асобны крышталь з адзінай неперарыўнай крышт. рашоткай. Характэрная асаблівасць М. — залежнасць большасці яго фіз. уласцівасцей ад напрамку (анізатрапія). Усе яго фіз. ўласцівасці (эл., магн., аптычныя, акустычныя, мех. і інш.) звязаны паміж сабой і абумоўлены крышт. структурай, сіламі сувязі паміж атамамі і энергет. спектрам электронаў (гл.Зонная тэорыя).
Многія М. маюць асаблівыя фіз. ўласцівасці: алмаз вельмі цвёрды, сапфір, кварц, флюарыт — надзвычай празрыстыя, ніткападобныя крышталі карунду рэкордна моцныя. Многія М. адчувальныя да знешніх уздзеянняў (святла, мех. напружанняў, магн. і эл. палёў, радыяцыі і інш.) і выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі ў квантавай электроніцы, радыёэлектроніцы, лазернай фізіцы, акустыцы і інш. Прыродныя М. трапляюцца рэдка, найчасцей маюць малыя памеры і вял. колькасць дэфектаў структуры (гл.Дэфекты ў крышталях) Таму ў электронным прыладабудаванні выкарыстоўваюць штучныя М. з дасканалай крышт. структурай, зададзенымі ўласцівасцямі і памерамі (гл.Сінтэтычныя крышталі). Створана вял. колькасць сінтэтычных М., якія не маюць прыродных аналагаў.
Літ.:
Лодиз Р.А., Паркер Р.Л. Рост монокристаллов: Пер. с англ.М., 1974;
Нашельский А.Я. Монокристаллы полупроводников. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБО́РНА-ДРУКАВА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына, на якой паслядоўна набіраюцца і друкуюцца літара за літарай (літарадрукавальная машына) або радок за радком (радковадрукавальная машына) тэкставыя арыгіналы і фотаформы. Даюць высокую якасць узнаўлення шрыфту, выкарыстоўваюцца ў аператыўнай паліграфіі (для хуткага і простага размнажэння тэкставага арыгінала) і ў звычайных відах друку.
У Н.-Д.М. выкарыстоўваюць шрыфтавыя знакі друкарскага тыпу з рэльефным вочкам. У залежнасці ад спосабу набору і друкавання адрозніваюць індывідуальныя шрыфтаносьбіты, на якіх ёсць вочка аднаго ці некалькіх знакаў, і групавыя шрыфтаносьбіты, дзе размешчаны ўсе знакі аднаго камплекта шрыфту. Знакі размяшчаюцца на шрыфтавых калодках (рычагах), па акружнасці дыска, цыліндра, сферычнай паверхні шрыфтаносьбіта і інш. У адрозненне ад пішучых машынак у шрыфце Н.-Д.М. ёсць літары рознай шырыні (па сваім абрысе ён набліжаецца да друкарскага). Друкарскія формы вырабляюцца на спец. формных матэрыялах (фользе, васкоўках, паперах, плёнках і інш.).
Схемы наборна-друкавальных машын: 1 — аднашрыфтавой рычажнага тыпу; 2—3 хутказменнымі шрыфтаносьбітамі сферычнага тыпу; 3 — з хутказменнымі групавымі шрыфтаносьбітамі сегментнага тыпу; 4 — з шрыфтаносьбітамі пялёсткавага тыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1987 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 263 м², каля 8,4 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У 9 залах паказаны гіст. шлях Навагрудка адстараж. часоў да вызвалення адням.-фаш. захопнікаў у 1944. Сярод экспанатаў археал. прылады працы з крэменю, бронзы, жалеза, керамічны посуд, упрыгожанні са шкла, бронзы 10—13 ст., прадметы імпарту з Кіеўскай зямлі, Скандынавіі, краін Зах. Еўропы і Б. Усходу. Экспазіцыя расказвае пра стварэнне ВКЛ, вял. князёў Міндоўга, Войшалка, Вітаўта. Дыярамы, малюнкі, фотакопіі дакументаў і інш. матэрыялы знаёмяць з жыццём горада ва ўмовах магдэбургскага права, войнаў 17—18 ст. Асобныя экспазіцыі прысвечаны дзеячам навукі і культуры Я.Булгаку, Я.Драздовічу, Ф.Еўлашоўскаму, А.Міцкевічу, Я.Чачоту і інш., дзейнасці Навагрудскай беларускай гімназіі, польскай гімназіі імя А.Міцкевіча, т-вабел. школы. Экспазіцыя, прысвечаная Вял.Айч. вайне, расказвае пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху, фарміраванняў Арміі Краёвай, яўр.партыз. атрада Бельскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАПО́ЛАЦК,
горад абл. падпарадкавання ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе Зах. Дзвіны. За 6 км на ПнЗадг. Полацк, за 12 кмадчыг. ст. Полацк на лініі Віцебск—Рыга. Таварная чыг. станцыя. 106,6 тыс.ж. (2000).
