РУСО́ (Rousseau) Жан Жак (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),
французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог яксусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькіпаліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным у эстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.
На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.К.Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.Ясінскага і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;
Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;
Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.
Літ.:
Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;
Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЯ ЛІТАРАТУРА
Бел. літаратура сярэдзіны 18—19 ст. — якасна новы этап у гісторыі бел. прыгожага пісьменства. Яе першыя прыкметы адлюстраваны ўжо ў «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча», у інтымнай лірыцы і грамадзянскай паэзіі, гіст.-мемуарнай прозе эпохі барока. Творы новай літаратуры мелі свецкі характар, і ідэі Асветніцтва займалі ў ёй пануючае становішча. У час інтэнсіўнага фарміравання новай бел. літаратуры шматмоўнасць маст. творчасці выяўлялася праз устойлівае выкарыстанне польскай мовы, адыход ад стараслав., старабел., лац. моў і зварот да народна-гутарковых пластоў бел. мовы. На шляху вяртання ў нацыянальна-моўнае ўлонне тагачасная літаратура прайшла праз польскамоўнае (Ф.Багамолец, А.Нарушэвіч, Ю.У.Нямцэвіч), рускамоўнае (Г.Каніскі) і лацінамоўнае (М.Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф.Князьнін), асвоіла рамантызм (Т.Лада-Заблоцкі, А.Міцкевіч, А.Ходзька і інш.), заклала асновы рэалізму (А.Плуг, У.Сыракомля). Паралельна з гэтым узнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. 19 ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам, хоць адраджэнскія тэндэнцыі спрыялі рамант. светаўспрыманню і замацаванню пануючага становішча паэзіі. Калі ў даўняй літаратуры асн. месца належала прозе, то цяпер яно канчаткова перайшло да паэзіі і драматургіі. Распрацоўваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат», прыпісваецца В.Равінскаму) і парадыйнай («Тарас на Парнасе») паэмы, гутаркі, быліцы («Купала», «Халімон на каранацыі» В.Дуніна-Марцінкевіча), балады («Нячысцік» А.Рыпінскага), вершаванай драматург. сцэнкі («Яжовыя» Я.Чачота), лірычнага верша (П.Багрым, Ф.Багушэвіч, Я.Баршчэўскі, Я.Вуль, В.Каратынскі, Я.Лучына, У.Сыракомля і інш.); з празаічных жанраў — апавядання, заснаванага на быт. анекдоце (Ф.Багушэвіч, А.Плуг), мемуараў (А.Абуховіч). З’явіліся першыя спробы гіст. нарыса бел. літаратуры (прадмова Р.Падбярэскага да зб. Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»).
Складанасць і супярэчлівасць развіцця літаратуры Беларусі з 1740-х г. у значнай ступені абумоўлена імклівым чаргаваннем крызісных з’яў і паліт. падзей на тэр. Рэчы Паспалітай (шляхецкая анархія, дэцэнтралізацыя ўлады, каралеўскія рэформы, Барская і Таргавіцкая канфедэрацыі, падзелы Рэчы Паспалітай, Канстытуцыя 3 мая 1791, вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі і інш.). Развівалася асветніцка-філас. думка (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, М.Карповіч, К.Нарбут і інш.), распаўсюджваліся погляды Вальтэра і Ж.Ж.Русо, абнаўлялася адукац. сістэма, адбывалася судакрананне элітарнага і нар. мастацтваў, пашыралася кнігадрукаванне, выспяваў краёвы патрыятызм пры шматмоўным спосабе выяўлення думкі, шырокім бытаванні польскай мовы ў бел. грамадстве і захаванні бел. гаворак у асяроддзі сялян і шляхты. У культ. жыцці важнае месца займалі тэатр і музыка, а інтэрмедыі школьных тэатраў сталі важкім аргументам для захавання за бел. мовай статуса літаратурнай. Традыцыі школьнага тэатра, інтэрмедыі і нар. драматургіі набылі развіццё ў «Камедыі» выкладчыка Забельскага калегіума К.Марашэўскага (нап. 1787). У ёй выявілася пазітыўнае, гуманіст. стаўленне да мужыка, якое абуджала цікавасць да нар. жыцця і яго духоўнага напаўнення, выяўленага ў мове. Твор своеасабліва сінтэзаваў старыя традыцыі і новыя, асветніцкія тэндэнцыі: з аднаго боку, прасочваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (біблейскі матыў, павучальны фінал); з другога — праўдзіва адлюстроўваюцца супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы жыцця бел. сялянства. Мацей Радзівіл стварыў лібрэта оперы «Агатка, або Прыезд Пана» (1784), якое выявіла бел. ментальнасць і абазначыла традыцыі нац. драматургіі, развітыя пазней у творах В.Дуніна-Марцінкевіча. Батлейкавы тэатр у 18 ст. зазнаў прынцыповыя змены: яго рэпертуар стаў больш свецкім, набыў рысы дэмакратычнасці; рэліг. па змесце застаўся толькі пралог. Наладжваліся паказы драмы «Цар Ірад», нар. камедыі «Мацей і доктар-шарлатан» і інш. Лепшыя традыцыі батлейкавага тэатра працягваліся і ў 19 ст. («Цыган і цыганка», «Антон з казой і Антоніха»).
У рознастылёвай шматмоўнай літаратуры Беларусі сцвярджаўся класіцызм (Ф.Багамолец, К.Марашэўскі, М.Цяцерскі і інш.) і сентыменталізм (Ф.Князьнін), працягваліся традыцыі барока (Ю.Бака, К.Беніслаўская) і перадрамантычныя тэндэнцыі (А.Нарушэвіч); узнікалі вершаваныя ўзоры, арыентаваныя на жывую нар. гаворку (І.Храптовіч) і стылізаваныя пад творы стараж.бел. паэзіі (вітанні каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму), з’явіліся рускамоўныя творы прыезджых аўтараў (І.Сакольскі), распаўсюджвалася ананімная і агітацыйна-паўстанцкая літаратура і г.д.Бел. паэзія 2-й пал. 18 ст. адметная пашырэннем бурлескна-сатыр. твораў, якія дасціпна парадзіравалі біблейскія сюжэты («Того дня вельмі слаўного», «Уваскрэсенне Хрыстова і сашэсце яго ў пекла»).
Далучэнне Беларусі да Рас. імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. выклікала лёсавызначальнае ўскладненне грамадска-культ. жыцця і духоўных пошукаў беларусаў: у шляхецкім асяроддзі пачало нарастаць імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Нац.-вызваленчы рух, паўстанні 1830—31 і 1863—64 фарміравалі лакальна-гіст. і мясц. патрыятызм, а разам з гэтым падводзілі да беларускамоўнага адраджэння літаратуры, якое адбывалася ва ўмовах паланізацыі і русіфікацыі грамадства. Да 1820-х г.літ. жыццё Беларусі працягвала развівацца ў рэчышчы Асветніцтва. Аўтары па-ранейшаму прытрымліваліся яго гал. кірунку — класіцызму. У жанры травесціі (бурлеска) напісана парадыйна-сатыр. паэма «Энеіда навыварат» (каля 1820-х г.), што ўзнікла якдэмакр. рэакцыя на класіцызм. Твор напоўнены рэаліямі бел. жыцця часоў прыгонніцтва. Аўтар дэманструе дасканалае веданне бел. фальклору, вял. выяўленчыя магчымасці бел. мовы. У ананімнай паэме «Тарас на Парнасе» (сярэдзіна 19 ст.) упершыню ў бел. літаратуры апавяданне вядзецца ад імя простага селяніна. Твор адстойваў сапраўдную народнасць літаратуры, сцвярджаў неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Абедзве паэмы прасякнуты нар. гумарам, напісаны жывой гутарковай мовай; яны істотна паўплывалі на літ. працэс, узмацнілі яго дэмакр. плынь.
Паліт. падзеі адцягвалі грамадскую ўвагу ад літ. праблем, аднак касмапалітычная эстэтыка класіцызму супярэчыла тэндэнцыям пісьменніцкага самавыяўлення, спасціжэння нар. жыцця і маст. адлюстравання з’яў, не асвоеных літаратурай. Расла цікавасць да мясц. гісторыі і вуснай паэзіі, да славянскай даўніны. На старонках віленскіх часопісаў [«Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»), 1817, №34; 1818, т. 1, №5] пачалі друкавацца фалькларыстычныя працы М.Чарноўскай, К.Ляха-Шырмы і інш. Даследчыкі ставілі асветніцкія задачы ў справе назапашвання і вывучэння вусна-паэт. спадчыны. Праца З.Даленгі-Хадакоўскага «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818) змяніла асветніцкае стаўленне да фалькл. творчасці. Перагляд застылых эстэт. нормаў класіцызму, што не дапускалі ўзаемадзеяння літаратуры і вуснай паэзіі, асабліва ў «высокіх» жанрах, быў здзейснены ў краі філаматамі, членамі нелегальнага студэнцкага згуртавання, і найбольш таленавіта — у паэзіі А.Міцкевіча, першая кніга якога «Балады і рамансы» (1822) распачынала новы рамант. кірунак у польскамоўнай літаратуры былога ВКЛ і ва ўсёй польскай літаратуры. Бел.нар. паэзія ўвайшла ў творчасць А.Міцкевіча арганічна і натуральна. Рамант. асваенне беларускамоўнай вуснапаэт. творчасці адкрыла перад пісьменнікам магчымасці разнастайнага літаратурна-фалькл. ўзаемадзеяння, што найперш выявілася ў баладах «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка» (усе 1822). З’яўленне А.Міцкевіча ў друку з паэзіяй рамант. складу паўплывала на рост пісьменніцкай цікавасці да вусна-паэт. набытку беларусаў, выклікала да жыцця значную колькасць твораў, заснаваных на бел.фалькл. матэрыяле найперш у філамацкім асяроддзі (Т.Зан, А.Петрашкевіч, А.Ходзька, Я.Чачот), а пасля ў інш. паэтаў (А.Грот-Спасоўскі, Т.Лада-Заблоцкі і інш.). Гэта прадвызначыла збліжэнне «кніжнай» і нар. творчасці, а таксама характар узаемадзеяння літаратуры і фальклору ў наступныя дзесяцігоддзі. У 1840—50-я г. судакрананне польскамоўнай пісьмовай і беларускамоўнай вуснай сфер маст. свядомасці спрыяла з’яўленню самабытных твораў, істотна ўплывала на дэмакратызацыю літаратуры. Бел. літаратары пільней прыглядаліся да сялянства. Сустрэчны рух літаратуры і фальклору забяспечваўся і паскараўся фалькларыстыкай, развіццё якой на Беларусі перапляталася з творчасцю пісьменнікаў. Адной з цэнтр. постацей літ.-грамадскага руху быў Я.Чачот. Ён сабраў больш за 1000 бел.нар. песень і выдаў іх у перакладзе на польскую мову пад назвай «Сялянскія песні» (кн. 1—6, 1837—46), зарыентаваўшы выданне на чытача, выхаванага на кніжнай культуры. У вершаваных творах Я.Чачота, стылізаваных пад бел. фальклор, назіраецца імкненне зрабіць вусна-паэт. творчасць беларусаў здабыткам спачатку польскамоўнага, а затым і беларускамоўнага чытача. А.Рыпінскі выдаў у Парыжы кнігу фалькл.-этнагр. матэрыялаў «Беларусь» (1840) і прысвяціў яе «першаму з беларускіх мужыкоў, які спачатку навучыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць па-польску», імкнучыся падключыць самабытную творчасць землякоў да сферы жыўлення польскага рамантызму народнасцю. Упершыню ў гісторыі беларусістыкі даследчык сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы.
