ГІ́ПІУС (Зінаіда Мікалаеўна) (20.11.1869, г. Бялёў, Расія — 9.9.1945),
руская пісьменніца. Ідэолаг дэкадэнцтва. Жонка Дз.С.Меражкоўскага. З 1920 у эміграцыі. Першыя вершы апубл. ў 1888. Выйшлі паэт.кн. «Збор вершаў» (кн. 1—2, 1904—10); «Апошнія вершы, 1914—1918» (1918). Межы яе паэтычнага свету вызначалі палярныя кантрасты паміж індывідуалістычным самасцвярджэннем, смелым прыняццем жыцця і адмаўленнем ад сябе, ад уласнай волі, стратаю сэнсу існавання. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Новыя людзі» (1896), «Чорнае на белым» (1908), «Месячныя мурашы» (1912), «Нябесныя словы» (1921), раманаў «Пераможцы» (1898), «Чортава лялька» (ч. 1-я трылогіі, 1911; ч. 3-я пад назвай «Раман-царэвіч», 1913), п’ес «Макавы цвет» (1908, з Меражкоўскім і Дз.Філосафавым) і «Зялёны пярсцёнак» (1916), мемуараў «Жывыя твары» (т. 1—2, 1925), «Дзмітрый Меражкоўскі» (1951, не скончаны). Як крытык (псеўданім Антон Крайні) абараняла сімвалізм («Літаратурны дзённік, 1899—1907», 1908). У творах, напісаных у эміграцыі, рэзкае непрыняцце Кастр.рэв. і сав. улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫЯ́ТАРЫ (лац. gladiatores ад gladius меч),
у старажытна-рым. дзяржаве рабы, ваеннапалонныя і інш., якія ў смяротных паядынках біліся паміж сабой або з дзікімі звярамі на арэне амфітэатра. Навучаліся ў спец. школах, якія існавалі ў Рыме, Пампеях, Капуі (у апошняй у 74 да н.э. пачалося паўстанне рабоў пад кіраўніцтвам Спартака) і інш. месцах. Першыя баі гладыятараў арганізаваны ў Рыме ў 264 да н.э. (пераняты адстараж. плямён этрускаў). Да 1 ст. да н.э. баі былі змененай формай рытуальнага забойства рабоў (з 3 ст. да н.э. суправаджалі пахаванні знатных асоб), потым сталі забавай натоўпу, ладзіліся прыватнымі асобамі або дзяржавай з мэтай набыць папулярнасць сярод гараджан. У 65 да н.э. Гай Юлій Цэзар арганізаваў бой 320 пар гладыятараў. Баі гладыятараў практыкаваліся да пач. 5 ст.н.э.
Літ.:
Хёфлинг Г. Римляне, рабы, гладиаторы: Спартак у ворот Рима: Пер. с нем. М., 1992.
Бой гладыятараў. Мазаічная выява на падлозе старажытнарымскай вілы. Каля 250 н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАСТЫЦЫ́ЗМ (адгрэч. gnōstikos пазнавальны),
агульная назва рэліг.-філас. вучэнняў, якія спалучаюць тэалогію ранняга хрысціянства, элементы стараж.-ўсх. рэлігій, ідэі філасофіі (неаплатанізм, неапіфагарэізм) і інш. Узнік у 1 ст. ва ўсх.ч. Рымскай імперыі, росквіт прыпадае на 2 ст.Найб. значныя прадстаўнікі — Васілід, Гераклеан, Карпакрат Александрыйскі, Валянцін. Вылучаюць хрысціянскі гнастыцызм (1—3 ст.), вядомы па творах раннехрысціянскіх ерасеографаў і па творах з г. Наг-Хамады; язычніцкі гнастыцызм той жа эпохі; мандэізм (2—3 ст., ад арамейскага манда-гносіс) — самаст. развіццё гнастацызму на семіцка-вавілонскай глебе (захаваўся да нашых дзён у Іраку). Чалавек паводле гнастыцызму — асн. цэнтр сусв. працэсу. Ён, хоць і з’яўляецца стварэннем цёмных сіл свету, па сваёй субстанцыі не належыць яму. Гэта яго боская субстанцыя часта прымае форму самаст. іпастасі «Першачалавека», або «Антропаса». Душа чалавека іншародная целу і па сваёй сутнасці належыць надкасм. сферы (Васілід). Разам з дуалізмам душы і цела ў гнастыцызме існуе і трыхатамічнае раздзяленне чалавека на «духоўнае», «душэўнае» і «цялеснае». З гнастыцызмам звязана ўзнікненне маніхейства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНОЙ,
1) у сельскай гаспадарцы арганічнае ўгнаенне з цвёрдых і вадкіх выдзяленняў жывёл з подсцілам або без яго. Мае азот, фосфар, калій, мікраэлементы, якія павышаюць біял. актыўнасць глебы. Выкарыстоўваюць гной цвёрды (на саламяным і тарфяным подсціле), паўвадкі і вадкі. Асабліва эфектыўны на дзярнова-падзолістых пясчаных і супясчаных глебах, дзе з’яўляецца крыніцай пажыўных рэчываў і меліяравальным сродкам, паляпшае аграхім. і фіз. ўласцівасці глеб на некалькі гадоў.
