МІЛЬЯ́РД (франц. milliard),
тысяча мільёнаў, лік, які ў дзесятковым запісе мае выгляд адзінкі з 9 нулямі (лік 109). У рус., франц. і амер. л-ры М. іншы раз наз. більёнам.
т. 10, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬЕ ІНКЛА́Н ((Valle-Inclán) Рамон Марыя дэль) (28.10.1866, Вільянуэва-дэ-Ароса, прав. Пантэведра, Іспанія — 5.1.1936),
іспанскі пісьменнік. Прадстаўнік «Пакалення 1898 года» (гл. ў арт. Іспанія, раздзел Літаратура). Ранняя творчасць (цыкл аповесцей «Санаты», ч. 1—4, 1902—05) пад уплывам лац.-амер. мадэрнізму і франц. дэкадансу. Пазнейшыя творы адметныя ўвагай да фальклору і гісторыі роднай Галісіі: трылогія «Карлісцкая вайна» (1908—09), драм. цыкл. «Варварскія камедыі» (1907—22). У 1920-я г. працаваў над «эсперпента» — драм. жанрам, які папярэднічаў сюррэалізму і т-ру абсурду (блізкі да трагіфарса). У п’есах «Рогі дона Ахінеі» (1921), «Убранне нябожчыка» (1926) і інш. праз гратэск, абагульненасць вобразаў і парадзіраванне штампаў класічнай л-ры высмеяў афіц. ідэалогію і косны быт правінцыяльнай Іспаніі. Аналіз феномена ваен. дыктатуры лац.-амер. тыпу ў рамане-памфлеце «Тыран Бандэрас» (1926). Аўтар няскончанай гіст. трылогіі «Арэна Іберыйскага цырка» (т. 1—2, 1927—28, т. 3, выд. 1958). Зб-кі вершаў «Водар легенды» (1907), «Люлька гашышу» (1919) і інш. ў цэлым вытрыманы ў стылістыцы лац.-амер. мадэрнізму.
Тв.:
Рус. пер. — Сонаты. М.; Л., 1966;
Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1986.
Літ.:
Тертерян И. Испытание историей: Очерки исп. лит. XX в. М., 1973.
К.М.Міхееў.
т. 3, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАСІЛЁК»,
беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел. нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.
В.М.Мартыненка.
т. 4, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙДЭМЕЕР ((Weydemeyer) Іосіф Арнольд Вільгельм) (2.2.1818, г. Мюнстэр, Германія — 20.8.1866),
дзеяч ням. і амер. рабочага руху. У 1839—45 афіцэр прускай арміі. У 1845—47 займаўся журналістыкай. Чл. Саюза камуністаў з 1847. У час рэвалюцыі 1848—49 адзін з арганізатараў рабочых саюзаў і дэмакр. т-ваў у Вестфаліі. У 1851 эмігрыраваў у ЗША, дзе выдаваў штотыднёвую газ. «Die Revolution» («Рэвалюцыя»), працы К.Маркса і Ф.Энгельса і разам з Ф.А.Зорге заснаваў Пралетарскі саюз (1852), уваходзіў у кіраўніцтва заснаванага ням. эмігрантамі Амер. рабочага саюза (з 1853), удзельнічаў у працы Камуніст. к-та ў Нью-Йорку (з 1857) і інш. У час Грамадзянскай вайны ў ЗША палкоўнік арміі паўночнікаў (1861—65).
т. 4, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РДЭНАС, Кардэнас-і-Дэль-Рыо; (Cárdenas у de Rio) Ласара (21.5.1895, г. Хікільпан, штат Мічаакан, Мексіка — 19.10.1970), ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Мексікі. Дывізійны генерал (1928). Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1928—32 губернатар штата Мічаакан, з 1931 міністр унутр. спраў, з 1933 ваен. міністр. У 1934—40 прэзідэнт Мексікі. Яго ўрад нацыяналізаваў уласнасць амер. і англа-галандскіх нафтавых кампаній, чыгункі, што належалі англа-амер. трэстам, праводзіў агр. рэформу. У 1943—45 міністр нац. абароны. З 1949 актыўны ўдзельнік Руху прыхільнікаў міру, з 1950 віцэ-старшыня Сусв. Савета Міру (з 1969 ганаровы старшыня). З 1966 член т. зв. трыбунала Расела, які займаўся расследаваннем злачынстваў ЗША у В’етнаме.
т. 8, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́ЗНЫ САВЕ́Т ДЛЯ ЯПО́НІІ Існаваў у 1945—52. Створаны ў адпаведнасці з рашэннем нарады міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Маскве (снеж. 1945) як кансультацыйны орган саюзных дзяржаў пры амер. галоўнакамандуючым акупацыйнымі войскамі саюзнікаў у Японіі. Знаходзіўся ў Токіо. Уключаў прадстаўнікоў ЗША, СССР, Кітая, Вялікабрытаніі (апошні прадстаўляў таксама Аўстралію, Новую Зеландыю і Індыю), Нідэрландаў; пазней да іх далучыліся прадстаўнікі Пакістана і М’янмы. Меў права прыпыняць рашэнні амер. акупацыйнай адміністрацыі да ўзгаднення пытання з усімі членамі савета. У цэлым адыгрываў станоўчую ролю ў распрацоўцы агульнай паліт. лініі саюзнікаў у справе пераўтварэнняў пасляваен. Японіі (аграрная рэформа, дэмакратызацыя паліт. жыцця і інш.). Распушчаны ў крас. 1952 пасля ўступлення ў сілу Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.
т. 14, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЁТЫ (ад прозвішча першаадкрывальніка амер. географа і геолага А.Гаята),
плоскавяршынныя падводныя горы вулканічнага паходжання. Найб. пашыраны (трапляюцца адзіночна ці групамі) у паўн. ч. Ціхага ак. Глыбіня над вяршынямі гаётаў ад 200 да 2000 м.
т. 4, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАЗО́Й, крыптазойскі эон,
буйнейшы інтэрвал геал. часу, што ахоплівае дакембрый, у тоўшчах якога адсутнічаюць рэшткі шкілетнай фауны. Вылучаны амер. геолагам Дж.Чэдвікам (1930), які падзяліў гісторыю Зямлі на 2 эоны: К.э. і фанеразой. Гл. таксама Геахраналогія.
т. 8, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКО́Н,
элементарная адзінка генет. рэкамбінацыі; мінім. ўчастак генет. матэрыялу, у межах якога яна магчыма. Прапанаваны амер. генетыкам С.Бензерам у 1957. Тэрмін мала ўжываецца, таму што выяўлена магчымасць рэкамбінацыі паміж суседнімі парамі нуклеатыдаў ДНК.
Р.Г.Заяц.
т. 13, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
адзін з кірункаў зах. дзяржавазнаўства 20 ст., які разглядае паліт. арганізацыю грамадства як комплекс розных аб’яднанняў грамадзян — «інстытуцый» (напр., сям’я, партыя, прафсаюз і да т.п.); дзяржаву таксама кваліфікуе як адну з «інстытуцый». Заснавальнік — амер. эканаміст і сацыёлаг Т.Веблен.
т. 7, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)