Калі раней актуальным было збліжэнне з вуснай нар. традыцыяй, то ў 2-й пал. 19 ст. важным стала размежаванне з ёю. Пачалі складвацца маст. індывідуальнасці. На стыку літ. і вуснапаэт. традыцый напісана беларускамоўная рамант. балада «Нячысцік» А.Рыпінскага (Лондан, 1853). Твор, стаўшы з’явай бел.-польскага літ.-фалькл. ўзаемадзеяння, даў пачатак бел. баладзе і завяршыў бытаванне жанру рамант. балады. Баладная традыцыя ў маст. асэнсаванні бел.фалькл. матэрыялу праявілася ў творчасці Я.Баршчэўскага (вершы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»). Яго зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—46), у якім шмат беларускамоўных уставак, адыграў важную ролю ў раскрыцці розных бакоў жыцця бел. народа, гістарычна абумоўленых асаблівасцей яго светаўспрымання і маральна-псіхал. складу. Твор раскрыў шырокаму колу чытачоў багатую скарбніцу нар. фантастыкі. Творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, пісьменніка беларускамоўнай арыентацыі, адметная заглыбленасцю ў этнакультурную стыхію бел. народа. У.Сыракомля ў варшаўскай перыёдыцы падтрымаў яго бел. творчасць: у рэцэнзіях на п’есы «Гапон», «Вечарніцы», «Купала» ў сувязі з адраджэннем нац. літаратуры ён звярнуўся да прыкладаў з гісторыі і падкрэсліў, што бел. мова не заўсёды была пазбаўлена тых правоў, у якіх ёй адмаўлялі ў сярэдзіне 19 ст., і што хавальнікі яе — толькі сялянства і дробная шляхта. Палемізуючы з варшаўскім грамадскім дзеячам Ф.Скібіцкім адносна выдання твораў В.Дуніна-Марцінкевіча «на простанароднай гаворцы», У.Сыракомля развейваў скептыцызм у дачыненні да бел. мовы. Сам У.Сыракомля далучыўся да бел. літаратуры вершамі «Добрыя весці», «Ужо птушкі пяюць усюды» і ментальна-бел. напоўненасцю сваіх польскамоўных твораў; ён падтрымліваў таксама беларускамоўную творчасць В.Каратынскага, які ў паэме «Таміла» (1858) у масіве польскай мовы па-мастацку асвоіў бел. матэрыял, што стварала прэцэдэнт сумяшчальнага суаднясення дзвюх традыцый і ментальнасцей. Праблема ўсебаковага літ. выкарыстання бел. мовы ў сярэдзіне 19 ст. паўстала з асаблівай вастрынёй, калі ў перыёдыцы з’явіліся палемічна-публіцыстычныя матэрыялы, у якіх завастралася ўвага на магчымасці стварэння на нац. мове паўнавартасных маст. твораў. Гэтую праблему ўзнімалі тыя пісьменнікі, у творчасці якіх даволі шырока замацавалася двухмоўнасць. У 1-й пал. 19 ст. пісьменнікі карысталіся пераважна польскай і бел. мовамі, часам рус. (П.Шпілеўскі, В.Равінскі і інш.). У 18 ст. эстэтыка класіцызму дапускала выкарыстанне побач з іншымі жывой бел. мовы, але толькі ў «нізкіх» жанрах (інтэрмедыя, камедыя, пародыя). Білінгвальныя творы, а таксама ананімныя вершы і песні, напісаныя па-беларуску, сведчылі аб адыходзе бел. пісьменства ад старабел. кніжнай мовы і яго звароце да народна-гутарковых пластоў. Полілінгвальная літаратура Беларусі пакінула рэдкія (пераважна рукапісныя) прыклады выкарыстання бел. мовы ў высокіх маст. жанрах (верш-віншаванне «Всем многі век в новой хаці...» І.Храптовіча, верш «Шчоб ліха не знало дом Радзівілаў...» Станіслава Аўгуста Панятоўскага на прыезд у Дубай пад Пінскам караля Рэчы Паспалітай).
Да сярэдзіны 19 ст. ў бел. літаратуры выявілася апрабаваная раней білінгвальнасць у межах аднаго твора. Беларуска-польскімі ў моўных адносінах з’яўляюцца «Камедыя» К.Марашэўскага (1787), інтэрмедыі да школьных драм. макаранічныя вершы, змешчаныя ў кнізе А.Рыпінскага «Беларусь» («Плач пакінутага каханай», «За пекнай паненкай аж душа сумуе»), лібрэта камедыйнай оперы В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1846) і вершаваная сатыр. мініяцюра І.Легатовіча «Скажы, вяльможны пане» (1838), якая несла ў сабе адраджэнскі патэнцыял беларускамоўнасці. Пачатак 1850-х г. адметны супярэчнасцямі паміж тэндэнцыяй да станаўлення новай нац. літаратуры яксамаст. і адсутнасцю бел. друкаванай трыбуны. Верш П.Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» быў змешчаны ў мемуарнай кнізе І.Яцкоўскага «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (Лондан, 1854; Познань, 1859), а ўрывак з камедыйнага лібрэта А.Вярыгі-Дарэўскага «Грэх чацвёрты — гнеў» — на старонках варшаўскага часопіса «Ruch Muzyczny» («Музычны рух», 1859). В.Дунін-Марцінкевіч змяшчаў вершаваныя аповесці на бел. мове толькі ва ўласных двухмоўных кнігах — «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (абедзве 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Ён паэтызаваў духоўную прыгажосць і высакароднасць сялян, гіст. мінулае свайго краю, адначасова імкнуўся да праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці, раскрыцця індывід. асаблівасцей характару чалавека ў адпаведнасці з сац. асяроддзем («Халімон на каранацыі»). Паводле ўзору кніг В.Дуніна-Марцінкевіча В.Каратынскі намерваўся скласці з вершаў на польскай і бел. мовах свой першы паэт. зборнік «Чым хата багата, тым рада» (выд. 1857), аднак У.Сыракомля, які адчуваў лёсавую патрэбу выхаду бел. друкаванага слова на самаст. шлях, схіліў яго адкласці бел. вершы дзеля выдання супольнай кнігі. Задума не здзейснілася па аб’ектыўных прычынах. Не дайшоў да чытачоў сярэдзіны 19 ст. і пераклад В.Дуніна-Марцінкевіча на бел. мову дзвюх песень паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Шырока распаўсюджваліся толькі нелегальна выдадзеныя вершаваныя гутаркі («Гутарка старога дзеда», 4 выпускі «Гутаркі двух суседаў»), узнікненне якіх было абумоўлена выспяваннем новых грамадскіх з’яў і агітацыйнымі мэтамі напярэдадні паўстання 1863—64. Найб. распаўсюджаным агітацыйным антыцарскім выданнем на Беларусі перад паўстаннем была газета «Мужыцкая праўда» (№1—7, 1862—63). Публіцыстыка К.Каліноўскага на старонках гэтай газеты і яго эмацыянальны паліт. запавет «Лісты з-пад шыбеніцы» разам з прадчуваннем аптымістычнай перспектывы прынеслі ў нац. літаратуру жанравае і стылёвае ўзбагачэнне. Дзейнасць К.Каліноўскага паўплывала на тое, каб творы на бел. мове адрасаваліся ўжо не толькі мужыку, як у В.Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяму народу (хоць і праз вобраз мужыка), як у Ф.Багушэвіча. Паўстанне 1863—64 стала мяжою, якая падзяліла літ. працэс на два перыяды: у першым беларускамоўныя творы цесна суіснавалі з іншамоўнымі (найперш з польскамоўнымі), у другім адбылася дыферэнцыяцыя ўласна бел. літаратуры і яе самаўсведамленне.
Пасля падаўлення паўстання ўлады практычна забаранілі бел. друкаванае слова, што істотна прыпыніла літ. працэс. Арыгінальныя бел.маст. творы друкаваліся пераважна за мяжой, акрамя зб. Я.Лучыны «Вязанка», які выйшаў у 1903 у Пецярбургу, паэмы «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902), паасобных твораў А.Ельскага, М.Косіч. Разам з гэтым развівалася грамадска-паліт. думка, якая сведчыла пра якасна новы ўзровень самаўсведамлення беларусаў: «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь» Д.Баравіка (1882), «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1884), два нумары гектаграфічнага часопіса «Гомон» (1884). У канцы 19 ст.маст. жыццё часта абмяжоўвалася вуснай ці рукапіснай формай. Ніводнага беларускамоўнага твора не апублікавалі пры жыцці А.Абуховіч, А.Гурыновіч, Ф.Тапчэўскі. У 1891 у Кракаве выйшаў зб. Ф.Багушэвіча «Дудка беларуская» (перавыд. 1896), які засведчыў, што адраджэнскія тэндэнцыі ператварыліся ў адраджэнскі патэнцыял бел. літаратуры, якая выйшла нарэшце на самаст. шлях. У 1892 Ф.Багушэвіч выпусціў там жа апавяд. «Тралялёначка». За мяжой быў выдадзены і другі яго вершаваны зб. «Смык беларускі» (1894).
У мясц.перыяд. друку (газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходні каляндар на 1893 год») пачынаючы з 1891 змяшчаў беларускамоўныя вершы Я.Лучына. А.Ельскі выдаў у Пецярбургу вершаваныя і празаічныя брашуры «Сынок! Расказ з праўдзівага здарэння: Усім бацькам і дзецям для перасцярогі» (1895), «Выбіраймася ў прочкі! Скарэй у Томск!» (1896), «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы: Добраму беларускаму народу на пакрапленне яго душы і розуму...» (1900). У польскай перыёдыцы вершаваныя творы друкавалі Ф.Багушэвіч, А.Ельскі, Я.Лучына, З.Манькоўская, В.Савіч-Заблоцкі. Арыентаваныя на дэмакр. чытача Ф.Багушэвіч і Я.Лучына не прымалі самадзяржаўную арганізацыю жыцця ў парэформенны час. У цэнтр увагі сваіх твораў яны ставілі селяніна, але рабілі гэта па-рознаму: Ф.Багушэвіч раскрываў сац. пытанні вёскі ў проціпастаўленнях і кантрастах, Я.Лучына закранаў іх ускосна ці апасродкавана, праз унутр. перажыванні героя. Гэта ўзбагачала літаратуру, у якой пераважала паэзія апавядальна-гутарковага характару. Аднак узнікалі вершы публіцыстычнага (А.Гурыновіч) і саркастычнага складу (Ф.Тапчэўскі). У творчасці Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны рэалізоўваліся рэалістычны і рамантычны пачаткі. На першы план выходзілі спробы аб’ектыўнага канкрэтна-рэаліст. паказу жыцця ў тыповых абставінах. Значную ўвагу паэты сталі аддаваць маст. перакладу (А.Гурыновіч, А.Ельскі, М.Косіч, Я.Лучына, З.Манькоўская), у якім назіралася ўсвядомленая пераемнасць традыцый (выданне перакладу 1-й кнігі «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, здзейсненага А.Ельскім, як рэакцыя на канфіскацыю перакладу В.Дуніна-Марцінкевіча). Развівалася беларусазнаўства (А.Ельскі), якое ўплывала на актывізацыю бел.літ. руху. У апошняй чвэрці 19 ст. паўстала патрэба ў напісанні гісторыі літаратуры Беларусі. Дзякуючы А.Рыпінскаму, які збіраў матэрыялы і распачаў працу над біяграфіямі пісьменнікаў, што «нарадзіліся на Белай Русі, або таксама пра яе пісалі на абедзвюх мовах нашай правінцыі, як польскай, так і русінскай», захаваліся яго копіі твораў «Адвячорак» Г.Марцінкевіча і «Два д’яблы» (прыпісваецца К.Вераніцыну). У 1889 у газ. «Минский листок» упершыню апублікавана паэма «Тарас на Парнасе», якая да гэтага шырока распаўсюджвалася ў спісах і стала фактам сведчання выхаду бел. сціпласялянскай літаратуры на новы ўзровень.
Устойлівасць міфал. светаўспрымання як прыкмета бел. архетыпа была гарантыяй вяртання маст. творчасці ўраджэнцаў Беларусі ў нац. беларускамоўнае ўлонне. Бел. літаратура 19 ст. — маст. феномен на гістарычна-культ. шляху і назапашаны патэнцыял для беларускамоўнага адраджэння ў пачатку 20 ст. Рэвалюцыянізацыя грамадства была прычынай звязвання нац. ідэі з абвостранай увагай да сац. праблем, перапляценнем у літаратуры сац. крыўды і нац. самаўсведамлення, руху літаратуры ад класавага салідарызму (у 1-й пал. 19 ст.) да класавага процістаяння якнац. дыферэнцыяцыі (у канцы 19 — пач. 20 ст.).
У.І.Мархель.
