АЦЁК,
агульныя ці мясцовыя праявы парушэння воднага абмену арганізма, калі вада, бялкі і электраліты намнажаюцца па-за клеткамі ці ў серозных поласцях цела. Бывае пры затрымцы натрыю ў арганізме, парушэнні анкатычнага ціску, застоі крыві, запаленні, інтаксікацыі, алергіі і інш. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, дыета з абмежаваннем вадкасці і солі (ці без солі), мачагонныя сродкі.
т. 2, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАНО́ВІЧ (Віктар Іосіфавіч) (н. 28.10.1934, в. Карысць Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1987), праф. (1989). Скончыў Віцебскі вет. Ін-т (1959). З 1966 у Віцебскім пед. ін-це, з 1969 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па вывучэнні вугляводнага абмену ў эндакрыннай сістэме жывёл.
т. 5, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХАМА́НКА,
ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма вышэйшых жывёл і чалавека на ўздзеянне інфекцый, прадуктаў жыццядзейнасці бактэрый, траўмаў і інш. Выяўляецца павышэннем т-ры цела. У большасці выпадкаў Л. ўзмацняе імунітэт. Пры т-ры цела вышэй за 41 °C можа выклікаць парушэнне абмену рэчываў (павялічваецца распад бялку), сардэчна-сасудзістай, дыхальнай дзейнасці і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 9, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬПІ́ГІЕВЫЯ САСУ́ДЫ (ад імя М.Мальпігі),
выдзяляльныя і осмарэгулявальныя органы ў павукападобных, мнаганожак і насякомых; трубчастыя сляпыя вырасты кішэчніка на мяжы сярэдняй і задняй кішак. У М.с. прадукты абмену (напр., мачавая к-та) адсарбіруюцца з поласці цела, пераводзяцца ў стрававальны тракт, дзе абязводжваюцца, і разам з неператраўленымі рэшткамі ежы выводзяцца праз анальную адтуліну.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ АБМЕЖАВА́НАСЦЬ,
асноўны закон рэсурсазнаўства, згодна з якім планета Зямля — абмежаванае цэлае і ўсе яе рэсурсы і ўмовы канчатковыя. Антрапагеннае ўздзеянне на энергетыку планеты звыш дапушчальнай нормы выводзіць прыродную сістэму са стану раўнавагі, таму ідэя пра «невычарпальныя» прыродныя рэсурсы памылковая. Устанаўленне збалансаванага антрапагеннага абмену рэчываў — адна з гал. задач чалавецтва.
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,
бальнеалагічны курорт на Украіне. За 25 км на З ад г. Харкаў. Клімат умерана кантынентальны, з мяккай зімой, цёплым, сухім летам, вял. колькасцю сонечных дзён. Крамяністыя гідракарбанатныя кальцыева-натрыева-магніевыя воды (мінералізацыя 0,76 г/л), вядомыя з 1862, выкарыстоўваюць на пітное лячэнне хвароб страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, мачавых шляхоў, парушэнняў абмену рэчываў.
т. 3, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛАТАНФЮРЭД (Balatonfüred),
бальнеакліматычны курорт у Венгрыі. На ПдЗ ад Будапешта, у зоне воз. Балатан. Развіваецца з 18 ст. Лечаць сардэчна-сасудзістыя хваробы, парушэнні абмену рэчываў. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой, цёплым летам, вял. колькасцю сонечных дзён. Крыніцы мінер. водаў на пітное лячэнне, гразелячэнне. Санаторыі, дамы адпачынку, гасцініцы. Шмат арх. помнікаў, помнікі прыроды. Цэнтр воднага спорту і турызму.
т. 2, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЗУ́Ф,
прыморскі кліматычны курорт на Украіне. За 16 км ад г. Ялта, на паўд. беразе Крыма. Размешчаны ў даліне горнай ракі, ахаваны ад вятроў горным паўкальцом. Субтрапічны клімат міжземнаморскага тыпу з мяккай зімой, працяглай і цёплай восенню і інш. ўмовамі, спрыяльнымі для прафілактыкі і лячэння органаў дыхання, расстройстваў нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэння абмену рэчываў. Санаторыі, турысцкія базы.
т. 5, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАЛАТЫ́ ПУЛ»,
спецыяльная міжнар. арг-цыя, створаная ў 1961 ЗША і 7 заходнееўрап. краінамі для правядзення сумесных аперацый на Лонданскай залатой біржы з мэтай стабілізацыі рыначнай цаны золата на ўзроўні яго афіц. цаны. Выступала за міждзярж. рэгуляванне цаны на золата. З.п. распаўся ў 1968. Са спыненнем абмену долара ЗША на золата ў 1971 афіц. рынак золата практычна перастаў існаваць.
т. 6, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯТАНІ́Я (ад мія... + грэч. tonos напружанне),
сіндром прыроджанай гіпатаніі ці атаніі мышцаў чалавека ад парушэння абмену рэчываў і пашкоджанняў спіннога мозга. Прыкметы М.: парушэнне маторыкі (галава, рукі, ногі нованароджанага дзіцяці звісаюць уздоўж тулава, дыханне вялае, крык ціхі) без псіхічных расстройстваў. Для характэрных праяў М. выкарыстоўваюць тэрмін «вялае дзіця». Лячэнне: масаж, лячэбная фіз. культура, дазіраваная электрастымуляцыя мышцаў, рэфлексатэрапія.
т. 10, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)