прылада (прыстасаванне, элемент) для паказу параметраў працэсаў або станаў аб’ектаў у форме, зручнай для непасрэднага ўспрымання. Бываюць сігнальныя і вымяральныя, візуальныя, акустычныя, тактыльныя і І. пахаў.
Сігнальныя І. — лямпачкі, святлодыёды. званкі, рычагі, мех. паказальнікі і інш. Стрэлачныя І. гэтага тыпу маюць спрошчаныя шкалы, на якіх адзначаюцца толькі вобласці нармальных і небяспечных значэнняў кантралюемых параметраў. Вымяральныя І. адлюстроўваюць колькасныя паказчыкі працэсаў і станаў аб’ектаў (стрэлачныя і лічбавыя І. вымяральных прылад). Найб. пашыраны візуальныя І. — газаразрадныя індыкатары, сігнальныя лямпачкі, святлодыёды, стрэлачныя і лічбавыя прыстасаванні, электронна-прамянёвыя трубкі (ЭПТ), прыстасаванні адлюстравання на вадкіх крышталях і інш. Дасканалыя І. персанальных ЭВМ — дысплеі, маніторы, экраны; забяспечваюць большую нагляднасць, інфармацыйную насычанасць, разнастайнасць форм адлюстравання (чорна-белыя і каляровыя; графікі, сімвалы, відарысы аб’ектаў, сродкі мультымедыя і інш.); здольныя імітаваць «эфект прысутнасці» аператара ў пэўных абставінах (напр., пры рабоце камп’ютэрных трэнажораў па пілатаванні самалётаў). Мнеманічныя экраны (са святлівымі элементамі, якія адпавядаюць агрэгатам або вузлам прамысл. устаноўкі) пад кіраваннем камп’ютэра інфармуюць аператара пра стан аб’екта (гл.Мнеманічная схема). На аснове ЭПТ і дысплеяў пабудаваны індыкатарныя устройствы радыё- і гідралакацыйных станцый. Акустычныя І. — званкі, сірэны, равуны, трашчоткі і інш.; выкарыстоўваюцца пры немагчымасці або немэтазгоднасці ўжывання візуальных І., а таксама для разгрузкі зрокавага ўспрымання назіральніка ці павышэння надзейнасці ўспрымання візуальных сігналаў. Тактыльныя І. ўздзейнічаюць на органы дотыку, выкарыстоўваюцца звычайна разам з візуальнымі і акустычнымі, калі неабходна хуткая рэакцыя назіральніка або калі інш. І. немэтазгодныя (напр., вібрацыйныя прыстасаванні выкліку абанента ў пэйджэрах). Гл. таксама Ізатопныя індыкатары, Індыкатары хімічныя.
Літ.:
Пул Г. Основные методы и системы индикации: Пер. с англ.Л., 1969;
Чачко А.Г. Человек за пультом. М., 1974.
В.І.Вараб’ёў.
Да арт.Індыкатар: 1 — прылада сляпой пасадкі, якая стварае эфект прысутнасці; 2 — індыкатар пэйджэра; 3 — адлюстраванне рэхасігналаў ад касяка рыбы і іншых аб’ектаў на экране гідралакатара; 4 — вымяральны індыкатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫЯ АБ’Е́КТЫ,
месца пастаяннага намнажэння вады на Зямлі. Падзяляюцца на вадаёмы (акіяны, моры, азёры, вадасховішчы, сажалкі) і вадацёкі (рэкі, ручаі, каналы). Да водных аб’ектаў належаць таксама ледавікі і падземныя воды. Вывучае гідралогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭХНАСФЕ́РА (ад грэч. technē майстэрства + сфера),