Узнік у 1958 у сувязі з буд-вам нафтахім. прамысл. комплексу. З 22.10.1959 р.п. Полацкі, з 14.12.1963 горад абл. падпарадкавання, атрымаў назву Н. Пры буд-ве горада і заводаў знесена 30 вёсак 40,1 тыс.ж. у 1970. У перспектыве плануецца зліццё Н. з Полацкам.
Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтай», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», Наваполацкі завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Наваполацкі завод «Вымяральнік», прадпрыемства па транспарціроўцы нафты «Дружба», з-ды жалезабетонных вырабаў, «Нафтазаводмантаж», хлебазавод. У горадзе Полацкі універсітэт, Наваполацкі палітэхнікум, 2 ПТВ (нафтахіміі і будаўнікоў), муз. вучылішча, Цэнтр нац. культуры і рамёстваў, Музей гісторыі і культуры горада Наваполацка. Помнікі: воінам-вызваліцелям, на месцы першай палаткі будаўнікоў горада, Курган прац. славы.
дзяржаўны дзеяч Рас. імперыі, ген.ад інфантэрыі (1859). З 1818 на вайск. службе. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1828—29. У 1833—34 у лейб.-гвардыі Літоўскім палку. З 1838 флігель-ад’ютант Мікалая I, у 1841 ген.-маёр світы. З ліст. 1842 нач. штаба пях. корпуса. З 1849 ген.-ад’ютант, папячыцель Маскоўскай навуч. акругі. З 10.12.1855 віленскі ваен. губернатар і кіраўнік грамадз. часткі, гродзенскі, ковенскі і мінскі ген.-губернатар. Па яго ініцыятыве памешчыкі Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. накіравалі прашэнне Аляксандру II аб вызваленні іх сялян ад прыгоннай залежнасці. 20.11.1857 імператар даслаў на імя Н. найвышэйшы рэскрыпт, у якім дазволіў стварыць у гэтых губернях дваранскія к-ты для падрыхтоўкі праекта адмены прыгоннага права (гл.Рэскрыпт Аляксандра II 1857). У 1861 Н. прызначаны членам Дзярж. савета з захаваннем ранейшых пасад, у 1862 — камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. У час паўстання 1863—64 за нерашучасць у дзеяннях супраць паўстанцаў 13.5.1863 заменены М.М.Мураўёвым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ННЕ (semen),
орган палавога размнажэння і рассялення раслін. Развіваецца з семязачатку (семязавязі) у завязі кветкавых раслін і знаходзіцца ў плодзе або адкрыта на мегаспарафіле ў голанасенных раслін. Часам развіваецца без апладнення (апаміксіс). Тыповае Н. мае: покрыва (скурка), утворанае 1—2 інтэгументамі, зародак, эндасперм і (або) перысперм.
Часам утвараецца некалькі зародкаў — поліэмбрыянія (напр., голанасенныя, складанакветныя). Сфарміраваны зародак мае зародкавы карэньчык, гіпакотыль, семядолі (семядолю), пупышачку. У некат. раслін канчатковае фарміраванне элементаў зародка адбываецца пасля стратыфікацыі насення або ў працэсе прарастання. Крыніца харчавання зародка — эндасперм, які ў адных відаў (напр., у бабовых) цалкам паглынаецца зародкам пры развіцці, у інш. (напр., у злакаў) — захоўваецца. Паверхня Н. часам мае розныя вырасты, што спрыяюць распаўсюджванню раслін. Покрывы захоўваюць змесціва Н. ў стане спачыну ад святла, высыхання і інш. Памеры і маса Н. ад 0,002 мг (некат. архідэі) да 20 кг (сейшэльская пальма). Паяўленне Н. ў эвалюцыі раслін спрыяла іх прыстасаванню да розных экалагічных умоў і пашырэнню ў раслінным покрыве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЯКОМАЕ́ДНЫЯ (Insectivora),
атрад млекакормячых. 7 сямействаў: кратовыя (гл.Краты), землярыйкавыя (гл.Землярыйкі), вожыкавыя (Erinaceidae), залатакратовыя (Chrysochloridae), скакунчыкавыя (Macroscelididae), тэнрэкавыя (Tenrecidae), шчыліназубыя (Solenodontidae), 52—63 роды, каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы. Пераважна начныя жывёлы, некат. вядуць падземны (залатакраты, краты) ці паўводны (куторы, хахуля, землярыйка выдравая) спосаб жыцця. Вядомы з мелавога перыяду мезазою (каля 130 млн. гадоў назад). На Беларусі 10 відаў з 4 сямействаў. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў.
