БЕЛАЗЕ́РСКІ (Андрэй Мікалаевіч) (29.8.1905, г. Ташкент — 31.12.1972),

савецкі біяхімік, адзін з заснавальнікаў малекулярнай біялогіі ў СССР. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т у Ташкенце (1927). З 1930 у Маскоўскім ун-це, адначасова з 1946 у Ін-це біяхіміі. У 1971—72 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па хіміі і біяхіміі бялкоў. Адкрыў ДНК у вышэйшых раслін. Вызначыў універсальнасць распаўсюджання нуклеінавых к-т у жывой прыродзе. Прадказаў існаванне інфармацыйнай РНК (разам з А.​С.​Спірыным, 1957).

Тв.:

Нуклеиновые кислоты и их связь с эволюцией, филогенией и систематикой организмов. Ташкент, 1969;

Биохимия нуклеиновых кислот и нуклеопротеидов: Избр. тр. М., 1976.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ЛІТАРАТУ́РНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ЧЫРВО́НАЙ А́РМІІ І ФЛО́ТУ (БелЛАЧАФ). Існавала з 3.10.1930 да мая 1932. Створана ў складзе ўсесаюзнага Літ. аб’яднання Чырв. Арміі і Флоту. Чл.: А.​Александровіч, П.​Галавач, А.​Звонак, В.​Каваль, Я.​Колас, Я.​Купала, М.​Лынькоў, М.​Чарот, І.​Шапавалаў і інш. Мела секцыі пры вайск. часцях, стварала літ. гурткі, наладжвала літ. вечары. Ставіла задачу выяўляць літ. сілы з радоў арміі, распрацоўваць ваенна-абаронную тэматыку. Выдала альманах «БелЛАЧАФ» (1931). У адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932) пераўтворана ў камісію абароннай маст. л-ры пры аргкамітэце Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР, якая з вер. 1932 выдавала час. «Напагатове».

К.​Р.​Хромчанка.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАНЦЭ́РН НАРО́ДНЫХ МАСТА́ЦКІХ ПРО́МЫСЛАЎ.

Створаны ў 1993 у Мінску. У яго ўваходзяць 15 фабрык маст. вырабаў: Аршанская, Бабруйская, Баранавіцкая, Барысаўская, Бешанковіцкая, Брэсцкая, Гомельская, Жлобінская, Магілёўская, Мазырская, Пінская, Полацкая, Слонімская, Слуцкая, Хойніцкая, якія выпускаюць жаночае і дзіцячае верхняе адзенне з тканіны і трыкатажу, аздобленае вышываным бел. нац. арнаментам, сталовую і пасцельную бялізну, вырабы ручнога ўзорнага ткацтва, з лазы і саломкі, дрэва, дэкар. пано (размалёўка, разьба, інкрустацыя саломкай), сувеніры з ільновалакна.

Н.​В.​Пачынава.

Да арт. Беларускі канцэрн народных мастацкіх промыслаў. Беларускія лялькі. 1996.
Да арт. Беларускі канцэрн народных мастацкіх промыслаў. Кухонны набор. 1996. Брэсцкая фабрыка мастацкіх вырабаў.
Да арт. Беларускі канцэрн народных мастацкіх промыслаў. Плеценыя вырабы з лазы. 1995.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́КУН (Герман Мацвеевіч) (27.8.1922, в. Ясень Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 8.3.1978),

бел. спартыўны дзеяч, трэнер (фехтаванне на шпагах). Майстар спорту СССР (1949), засл. трэнер Беларусі (1961), засл. трэнер СССР (1965), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1949). З 1950 у Бел. і Мінскім абл. саветах фізкультурна-спарт. т-ва «Дынама», з 1957 у Бел. ін-це фіз. культуры, з 1962 трэнер па фехтаванні Цэнтр. савета саюза спарт. т-ваў і арг-цый БССР. У 1964—77 нам. старшыні К-та па фіз. культуры і спорце пры СМ БССР. Сярод выхаванцаў А.Ніканчыкаў, Д.Ніканчыкава, А.Паўлоўскі, Т.Самусенка, Ю.Смалякоў, А.Чарнушэвіч і інш. З 1995 праводзіцца міжнар. турнір па фехтаванні памяці Бокуна.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́КУЦЬ (Барыс Васілевіч) (27.10.1926, в. Сакольшчына Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 15.3.1993),

бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1974), д-р фіз.-матэм. н. (1973), праф. (1975). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1952). З 1955 у Ін-це фізікі АН Беларусі, У 1973—89 рэктар Гомельскага ун-та. Навук. працы па нелінейнай оптыцы і электрадынаміцы аптычнаактыўных крышталёў. Высветліў асн. аспекты нелінейнага пераўтварэння частаты ў крышталях і стварыў (разам з супрацоўнікамі) перастройвальныя крыніцы кагерэнтнага аптычнага выпрамянення. Дзярж. прэмія СССР 1984.

