэктуры — Пакроўскі сабор (гл. Васіля Блажэннага храм).
Літ.:
Брунов Н.И. Мастера древнерусского зодчества. М., 1953.
т. 2, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АБВІНАВА́ЎЦА,
службовая асоба, якая падтрымлівае перад судом абвінавачанне па крымінальнай справе. У Рэспубліцы Беларусь, некаторых інш. краінах функцыі Дз.а. выконвае пракурор. Удзел Дз.а. ў суд. разборы спраў — адна з формаў пракурорскага нагляду за выкананнем законнасці. Парадак удзелу Дз.а. ў суд. разборы рэгламентуецца працэсуальным заканадаўствам.
т. 6, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)