Тытульны ліст паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча. Парыж. 1834.Тытульны ліст кнігі В.Дуніна-Марцінкевіча «Гапон». Мінск. 1855.Фрагменты артыкула К.Каліноўскага на старонках газеты «Мужыцкая праўда». 1862. №1.Аўтограф верша «Мая дудка» Ф.Багушэвіча. 1890.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА 1920—40-х гадоў
Паэзія. 1920-я г. сталі часам імклівага росквіту бел. паэзіі, нараджэння шматлікіх літ. арганізацый і з’яўлення ў літаратуры маладых імён. Гэты перыяд характарызаваўся таксама ідэйна-маст. эксперыментамі, легендарнай «бурапеннасцю», пошукам ідэальнага «стылю эпохі», авангардным маст. мысленнем, якое імкнулася паяднаць у вобразным адзінстве ўсеабдымны рэв. экстаз і адметнасць нац. шляху Беларусі. У гэты час на Беларусі ўтварылася першае літ. аб’яднанне «Маладняк» (1923), а той авангардны кірунак, якога прытрымліваліся яго сябры, быў умоўна названы крытыкам А.Бабарэкам «маладнякізмам», чым падкрэслівалася яго абсалютная навізна і актуальнасць у кантэксце абнаўлення тагачаснага грамадскага жыцця. Маст. прынцыпы, якіх прытрымліваліся маладнякоўцы, былі блізкія да футурыстычных і лефаўскіх прынцыпаў. Сярод іх найважнейшымі былі не толькі адмаўленне папярэдняй літ.-маст. традыцыі, але і адмаўленне ўсяго папярэдняга ўкладу жыцця. Маст. эксперыменты былі скіраваны ў сферу будучыні і знаменаваліся пошукамі наватарскага слова для выражэння новага зместу. Дзеля гэтага віталася ўсялякая навізна аж да т.зв. ламання граматыкі і сінтаксісу, разбурэння класічнага радка верша, увядзення ў паэзію размоўнага, гутарковага стылю. Змена тэм і матываў прадугледжвала пераход ад апявання пяшчотных пачуццяў і тужлівых настрояў да паэтызацыі рыштаванняў новага будаўніцтва. Маладнякоўцы жылі з абсалютным адчуваннем расколу сусв. гісторыі на старую і новую эры, а пунктам адліку новай эры была пралетарская рэвалюцыя. Рэвалюцыя і яе шматлікія метафары (завіруха, буралом, дым-пажар і інш.) стала гал. сімвалам-канцэптам тагачаснай паэзіі і асн. ідэалагічным фактарам для пазітыўнай ацэнкі твораў крытыкай. Гэтая акалічнасць вызначала гал.афіц. кірунак тагачаснай паэзіі якрэв. канцэптуалізм, і менавіта ў яго рэчышчы пераважна развівалася паэзія прадстаўнікоў «Маладняка», БелАППа, «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», розных літ. філій і гурткоў. Найб. яркім прадстаўніком гэтай плыні быў М.Чарот. Для М.Чарота будучыня — гэта велічны паход у заўтра, які пачалі ягоныя «босыя на вогнішчы». Для Ц.Гартнага будучыня асацыіравалася з «панствам працы» і «ўсясветнай камунай». А.Дудар апяваў у сваіх вершах досыць адцягненую «будучыню з сінімі крыламі», а ў канцы 1920-х г. расчараваўся ў яе прыходзе ў вершы «Пасеклі наш край папалам» (1927), за што адным з першых сярод бел. паэтаў арыштаваны і асуджаны. Для паэтаў старэйшага пакалення (Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі) будучыня наогул уяўлялася змрочнай і варожай: перспектыва рэв. пераўтварэння грамадства разыходзілася з увасабленнем у рэчаіснасць бел.нац. ідэі, нягледзячы на заўважныя поспехі палітыкі беларусізацыі ў 1-й пал. 1920-х г. Я.Купала ў вершы «Перад будучыняй» (1922) перадаваў трагічнае светаадчуванне патрыёта-беларуса, які прадбачыць пагібель роднага краю «пад чужой апекай» і ўсведамляе, што яго народ усё яшчэ далёкі ад самавызначэння. Яго зб. вершаў «Спадчына» (1922) вызначаўся патрыятычнай дамінантай і трывожнымі настроямі-прадчуваннямі, а зб. «Безназоўнае» (1924) успрымаўся больш аптымістычна; яго настрой сведчыў, што Я.Купала станавіўся песняром рэв. Беларусі. У вершы «О так, я пралетар» з апошняга зборніка адчувалася схаваная сумная іронія Я.Купалы, які бачыў небяспеку ў імкненні «пралетара» — тагачаснага героя жыцця — лічыць для сябе Бацькаўшчынай цэлы свет. У паэме «Безназоўнае» Я.Купала імкнуўся асэнсаваць рысы перамен у грамадска-гіст. жыцці Беларусі; ён шукае для іх назву, аднак пакідае ў сферы «безназоўнага» або займенніка «яно». У нешматлікіх вершах канца 1920-х г. Я.Купала адлюстраваў працэс ліквідацыі традыцыйнага ўкладу жыцця бел. вёскі («Сыходзіш, вёска, з яснай явы», 1929) і тыя перамены, якія несла калектывізацыя («Звіслі хмары над калгасам», 1930).
Адчуванне трагічнага «залому» над будучыняй уласціва і тагачаснай паэзіі Я.Коласа. Вершы «Звон шыбаў», «Цені-страхі» і інш. з яго зборніка «Водгулле» (1922) перадаюць трывожны стан чалавека, якога турбуе адчуванне згубленай дарогі, незразумелы метафізічны страх, што прысутнічае паўсюдна. У пач. 1920-х г. Я.Колас закончыў і працу над сваёй паэмай-эпапеяй «Новая зямля», дзеянне якой разгортваецца яшчэ ў дарэв. Беларусі. Пошукі «новай зямлі» становяцца скразной метафарай, якая аб’ядноўвае ўвесь сюжэт і надае твору алегарычнае гучанне: будучы лёс беларусаў звязаны не толькі з зямельнай рэформай, што вырашыць сялянскі лёс, але, паводле біблейскай аналогіі, «новая зямля», як і «новае неба», адкрыецца народу толькі ў выніку ўласнага духоўнага перанараджэння. За гэта творчасць паэтаў старэйшага, нашаніўскага, пакалення крытыкавалася і аспрэчвалася маладнякоўцамі, якія звязвалі будучыню Беларусі з рэвалюцыяй і шукалі адпаведныя сродкі маст. вобразнасці. Футурыстычны наступ авангарду на мінулае М.Чарот увасобіў у вершы «Скокі на могілках», у якім новыя пераможцы жыцця сцвярджаюць беспаваротнасць сваёй перамогі. У гэтым вершы адчуваецца схаваная палеміка з купалаўскім ідэалам гіст. мінулага Беларусі як часам «залатога веку». Асабліва непрымальнай з пункту гледжання апалагетаў футурыстычнага адмаўлення класікі была купалаўская паэма «На Куццю» (1911), дзе князь маляваўся не як жорсткі прыгоннік, але як мудры ўладар, які справядліва кіруе народам і краінай. М.Чарот парадзіраваў ключавыя вобразы купалаўскай паэмы: разважлівага князя, кургана, старога замчышча. Мінулае ў яго ўяўленні можа быць толькі развенчана і адпрэчана, бо яно ўвасабляе сац. несправядлівасць і прыгнёт. З палемікі з Я.Купалам пачынаўся і авангардна-рэв. шлях у паэзію М.Грамыкі. У яго паэме «Гвалт над формай» (1922) эпатажна і кідка сцвярджаліся ваяўнічыя прынцыпы новага мастацтва, якія адпавядалі футурысцкай паэтыцы. Паэт адмаўляе купалаўска-коласаўскую традыцыю, ён прэтэндуе на першыя пазіцыі ў навейшай літаратуры. Пры гэтым М.Грамыка выказваў захапленне паэмай М.Чарота «Босыя на вогнішчы» (1921) як сучасным і актуальным творам, які з’яўляецца ўзорным на новым этапе літаратуры. Бел. паэты (Ц.Гартны, М.Грамыка, М.Чарот) праз вобразную сістэму сваіх маст. твораў фактычна сцвярджалі і замацоўвалі ў бел. паэзіі найважнейшыя пастулаты футурызму. Ідэя класавай барацьбы стала ключавой у сістэме тагачаснай дзярж. ідэалогіі, а літаратура была абвешчана яе неад’емнай «зброяй». Такую трансфармацыю перажыў футурызм, усё больш адпавядаючы канону утылітарнага мастацтва, або рэв. канцэптуалізму. На рас.літ. глебе ён атрымаў назву Левага фронту мастацтва, асн. прынцыпамі якога былі класавасць, рэв. агітацыя і прапаганда, што вельмі выразна адбілася і ў тагачаснай бел. паэзіі. Азначаныя маст. прынцыпы яшчэ ў большай ступені былі характэрныя для П.Шукайлы — кіраўніка суполкі лефаўскай арыентацыі «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» (1927). Ён імкнуўся быць ультраавангардным у практычным увасабленні рэв. канцэптуалізму. Найб. вядомы яго твор — паэма «Акорды дзён» (1930), у якой паэт з пункту гледжання рэв.-пралетарскай эстэтыкі паказаў прыклад, якім павінен быць сучасны яму стыль эпохі. І ў паэзіі, і ў крытыцы П.Шукайла быў паслядоўным апалагетам рэв. ідэалаў, што абумоўлівала адпаведную танальнасць яго твораў і сістэму маст. вобразаў з паэтызацыяй ідэалагічных штампаў і спецыфічнай авангардысцкай агрэсіўнасцю ў сцвярджэнні новых форм грамадскага ладу. Адпаведна свайму разуменню авангардысцкага стылю эпохі ён распрацоўваў і тэму кахання.
Авангардная паэтыка футурыстычна-лефаўскага кшталту віталася крытыкай і лічылася ўзорнай на тагачаснай ідэйна-эстэт. прасторы. Аднак яна не вычэрпвала сабой багацце і шматфарбнасць бел. паэзіі 1920-х г., дзе прысутнічаў не толькі «прагрэсіўны» рэв. канцэптуалізм, але і т.зв. «ўпадніцкія» тэндэнцыі, што, на думку крытыкаў, адводзілі новае мастацтва ад справы пабудовы вял. будучыні. Тагачасная крытыка абвінавачвала ў гэтым пераважна прадстаўнікоў літ. аб’яднання «Узвышша», якое вылучылася ўвосень 1926 з «Маладняка» і існавала да 1931. Прадстаўнікі «Узвышша» прапанавалі свой новы ідэйна-эстэт. тэрмін — «аквітызм», разумеючы яго як сінтэз рамант. і рэаліст. тэндэнцый, і звязвалі з ім узлёт (узвышэнне) маст. творчасці, бо, на іх думку, маладнякоўцы адышлі ад сапраўдных маст. пошукаў у бок агітацыйнай і прапагандысцкай літаратуры. Узвышэнскія паэты У.Дубоўка, У.Жылка, Т.Кляшторны, Я.Пушча і інш. вярнуліся да стварэння паэзіі пачуццяў і настрояў, сцвярджалі права лірычнага героя новага часу на смутак і каханне, на шчырае чалавечае сяброўства і самаахвярную любоў да Бацькаўшчыны. Яны актуалізавалі літ. традыцыі, вярнулі на п’едэстал адраджэнскіх куміраў Я.Купалу і Я.Коласа, узвысілі да ўзроўню класіка М.Багдановіча, сцвердзілі сваю арыентацыю на скарбы нац. фальклору, вярнулі ў літаратуру нац. ідэю і надалі ёй новае гучанне. Паэты-ўзвышэнцы ў тэме Бацькаўшчыны апявалі не яе шчаслівую рэв. перспектыву, а тыя «дзіды» і «церні», што наканаваны паэту пры служэнні ёй (вершы «О, Беларусь, мая шыпшына», «Часіна ды з сокам рабіны» У.Дубоўкі, «Лісты да сабакі», «Асеннія песні» Я.Пушчы). Яны «снілі сны аб Беларусі», як Я.Купала, шукалі і не знаходзілі «новую зямлю», як Я.Колас, праслаўлялі каханне, пачуцці, права на асабістае жыццё. Усе гэтыя матывы трактаваліся афіц. крытыкай як «блакітная мляўкасць» і недалужнае ўсхліпванне буржуазна-мяшчанскага кшталту, як перажыткі, упадніцтва і багема. Гал. багемшчыкамі называліся Я.Пушча — за імажынізм; У.Жылка — за манеры сярэдневяковага трубадура і за тое, што ў яго не наглядаецца набліжэння да пралетарскай літаратуры; Т.Кляшторны, празваны ледзяным гітарыстам, — за «эстэтнічанне» і меланхалічныя настроі; а таксама Ю.Лявонны, В.Маракоў, П.Трус за той жа адыход ад апявання рэв. ідэалаў. Нават А.Дудар (вядомы як непрымірымы крытык узвышэнцаў Т.Глыбоцкі) зарабіў сабе ярлык упадніка за тое, што ў некат. вершах зборніка «І залацісцей і сталёвей» (1926) паэтызаваў каханне як чароўную ілюзію, часовую прыгожую рэальнасць, куды можна ненадоўга схавацца ад жорсткасці і няўтульнасці жыцця. Прадстаўніком «новабуржуазных плыняў» у 2-й пал. 1920-х г. лічыўся і У.Жылка, які, наследуючы М.Багдановічу, у цыкле «Вершы спадзявання» з пазіцый абсалютызацыі хараства абагаўляў жанчыну і высокае каханне да яе. Гэты ўрачысты пафас узвялічвання жанчыны і пакланення яе хараству ў паэт. парадыгме 1920-х г. успрымаўся негатыўна, бо ўсё пяшчотнае і ўзвышанае каханне належала мінуламу, было адзнакай старога буржуазна-мяшчанскага свету.
Паэтам авангарднага мыслення з яркай глыбокай індывідуальнасцю быў узвышэнец Т.Кляшторны, якога таксама ў 1920-я г. абвінавачвалі ў ясеніншчыне, багемшчыне за паэтызацыю вузка-індывідуалістычных перажыванняў, апяванне безнадзейнага смутку, хмяльных п’яных* уцех і прыхільнасць да мяшчанскіх вобразаў. Маст. ідэалам крытыкамі лічыўся нязломны змагар за новую эпоху сцвярджэння пралетарскай дыктатуры («дыктатуры працы») і барацьбы з ворагамі народа. Ужо ў першым зб. вершаў «Кляновыя завеі» (1927) Т.Кляшторны выкрышталізаваў тыя ўлюбёныя матывы і вобразы, за якія яго крытыкавалі. Найб. жорстка крытыкаваліся надрукаваныя ў час. «Узвышша» ў 2-й пал. 1920-х г. паэмы «І пурпуровых ветразей узвівы» і «Штурмуйце будучыні аванпосты» У.Дубоўкі, «Сады вятроў» і «Цень Консула» Я.Пушчы і «Калі асядае муць» Т.Кляшторнага. Розныя героі гэтых паэм — гэта героі-апаненты, якія дыскутуюць паміж сабой. Фактычна гэта палемічны роздум паэтаў над грамадскай сітуацыяй канца 1920-х г., над праблемай выбару тагачаснай творчай інтэлігенцыяй свайго шляху ў паслярэв. рэчаіснасці. Выбар заключаў у сабе ключавую антыномію дзесяцігоддзя — старое і новае.