Тв.:

Достижения физической оптики в Белоруссии. Мн., 1979 (разам з В.​В.​Філіпавым);

Эффект Садовского в поглощающих гиротропных средах. Мн., 1980 (разам з Г.​С.​Міцюрычам, В.​В.​Шапялевічам).

Б.В.Бокуць.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛСУН (Аляксандр Іванавіч) (н. 4.11.1935, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Канд. фізіка-матэм. н. (1967). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1959). У 1962—67 у Ін-це фізікі АН Беларусі, у 1967—71 і з 1993 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя», адначасова з 1995 праф. Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Аўтар першага на бел. мове «Слоўніка фізічных і астранамічных тэрмінаў» (з Я.​Н.​Рапановічам, 1979), «Кароткага слоўніка фізічных тэрмінаў» (1979, 2-е выд. 1986), вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ.

Тв.:

Методы математической физики. Мн., 1988 (разам з В.​К.​Гронскім, А.​А.​Бейдам);

Руска-беларускі фізічны слоўнік Мн., 1993.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ШКАВІЧ, Боскавіч (Bošković) Руджар Іосіп (18.5.1711, г. Дуброўнік, Харватыя — 13.2.1787), харвацкі фізік, матэматык і астраном. Чл.-кар. Французскай АН (з 1759), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1760), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1761). Вучыўся ў Рымскай калегіі. З 1773 працаваў у Францыі. Зрабіў вымярэнне дугі мерыдыяна ў 2 градусы паміж Рымам і Рыміні (1755). Вывучаў форму Зямлі, тэорыю руху камет, даў матэм. тэорыю некаторых астр. інструментаў. У гал. працы «Тэорыя натуральнай філасофіі...» (1758) развіў тэорыю будовы рэчыва і выказаў гіпотэзу пра залежнасць сіл узаемадзеяння паміж часцінкамі ад адлегласці.

Літ.:

Кольман Э. Жизнь и научная деятельность Руджера Бошковича (1711—1787) // Вопросы истории, естествознания и техники. М., 1956. Вып. 2.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 15—17 ст., размяшчаўся на месцы дзядзінца стараж. Брагіна. Замкавая пляцоўка памерам 90×70 м, была ўмацавана валам выш. 5—6 м, шыр. ў аснове больш за 10 м. Паводле інвентара 1574, на вале былі сцены-гародні з усходамі на бланкаванне, абарончая вежа з боку р. Брагінка, 2-ярусная драўляная вежа-брама з вял. святліцай наверсе. Злева ад увахода ў лініі гародняў стаяла драўляная царква св. Тройцы. На падворку былі падклецці, спіжарні, склеп і «светлицы в стене». Да замкавай брамы вёў мост на палях, апошняе звяно якога падымалася з брамы на ланцугах. Замак разбураны ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 і ператвораны ў гасп. «двор» князёў Вішнявецкіх.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ВІКАЎ (Уладзімір Ігнатавіч) (12.5.1931, г. Ветка Гомельскай вобл. — 2.10.1992),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, журналіст, дыпламат. Скончыў БДУ (1955), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1969). Канд. філас. н. (1969). З 1965 на журналісцкай і парт. рабоце ў Віцебскай вобл. З 1969 рэдактар газ. «Віцебскі рабочы», сакратар Віцебскага абкома КПБ. У 1972—78 у апараце ЦК КПСС. З 1978 2-і сакратар ЦК КПБ, з 1983 Старшыня СМ БССР.

У 1986—90 надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у Польшчы. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1979—86, Вярх. Савета СССР у 1979—89. Чл. ЦК і Бюро ЦК КПБ у 1978—86, чл. ЦК КПСС у 1981—90.

У.І.Бровікаў.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІВЕ́РА (Viverra),

род млекакормячых атр. драпежных. 3 віды: цывета буйнаплямістая (Viverra megaspila) з 2 падвідамі, цывета азіяцкая (Viverra zibetha), тангалунга (Viverra tangalunga). Пашыраны ў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Наземныя могуць добра лазіць па дрэвах і плаваць.

Даўж. цела 60—83 см, хваста 30—48 см, маса да 11 кг. Тулава падоўжанае, з бакоў пляскатае. Валасяное покрыва высокае, але рэдкае і грубае, рыжавата-карычневае або шараватае з чорнымі плямамі; хвост з чорнымі і белымі кольцамі. Кормяцца дробнымі млекакормячымі, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, насякомымі, пладамі і каранямі раслін. Трымаюць у няволі, сакрэт анальных залоз (мускус) выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Падвід цывета малабарская (Viverra megaspila civettina) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Вівера.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)