сукупнасць штучных аб’ектаў у межах геаграфічнай абалонкі Зямлі (будынкі, збудаванні, механізмы і інш.), створаных чалавекам з рэчываў навакольнай нежывой прыроды. Гл. таксама Наасфера, Тэхнагенез, Тэхнагенны ландшафт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ І ПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ,
філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць стан і структуру прадмета ці з’явы, а таксама іх развіццё. Адлюстроўваюць супрацьлеглыя, але ўзаемазвязаныя ўласцівасці матэрыяльных аб’ектаў; утвараюць адзінае цэлае. Неперарыўнасць праяўляецца ў адноснай цэласнасці і стабільнасці розных сістэм, кожная з якіх складаецца з дыскрэтных (перарывістых) элементаў, у бясконцасці іх сувязей, паступовасці, павольным пераходзе з аднаго стану ў другі. Перарыўнасць азначае дыскрэтнасць пабудовы і стану аб’ектаў, іх існаванне ў часе і прасторы ў канкрэтных формах, відах і г.д.; яна падкрэслівае перарывы паступовасці, наяўнасць рэзкіх пераходаў з аднаго якаснага стану ў другі, скачкападобнасць змен. Адмаўленне неперарыўнасці прыводзіць да атаясамлівання змяненняў у прыродзе з бясконцай серыяй катастроф, а ў грамадскім развіцці — з рэвалюцыямі; ігнараванне перарыўнасці азначае, што прырода і грамадства знаходзяцца ў нейкім застойным стане, што не адпавядае рэчаіснасці. Дыялектычны падыход да разумення Н. і п. раскрывае сутнасць руху, яго супярэчлівасць; рух выступае ў якасці адзінства Н. і п., змяненняў стану і месцазнаходжання цела ў прасторы і часе. Супярэчнасці ў адносінах паміж Н. і п. разглядалі стараж.-грэч. філосафы Зянон Элейскі, Платон, Арыстоцель, якія ў форме апарый спрабавалі вырашыць пытанне аб супярэчлівасці руху. Навук. інтэрпрэтацыя Н. і п. адкрывае шлях да больш поўнага і адэкватнага адлюстравання спецыфічных уласцівасцей і адносін аб’ектаў навакольнага свету ў навук. гіпотэзах, канцэпцыях, тэорыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПАЗНАВА́ННЕ ВО́БРАЗАЎ,
раздзелы кібернетыкі і інфарматыкі. Вывучае і распрацоўвае спосабы, метады і сістэмы (у т. л. на аснове ЭВМ) ідэнтыфікацыі аб’ектаў (з’яў, працэсаў, жывых істот, сітуацый і інш.) або іх класіфікацыі. Працэс Р.в. заснаваны на супастаўленні прыкмет (уласцівасцей) аб’ектаў, што даследуюцца, з прыкметамі (уласцівасцямі) вядомых аб’ектаў (эталонаў, шаблонаў).
Пры рашэнні задач Р.в. выбіраецца правіла (вырашальная функцыя) на аснове істотных сукупнасцей прыкмет (літар, фігур, контураў і інш.), што складаюць вобраз аб’екта, вырашаецца клас, да якога дадзены аб’ект адносіцца. Напр., пры распазнаванні відарысаў прыкметамі могуць быць яркасці элементарных участкаў, на якія раскладзены відарыс. Работы ў галіне Р.в. складаюць аснову для распрацоўкі інфарм. тэхналогій у эканоміцы, прам-сці, ваен. справе, фізіцы, геахіміі, метэаралогіі, біялогіі і медыцыне, тэхніцы і інш.
На Беларусі работы па Р.в. вядуцца з 1960-х г. у Ін-тах тэхн. кібернетыкі, фізікі, матэматыкі, прыкладной фізікі, прыкладной оптыкі, навук.-тэхн. цэнтры «Экамір» Нац.АН, БДУ, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім мед. ін-це і інш.