У авангарднай парадыгме 1920-х г. адметна праявіўся імажынізм. Калі футурызм у сваім лефаўскім варыянце збліжаўся з ідэйнымі асновамі пралетарскага мастацтва, то імажынізм успрымаўся тагачаснай афіц. крытыкай як буржуазнае адхіленне ад канонаў пралет. літаратуры. У бел. паэзіі найб. яскрава тэндэнцыі імажынізму праявіліся ў творчасці Я.Пушчы, які фактычна рэалізаваў яго творчыя прынцыпы на бел.паэт. глебе і тым самым паказаў, што бел. слову падуладнае самае вытанчанае эксперыментатарства. Ужо ў першым яго зборніку «Раніца рыкае» (1925) схільнасць да асацыятыўнай, часам манернай вобразатворчасці, да вынаходніцтва новых нечаканых метафар, інверсійнай ускладненасці радка. Гэтую свядомую ўстаноўку на знарочыстую вобразнасць паэт падкрэсліваў і ў вершах пазнейшага зборніка «Vita» (1926), дзе ён рабіў спец. акцэнт на імажынісцкай дамінанце — на вобразах, якія «бягуць гуртамі». Я.Пушча, а ўслед за ім М.Багун, А.Вольны, С.Дарожны, Ю.Лявонны смела эксперыментавалі са словам, ставілі сабе задачу здабыць з іх глыбінь новыя нюансы і новыя сэнсавыя адценні. Для Я.Пушчы школа імажынізму была творчым пошукам свайго індывід. стылю, які быў бы сугучны новаму «стылю эпохі». Сам паэт разам з сябрамі-ўзвышэнцамі імкнуўся вынайсці спец. тэрмін для абазначэння такога стылю. Ён з’явіўся спачатку як вітаізм (ад слова vita — жыццё) і меўся ўвасабляць «сінтэз, стройную сугучнасць рамантызму жыцця з яго рэалізмам»; але пазней у тэарэтычных пастулатах «Узвышша» ён замацаваўся як аквітызм (ад лац. aqua vit — жывая вада). Выпрацоўка тэрміналогіі новага стылю была фактычна бел. укладам у авангардную фазу еўрап. мадэрнізму і сведчыла пра спеласць літ. працэсу на Беларусі, нягледзячы на наяўнасць у ім шматлікіх ідэалагічных супярэчнасцей. Новы тэрмін, прэтэндуючы быць авангардным, не выключаў, аднак, сувязі з айч.літ. традыцыяй, якая злучала семантыку «жывой вады» з канцэпцыяй «чыстай красы» В.Ластоўскага і М.Багдановіча, а таксама абапіралася на ідэалогію нац. адраджэння. Праз паэтыку аквітызму ўзвышаўцы здолелі сказаць шмат глыбокай маст. праўды пра сябе і свой час.
У панараме літ. жыцця 1920-х г. адметную старонку складала гумарыстычная і сатыр. паэзія К.Крапівы і А.Дзеркача, прадстаўленая пераважна алегарычным жанрам байкі. У іх выкрываліся перашкоды на шляху рэв. перабудовы жыцця, высмейваліся тыя састарэлыя стэрэатыпы, якія тармазілі надыход перамен і выяўлялі заганы «забабоннай» свядомасці. Знакам часу было і з’яўленне шматлікіх жаночых паэт. імён: З.Бандарына, Н.Вішнеўская, Н.Маркава, Я.Пфляўмбаўм, І.Чырвань і інш. Дзякуючы іх паэзіі свет паэт. вобразаў узбагачаўся вобразамі лірычных гераінь, якія шукалі свой шлях у новым часе, прадчуваючы яго трывожнасць і сваю ахвярнасць, актыўна сцвярджалі сябе як носьбітаў новага светаўспрыняцця і ў той жа час не парывалі з традыцыямі. Бел.паэт. авангардызм 1920-х г. ва ўсіх сваіх формах ад рэв. канцэптуалізму да імажынізму арганічна ўпісваўся ў еўрап.літ. працэс. Пры ўсёй адметнасці шляху, якая найперш звязвалася з адраджэнскім пафасам літаратуры, у эстэт. плане Беларусь крочыла «ў нагу» з Еўропай, ствараючы сваю адэкватную («аквітычную») маст. парадыгму, якая з’яўлялася далікатным і самавітым укладам у літ. рух. Творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага, А.Александровіча, М.Грамыкі, У.Дубоўкі, А.Дудара, У.Жылкі, Т.Кляшторнага, В.Маракова, Я.Пушчы, М.Чарота, П.Шукайлы і інш. забяспечвала арыгінальную прысутнасць бел. паэзіі ў панараме еўрап. мадэрнізму і авангарду.
1930-я г. ў гісторыі бел. літаратуры — перыяд складаны і трагічна цяжкі, як і ў грамадскім жыцці бел. народа. Многія пісьменнікі былі рэпрэсіраваны і расстраляны. Загінулі: А.Астрэйка, А.Вольны, П.Галавач, А.Дудар, М.Зарэцкі, В.Каваль, Т.Кляшторны, Ю.Лявонны, В.Маракоў, Я.Нёманскі, Ю.Таўбін, М.Чарот і інш. Рапрэсіраваны, але выжылі С.Грахоўскі, У.Дубоўка, П.Пруднікаў, Я.Пушча і інш.Літ. працэс 1930-х г. у сваіх многіх плынях праходзіў пад знакам У.Маякоўскага (А.Александровіч, П.Броўка, П.Глебка, А.Дудар, М.Лужанін і інш.). Асабліва выразна вылучалася арыентацыя на знешнія прыкметы паэтыкі, версіфікацыі (А.Александровіч, А.Дудар і інш.). Творча-ўнутр. арыентацыя давалася цяжэй: паэма «Праз горы і стэп» П.Броўкі (1932), асобныя часткі паэмы «Мужнасць» П.Глебкі (1934—38). Улюбёнай формай сталі заклікі і лозунгі з ужываннем дзеясловаў загаднага ладу. На пэўны час паэзія, калі і не перапынялася, то апынулася ў досыць крызісным стане. Наглядная ілюстрацыя эпігонства і схематызму — паэма «Крокі ў вяках» М.Багуна (1930). У многіх творах утварылася ілюзія значнасці на мяжы парадыйнасці. Трывогі, роздум над складанасцямі пераўтварэнняў падмяніліся дзяжурнай бадзёрасцю, гіпертрафічнасцю натуральных чалавечых пачуццяў. У некат. творах гучала пропаведзь неразборлівай жорсткасці, бязлітаснасці: паэма «Вайна за мір» А.Дудара (1931). Паэмы «Цені на сонцы» (1928—29), «Паэма імя Вызвалення» і «Паэма пра ворага» (абедзве 1930) А.Александровіча вызначаліся ваяўнічай спробай рэалізацыі ў маст. формах тых ідэй, якія аўтар жорстка прапаведаваў у выступленнях і адміністрацыйным кіраванні. Агульнаўплывовай у 1930-я г. была тэорыя факта. У многіх творах уся ўвага аддавалася апісанню падзейнасці, перадачы «паэтычных» фактаў гіст. змагання: паэмы «1914» П.Броўкі (1933), «Мужнасць» П.Глебкі, «Каршун» А.Звонака (1929).
Творчай удачай многіх частак паэмы «Праз горы і стэп» П.Броўкі сталася не толькі тое, што аўтар адмовіўся ад нагрувашчвання падзей і сітуацый, а спыніў свой выбар на адным эпізадычным факце гісторыі. У полі яго зроку быў унутр. стан чалавека пад навалай нечалавечых выпрабаванняў. Эпізоды аб’ектыўнага дзеяння апынуліся пад моцнай уладай суб’ектыўнага ўспрыняцця праз асобу паэта. Прыкметнай з’явай свайго часу была паэма «Над ракою Арэсай» Я.Купалы (1933), якая лічылася лепшым дасягненнем увогуле ўсёй ліра-эпікі сав. перыяду. Але эстэт. вымярэнне жыццёвых з’яў і абраны апісальна-нарысны прынцып у паэме былі ўсё ж недастатковымі для ўзнікнення значнай эпічнай рэчы. У большай ступені знайшлі сваё непасрэднае ўвасабленне жывыя ўражанні ў нізцы вершаў Я.Купалы, напісанай у Ляўках летам 1935 («Госці», «Алеся», «Вечарынка», «Хлопчык і лётчык», «Лён»). Яны пранізаны лірызмам новага светаадчування чалавека, прасветленай і ўсцешанай яго далучанасцю да здзяйсненняў і перамен у жыцці вёскі. Рамант. вера, якая захапіла паэзію 1920-х г., патроху прыцьмявалася, часам суправаджалася роздумам і смуткам, нават ледзь улоўнай іроніяй, як гэта ўгадваецца ў вершах Я.Купалы. Не падуладныя афіцыёзным устанаўленням і нарматыўнай маралі былі У.Хадыка (зб. «На ўзбярэжжы дзён», 1930) і З.Астапенка (рукапіс яго кн. «Як шум дажджу», быў зняты з выдавецкага плана, 1933). У розных жанравых і стылявых пошуках, у звароце да падзей мінулага (паэмы «Крыўда», 1932; «Гарбун», 1934) і сучаснасці (паэма «Аманал», 1932), у імкненні да арганічнай узаемасувязі лірычнай суб’ектыўнасці асацыятыўных вобразаў з аб’ектыўным паказам рэчаіснасці сталела паэзія А.Куляшова.
1930-я г. вызначаюцца і прытокам у паэзію новых сіл. Сярод паэтаў, якія заявілі пра сябе ў 1930-я г. (некаторыя з іх пачалі друкавацца ў 1920-я г.), — Э.Агняцвет, А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, А.Бялевіч, В.Вітка, А.Вялюгін, Л.Гаўрылаў, С.Грахоўскі, А.Жаўрук, А.Зарыцкі, М.Калачынскі, К.Кірэенка, А.Коршак, С.Ліхадзіеўскі, Р.Няхай, П.Панчанка, А.Русецкі, М.Сурначоў, А.Ушакоў, С.Шушкевіч.
Літаб’яднанне «Маладняк». 1928.Арганізатары літаб’яднання «Узвышша». Стаяць: А.Бабарэка, Я.Пушча. Сядзяць: К.Чорны, У.Дубоўка, К.Крапіва Мінск. 1926—27.Аўтограф верша «Я ў мастацкім агародзе...» К.Крапівы.
Проза. Пачатак 1920-х г. характарызаваўся перавагай апавядання над інш. празаічнымі жанрамі. Яно адрознівалася стыліст. і ідэйна-змястоўнай разнастайнасцю, супярэчлівасцю. Дарэв. мінулае і сучаснасць, грамадз. вайна і рэв. ломка жыцця, яго навізна і новы чалавек — тэмы, якія знаходзіліся ў цэнтры ўвагі празаікаў. Асобнымі зборнікамі выйшлі апавяданні: «Казкі жыцця» (1921) і «Крок за крокам» (1925) Я.Коласа; «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), «Дэлегатка» (1928) З.Бядулі; «Веснаход» (1924) М.Чарота; «Трэскі на хвалях» (1924), «Выбраныя апавяданні» (1926) Ц.Гартнага; «Апавяданні» (1925) А.Бабарэкі; «Пела вясна» і «У віры жыцця» (абодва 1925), «Пад сонцам» (1926), «На чыгунцы» (1928) М.Зарэцкага; «На зломе» (1925) Я.Нёманскага; «Срэбра жыцця» і «Апавяданні» (абодва 1925), «Па дарозе», «Пачуцці» і «Хвоі гавораць» (усе 1926), «Вераснёвыя ночы» (1929) К.Чорнага; «Досвіткі» (1926) М.Гарэцкага; «Апавяданні» (1926) К.Крапівы; «Золак» і «Радасць» (абодва 1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы прамень» (1929) М.Нікановіча; «Дробязі жыцця» (1927) П.Галавача; «Апавяданні» (1927) М.Лынькова; «Затока ў бурах» (1929) Я.Скрыгана і інш.