Даўж. ад 3 см (белазубка карлікавая) да 44 см (гімнура); маса ад 1,2 г (белазубка карлікавая) да 1,6 кг (вожык звычайны). Вонкава нагадваюць грызуноў. Галава падоўжаная, нос выцягнуты накшталт хабатка. Цела ўкрыта кароткімі валасамі (краты, землярыйкі і інш.), шчаціннем (тэнрэкі), іголкамі (вожыкі). Найб. развітыя нюх і дотык. Маюць мускусныя залозы. Усёедныя, кормяцца пераважна насякомымі (адсюль назва). Нараджаюць 1—6 (некат. віды да 25) дзіцянят да 3 разоў за год. Краты і хахуля — аб’екты промыслу (футра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТАРЫЯ́Т сістэма органаў і службовых асоб, на якіх ускладзена засведчанне здзелак, афармленне спадчынных правоў і ажыццяўленне інш. дзеянняў, накіраваных на юрыд. замацаванне грамадз. правоў і папярэджанне іх магчымага парушэння. На Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам «Аб дзяржаўным натарыяце» ад 30.4.1974 Н. прызначаны ахоўваць законнасць і прадухіляць правапарушэнні ў галіне цывільна-прававых адносін. Натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць натарыусы, якія працуюць у дзярж. натарыяльных канторах або займаюцца прыватнай практыкай. У выпадку адсутнасці ў населеным пункце Н. натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць службовыя асобы органаў выканаўчай улады, упаўнаважаныя на выкананне такіх функцый. Натарыяльныя дзеянні ад імя Беларусі на тэр. іншых дзяржаў ажыццяўляюць консульскія ўстановы краіны за мяжой. Заканадаўства прадугледжвае права Н. і ўстаноў, якія яго замяняюць, і службовых асоб сведчыць натарыяльныя здзелкі, сапраўднасць подпісаў на дакументах і дакладнасць копій з іх, выдаваць пасведчанні аб праве на спадчыну, выконваць інш. дзеянні. За выкананне натарыяльных дзеянняў, як правіла, спаганяецца дзярж. пошліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁІ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919.
Падпісаны 27 ліст. ў Нёі-сюр-Сен (прыгарад Парыжа) паміж дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-ю сусв. вайну, і Балгарыяй; частка Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Набыў сілу 9.8.1920. Паводле дагавора Балгарыя страціла Зах. Фракію (8,5 тыс.км², перайшла ў распараджэнне Вялікабрытаніі, Італіі, Францыі, ЗША і Японіі, у 1920 перададзена Грэцыі) і выхад да Эгейскага м. (Балгарыі гарантаваўся свабодны эканам. выхад да гэтага мора), 4 зах. акругі з гарадамі Царыброд, Басілеград, Струміца (2566 км²; адышлі да Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з 1929 — Югаславія), пацверджана мяжа з Румыніяй, устаноўленая Бухарэсцкім мірным дагаворам ад 10.8.1913 (Паўд.Дабруджа засталася ў складзе Румыніі). Балгарыя абавязалася выплаціць дзяржавам-пераможцам рэпарацыі на суму 2,25 млрд. залатых франкаў (на працягу 37 гадоў), яе ўзбр. сілы колькасна абмяжоўваліся да 20 тыс.чал. У 1929 і 1930 перагледжаны артыкулы дагавора аб рэпарацыях, у 1938 — аб ваен. абмежаваннях.
Паводле балг.-рум. дагавора ад 7.9.1940 Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Н.м.д. страціў сілу пасля 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІ ЗЕ́МСКІ СУД, земскі суд,
калегіяльны выбарны адм.-паліцэйскі орган на тэр. павета ў Рас. імперыі ў 1775—1863. Створаны на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Расійскай імперыі» 1775. Павінен быў забяспечваць у павеце «добрапрыстойнасць, добрыя паводзіны і парадак», выкананне законаў, пастаноў губернатара і губ. устаноў, сачыць за гандлем і станам цэн, займацца вышукам збеглых сялян, сачыць за станам дарог і мастоў і інш. Праводзіў папярэдняе расследаванне па пэўнай катэгорыі крымін. спраў і выконваў рашэнні, вынесеныя суд. органамі. На Беларусі такія суды ўводзіліся ў 1775—96. Напачатку ў іх уваходзілі земскі спраўнік і 2—4 засядацелі ад дваранства, якіх выбіралі на дваранскіх выбарах на 3 гады і зацвярджаў губернатар. З 1832 земскіх спраўнікаў выбіралі на 6 гадоў. Прадугледжвалася і выбранне 2 засядацеляў ад сялян (фактычна іх выбіралі толькі ў Віцебскай і Магілёўскай губ.). Скасаваны ў 1863 на падставе «Часовых правіл аб арганізацыі паліцыі ў гарадах і паветах губерняў» (1862) і заменены павятовымі паліцэйскімі ўпраўленнямі.