частка хрысціянскага храма, аддзеленая перагародкай або іканастасам. У першабытных і стараж. народаў — узвышэнне, якое служыла месцам для прынясення ахвяр. У біблейскай гісторыі — сімвал прымірэння чалавека з Богам. Ант. грэкі і рымляне ставілі алтар па-за храмам, аздаблялі скульпт. выявамі (Пергамскі алтар). У першых хрысціянскіх храмах алтар меў выгляд стала («прастол»), на якім гатавалі і раздавалі прычасце; часам пад ім рабілі склепы для пахавання пакутнікаў. З 4 ст. такую ж назву атрымала частка храма, дзе знаходзіўся ахвярнік. У раманскай архітэктуры гал. алтар каталіцкага храма размяшчаўся каля ўсх. сцяны, меў простую аздобу, у гатычнай (алтар-шафка) — упрыгожваўся жывапісам. разьбой, пазалотай, паліхроміяй, у рэнесансавай — пераважна жывапісам. У эпоху барока ўзніклі ансамблі багата аформленых скульптурна-жывапісных алтароў у сінтэзе з архітэктурай храма. На Беларусі такія алтары захаваліся ў касцёлах у Гродне, Слоніме, Дзятлаве, у вёсках Камаі Пастаўскага, Будслаў Мядзельскага, Новая Мыш Баранавіцкага р-наў, у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага р-на і інш.
А.А.Ярашэвіч.
Бакавы алтар «Ганна і Марыя з дзіцем» у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобл. 17 ст.Галоўны алтар касцёла ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобл. 1-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́Ў,
аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.
Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам.аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл.Прасвятленне оптыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім р-нах. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст.Для яго характэрныя разнастайныя прыёмы вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыста-тканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівыя ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнасцю рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна ў дробныя гафрыраваныя складачкі). Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульнанацыянальных відаў і формаў не мелі.
М.Ф.Раманюк.
Буда-Кашалёўскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёскі Чабатовічы і Рудня-Альхоўка Буда-Кашалёўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАБО́ТЫ,
работы, якія выконваюцца на буд. пляцоўках (аб’ектах) пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў, іх рамонце і рэканструкцыі. Ажыццяўляюцца пры дапамозе будаўнічых машын, ручнога і механізаванага інструменту, дапаможных прыстасаванняў. Пры будаўнічых работах выкарыстоўваюцца будаўнічыя матэрыялы, паўфабрыкаты (бетон, будаўнічы раствор, асфальтабетон), дэталі і вырабы (элементы каркаса, аконныя і дзвярныя блокі і інш.), гатовыя будаўнічыя канструкцыі.
Будаўнічыя работы падзяляюць на агульнабудаўнічыя, спец., дапаможныя і падрыхтоўчыя. Агульнабудаўнічыя — аддзелачныя, арматурныя, бетонныя, дахавыя, жалезабетонныя, земляныя, каменныя, цяслярныя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама мантажныя (гл.Мантаж) і інш.; спецыяльныя — гідраізаляцыйныя, сан.-тэхн., цеплаізаляцыйныя работы (гл. адпаведныя арт.), электрамантажныя, пракладка інж сетак, работы па мантажы тэхнал. абсталявання і канструкцый; дапаможныя — устаноўка апалубкі, паніжэнне грунтавых вод, мацаванне сценак катлаванаў, пагрузка і разгрузка матэрыялаў і інш.; падрыхтоўчыя — падрыхтоўка буд. пляцоўкі, нарыхтоўка матэрыялаў, стварэнне сан.-быт. умоў для работы і інш. Часта будаўнічыя работы класіфікуюць па інш. адзнаках: адвальныя, вышукальныя, дарожна-буд., падводна-тэхн., палевыя і шпунтовыя, скрытыя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама зімовыя, падземныя і інш. Будаўнічыя работы выконваюцца спецыялізаванымі (для аднаго віду работ) і комплекснымі брыгадамі. Арганізуюцца паслядоўным, паралельным, паточным ці камбінаваным метадамі ў адпаведнасці з праектамі арганізацыі буд-ва і вытв-сці работ і патрабаваннямі да іх якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛЕ́СКА (франц. burlesque ад італьян. burlesco жартоўны),
1) у літаратуры жанр камічнай, парадыйнай паэзіі. Камічны эфект у бурлесках дасягаецца ў адным выпадку неадпаведнасцю, рэзкім кантрастам паміж узвышанай тэмай і яе падкрэслена будзённым вырашэннем (травесційная), у другім — неадпаведнасцю паміж «нізкай», трывіяльнай тэмай і ўзвышанай, «кніжнай» мовай (іроікамічная). Вядома бел. л-ры ў канцы 18 — пач. 19 ст.; была адной з вызначальных формаў на пач. яе станаўлення. Парадзіравала сюжэты з Бібліі («Уваскрэсенне Хрыстова», калядкі) або антычнай міфалогіі (паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»). Аб узвышана-гераічных падзеях расказвалася «нізкай» гутарковай мовай, шырока выкарыстоўваліся бытавыя рэаліі. Бел. бурлескныя творы былі своеасаблівай рэакцыяй на каноны класіцызму, пашыраныя ў тагачаснай рус. і польскай л-рах.