Асэнсаванне мінулага становіцца вельмі важным у прозе Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага. Я.Колас у сваёй «малой прозе» (апавяд. «Сяргей Карага», «Дачакаўся», «Крывавы вір» і інш.) выступіў падкрэсленым традыцыяналістам. Вострыя маральна-этычныя праблемы новага часу вырашаліся ім з пазіцый «старога гуманізму», які не звяртаў асаблівай увагі на сац. паходжанне і класавую прыналежнасць чалавека. Псіхалагізм, трапнасць дэталі, мяккі гумар, спакойнае разгортванне сюжэта, любоў і разам з тым вышыня маральных патрабаванняў да чалавека — якасці, характэрныя для апавяданняў Я.Коласа. «Вышэйшая праўдзівасць таленту» аказалася ў многіх творах 1920-х г. пераможанай ідэяй класавай барацьбы. Калі Я.Колас з трывогай глядзеў на «крывавы вір» нянавісці і жорсткасці рэв. рэчаіснасці, то З.Бядуля лічыў рэвалюцыю найвялікшай справядлівасцю. У яго творах «Бондар», «Дванаццацігоднікі», «Сорам», «Панскі дух», «На зачарованых гонях», якія закранаюць розныя аспекты жыцця «старога свету», падзеі мінулага асэнсоўваліся з пазіцый сучаснага пісьменніку дня. З.Бядуля выкрываў уладу паноў, выказваў ідэі неабходнасці барацьбы з імі, апраўдваў злапамятнасць прыгнечаных і іх помсту прыгнятальнікам. Яго найб. цікавілі каларыт падзей і людзі як маса, індывідуальнасць чалавека засталася па-за яго ўвагай. Большасць апавяданняў З.Бядулі напісана ў рэаліст. манеры, але часам ён звяртаўся і да рамант. узнёсласці, імпрэсіяністычнасці і сімволікі. Ц.Гартны ў сваіх апавяданнях гераізаваў «новых людзей», ствараў вобразы перадавога рабочага, чырвонаармейца і камуніста, эстэтызуючы ў іх рэдкую самаахвярнасць, адданасць рэвалюцыі. Ён адзін з першых у бел. прозе загаварыў пра канфлікт грамадскага і асабістага ў вобразе сав. актывіста, аддаючы перавагу грамадскаму, што пазней стане нормай у літаратуры сацыяліст. рэалізму. Яго творы яскрава сведчылі пра змены ў этыцы і эстэтыцы новага грамадства. Апавяданні М.Зарэцкага, рамантыка, майстра вострага і займальнага канфлікту, драматычна напружанага і авантурнага сюжэта напаўняюць фарбы і рытмы, каларыт і атмасферу новага часу. М.Зарэцкі-маладняковец разглядае «новага чалавека» пераважна з грамадскага боку (лірычны абразок «Камсамолка» і інш.). «Маладнякоўскае» апавяданне, даніну якому аддалі амаль усе маладыя пісьменнікі, што прыйшлі ў бел. літаратуру ў пач. 1920-х г. (А.Бабарэка, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Б.Мікуліч, Р.Мурашка, Я.Нёманскі, М.Нікановіч, Я.Скрыган, К.Чорны), з яго курсам на адмежаванне і адмаўленне ад традыцый класічнай літаратуры несла з сабой значныя змены ў стылістыцы. Яно ігнаравала такія неад’емныя празаічныя катэгорыі, як характар і сюжэт, скептычна ставілася да падрабязнасцей і дэталі. Маладнякоўская вобразнасць характарызавалася вельмі эмац. малюнкам, аздобленым квяцістымі тропамі, узнёсла-лірычнай рытмікай фразы. Яна была заклікана перадаць пачуццё нястрыманай радасці з нагоды перабудовы і абнаўлення жыцця. М.Зарэцкі ўзяўся даследаваць чалавечую душу, разумеючы ўсю складанасць і адказнасць гэтай задачы. Ад бессюжэтных паэт. абразкоў і лірычных імпрэсій ён перайшоў да сюжэтных апавяданняў, у якіх яго цікавілі канкрэтныя людзі, канкрэтныя лёсы. Праз большасць яго твораў праходзіць тэма кахання, сям’і, яе мэтазгоднасці, духоўнай прыгажосці жанчыны (апавяд. «Мар’я», «Ворагі», «Бель», «Дзіўная», «Кветка пажоўклая», «Ой, ляцелі гусі...» і інш.).
Глыбокі роздум пра жыццё, выразныя элементы псіхал. аналізу ў апавяданнях К.Чорнага 1920-х г. Яго лірычная проза вельмі хутка змянілася эпічнай апавядальнай формай развіцця тэмы, выражэння думак і пачуццяў. Пісьменнік-псіхааналітык К.Чорны разам з К.Крапівой, М.Чаротам, Я.Коласам і інш. паспяхова развівалі і гумарыстычна-сатыр. лінію ў бел. апавяданні таго часу («Вясковая ветэрынарыя», «Маё дзела цялячае», «Мяшчане ў густой пары» К.Чорнага, «Людзі-суседзі», «Каровін мужык», «Мой сусед», «Вайна», «Певень», «Хвост» К.Крапівы, «Трыумф», «Трагізм», «Драматург і лірычны паэт» Я.Коласа, «Дзіўная заява», «Чалавек, які не нарадзіўся» М.Чарота і інш.). У сатырычна-гумарыст. апавяданнях «Трыумф», «Драматург і лірычны паэт» Я.Колас спыняе ўвагу на праблемах літ. жыцця ў краіне ў першыя паслярэв. гады. Абсурднае, карыкатурнае ў жыцці 1920-х г. добра ўмеў заўважыць М.Чарот. У апавяд. «Чалавек, які не нарадзіўся» ён па-свойму малюе тыя ж «папяровыя жахі», што і У.Маякоўскі ў аднайм. вершы. У жанрах фельетона, гумарэскі, жарту, анекдатычнага апавядання выступалі розныя па характары таленту пісьменнікі.
2-я пал. 1920-х г. характарызуецца большай увагай да прыроджанага, псіхал., унікальнага ў чалавеку; сац., класавае адыходзіць на другі план. З’явіліся першыя апавяданні Л.Калюгі, які зарэкамендаваў сябе як пісьменнік эпічнага таленту. У цэнтры яго апавяд. «Краўцы і чаляднікі», «Лук’ян — капераціўскі сабака», «Трахім з пагулянкі», «Баркаўцы — добрая вёска і баркаўчане — вясёлыя людзі» — характары моцныя, нестандартныя, сфарміраваныя ў нар. глыбінях. Ц.Гартны, які ў найб. ступені аддаваў даніну класаваму гуманізму, вызваліўся з-пад яго ўлады і перайшоў ад паказу падзей да паказу ўнутр. жыцця чалавека (апавяд. «На новым месцы» і «Таварыш інспектар»). Свет чалавечых страсцей і думак, тое, што ўнутры, а не вакол яго, усё больш цікавіць К.Чорнага (апавяд. «Вераснёвыя ночы», «Ліст Якуба Малькевіча», «Справа Віктара Лукашэвіча», «Нянавісць», «Спатканне з васпаватым чалавекам»). У гэты час бел. проза папоўнілася імёнамі С.Баранавых, В.Каваля, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Мрыя, Р.Мурашкі, Я.Нёманскага, Х.Шынклера. Арганічны сінтэз рамант. і рэаліст. элементаў уласцівы творам М.Лынькова. Яго апавяд. «Над Бугам», «Кларнет», «Маньчжур», «Андрэй Лятун» сведчаць пра ўменне пісьменніка знайсці яркае, гераічнае ў жыцці, рамантыку ў прозе і разам з тым цвяроза заўважаць рэальна існуючыя праблемы.
Адбылося станаўленне маштабнай, «чалавеказнаўчай» бел. прозы, вядучае месца ў ёй занялі жанры рамана і аповесці. Выйшлі ў свет першыя кнігі трылогіі Я.Коласа «На ростанях» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927) і яго аповесць «На прасторах жыцця» (1926). Паявіліся раман Ц.Гартнага «Сокі цаліны» (асобн. выд. 1922—23), аповесці «У чым крыўда?», «Ціхія песні» і дакумент.-маст. запіскі «На імперыялістычнай вайне» М.Гарэцкага (усе 1926) аповесці «Свінапас» (1924) М.Чарота, «Два» А.Вольнага, «Ваўчаняты» А.Александровіча, А.Вольнага і А.Дудара (абедзве 1925), «Мяцеліца» М.Нікановіча (1926), «Партызан» Я.Нёманскага (1927), «Ні госць ні гаспадар» Л.Калюгі (1928), аповесць «Голы звер» (1926) і раман «Сцежкі-дарожкі» (1927) М.Зарэцкага, аповесць «Салавей» (1927) і першая кніга рамана «Язэп Крушынскі» (1929) З.Бядулі, раманы «Сястра», «Зямля» (абодва 1928) і аповесць «Лявон Бушмар» (1930) К.Чорнага, раманы «Запіскі Самсона Самасуя» А.Мрыя (1929), «Сын» Р.Мурашкі (1929) і інш. Першыя буйныя палотны бел. пісьменнікаў прысвечаны тэме дарэв. мінулага. Аднагеройнасць, аўтабіяграфізм, хранікальнасць, багацце «бытавога матэрыялу», псіхалагізм, замаруджанасць сюжэта за кошт паглыблення ва ўнутр. жыццё героя, лірычных адступленняў — асн. рысы першых бел. раманаў і аповесцей. Для маладой бел. прозы была новай такая зацікаўленасць «шырокім светам чалавечых думак», якая раскрыта ў аповесці Я.Коласа «У палескай глушы». Другая яго аповесць «У глыбі Палесся» больш дынамічная. У ёй прыкметна адрозніваецца спосаб выяўлення псіхалогіі героя: знешняе, аб’ектыўнае жыццё пераважае над унутр., суб’ектыўным. Бел. проза не ведала такога панарамна-аналіт. партрэтнага жывапісу, такой яго шматтэмнасці, як у трылогіі «На ростанях». У ёй створаны запамінальныя партрэты людзей розных грамадскіх пластоў. Эпічны талент пісьменніка імкнецца выйсці «на шырокі прастор», на плённы шлях «шматгалосся», перакрыжавання ў адной сцэне розных пунктаў погляду.
Бел. сац.-гіст. раман ствараўся ва ўмовах ідэі класавай барацьбы і ўстаноўкі рэвалюцыі, якая абвяшчала пралетарыят сваім гегемонам. Таму пісьменнікі пераключаліся з сялянскай тэмы на стварэнне вобраза рабочага-рэвалюцыянера. Адным з першых да яго адлюстравання звярнуўся Ц.Гартны ў рамане «Сокі цаліны» (1-я кніга «Бацькава воля» выйшла ў 1922, 2-я — «На перагібе» — у 1926, дзве апошнія — «Крыжавыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы» — у 1929). 1-я частка рамана — сац.-быт. і глыбока псіхал. твор, у якім аўтар асэнсоўваў перажыты ім жыццёвы матэрыял. У трох наступных яго частках пераважаюць умоўнасць, прыблізнасць, павярхоўнасць у адлюстраванні псіхалогіі герояў. Пісьменніку не ўдалося арганічна звязаць у адзін вузел асабістае, бытавое і грамадскае жыццё свайго гал. героя. Вобраз маладога і прыгожага змагара за нар. шчасце, т.зв. новага чалавека, імкнуліся стварыць «маладнякоўцы». У 1924—27 выйшаў шэраг прыгодніцка-рамант. аповесцей пра грамадз. вайну: «Свінапас» М.Чарота, «Два» А.Вольнага, «Ваўчаняты» А.Александровіча, А.Вольнага і А.Дудара, «Мяцеліца» М.Нікановіча, «Партызан» Я.Нёманскага. Гэтыя творы вылучаліся займальным, дынамічным сюжэтам, яркімі рамант. фарбамі, умоўнасцю палажэнняў, нематываванасцю ўчынкаў. Яны былі закліканы абудзіць у чытача класавую нянавісць. Ім уласціва празмерная наіўнасць, не хапала псіхалагізму, але яны ўзбагачалі прозу новымі сродкамі выразнасці, пашыралі яе сюжэтныя гарызонты. У аповесці «На прасторах жыцця» Я.Колас заклікаў моладзь авалодваць ведамі, выходзіць «на прасторы жыцця», сімвалам якіх стаў для моладзі горад. Нягледзячы на знешняе падабенства Сцёпкі да герояў «маладнякоўскай» прозы, коласаўскі герой аказваецца натурай больш глыбокай: культура пачуцця, тактоўнасць, далікатнасць, павага да іншых. Я.Колас, стоячы на грунце нар. светапогляду, вывяраючы ім дзеянні і ўчынкі героя, заўважае адхіленні ад яго ў паводзінах юнакоў і як бы выпраўляе іх думкай народнай. Аповесць З.Бядулі «Салавей» блізкая да «маладнякоўскіх» аповесцей сваім пафасам барацьбы за справядлівасць, сац.-вызв. матывамі, вобразам юнага змагара, хаця і малявала часы паншчыны. У творы арганічна пераплятаюцца рамант. светаадчуванне, амаль казачнасць сітуацый, лірычна-гумарыст. афарбоўка, рэаліст. фарбы і гратэскнасць. У аповесці ўзняты хвалюючыя праблемы сапраўднага прызначэння мастацтва, свабоды мастака-творцы. Томы інтэлігенцыі і рэвалюцыі, пошукаў гал. героем-інтэлігентам «у першым пакаленні» сваіх месца і моты ў жыцці вырашаюцца не толькі ў трылогіі Я.Коласа «На ростанях», але і ў рамане М.Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі», блізкім ёй і па сваім чалавекалюбным пафасе і аналітызме. Рэаліст. паказ рэв. руху ў ім спалучаецца з рамант. бачаннем свету і людзей. У аповесці «Голы звер» (1926) М.Зарэцкі выкрывае маральную пазіцыю «звышчалавека», індывідуаліста, які вырашыў дазволіць сабе ўсё, што не дазволена людскімі законамі. І «Голы звер», і «Сцежкі-дарожкі» з’яўляюцца сімбіёзам розных стыляў: рамант., лірычныя, рэаліст. і сатыр. элементы вобразнасці. Пустое марнатраўства жыцця, паразітызм «цёмнага нэпманаўскага зброду» выкрывае Р.Мурашка ў аповесці «У іхным доме» (1929).