Хім. састаў і ўласцівасці гною залежаць ад віду жывёл, якасці кармоў і подсцілу, спосабаў яго прыгатавання і захоўвання. У сярэднім ад спажываных кармоў у гной пераходзяць каля 40% арган. рэчыва, 50—70% азоту, 80% фосфару, да 90% калію. Конскі і авечы гной мае больш пажыўных рэчываў, чым свіны і буйн. раг. жывёлы. Гной зберагаюць у гнаясховішчах. Выкарыстоўваюць ў чыстым выглядзе, як тарфагнойныя кампосты разам з мінер. ўгнаеннямі.
2) У медыцыне адзін з відаў запаленчага выпату (эксудату), непрыемная на пах густая вадкасць жоўтага або шэрага колеру, якая ўтвараецца ў тканках арганізма пры іх запаленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НАВІЧЫ,
вёска ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, на аўтадарозе Шаркаўшчына — Дзісна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на Уадг.п. і чыг. ст. Шаркаўшчына, 238 кмад Віцебска. 742 ж., 293 двары (1996).
Упершыню ўпамінаецца ў 1563 пад назвай Ерманавічы як сяло ВКЛ на мяжы з Полацкім ваяв. З 1565 у Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. Належала Сапегам, Гілзенам, Шырыным. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. У канцы 19 ст. ў Германавічах 300 ж., вінакурны з-д, млын, крама, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Шаркаўшчынскага р-на. У 1970 — 649 ж., 209 двароў.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей Я.Драздовіча Малітоўны дом хрысціян старога абраду. Помнікі архітэктуры — Германавіцкі Благавешчанскі касцёл, царква (пач. 20 ст.), сядзіба (канец 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕСТА́ПА (ням. Gestapo, скарочана ад Geheime Staatspolizei),
дзяржаўная тайная паліцыя ў фаш. Германіі ў 1933 — 45. Засн. пад кіраўніцтвам Г.Герынга ў Прусіі з мэтай задушэння апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Восенню 1934 створана агульнадзярж. гестапа (узаконена дэкрэтам ад 17.6.1936). У сваёй дзейнасці выкарыстоўвала прэвентыўныя арышты, жорсткія катаванні, правакацыі і інш. З вер. 1939 у складзе Гал. ўпраўлення імперскай бяспекі (РСХА). У 2-ю сусв. вайну органы гестапа найб. актыўна праследавалі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення ў акупіраваных ням.-фаш. войскамі краінах, у т. л. на тэр. Беларусі. Складалася з 5 аддзелаў (барацьба з паліт. праціўнікамі нацызму; нагляд за паліт. дзейнасцю каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў, рэліг. сект, яўрэяў, франкмасонаў і апазіц. плыней у маладзёжным асяроддзі; картатэка, друк і складанне дасье; справы акупіраваных тэрыторый; контрразведка і барацьба са шпіянажам). Шэфамі гестапа былі Г.Гімлер (1934—39) і Г.Мюлер (1939—45). Пасля падзення нацысцкай дыктатуры паводле закона №2 Саюзнага кантрольнага савета ў Германіі гестапа ліквідавана і абвешчана па-за законам. На Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНО́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,
спецыфічныя хваробы жанчын, звязаныя з анатама-фізіял. асаблівасцямі іх арганізма. Бываюць у розныя перыяды жыцця жанчыны; выклікаюць парушэнні функцый палавых органаў, іншы раз жыццядзейнасці ўсяго арганізма. Заганы развіцця палавых органаў уласцівы жаночаму арганізму да надыходу палавой спеласці, запаленні — у перыяд палавой спеласці (бываюць ад ганарэі, абортаў, пасляродавых ускладненняў, радзей ад сіфілісу, туберкулёзу, трыхаманозу і інш.). У гэты перыяд могуць развівацца дабраякасныя і злаякасныя пухліны (фібраміёмы маткі, кісты яечнікаў, рак шыйкі і цела маткі). Паразітычныя і грыбковыя Ж.х. выклікаюцца грыбкамі (напр., малочніца) і гельмінтамі. Ж.х. бываюць, калі парушана размяшчэнне палавых органаў — пры зрушэнні маткі і сценак похвы ці іх выпадзенні. Самастойная група Ж.х. — парушэнні менструальнага цыкла. Пасля клімактэрыю (гл.Клімакс) запаленні жаночых палавых органаў бываюць радзей, але могуць развіцца пухліны (рак маткі, яечнікаў і інш.). Прыкметы Ж.х.: болі, белі, крывацёкі, агульныя сімптомы (павышэнне т-ры цела), расстройствы інш. органаў і сістэм (сардэчна-сасудзістай, нерв. і інш.). Лячэнне: медыкаментознае, хірургічнае. Гл. таксама Бясплоднасць. І.У.Дуда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁВЫ ЦЫКЛ, цыкл развіцця,