2) У музыцы, п’еса жартоўнага, часам грубавата-камічнага або капрызнага характару, звычайна хуткага тэмпу, свабоднай будовы. Блізкая да капрычыо і гумарэскі. Найб. пашырана ў 17—18 ст., пазней знікла з кампазітарскай практыкі, адрадзілася на мяжы 19—20 ст. Як самаст. п’еса або як частка цыклічнага твора сустракаецца ў музыцы для клавішных (І.С.Бах, Ф.Куперэн, Р.Шуман, Р.Штраус, Б.Бартак), радзей для струнных (Дз.Шастаковіч) інструментаў. З бел. кампазітараў бурлескі пісалі Я.Дзягцярык, Э.Тырманд, Л.Шлег і інш. Тэрмін «бурлеска» абазначае таксама разнавіднасць камічнай оперы, блізкай да вадэвіля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРШТЫ́Н (ням. Bernstein),
янтар, мінерал класа арган. злучэнняў, выкапнёвая акамянелая смала хвойных дрэў верхнемелавога—палеагенавага перыядаў. Аморфны вуглевадарод, каркасны палімер. Прыкладная хім. формула C10H16O4. Трапляецца ў выглядзе зерняў, жаўлакоў і пласцін памерам ад некалькіх мм да 50 см у папярочніку. Звонку мае шчыльную непразрыстую шэрую ці бурую скарынку прадуктаў акіслення. Колер жоўты і карычневы розных адценняў, аранжавы, малочна-белы, зеленаваты і інш. Празрысты або замутнены. Бляск шкляны або смалісты. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. каля г/см³. Дыэлектрык. Т-ра плаўлення 250—300 °C, лёгка згарае.
Частка бурштыну мае т.зв. інклюзы — уключэнні насякомых і раслінных рэшткаў (такія ўзоры высока цэняцца). Утвараецца ў працэсе фасілізацыі (акамянення) смалы ў выніку полікандэнсацыі смаляных кіслот і тэрпенаў і наступнага пераадкладання з пахаваннем у прыбярэжна-марскіх, лагунных і дэльтавых адкладах. Каштоўны ювелірна-вырабны камень. Для атрымання суцэльных масаў бурштынавая дробязь апрацоўваецца пад ціскам пры павышаных т-рах. Некандыцыйны бурштын — сыравіна для вытв-сці бурштынавых кіслот, масла, каніфолі, лакаў, фарбаў і інш.Асн. радовішчы па берагах Балтыйскага м. ў Расіі (Калінінградская вобл.), Германіі, Польшчы, а таксама ў Італіі, Бірме, Канадзе, ЗША, Мексіцы і інш.
У Беларусі вылучаюцца 3 перспектыўныя на бурштын раёны: Зах.-Беларускі, Мікашэвіцка-Жыткавіцкі і найб. перспектыўны Палескі (асабліва т.зв. Драгічынская плошча). Адклады на глыб. 15—80 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 смдля жанчын і 180 смдля мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.