Першыя раманы К.Чорнага «Сястра» і «Зямля» (абодва 1928) сведчаць пра тое, што бел. празаікі напружана шукалі новыя сродкі адлюстравання працэсаў унутр. жыцця чалавека, не спыняючыся на традыцыйных, ужо адкрытых рус. і сусв. празаікамі. Раман «Сястра» блізкі да твораў «плыні свядомасці». Блізкасць заключаецца ў амаль поўнай адсутнасці знешнепадзейнага плана, у акцэнце на суб’ектыўным псіхалагізме. У рамане «Зямля» К.Чорны малюе яркія псіхал. партрэты сялян, не здраджваючы аб’ектыўнасці і гіст. праўдзе. Раман выводзіў бел. прозу на перспектыўны шлях псіхал. аналізу і праўдзівасці характараў, глыбокага даследавання жыцця. У аповесці «Лявон Бушмар» (1930) К.Чорнаму давялося дэманстраваць і «даказваць» сваю «партыйнасць», змагаючыся з уласніцкай псіхалогіяй, выкрываючы індывідуалістычную філасофію. Апавядальны тон аповесці ў некат. месцах нагадвае тон тэндэнцыйнага публіцыст. артыкула ці нарыса. Раман К.Чорнага «Зямля», аповесць «Лявон Бушмар» побач з аповесцю С.Баранавых «На абрэзках зямлі», у якой абуджалася класавая нянавісць да кулакоў і багацеяў, адкрывалі новую для бел. прозы тэму калектывізацыі.
Творы маладых пісьменнікаў, нягледзячы на многія ўласцівыя ім недахопы — фрагментарнасць, рэпартажнасць, фактаграфізм, капіраванне з натуры, часам здзіўлялі каштоўнасцю сац. адкрыццяў. Аповесць Л.Калюгі «Ні госць ні гаспадар» прасякнута трывогай, занепакоенасцю станам сучаснага яму грамадства, з’яўленнем у ім «ні госця ні гаспадара». У гэтым эпічным творы пра першых бел. камсамольцаў пісьменнік узняўся над жыццёвым матэрыялам, па-філасофску асэнсаваў працэсы, што адбываліся ў змененым грамадстве. Пісьменнікі шукалі новых людзей не ў «адсталым» сялянскім асяроддзі, а ў асяроддзі гараджан, рабочых, звязваючы з імі нараджэнне новай маралі, новага жыцця. Раман Р.Мурашкі «Сын» (1929), як і раман Ц.Гартнага «Сокі цаліны», вылучаецца жорсткай сац. запраграмаванасцю героя-рэвалюцыянера, яго наіўнай гераізацыяй. У рамане «Драпежнікі» Я.Нёманскага (1928—30, няскончаны) шырока разгорнута жыццё бел. грамадства напярэдадні 1-й сусв. вайны. Нягледзячы на пакладзены ў аснову рамана прынцып кантрастнага супастаўлення (з аднаго боку — «драпежнікі», з другога — рабочыя і сяляне), ён вызначаецца жыццёвай праўдай і пераканаўчасцю ў перадачы думак і пачуццяў герояў. З М.Гарэцкім звязана з’яўленне ў бел. прозе новай жанравай разнавіднасці — дакумент.-маст. запісак (форма дзённіка). У цэнтры яго аповесцей «У чым крыўда?», «Меланхолія» і «На імперыялістычнай вайне», якія ўяўляюць сабой трылогію, — драм. лёс прадстаўніка бел.нац. інтэлігенцыі сялянскага сына Лявона Задумы. У заключнай кнізе трылогіі «На імперыялістычнай вайне» эпісталярная форма падачы матэрыялу аказваецца вельмі плённай, бо дае поўную свабоду для самараскрыцця героя. На гэтым фоне рэзка вылучаецца сатыр. раман А.Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» (1929). Аўтар нідзе ў сваім творы не звяртаецца да адкрытых абуральных інтанацый, да голага выказвання нянавісці, да тых заган сац. жыцця і носьбітаў зла, з якімі ён змагаецца. Гал. яго зброя барацьбы — смех, іранічная насмешка. Твор напісаны ў форме дзённіка гал. героя «тыповага выскачкі» Самсона Самасуя. Гэты раман А.Мрыя — вяршыннае дасягненне не толькібел., але і ўсёй сав.сатыр. прозы.
Адметнасць яго — у абагульняльным размаху сатыр. карцін, у выбары самога аб’екта сатыр. высмейвання, у разнастайнасці спалучэння сродкаў абмалёўкі персанажаў, сатыр. фарбаў, у глыбіні маст. спасціжэння сучаснага яму жыцця, у мове. Пісьменнік шырока ўводзіў у моўную тканіну рамана бюракратычныя штампы, канцылярызмы, праз парадзіраванне якіх лепш адчуваецца і ўнутр. сутнасць герояў, і «грамадскія хваробы» паслярэв. рэчаіснасці. У далейшым рэаліст.-сатыр. лінія, якую так паспяхова развіваў у вял. эпічным жанры А.Мрый, наогул знікае з гарызонту бел. прозы (застаецца толькі драматургія). У канцы 1920-х г.бел. пісьменнікі імкнуліся пашырыць тэматычныя гарызонты нац. прозы, рабілі спробы стварыць «вытворчы раман», каб апець будаўніцтва новага жыцця, працоўны і творчы энтузіязм новага чалавека, ударную працу і сацспаборніцтва. Такая «вытворчая праблематыка» цікавіла Х.Шынклера ў аповесці «Сонца пад шпалы», у якой ёсць нямала старонак, напісаных з псіхал. паглыбленасцю ў вобразы, аднак схематызм, ілюстратыўнасць, палітызацыя моцна зніжаюць эстэт. ўзровень твора. Адным з дасягненняў прозы таго часу з’явілася развіццё літаратуры для дзяцей. Аповесці Я.Маўра «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі» (абедзве 1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) адразу сталі папулярнымі і любімымі творамі бел. дзетвары. Пісьменнік удала спалучыў прыгодніцкія элементы з рэаліст. сродкамі характарыстыкі і з прыёмамі навук.-папулярнага жанру. Жыццю школьнікаў прысвечаны зб.апавяд. «Гул бубна» А.Якімовіча (1925).
1920-я г. — шчодры на творчыя адкрыцці перыяд, які адрозніваўся дыялогам-спрэчкай розных літ. школ і кірункаў, маст. густаў, метадаў паказу чалавека. Менавіта ў гэты час выпрацаваны нац. традыцыі эпічнага адлюстравання жыцця, на якія абапіралася пазнейшая літаратура, распрацаваны стыль прозы, пашырыліся выяўл. магчымасці бел. мовы. Проза 1930-х г. значна бяднейшая на фарбы і колеры, больш аднастайная ў ідэйна-змястоўным і стылявым плане, нягледзячы на тое, што яна прадстаўлена досыць вялікай колькасцю раманаў, аповесцей, апавяданняў і навел.
У 1930-я г. працягвалі свой творчы шлях пісьменнікі, якія выступілі ў друку ў 1920-я г., — П.Галавач, М.Зарэцкі, Л.Калюга, К.Крапіва, А.Мрый, М.Паслядовіч, Э.Самуйлёнак, Я.Скрыган, К.Чорны, Х.Шынклер і інш., а таксама старэйшыя пісьменнікі, вядомыя ўжо ў дакастрычніцкі час, — Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля. У гэты час у бел. літаратуру прыйшлі празаікі У.Краўчанка, Б.Мікуліч, А.Стаховіч і інш. Многія бел. пісьменнікі ў гэты перыяд былі абвешчаны ворагамі народа і рэпрэсіраваны, некат. расстраляны: С.Баранавых, П.Галавач, Ц.Гартны, М.Зарэцкі, В.Коваль, Л.Калюга, А.Мрый, Я.Нёманскі і інш.
Адной з цэнтральных у бел. прозе 1930-х г. з’яўлялася тэма калектывізацыі. Ёй прысвечаны раманы «Ідзі, ідзі» К.Чорнага (1930), «Язэп Крушынскі» З.Бядулі (1929—32), «Вязьмо» М.Зарэцкага, «Мядзведзічы» К.Крапівы (абодва 1932), «Перагуды» Ц.Гартнага (1935), «Салаўі святога Палікара» Р.Мурашкі (1933—39), аповесці «Межы» (1929—30) і «Новая дарога» (1931—32) С.Баранавых, «Адшчапенец» Я.Коласа, «Спалох на загонах» П.Галавача (абедзве 1930—31), «Чорная Вірня» Б.Мікуліча (1931) і інш. Амаль у кожным з гэтых твораў праводзіцца ідэя пра неўладкаванасць сялянскага жыцця, пра неабходнасць перамен, карэннай ломкі дробнаўласніцкай сельскай гаспадаркі.
Маст. літаратура 1930-х г. павінна была стаць прапаведніцай палітыкі партыі. Многія пісьменнікі добра ўсвядомілі гэтую пастаўленую перад імі задачу і пачалі замяняць маст. малюнак плакатам-агіткай. Ніводзін твор пра калектывізацыю не абыходзіцца без вобраза кулака: «Мядзведзічы» К.Крапівы, «Вязьмо» М.Зарэцкага, «Межы» С.Баранавых, «Вясна» К.Чорнага і інш. Усе яны малююцца досыць аднастайнымі, зніжанымі фарбамі. У кожным з іх пададзена ўласніцкая прагавітасць і сквапнасць. Час вялікага пералому пісьменнікі 1930-х г. малявалі досыць схематычна. У многіх творах пра калектывізацыю сяляне асуджаліся як прадстаўнікі старога, цёмнага свету. Творам, у якім раскрыта трагедыйнасць таго часу, мог быць незавершаны раман Л.Калюгі «Пустадомкі» (1933—35). Ён напісаны ва ўмовах лагернага жыцця і ссылак, таму не мог у свой час з’явіцца ў друку (надрукаваны ў канцы 1980-х г.). Аўтар пільна прыглядаецца да маральнага аблічча калег па пяру і заўважае, як многія з іх паступова становяцца прыстасаванцамі.
Літаратура 1930-х г. шмат увагі аддавала пытанням кахання, шлюбу і сям’і, адносінам новай улады да жанчыны. Яна актыўна прапагандавала новы тып жанчыны, чужы традыцыйнаму светапарадку (раманы «Вязьмо» М.Зарэцкага і «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага). Этыка кахання, шлюбу і сям’і моцна цікавіць К.Чорнага ў аповесці «Люба Лук’янская» (1936), дзе асабліва выразна акрэсліваецца разыходжанне хрысціянскай і сав. маралі. Аповесць К.Чорнага «Люба Лук’янская», яго раман «Трэцяе пакаленне», апавяданні М.Лынькова і Я.Скрыгана сцвярджаюць сацыяліст. мараль як вышэйшую форму маралі. «Вытворчая» аповесць Б.Мікуліча «Наша сонца» (1931) малюе вобраз «новага чалавека», занятага выключна грамадскімі справамі. Чалавек і складаны свет яго думак зацямняюцца і ў аповесцях А.Стаховіча «Пампей Шчупак» (1940) і М.Паслядовіча «Магістральны канал» (1940), у якіх апісанне вытв. працэсу становіцца ледзь не самамэтай. Арыентацыя літаратуры на актыўнае ўмяшанне ў жыццё нарадзіла і антыфашысцкія творы, накіраваныя супраць усіх форм таталітарызму. У іх ліку аповесці «Марсель» М.Паслядовіча (1931), «Тэорыя Каленбрун» Э.Самуйлёнка (1933), «Носьбіты нянавісці» (1935—36) і «Яны не пройдуць» (1936—37) П.Галавача. Некат. пісьменнікі, у т. л. Я.Колас, М.Лынькоў, Э.Самуйлёнак, К.Чорны, звяртаюцца да мінулага бел. народа. Іх цікавіць гіст. развіццё нацыі, непарыўная повязь часоў, пераход дня ўчарашняга ў дзень сённяшні і будучы.