Літ.:
Ту Дж.Т., Гонсалес Р. Принципы распознавания образов: Пер. с англ.М., 1978;
Васильев В.И. Распознающие системы: Справ. 2 изд. Киев, 1983;
Тимохин В.И. Применение ЭВМ для решения задач распознавания образов. Л., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАКАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ, дыстанцыйныя метады,
метады вывучэння наземных аб’ектаў і касм. целаў на значнай адлегласці (з ніжняй атмасферы ці космасу). Уключаюць здымку зямной паверхні і касм.аб’ектаў, фотаграмметрычную (гл.Фотаграмметрыя) апрацоўку здымкаў, агульнае і спец.дэшыфраванне аэрафотаздымкаў. Залежна ад тыпу носьбіта апаратуры адрозніваюць аэракасмічныя метады самалётныя, верталётныя, аэрастатныя, ракетныя, спадарожнікавыя, паводле тыпу прыёмніка выпрамянення — візуальныя, фатаграфічныя, радыеметрычныя і радыёлакацыйныя. У геолага-геафіз. даследаваннях выкарыстоўваюцца аэрафотаздымка, аэрафізічная разведка (здымка), касмічная здымка. Аэракасмічныя метады бываюць актыўныя (вывучаецца адбітае аб’ектамі выпрамяненне пасля іх штучнага апрамянення) і пасіўныя (выкарыстоўваецца ўласнае выпрамяненне целаў або адбітае сонечнае). Па спектральных характарыстыках розных дыяпазонаў эл.-магн. спектра распазнаюцца аб’екты, вызначаецца іх памер, шчыльнасць, хім. састаў, фіз. ўласцівасці і стан. Найб. поўныя і дакладныя звесткі дае адначасовае выкарыстанне некалькіх дыяпазонаў спектра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. classis разрад, клас + facio раблю, раскладваю),
сістэма супадпарадкаваных паняццяў (класаў аб’ектаў) якой-н. галіны ведаў або дзейнасці чалавека, якая выкарыстоўваецца як сродак для ўстанаўлення сувязей паміж гэтымі паняццямі і арыентацыі ў іх разнастайнасці; разбіванне мноства (класа) аб’ектаў на падмноствы (падкласы) па вызначаных адзнаках. Адрозніваюць К. натуральныя (у якасці асновы выкарыстоўваюць істотныя адзнакі, з якіх вынікае максімум вытворных, напр., перыядычная сістэма хім. элементаў) і штучныя, або дапаможныя (выкарыстоўваюць неістотныя адзнакі, напр., алфавітна-прадметныя паказальнікі, імянныя каталогі ў бібліятэках), універсальныя, спецыяльныя, вузкага кола аднародных з’яў і інш. К. — важны сродак захавання і пошуку інфармацыі, садзейнічае руху навукі ад эмпірычнага назапашвання ведаў да тэарэт. абагульненняў, дазваляе рабіць прагнозы адносна яшчэ невядомых фактаў і заканамернасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,
сістэма збудаванняў, прыстасаванняў, прылад для забеспячэння бяспечнага ваджэння суднаў, лятальных апаратаў, наземных трансп. сродкаў і інш. рухомых аб’ектаў у любых умовах; адзін з тэхн. сродкаў навігацыі.
Сродкі Н.а. (СНА) устанаўліваюць на зямной і воднай паверхні, на борце рухомых аб’ектаў. Паводле тэхн. аснашчанасці падзяляюцца на візуальныя і спецыяльныя. Візуальныя СНА — светлавыя маякі, буі, бакены, плывучыя вехі і інш. навігацыйныя знакі, што свецяцца і не свецяцца; спецыяльныя — акустычныя, або гукавыя, сродкі (гукасігнальныя і электраакустычныя ўстаноўкі, напр., сірэны, наўтафоны; гідраакустычныя маякі) і радыётэхнічныя (перадавальныя радыёстанцыі, радыёкомпасы, радыёпеленгатары, радыёмаякі вугламерных, дальнамерных і рознаснадальнамерных сістэм, якія бываюць імпульснымі, фазавымі, імпульсна-фазавымі і частотнымі). Да радыётэхн. сродкаў адносяцца таксама актыўныя адказчыкі і пасіўныя адбівальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД,
