ІО́ДА (Ірына Антонаўна) (н. 5.10.1932, Мінск),

бел. архітэктар. Д-р архітэктуры (1987), праф. (1989). Скончыла БПІ (1959). Працавала ў праектных ін-тах, з 1981 у Бел. дзярж. н.-д. і праектным ін-це горадабудаўніцтва Дзяржбуда Беларусі, адначасова (з 1967) выкладчык БПА. Навук. працы па тэарэт. і метадалагічных асновах горадабудаўніцтва. Адзін з аўтараў ген. плана Мінска (1963), «Генеральнай схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі БССР» (1987), праектаў планіроўкі і забудовы гарадоў Беларусі.

Тв.:

Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;

Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.).

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ПА,

рака ў Светлагорскім, Калінкавіцкім і Мазырскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 1010 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Сякерычы Светлагорскага р-на, цячэ па нізінах Гомельскага і Прыпяцкага Палесся. Асн. прыток — р. Віша (справа). Даліна трапецападобная, у нізоўі скрынкападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма нізкая, шыр. да 1,5 км. Рэчышча ад вытоку на працягу 95 км каналізаванае, шыр. 10—12 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с.

т. 7, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАЛО́ГІЯ (ад грэч. hippos конь + ...логія),

навука пра коней. Вывучае анатомію, фізіялогію, біялогію размнажэння, пародаўтварэнне і інш. Творы па І. з’явіліся за некалькі стагоддзяў да н.э.; уключалі практычныя звесткі пра экстэр’ер, выездку і выкарыстанне коней. У далейшым комплекс біял., заатэхн. і вет. ведаў пра коней пашырыўся. На Беларусі з 19 ст. існавалі дзярж. конныя заводы і заводскія стайні, пазней узніклі племянныя станцыі і конегадоўчыя фермы, на якіх у наш час вядзецца племянная работа, выпрабаванне коней, павелічэнне іх пагалоўя і інш. Вядучая навук. ўстанова — Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Гл. таксама Конегадоўля.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАЕ́ВІЧ (Леанід Аляксандравіч) (н. 29 3.1943, в. Ляды Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне апрацоўкі металаў ціскам. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПА (1967), дзе і працуе з 1970. Навук. працы па тэорыі і тэхналогіі пракаткі і прасавання парашковых і грануляваных матэрыялаў. Распрацаваў спосабы формаўтварэння высокадакладных стужак і перыяд. профіляў з металаў і сплаваў.

Літ.:

Непрерывное формование металлических порошков и гранул. Мн., 1980 (разам з А.​В.​Сцепаненкам);

Обработка давлением порошковых сред. Мн., 1993 (разам з А.​В.​Сцепаненкам, В.​Я.​Харланам).

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИСТО́РИЯ ФА́БРИК И ЗАВО́ДОВ»

(«ИФЗ»),

назва спецыялізаванай серыі кніг па гісторыі рас. і сав. прадпрыемстваў і выдавецтва ў Маскве, якое яе выпускала ў 1931—38. Засн. пісьменнікам М.​Горкім. У выданні серыі ўдзельнічалі Саюз пісьменнікаў СССР, Т-ва гісторыкаў-марксістаў, Ін-т гісторыі Камуніст. акадэміі і інш. На месцах дзейнічалі рэсп., абл. і заводскія камісіі «ИФЗ». Усяго за час існавання выд-ва выдадзена больш за 30 кніг серыі: зб-кі дакументаў, успаміны рабочых, нарысы і навук.-маст. манаграфіі. У 1938 выд-ва «ИФЗ» ліквідавана.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТЭ́РЫЙ (лац. Ytterbium),

Yb, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 70, ат. м. 173,04, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 168, 170—174, 176. У зямной кары 3,310 % па масе. Адкрыты ў 1878 швейц. хімікам Ж.​Марыньякам (гл. таксама Ітрый).

Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 824 °C, tкіп 1211 °C, шчыльн. 6958 кг/м³ У паветры устойлівы Узаемадзейнічае з мінер к-тамі, пры награванні — з кіслародам, галагенамі, вадародам, азотам, серай. Выкарыстоўваюць як газапаглынальнік у электравакуумных прыладах, кампанент крышталяфасфораў і люмінафораў.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ШЫЯС (ад грэч. ischion сядалішча, бядро),

хвароба, абумоўленая пашкоджаннем карэньчыкаў паяснічна-крыжавога аддзела пазваночніка чалавека. Прычыны: дыстрафічныя змены ў міжпазваночных дысках, што выклікаюць астэахандроз, экзагенныя (пераахаладжэнне, траўмы, інфекцыі) і эндагенныя (недастатковасць нерв.-мышачнага і касцёва-звязачнага апаратаў, абменныя і гемадынамічныя расстройствы пазваночніка) фактары. Праяўляецца болямі з лакалізацыяй у паясніцы, назе, пераважна па ходу сядалішчнага нерва, сімптомамі нацяжэння, парушэннем адчувальнасці паводле карэньчыкавага тыпу, мышачнай гіпатрафіяй з паніжэннем сілы і ахілавага рэфлексу. Найчасцей І. бывае аднабаковым: хварэюць людзі ва ўзросце 30—50 гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Радыкуліт.

А.​У.​Руцкі.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́БЕЛЬНАЯ МУ́ФТА,

прыстасаванне для мех. і эл. злучэння кабеляў, далучэння іх да эл. установак і апаратаў. Выкарыстоўваюцца ў кабельных лініях электраперадачы, прамысл. электраўстаноўках. Бываюць злучальныя, адгалінавальныя і канцавыя (далучальныя), разнастайныя па канструкцыі і з рознай арматурай (залежаць ад прызначэння, умоў эксплуатацыі, тыпу кабелю і інш.). Высакавольтныя К.м. на 110—750 кВ — складаныя эл.-тэхн. ўстройствы (даўж. да 6 м і больш).

Кабельныя муфты: 1 — адгалінавальная Т-падобная на 1 кВ; 2 — канцавая на 6—10 кВ; 3 — злучальная на 110—500 кВ з іскравым прамежкам.

т. 7, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НКА (Сяргей Пятровіч) (н. 4.6.1934, г. Валуйкі Белгародскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне генетыкі і мікрабіялогіі. Д-р біял. н. (1980), праф. (1988). Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). У 1972—95 у Ін-це мікрабіялогіі АН Беларусі (з 1979 заг. лабараторыі). Навук. працы па селекцыі мікраарганізмаў, якія вырабляюць ферментныя бялкі і мікробную біямасу, што выкарыстоўваецца з кармавымі мэтамі.

Тв.:

Экспериментальный мутагенез в селекции. М., 1972 (у сааўт.);

Химические факторы в селекции продуцентов микробных белков. Ми., 1980;

Биология — Продовольственной программе. Киев, 1987 (у сааўт.).

С.А.Каваленка.

т. 7, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Яраслаў Мікітавіч) (н. 27.5.1933, Мінск),

бел. вучоны ў галіне дарожна-буд. матэрыялаў і тэхналогій. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1957). З 1961 у БПА. Навук. працы па фіз.-хім. асновах буд. кампазіцыйных матэрыялаў і стварэнні эфектыўных тэхналогій для іх атрымання. Распрацаваў агульную метадалогію комплекснай актывацыі буд. матэрыялаў, тэхналогію трыбаактывацыі пяскоў, мадыфікатары для атрымання мінер. парашкоў з крэменязёмістай сыравіны.

Тв.:

Реофизика конгломератных материалов. Мн., 1978 (разам з З.​П.​Шульманам, Э.​А.​Зальцгендлерам);

Активационно-технологическая механика дорожного асфальтобетона. Мн., 1990.

т. 7, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)