Значнай падзеяй у літ. жыцці таго часу з’явілася аповесць Я.Коласа «Дрыгва» (1932—33). У вобразе 70-гадовага дзеда Талаша, мужнага, вольналюбівага паўстанца, партызана, Я.Коласу ўдалося ўвасобіць нац. характар беларуса. Я.Колас ішоў ад рэальнага факта, ад рэальнага прататыпа, што спрыяла праўдзівасці і жыццёвасці твора. Псіхал. пераканальнасць у абмалёўцы персанажа, добры, мяккі гумар, займальнасць інтрыгі, драматызацыя сюжэта, эпічны размах — усё гэта надавала аповесці эстэт. каштоўнасць. Да шырокай панарамнасці і аналітычнай заглыбленасці імкнуўся ў сваёй творчасці К.Чорны. Ён задумаў напісаць цыкл твораў, у якіх хацеў стварыць карціну развіцця чалавечага грамадства. Задума часткова матэрыялізавана ў раманах «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (1934) і «Трэцяе пакаленне» (1935). Да рэв. мінулага звернуты шырокія эпічныя палотны: раманы «Праз гады» П.Галавача (1934—35) і «Будучыня» Э.Самуйлёнка (1936—38). Шэраг партрэтаў местачкоўцаў створаны ў эпапеі «На чырвоных лядах» М.Лынькова (1934), у аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939) З.Бядулі.
Адметнай старонкай у прозе 1930-х г. з’яўляюцца раманы М.Гарэцкага «Віленскія камунары» (1931—32) і «Камароўская хроніка» (1932—37), у якіх пісьменнік імкнуўся рэалізаваць задуму пра стварэнне хронікі некалькіх пакаленняў адной сям’і, пачынаючы ад прыгону і да нашых дзён. Незавершаны раман-эпапея «Камароўская хроніка» вызначаецца вялікім часавым прамежкам — жыццё беларусаў на працягу 19 — пач. 20 ст. Ён уяўляе сабой летапіс-даследаванне вясковага жыцця. Узор поліфанічнай прозы, адзіны ў сваім родзе ў літаратуры 1930-х г., — раман Р.Мурашкі «Салаўі святога Палікара» (1933—39). Глыбокі псіхалагізм, гуманістычны пафас, сінтэз розных стыляў, розных тыпаў вобразнасці (рэалістычна-аналітычнае пісьмо, узвышаная рамантыка, лірызм «у чыстым выглядзе», моцны сатыр. струмень) гавораць пра наватарства твора.
Нягледзячы на неспрыяльнае для творчасці грамадска-паліт. становішча ў краіне бел. проза 1930-х г. здолела прадэманстраваць вялікія магчымасці нац. слова ў асваенні новых сфер чалавечага жыцця. Проза 1920—40-х г. заклала падмурак, на якім паслядоўнікі змаглі больш упэўнена ўзводзіць будынак нац. літаратуры.
Драматургія У пач. 1920-х г.бел. драматургія ўступіла ў новую, прынцыпова адрозную ад ранейшых, стадыю развіцця, абумоўленую адкрыццём першых у гісторыі айч. культуры прафес.бел.-моўных тэатраў: 10.8.1920 у памяшканні Бел. рабочага клуба распачала сваю дзейнасць «Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка», а 14.9.1920 на сцэне гар. тэатра адбылася прэм’ера Бел.дзярж. тэатра. Наяўнасць двух нац.прафес. тэатраў аб’ектыўна адкрывала перад бел. драматургіяй небывалыя раней перспектывы.
Працэс пераходу ад рэжыму выжывання да нармальнага творчага функцыянавання ў бел. драматургіі праходзіў не без супярэчнасцей. Новы этап драматургічнай творчасці пачаўся не новымі па сваёй паэтыцы п’есамі: «Суд» У.Галубка, «Мутэрка» М.Гарэцкага, «Конскі партрэт» (усе 1920) і «Пасланец» Л.Родзевіча (1921), якія тэматычна і паводле сэнсава-выяўл. асаблівасцей напісаны ў адпаведнасці з традыцыямі бел. дакастрычніцкай літаратуры. Сюжэт камедыі «Суд» У.Галубка заснаваны на крытыцы судова-бюракратычнай машыны царскай Расіі; абразок з натуры «Мутэрка» М.Гарэцкага прысвечаны балюча-актуальным для Беларусі ва ўсе часы праблемам здрадніцтва нац. інтарэсам з боку інтэлігенцыі выкрыццю яе духоўнага кампрадорства. Грамадз. пафас уласцівы і камедыі «Пан міністар» Ф.Аляхновіча (1922). Вадэвіль «Конскі партрэт» і сцэн. абразок «Пасланец» Л.Родзевіча развівалі традыцыі быт. сатыры, камедыі становішчаў.
У пошуках новых форм маст. выразнасці, актуалізацыі сюжэтна-падзейнага зместу твораў бел. драматургіі прыйшлі да распрацоўкі фальклорна-этнагр. матэрыялу, да якога яны звярталіся і раней, калі паўставала неабходнасць аздобіць дзею каларытнай фактурай, надаць ёй натуральнасць гучання. Ідэяй стварэння серыі фальклорна-этнагр. п’ес захапіўся Е.Міровіч. Дзеля гэтага ён запрасіў да супрацоўніцтва ўсіх бел. пісьменнікаў. Найб. плённым такое супрацоўніцтва аказалася з М.Чаротам, які ўжо меў вопыт пісьменніцкай, паэт. і тэатр. дзейнасці: выступаў як акцёр, быў аўтарам камедыі «Жаніх без шлюбу» (1919), драмы «Слуцкая варона» (1920), аднаактовых п’есак для дзяцей «Данілка і Алеська» (1919), «Пастушкі» (1920). Яго музычна-этнагр. п’еса «На Купалле» не проста сінтэзавала ранейшы вопыт сцэн. асэнсавання фалькл. сюжэтаў, але дэманстравала прынцыпова новыя магчымасці такога асэнсавання. Па-першае, бел. драматургія, якая мела слабейшыя літ. традыцыі, чым многія інш. народы, арыентуючыся на ўласны фальклор, застрахоўвала сябе ад страты нац. адметнасцей (такая небяспека была зусім рэальнай у атмасферы татальнага непрыняцця класічных традыцый, адмаўлення ад набыткаў «старой» драматургіі, якія насаджалі пралеткультаўскія тэарэтыкі). Па-другое, фальклорна-этнагр. п’есы выконвалі народаадкрывальныя функцыі (напр., маскоўскія тэатр. аглядальнікі, якія пабачылі спектакль «На Купалле» ў 1923, калі БДТ выязджаў у Маскву для ўдзелу ва Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысл. выстаўцы, адзначылі, што гэты спектакль раскрыў рус. гледачу душу бел. народа лепш, чым гэта зрабілі б дзесяткі навук. артыкулаў). Гэтыя п’есы адкрывалі Беларусь не толькі для народаў свету, але і для саміх беларусаў, якім пасля доўгіх гадоў нац. ўціску было няпроста самаідэнтыфікавацца, усвядоміць сваю дзяржаўнасць, пераадолець сіндром тутэйшасці. П’есы, заснаваныя на традыц.фалькл. сюжэтах, былі новым словам у літаратуры Беларусі, бо адкрывалі невядомыя раней тэматычныя гарызонты. Выкарыстанне нар.-паэт. прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці адбывалася не шляхам механістычнага капіравання фалькл. сюжэтаў, элементаў іх паэтыкі, а ў выніку творчага пераасэнсавання.
Сац.-паліт. заангажыраванасць драматургіі таго часу абумовіла зварот пісьменнікаў да гіст. тэматыкі. У п’есах «Пан Сурынта», «Плытагоны» У.Галубка (абедзве 1923), «Панскі гайдук» Я.Дылы (1924), «Паўстанцы» А.Александровіча (1925) мінулае бел. народа паўстае яшчэ на ўзроўнях фалькл. памяці, а ўжо ў драмах «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча (1923) і «Скарынін сын з Полацка» М.Грамыкі (1926) ушчыльную наблізілася да строгай дакументальнасці. Працэс маст. асэнсавання гіст. мінулага, актуальнасць якога павышаецца на пераломных этапах жыцця народа, не знайшоў свайго гарманічнага завяршэння, бо барацьбу з творчай арыентацыяй на фальклор распачалі пралеткультаўцы. Асабліва востра крытыкаваліся п’есы з гіст. зместам: за «фетышызацыю» традыц.маст. сродкаў (у новых умовах патрэбна не стылізацыя пад мінулае, а свядомае, паслядоўнае тварэнне будучага), за «ідэалізацыю» мінулага, як праяву нацыяналізму. Былі зняты з рэпертуару «Вяселле» В.Гарбацэвіча (1921), «Машэка» (1923) і «Каваль-ваявода» (1924) Е.Міровіча, «Апраметная» В.Шашалевіча (1926).
Як альтэрнатыву этнаграфізму пралеткультаўцы прапагандавалі тэатр масавых дзействаў. Але ён не меў пашырэння на Беларусі: адбыўся толькі адзіны плошчавы спектакль «Праца і капітал» (1921), ажыццёўлены ў Мінску Е.Міровічам. Бел. драматургія звярнулася да гераічнага тэатра. Асн. патрабаванні да п’ес гераічнай тэматыкі: у творах пафас рэвалюцыі (рамантызм, агітацыйнасць) павінен спалучацца са строгім рэалізмам гісторыі і сучаснасці (мастацкасць і праўдзівасць), цалкам супадаць з творчымі пастулатамі бел. драматургаў. П’есай-вытокам з’явілася драма «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.Гарбацэвіча (1923), прысвечаная мужнай барацьбе і пакутніцкай смерці камсамольцаў-партызан з вёскі Дукора, расстраляных польскімі акупантамі ў 1920. Гераічныя падзеі, барацьба з акупантамі асэнсоўвалася і ў драме «З дымам-пажарам» А.Ляжневіча (1924). М.Гарэцкі ў гісторыка-рэв. драме «Чырвоныя ружы» (1922) намаляваў уражлівую рэтра-панараму нарастання рэв. незадавальнення. Не менш уражліва паказаны і катастрафічныя вынікі шматвяковага процістаяння прыгнечаных і прыгнятальнікаў. П’есы «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1927—31) Я.Коласа дэманстравалі высокі маст. ўзровень увасаблення гераічных характараў, пераканаўча паказвалі заканамернасці прыходу нар. мас у рэвалюцыю. Да сярэдзіны 1920-х г. выразна акрэслілася патрабаванне паказу і ўслаўлення сацыяліст. будаўніцтва, сав. ладу жыцця. Аб праявах новага ў чалавечых узаемаадносінах напісаны п’есы «Лекары і лекі», «Два жаніхі» А.Гаротнага, «Дзень ураджаю» І.Барашкі (усе 1925), «Пашанцавала» Т.Кашэль, «Чырвоная касынка» Г.Базыленкі (абедзве 1926), «Пад вішнёвымі садкамі» В.Гарбацэвіча, «Бацька і сын» (абедзве 1927), «Спявай, вясна!» (1928) В.Сташэўскага і інш. Яны не вызначаліся высокім маст. узроўнем, аднак зрабілі пэўны ўклад у выпрацоўку жанравых традыцый, у назапашванне вопыту сцэн. асваення праблем сучаснасці. Не ўзняліся да маст. вышынь і творы на антырэліг. тэму: «Калі дзяк гаворыць праўду» А.Вольнага (1924), «У цемры» (1927) і «У прошчы» (1928) В.Сташэўскага, «За калгас» Я.Мазуркевіча (1929). Праява крайняй ступені грамадскай заангажыраванасці драматургіі 1920-х г. — агітп’есы. Яны пераважна заказваліся аўтарам, іх аператыўна друкавалі, ставілі, ухвалялі ў перыяд. друку безадносна да маст. вартасці. Агітп’есы былі пэўным фактарам нар.-гаспадарчай дзейнасці краіны. Яны прапагандавалі калектывісцкую свядомасць («Чаму Янка ў камуну пайшоў» М.Міцкевіча, 1924; «Нечаканае» Ю.Лявоннага, 1926; «Старое і новае» А.Цітавай, 1929), папулярызавалі сярод насельніцтва сельскагаспадарчыя веды («У агранома» А.Вольнага, 1924; «Суд над трохпалёўкай» Н.Уліцына, 1925; «Наша свята» А.Дабравольскага, 1926) і інш.