сукупнасць усіх фаз індывід. развіцця арганізма, у выніку якога ён дасягае спеласці і становіцца здольным даваць патомства. Працягласць Ж.ц. вызначаецца колькасцю пакаленняў (генерацый), што развіваюцца на працягу года, або колькасцю гадоў, на працягу якіх ажыццяўляецца адзін Ж.ц.; залежыць таксама ад перыяду спакою або дыяпаўзы, якія ўласцівы дадзенаму арганізму. У жывёл адрозніваюць просты Ж.ц. (прамое развіццё) і складаны (развіццё з метамарфозам або з чаргаваннем пакаленняў). Напр., Ж.ц. капуснай бялянкі складаецца з фаз (стадый) развіцця: яйцо — вусень — кукалка — імага; у пячоначнага смактуна ад яйца да дарослага паразіта праходзіць 6 стадый развіцця.
Адзінкай пры вывучэнні Ж.ц. можа быць адзін ці шэраг антагенезаў, што змяняюць адзін аднаго. У вышэйшых раслін адрозніваюць аднагадовы, двухгадовы і шматгадовы Ж.ц. Для Ж.ц. многіх ніжэйшых раслін і папарацей характэрна змена гаметафіту і спарафіту. У паразітычных грыбоў Ж.ц. па складанасці падобны да паразітычных чарвей, якія развіваюцца са зменай гаспадароў. Сярод прасцейшых найб. складаны Ж.ц. у спаравікоў, напр., у гемаспарыдый. Пра Ж.ц. чалавека гл. ў арт.Антагенез.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ССЕ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Вілія, каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь; чыг. ст. на лініі Мінск—Гудагай, Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУадг. Смаргонь, 233 кмад Гродна. 1148 ж., 432 двары (1997).
Вядома з 16 ст. як фальварак Дзербы. У 1690 згадваецца ў ліку паселішчаў Смаргонскай парафіі Ашмянскага пав. У 18 — пач. 20 ст. ўласнасць роду Агінскіх. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1802—22 у З. жыў М.К.Агінскі, тут ім створаны шэраг муз. твораў, у т. л. паланэз «Развітанне з Радзімай». У 1880-я г. фальварак і вёска, 50 жыхароў. З 1921 у Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1971—806 ж., 258 двароў.
Мэблевы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры і гісторыі Залескі палацава-паркавы ансамбль (1802—22).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМА́,
пара года, кліматычны сезон паміж восенню і вясной. У астраноміі — перыяд ад дня зімовага сонцастаяння да веснавога раўнадзенства (з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўн. паўшар’і, з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўднёвым). Паводле календара зімовыя месяцы ў Паўн. паўшар’і снежань, студзень, люты, у Паўд. — чэрв., ліп., жнівень. На тэр. Беларусі пачаткам З. як клімат. сезона лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок паніжэння, за канец — праз 0 °C у бок павышэння. На ПнУ З. пачынаецца ў 2-й дэкадзе ліст., на ПдЗ у канцы ліст., заканчваецца адпаведна ў канцы сак., у 2-й дэкадзе сакавіка. Устойлівае снегавое покрыва ўстанаўліваецца на працягу снеж. і трымаецца ад 75 на ПдЗ да 125 дзён на ПнУ. На тэр. Беларусі З. вызначаецца адмоўным радыяцыйным балансам, узмоцненай атмасфернай цыркуляцыяй, пахмурным надвор’ем, туманамі, мяцеліцамі, частай зменай марозных і адлігавых перыядаў, спыненнем вегетацыі раслін, спячкай або анабіёзам у многіх відаў жывёл.