На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб. поспеху дасягалі І.Потэс, А.Мінянок, Дз.Яскевіч, М.Амяльянчык, Ю.Грамыка, А.Паўлава, А.Надзін і інш.Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 мдля мужчын і 2,24 мдля жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Валянцін Віктаравіч) (19.4.1881, г. Ялец, Расія — 8.11.1964),
бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1957). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1907, вучыўся ў К.А.Савіцкага) і Пецярбургскую АМ (1915, вучыўся ў В.Я.Савінскага і П.П.Чысцякова). Выкладаў у Веліжскай маст. школе, Віцебскім маст. тэхнікуме (1919—29), Бел.тэатр.-маст. ін-це (1953—64). Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. У 1920—30-я г. стварыў пано «Індустрыялізацыя», «Калектывізацыя» для мытні на ст. Негарэлае, дэкар. фрыз «Кастрычнік на Беларусі» для павільёна БССР на Усесаюзнай с.-г. выстаўцы ў Маскве. Ілюстраваў і афармляў кнігі (1928—41). Яго карцінам, прысвечаным пераважна падзеям рэвалюцыі, грамадз. і Вял.Айч. войнаў, уласцівы рэалізм вобразаў і складанасць кампазіцыйнай пабудовы, у іх адчуваецца ўплыў традыцый акадэмічнай школы, стрыманая колеравая гама, дакладнасць дэталей. Сярод работ: «Кастусь Каліноўскі» (1923), «Плытагоны» (1927), «Студэнты» (1947), «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» (1954—55) і інш. У партрэтным жанры прадаўжаў традыцыі псіхал. партрэта рус.рэаліст. мастацтва 2-й пал. 19 ст. Імкнуўся да паглыбленага пранікнення ў характары людзей. Яго пейзажы і нацюрморты прасякнуты лірычным настроем. Як рысавальшчык валодаў тонкім густам у выкарыстанні фактурных магчымасцей алоўкавага штрыха. Аўтар малюнка герба БССР (1926 і 1938).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
асобныя хім. злучэнні ці сумесі, здольныя пры знешнім уздзеянні (награванне, удар, трэнне і інш.) да хуткай самараспаўсюджвальнай хім. рэакцыі з утварэннем газу і выдзяленнем вял. колькасці цеплыні. Да выбуховых рэчываў адносяцца пераважна нітразлучэнні (трынітраталуол, гексаген, актаген, тэтрыл, нітрагліцэрына, нітраты цэлюлозы і інш.) і солі неарган. кіслот (нітрат амонію, перхларат амонію, азід свінцу). Выкарыстоўваюць сумесі выбуховых рэчываў аднаго з адным ці з гаручымі рэчывамі (гл.Аманіты, Дынаміты, Дынамоны, Порахі). Выбуховыя рэчывы небяспечныя ў абыходжанні. Пры іх захоўванні, транспарціроўцы і выкарыстанні неабходны спец. меры засцярогі.
Хім. рэакцыя, якая ўзнікае ў абмежаваным аб’ёме выбуховых рэчываў, распаўсюджваецца па яго масе ў рэжыме дэтанацыі ці гарэння. Па выбуховых уласцівасцях (умовах пераходу гарэння ў дэтанацыю) і абумоўленых імі галінах выкарыстання выбуховыя рэчывы падзяляюць на ініцыіруючыя (першасныя), брызантныя (другасныя) і порахі (кідальныя). Ініцыіруючыя выбуховыя рэчывы лёгка загараюцца, гарэнне хутка пераходзіць у дэтанацыю пры атм. ціску. Выкарыстоўваюць для ўзбуджэння выбуховага пераўтварэння інш. выбуховых рэчываў. Брызантныя выбуховыя рэчывы больш інертныя, іх гарэнне можа перайсці ў дэтанацыю толькі пры наяўнасці трывалай абалонкі ці вял. колькасці рэчыва. Выкарыстоўваюцца дляпрамысл. выбуховых работ, як начынка боепрыпасаў і інш. Порахі пры гарэнні не дэтануюць нават пры высокім (сотні МПа) ціску. Выкарыстоўваюць у ствольнай зброі, як цвёрдае ракетнае паліва.