навуковы метад, з дапамогай якога шляхам параўнання выяўляецца агульнае і асаблівае ў гіст. з’явах, дасягаецца пазнанне розных гіст. ступеней развіцця адной і той жа з’явы ці дзвюх розных суіснуючых з’яў; разнавіднасць гіст. метаду. Дае магчымасць выявіць і параўнаць узроўні ў развіцці вывучаемага аб’екта, змены ў ім, адзначыць тэндэнцыі развіцця. Уключае розныя формы: супастаўленне (выяўляе прыроду разнародных аб’ектаў), гісторыка-тыпалагічнае параўнанне (тлумачыць падабенства розных па паходжанні аб’ектаў аднолькавымі ўмовамі генезісу і развіцця), гіст.-генет. параўнанне (падабенства з’яў тлумачыцца іх роўнасцю паводле паходжання), параўнанне (розныя з’явы фіксуюцца на аснове ўзаемаўплываў). Агульнапрызнаным стаў у 19 ст. Ужываецца ў мовазнаўстве (гл.Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства), літ.-знаўстве (гл.Параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства), юрыспрудэнцыі, сацыялогіі, этнаграфіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕННА-ПАВЕТРАНЫЯ СІЛЫ І ВОЙСКІ ПРОЦІПАВЕТРАНАЙ АБАРОНЫ
(ВПС і войскі ППА). Від Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Прызначаны для абароны цэнтраў, раёнаў, аб’ектаў (адм., прамысл., эканам.), груповак войск ад нападу з паветра, агнявой падтрымкі і забеспячэння баявых дзеянняў Сухап. войск, а таксама для паражэння аб’ектаў, ваенна-эканам. патэнцыялу і войск праціўніка. Створаны паводле Указа Прэзідэнта ад 8.11.2001 і ў адпаведнасці з дырэктывай міністра абароны ад 15.11.2001 аб рэарганізацыі камандавання ВПС і войск ППА і зліцці іх у адзінае камандаванне — ВПС і войск ППА. Аб’яднанне 2 відаў у адзін адпавядае характару сучаснага ваенна-паліт. становішча, узмацняе нац. бяспеку краіны. ВПС і войскі ППА складаюцца з авіяцыі, зенітных ракетных войск, радыётэхнічных войск, а таксама з вайск. часцей і падраздзяленняў забеспячэння і абслугоўвання. Арганізац. злучэнні і вайск. часці ўваходзяць у склад аператыўнага аб’яднання ВПС і войск ППА. Авіяцыя ВПС і войск ППА падзяляецца на роды: бамбардзіровачную, знішчальную, штурмавую, разведвальную, трансп., армейскую.
Бамбардзіровачная авіяцыя — асн. ўдарны сродак ВПС, прызначаны для паражэння груповак войск і авіяцыі праціўніка, разбурэння яго важных ваен., ваенна-прамысл., энергет.аб’ектаў, вузлоў камунікацый пераважна ў аператыўнай глыбіні. Яе гал. баявыя задачы: паражэнне ракетна-ядзерных сродкаў праціўніка, самалётаў (верталётаў) і інш.аб’ектаў на аэрадромах (пляцоўках), пунктаў кіравання, жывой сілы і баявой тэхнікі, паветр. дэсантаў і інш. Яна здольна таксама вырашаць задачы вядзення паветр. разведкі і мініравання з паветра. Радыёэлектроннае падаўленне сродкаў кіравання войскамі і зброяй, агнявое паражэнне сродкаў ППА праціўніка ажыццяўляецца ў час кожнага баявога вылету. Мае на ўзбраенні франтавыя бамбардзіроўшчыкі СУ-24М.
Знішчальная авіяцыя — адзін з асн. сродкаў барацьбы з паветр. праціўнікам. Прызначана для знішчэння самалётаў і верталётаў, крылатых ракет і беспілотных сродкаў праціўніка ў паветры, вядзення паветр. разведкі, прыкрыцця сваіх войск, аб’ектаў, паветр. дэсантаў, забеспячэння баявых дзеянняў інш. родаў авіяцыі і інш. На яе ўзбраенні самалёты-знішчальнікі Су-27 і МіГ-29.
Штурмавая авіяцыя — сродак авіяц. падтрымкі войск. Прызначана для паражэння войск і наземных аб’ектаў праціўніка (гал. чынам малапамерных і рухомых), пераважна на пярэднім краі, у тактычнай і бліжэйшай аператыўнай глыбіні. Яе асн. задачы: знішчэнне ракетна-ядзерных сродкаў і наземных элементаў разведвальна-ўдарных комплексаў, паражэнне жывой сілы і агнявых сродкаў, рэзерваў праціўніка, аб’ектаў сістэмы кіравання, тылу дывізій і карпусоў першага эшалона авіяцыі, на аэрадромах і пляцоўках базіравання, сродкаў ППА, паветр. дэсантаў і рэйдавых атрадаў і інш. Мае на ўзбраенні самалёты-штурмавікі Су-25.
Разведвальная авіяцыя прызначана для паветр. разведкі праціўніка, мясцовасці і надвор’я; у некат. выпадках самалёты-разведчыкі могуць адначасова з выкананнем асн. задачы знішчыць выяўленыя імі аб’екты праціўніка. Мае на ўзбраенні пілатуемыя самалёты-разведчыкі Су-24МР.
