БА́ЛЬДУНГ ((Baldung; прозвішча Грын; Grien) Ганс) (каля 1484/85; г. Швебіш-Гмюнд?, Германія — 1545),
нямецкі жывапісец і графік (дрэварыт, малюнкі) эпохі Адраджэння. Працаваў у Нюрнбергу (у майстэрні А.Дзюрэра), Страсбургу, Фрайбургу (стварыў у саборы гал. алтар «Каранаванне Марыі»). Рэнесансавы рацыяналізм спалучаў з містыкай, абагульненую пластыку — з дробнымі рытмамі. Сярод жывапісных работ: «Пакуты св. Себасцьяна» (1507), «Святая сям’я на адпачынку» (1511—14), «Смерць, што цалуе жанчыну» (1517), «Нараджэнне Хрыста» (1520), «Геркулес і Антэй» (1530), «Адам і Ева» (1531—33), «Сем узростаў жанчыны» (1544), аўтар дрэварытаў, малюнкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛГІ́Х (Уладзімір Віталевіч) (н. 26.2.1969, г. Гродна),
бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1987, педагог Л.Чахоўскі). З 1989 саліст Нац.акад.т-ра балета Беларусі. Творчасці Д. ўласцівы пластычная выразнасць, сэнсавая напоўненасць, тонкая псіхал. распрацоўка партый, высакародства і рамант. ўзнёсласць светаўспрымання яго герояў.
Сярод партый: Яраполк («Страсці» А.Мдывані, Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1996), Прынц, Зігфрыд («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Джэймс («Сільфіда» Х.Левенскольда), Палемон («Ундзіна» Г.Генцэ), Паэт («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова), Спартак («Спартак» А.Хачатурана).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРАЙ»
(«Kraj»),
польскі штотыднёвы грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў Пецярбургу ў 1882—1909. Меў дадаткі «Przegląd literacki» («Літаратурны агляд») і «Dział artystyczno-literacki» («Літаратурна-мастацкі аддзел»). У 1898—1902 кожны нумар «К.» меў дадатак — альбомную старонку. Змяшчаў матэрыялы з гісторыі, культуры, навукі, л-ры і мастацтва слав. народаў, у т. л.маст. творы Э.Ажэшкі, Я.Лучыны, карэспандэнцыі Ф.Багушэвіча з Вільні, артыкулы і допісы А.Ельскага «Пра беларускую гаворку» і «Адам Міцкевіч на Беларусі» (абодва 1885), некралогі В.Дуніну-Марцінкевічу («Беларускі пясняр», 1885), Я.Лучыну (1897), Багушэвічу (1900).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛАКЯ́ВІЧУС ((Žalakevičius) Вітаўтас) (14.4.1930, г. Каўнас, Літва — 12.11.1996),
літоўскі кінарэжысёр. Нар.арт. Літвы (1981), нар.арт. Расіі (1980). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1956). Працаваў на Літоўскай кінастудыі (1956—74, з 1980 маст. кіраўнік), на «Масфільме» (1974—80). Яго фільмы адметныя рэалістычным адлюстраваннем рэчаіснасці, напружанымі маральнымі канфліктамі, дынамічным развіццём сюжэта, метафарычнасцю кінамовы: «Адам жадае быць чалавекам» (1959), навела «Жывыя героі» ў аднайм. фільме (1960, Дзярж. прэмія Літвы), «Ніхто не хацеў паміраць» (1965, прэмія Ленінскага камсамола 1966, Дзярж. прэмія СССР 1967), «Гэта салодкае слова — свабода» (1973), «Кентаўры» (1979), «Звер, які выходзіць з мора» (1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНЧУ́К (Адам Пятровіч) (н. 11.7.1939, в. Асташкавічы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. геолаг. Канд. геолага-мінералагічных н. (1975), праф. (1994). Скончыў Усесаюзны завочны політэхн.ін-т (1970). З 1977 у Гомельскім дзярж. ун-це (у 1979—87 і 1990—98 дэкан, у 1984—98 заг. кафедры). Навук. працы па ацэнцы ўплыву геал. будовы і гідрагеал. рэжыму Прыпяцкага прагіну на структуру геатэрмічных палёў, ролі тэхнагенных палёў у фарміраванні геаэкалагічных умоў тэр. Гомельскай агламерацыі. Удзельнічаў у геал. картаграфаванні тэр. Беларусі магнітна-тэлурычным метадам.