Транспартная авіяцыя прызначана для дэсантавання сіл спец. аперацый, перавозкі войск і матэрыяльных сродкаў па паветры, забеспячэння манеўра і баявых дзеянняў войск. Можа таксама вырашаць задачы па мініраванні з паветра, пастаноўцы дымавых заслон, паражэнні асобных наземных аб’ектаў і выконваць некат. інш.спец. задачы. Мае на ўзбраенні трансп. самалёты Іл-76, Ан-24, Ан-26, трансп.-баявыя і трансп.-дэсантныя верталёты Мі-8, Мі-26.
Армейская авіяцыя прызначана для авіяцыйнай падтрымкі войск шляхам паражэння наземных, гал. чынам малапамерных, браніраваных рухомых аб’ектаў праціўніка пераважна на пярэднім краі і ў тактычнай глыбіні, а таксама для вырашэння задач усебаковага забеспячэння агульнавайсковага бою. Можа таксама вырашаць задачы па дэсантаванні сіл спец. аперацый, забеспячэнні манеўра і дзеянняў войск на полі бою, эвакуацыі параненых, вядзенні паветр. разведкі праціўніка, радыяцыйнай, хім. і інж. разведцы мясцовасці, радыёэлектронным падаўленні сродкаў кіравання войскамі, карэкціроўцы агню артылерыі, мініраванні з паветра, пошуку і выратаванні экіпажаў самалётаў (верталётаў), якія церпяць бедства. Мае на ўзбраенні трансп.-баявыя і баявыя верталёты Мі-8, Мі-24.
У склад родаў авіяцыі таксама ўваходзяць асобныя падраздзяленні, экіпажы спец. авіяцыі, прызначаныя для вядзення радыёэлектроннай барацьбы, забеспячэння кіравання і сувязі, пошуку і выратавання лётных экіпажаў і пасажыраў і інш. На ўзбраенні мае адпаведна абсталяваныя спец. самалёты і верталёты.
Зенітныя ракетныя войскі (ЗРВ) — асн. агнявая сіла ў сістэме ППА. Прызначаны для абароны цэнтраў, раёнаў, важных аб’ектаў, груповак войск і інш. ад удараў авіяцыі і беспілотных сродкаў праціўніка з паветра. Могуць таксама весці барацьбу са сродкамі паветр. разведкі і радыёэлектроннай барацьбы. У выключных выпадках выкарыстоўваюцца для знішчэння наземных цэляў. У мірны час ЗРВ ВПС і войск ППА сумесна з інш. сіламі і сродкамі нясуць баявое дзяжурства па проціпаветр. абароне.
Радыётэхнічныя войскі ВПС і войскі ППА, род войск прызначаны для вядзення радыёэлектроннай разведкі паветр. праціўніка, радыёлакацыйнага забеспячэння вайск. часцей авіяцыі і ЗРВ, кантролю за выкананнем устаноўленага парадку выкарыстання паветр. прасторы Рэспублікі Беларусь. Аснашчаны тыпамі радыёлакацыйных станцый і комплексаў, якія дазваляюць у любы час года і сутак ва ўмовах радыёэлектроннага процідзеяння праціўніка выявіць сродкі нападу на вялікіх адлегласцях і ў шырокім дыяпазоне вышынь, дакладна вызначыць іх каардынаты, дзярж. прыналежнасць. У склад ВПС і войск ППА уваходзяць таксама часці і падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы, радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, тапагеадэзічнага забеспячэння і навігацыі, а таксама сувязі, радыётэхнічнага, інжынернага, метэаралагічнага, тэхнічнага і тылавога забеспячэння, якія прызначаны выконваць пэўныя функцыі і баявыя задачы ў сістэме свайго віду войск. Кіраўніцтва дзейнасцю ВПС і войск ППА ажыццяўляе камандуючы, які непасрэдна падпарадкоўваецца міністру абароны Рэспублікі Беларусь. Камандуючы ВПС і войскамі ППА Рэспублікі Беларусь А.С.Пафераў (з 2001).
А.М.Грамовіч, А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Стралок-зенітчык пераноснага зенітнага ракетнага комплексу «Іголка».