Тв.:
Физика Земли. Гомель, 1994;
Геофизические методы исследований: Гидрогеотермия. Гомель, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКМЕІ́ЗМ (ад грэч. akme найвышэйшая ступень чаго-н., росквіт),
мадэрнісцкая плынь у рас. паэзіі 1910-х г. Супрацьпастаўляўся сімвалізму з яго адрывам ад рэальнага жыцця і імкненнем да містычнага, незразумелага. Сярод тэарэтыкаў і прыхільнікаў акмеізму — М.Гумілёў («Спадчына сімвалізму і акмеізм», 1913), С.Гарадзецкі («Некаторыя плыні ў сучаснай рускай паэзіі», 1913), В.Мандэльштам, Г.Ахматава і інш., якія дэкларавалі канкрэтна-пачуццёвае ўспрыняцце і адлюстраванне свету, паэтызавалі мінулую культуру і біял. пачатак у чалавеку (адсюль другая назва акмеізму — адамізм, ад імя Адам), выступалі за вяртанне слову яго першапачатковага, не сімвалічнага, сэнсу. Акмеісты аб’ядналіся ў «Цэх паэтаў» (1911 — 14; 1920—22), выдавалі час. «Гиперборей» (1912—13), альманахі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́САРТ ((Gossaert) Ян) (мянушка Мабюз; Mabuse; каля 1478—80, г. Мабёж, Францыя — паміж 1533 і 1536),
нідэрландскі жывапісец. Заснавальнік рамантызму ў нідэрл. жывапісе 16 ст. Працаваў у Антверпене, Утрэхце, Мідэлбургу і інш. гарадах. У 1508—09 наведаў Італію. Імкнуўся засвоіць дасягненні італьян. Адраджэння ў кампазіцыі, анатоміі, перспектыве. Звяртаючыся да ант. і біблейскіх сюжэтаў, часта маляваў аголеныя фігуры на фоне ант. архітэктуры ці ў прыродным асяроддзі, перададзеным з тыповай для нідэрл. мастацтва дэталізацыяй («Адам і Ева», «Нептун і Амфітрыта», 1516; «Даная», 1527). Маст. традыцыям нідэрл. школы найбліжэй партрэты Госарта (дыптых з выявай канцлера Ж.Карандэле, 1517).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КСФАРДСКАЯ ШКО́ЛА,
плынь у зах.-еўрап. філасофіі 13 ст. Узнікла ў Оксфардскім ун-це. Філас. асновай поглядаў мысліцеляў О.ш. (Грасетэст, Альфрэд Англійскі, Адам з Марча) было аўгусцініянства. Значную ўвагу яны звярталі на пытанні прыродазнаўства (творы Арыстоцеля, інш.грэч. і араб. вучэнні), што на той час было наватарствам, бо рымская курыя забараняла вывучэнне твораў, прысвечаных гэтым праблемам. У выніку аддаленасці ад рымскай курыі Оксфардскі ун-т валодаў значнай свабодай. Акрамя таго, яго даследаванні стымуляваліся тым, што ў Англіі раней, чым у інш. краінах, атрымалі развіццё рамесная вытв-сць і гандаль, якім патрэбны былі прыродазнаўчанавук. веды. З О.ш. выйшаў мысліцель і прыродазнавец Р.Бэкан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СНЫК ((Asnyk) Адам) (11.9.1838, г. Каліш, Польшча — 2.8.1897),
польскі паэт і драматург. Удзельнік паўстання 1863—64, чл. «вераснёўскага ўрада». У час эміграцыі (г. Гейдэльберг, Германія) атрымаў ступень д-ра філасофіі (1866). Выдаў 4 кн. «Паэзіі» (1869, 1872, 1880, 1894). У ранніх творах спалучэнне традыцый рамантызму з праблематыкай польскага пазітывізму, матывы журбы, песімізму, супрацьпастаўленне мінулага сучаснасці (цыклы вершаў «Кветкі», «Мазаіка», паэма «Сон магіл», 1865—67). Пазнейшая лірыка адметная філас. зместам, медытатыўнай скіраванасцю, жанравай разнастайнасцю, ускладненнем паэт. формы (цыкл санетаў «Над глыбінямі», 1883—94, і інш.). Аўтар бытавых камедый «Сябры Іова» (1879), «Камедыя для конкурсу» (1888), гіст. драм «Кола Рыенцы» (1873), «Жыд» (1875), «Кейстут» (1878).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖАРО́ЎСКІ (Ożarowski, Ожаровский) Адам Пятровіч (1776, Варшава — 5.12.1855), расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф. Ген. ад кавалерыі (1826). Сенатар (1826). Удзельнік вызв. паўстання 1794. З 1796 на рус.ваен. службе. Удзельнічаў у кампаніях 1805 і 1807 супраць Францыі. У вайну 1812 камандзір асобнага кав. атрада (6 палкоў) для партыз. дзеянняў на паўд. флангу праціўніка. Удзельнічаў у баях пад Красным (Смаленская вобл.), у заняцці Магілёва, Бярэзінскай аперацыі 1812, у праследаванні французаў у напрамку Валожын—Воранава—Ліда—Ражанка. У замежных паходах рус. арміі (1812—14) узначальваў асобны кав. атрад. З 1814 у бліжэйшым акружэнні імператара Аляксандра I. З 1833 член Дзярж. савета Царства Польскага, з 1841 прысутны ў Варшаўскіх дэпартаментах Сената.