Важнейшая асаблівасць развіцця бел. драматургіі 1920-х г. — універсальнасць яе творчых пошукаў. Яна была адкрытая для ўсіх навацый, якія засвойваліся метадам спроб і памылак, паступова назапашваўся прафес. вопыт, расла колькасць драматургічных твораў. Часцей драматургія папаўнялася п’есамі, арганічна ўгрунтаванымі ў духоўны нац. кантэкст, знітаванымі з глыбіннымі праблемамі рэчаіснасці. Паказальны ў гэтых адносінах прыклад трагікамедыі Я.Купалы «Тутэйшыя» (1922). Абапіраючыся на ранейшы (В.Дунін-Марцінкевіч, К.Каганец) і інш. вопыт сатыр. выкрыцця манкуртызму, развіваючы адраджэнскі курс нашаніўцаў, Я.Купала даў узор працы ў новых сац.-паліт. умовах, паказаўшы шляхі дасягнення сапраўднай маст. дасканаласці і высокай грамадзянскасці. Е.Міровіч, ідучы ад «Тутэйшых», здолеў у сатыр. камедыі «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1925) выкрыццё цынізму і прыстасавальніцтва ўзняць на новую маст. вышыню. Купалаўскі вопыт сатыр. ўвасаблення вобразаў персанажаў адчуваецца і ў камедыі «Ветрагоны» У.Галубка (1930). У канцы 1920-х г. з’явіліся п’есы на тэму індустрыялізацыі «Запяюць верацёны» Е.Міровіча (1928), «Мост» Я.Рамановіча, «Гута» Р.Кобеца (абедзве 1929), «Напор» А.Александровіча, «Качагары» І.Гурскага (абедзве 1931), «Белая зброя» У.Галубка (1933). Гэтыя п’есы значна пашыралі сюжэтна-тэматычныя гарызонты драматургіі, абсягі спасціжэння ёю новых жыццёвых рэалій, але аўтары іх, засяроджваючы залішне пільную ўвагу на шкодніках, сабатажніках, дыверсантах і інш., вольна ці нявольна інспіравалі ў грамадстве класавую варожасць, настроі экзальтаванага недаверу, падазронасці і неталерантнасці. У п’есах на тэму калектывізацыі матывы шкодніцтва занялі дамінуючае становішча, набыўшы асабліва змрочнае адценне: «Засеўная» і «Помста кулацкая» Б.Крамскога (абедзве 1930), «Сварка» і «Бальшавіцкая вясна» І.Гурскага, «На пэўным шляху» С.Якаўлева, «Шляхі» У.Стэльмаха, «Камяніца» М.Міцкевіча, «Песні нашых дзён» В.Гарбацэвіча, «За калгас» Я.Мазуркевіча (усе 1930), «Трактар» М.Блісцінава (1931) і інш. Схематызму сюжэтнай будовы, ідэалагічнай зададзенасці ў паказе праблем калектывізацыі не без поспеху спрабавалі пазбегнуць В.Шашалевіч («Рой», 1931), К.Чорны («Лета», 1932), М.Зарэцкі («Сымон Карызна», 1933), В.Сташэўскі («Мікола Гоман», 1936). Паспяховым было таксама асэнсаванне антыфашысцкай тэматыкі ў п’есах «Rot front» (1933) Б.Мікуліча і «Сімфонія гневу» (1935) В.Шашалевіча.
1930-я г. саступалі папярэдняму дзесяцігоддзю і колькасцю напісаных п’ес, і разнастайнасцю творчых пошукаў. Але ў гэты перыяд было шмат зроблена для прафес. росту драматургаў: праводзіліся конкурсы на лепшы драматургічны твор, з’явіліся навукова вывераныя публікацыі, зменшыўся імпэт прапаведнікаў ультрарэв. навацый. Спроба ўкараніць «дыялектыка-матэрыялістычны метад», заснаваны на механістычным пераносе законаў і катэгорый дыялектыкі ў галіну маст. творчасці, не ўдалася, хаця драмы «Напор» А.Александровіча і «Новы горад» І.Гурскага (абедзве 1931), нібыта напісаныя паводле гэтага метаду, крытыка і расхваліла. Затое загучала інш. драматургія. П’есы «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа (абедзве 1937) пераканаўча паказалі ролю народа ў гіст. працэсе. Глыбінёй псіхал. характарыстыкі персанажаў, грунтоўнасцю філас. абагульненняў абазначыў свой драматургічны стыль К.Чорны ў п’есах «Бацькаўшчына» (1932—39), «Базылевічава сям’я» (1938), «Ірынка» (1941). Знакавым было далучэнне да драматургічнай творчасці К.Крапівы. Калізіі грамадз. абавязку і асабістай адказнасці, якія пакладзены ў аснову першай драмы «Канец дружбы» (1934) сталі лейтматыўнымі на працягу ўсёй яго працы на драматургічнай ніве. Народнай сталі называць драму «Партызаны» (1937), але вяршынным дасягненнем бел. драматургіі 1930-х г. была сатыр. камедыя «Хто смяецца апошнім» (1939), у якой бязлітаснае выкрыццё адмоўных з’яў рэчаіснасці, саркастычнае высмейванне гарлахватчыны як увасаблення бюракратычнай фанабэрыі, цынізму, прыстасавальніцтва і ваяўнічага невуцтва спалучалася з бліскучым майстэрствам абмалёўкі вобразаў герояў. У канцы 1930-х г. на поўны голас загучала тэма жыцця ў прыграніччы: «На варце» І.Гурскага, «Гарачае сэрца» (абедзве 1938) і «Шалёная рысь» М.Паслядовіча, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Хата з краю» Я.Маўра (усе 1939). Пач. 1940-х г. адзначаны гучным поспехам камедыі В.Вольскага «Несцерка» (1941). Аднак Вял. Айч. вайна і акупацыя Беларусі перапынілі натуральны ход развіцця бел. літаратуры.
І.Э.Багдановіч (паэзія 1920-х г.), М.М.Арочка (паэзія 1930-х г.), З.У.Драздова (проза), С.С.Лаўшук (драматургія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТАНА́ЦЫЯў музыцы,
1) у шырокім значэнні — носьбіт сэнсавага пачатку ў музыцы (эмацыянальнага, лагічнага, нац. і сац.-характэрнага). Выяўляецца толькі ў рэальным гучанні, таму побач з рысамі, закладзенымі ў пэўны твор кампазітарам і зафіксаванымі ў нотным тэксце, перадае і непаўторнасць індывід. выказвання, т.зв. І. выканальніцкая.
Тэорыя І., распрацаваная Б.Асаф’евым, на першы план вылучае значэнне меладычнага боку, дзе найб. відавочная сувязь з гукавышыннай (інтанацыйнай) арганізацыяй чалавечай гаворкі, яе мелодыкай. Акрамя таго, мелодыка-інтанацыйны бок знаходзіцца ў зоне актыўнага слухацкага ўспрымання і таму ў найб. ступені даступны для інтанавання і запамінання (постінтанавання). У І. як з’яве перш за ўсё меладычнай у непарыўным адзінстве выступаюць усе аспекты музыкі: гукавышынны, ладагарманічны, рытмічны, тэмбравы, дынамічны і агагічны. У залежнасці ад стылю, аўтарскай задумы і кантэксту на першы план можа выступаць уласна меладычная, гарманічная, тэмбравая і інш. інтанацыйнасць. І. выканальніцкая — асаблівасці агагічнага і тэмбравага, часткова дынамічнага і тэмпавага прачытання муз. тэксту. Пры спевах і ігры на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (напр., струнных) яна выяўляецца і ў вар’іраванні гукаў у межах пэўнай частотнай зоны.
У вузкім значэнні — кароткі меладычны зварот, найчасцей меладычная папеўка, якая ў сістэме муз.-маст. цэлага выконвае ролю найменшай муз. сэнсавай адзінкі. Адрозніваюць І. з моўнай выразнасцю (І. пытання, воклічу, сцвярджэння), жанрава-характэрныя (фанфарныя, маршавыя, рытуальна-заклінальныя), нац.-характэрныя (трыхордавыя папеўкі ў слав. песеннасці). У параўнанні са словам у мове муз. І. менш канкрэтная, больш залежыць ад кантэксту, ёй уласціва значная гісторыка-стылявая абнаўляльнасць. Спецыфічныя значэнні паняцце І. набывае: пры вызначэнні ступені акустычнай дакладнасці ў вак. інтанаванні або пры выкананні на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (чыстая або фальшывая І.); у вытворчасці ці настройцы інструментаў з фіксаванай вышынёй гуку (арган, фартэпіяна); у зах.-еўрап. сярэдневяковай вак. музыцы (кароткія сольныя фразы святара, што папярэднічалі антыфонам ці псалмам); у інстр. музыцы 16—17 ст. (арганныя ці клавірныя п’есы ўступнага характару, падобныя да прэлюдыі ці інтрады).
Нар. музыка ў яе аўтэнтычных праяўленнях прынцыпова інтанацыйная па сваёй прыродзе і сутнасці. Кожны напеў (найгрыш) пры паўторных выкананнях нібы нараджаецца нанава ў выканальніцкай імправізацыі. Уласцівая нар. музыцы сац.-гіст. абумоўленасць выяўляецца ў працэсе пераінтанавання, калі ідэнтычныя паводле фармальна-муз. паказчыкаў напевы атрымліваюць розную інтанацыйную афарбоўку і інш. семантычную нагрузку. У больш вузкім значэнні І. трактуецца ў адносінах да аўтэнтычнага фальклору як пэўнае спалучэнне тонаў (напр., квінтавая І.), ладава-рытмічныя звароты, характэрныя культуры пэўнага этнагр. рэгіёна Пры гэтым гукавышынныя, ладавыя, рытмічныя і тэмбравыя сродкі выразнасці ў музыцы вуснай традыцыі арганічна раўнапраўныя, а іх экспрэсіўная сіла часта грунтуецца на рознанакіраванасці іх уздзеяння паводле прынцыпу адначасовага кантрасту. У дастасаванні да нар. музыкі асаф’еўская тэорыя І. найб. паслядоўна развіта этнамузыколагамі пецярбургскай школы Я.Гіпіусам, З.Эвальд, Ф.Рубцовым, якія пашырылі асн. палажэнні гэтай тэорыі і на бел. аўтэнтычны фальклор і ў многім садзейнічалі замацаванню школы бел. этнамузыкалогіі.
Літ.:
Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Яго ж. О народной музыке. Л., 1987;
Орлова Е.М. Б.В.Асафьев. Л., 1964;
Земцовский И. Б.В.Асафьев и методологические основы интонационного анализа народной музыки // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;
Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З.В. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;
Рубцов Ф.А. Интонационные связи в песенном творчестве славянских народов. Л., 1962;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА (ад лац. cultura апрацоўка, выхаванне, адукацыя, шанаванне),
духоўны змест чалавечай жыццядзейнасці, сацыяльнай арганізацыі і пазнання, якія выяўляюцца ў нац. самабытных тыпах эканомікі, правасвядомасці, рэлігіі, мастацтва, тэарэт. і практычных ведаў, асвячоных традыцыяй, культам і маральнымі імператывамі. Паводле эмпірычнага вызначэння, К. — сукупнасць рэальных і патэнцыяльных каштоўнасцей, якія ствараюцца людзьмі ў працэсе эканам., грамадска-паліт. і творча-духоўнай дзейнасці. Суадносіцца з цывілізацыяй як сваім этапам на адносна высокім узроўні развіцця пэўнага тыпу К. (стараж.-егіпецкая, антычная і інш. цывілізацыі). Як цэласную сістэму К. даследуе культуралогія, а яе падсістэмы і элементы — паасобныя гуманіт. навукі. Комплекснае даследаванне гісторыі рэгіёнаў і народаў уключае адпаведныя раздзелы па гісторыі К. Існуе мноства метадаў тыпалогіі і класіфікацыі К. Паводле характару суадносін нац. (рэгіянальнага) і агульначалавечага (універсальнага) К. бывае «адкрытая», здольная да пазітыўнага ўзаемадзеяння з іншанац. культурамі, і «закрытая», схільная да самаізаляцыі. У еўрап. культуралогіі вылучаюць гіст. тыпы К.: першабытная, старажытная, сярэдневяковая, рэнесансавая, новая і сучасная. Паводле структуры і зместу яе падзяляюць на этнічную, класічную і посткласічную, традыцыйную і мадэрнісцкую. У шырокім сэнсе паняцце К. ўключае не толькі спецыфічна духоўныя сферы творчасці (мова, міфалогія, рэлігія, мараль, правасвядомасць, мастацтва, навука, філасофія), але і сферы вытв-сці, абмену матэрыяльнымі каштоўнасцямі. У адпаведнасці з гэтай спецыфікай К. ўмоўна падзяляецца на духоўную і матэрыяльную. У асобную комплексную галіну вылучаецца К. мастацкая — здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць усе віды і жанры маст. творчасці. Сукупнасць рэгіянальных і універсальных архетыпаў, увасобленых у мове, міфалогіі, звычаях, абрадах, фальклоры, у класічнай л-ры і інш. відах мастацтва, складаюць культурную традыцыю, якая вызначае нац. самабытнасць К. асобных народаў і макрарэгіёнаў.
Бел. К. належыць да тыпу адкрытых. Яна прайшла асн. этапы, характэрныя для агульнаеўрап. культурнага развіцця (стараж. дахрысціянскі перыяд, сярэдневяковы, рэнесансавы і інш.), развівалася ва ўзаемадзеянні са славянскімі, балцкімі і інш. культурамі, чэрпала свае рэсурсы з багатых крыніц нар. творчасці. У стараж. перыяд высокай канструктыўнай і маст. дасканаласці дасягнулі хатнія рамёствы і ўжытковае мастацтва. Пачынаючы з сярэдневякоўя адбывалася дыферэнцыяцыя старадаўняй К., яе падзел паводле утылітарных, рэліг., эстэтычных і інш. функцый. Сінтэз нар. К. і хрысц. духоўнасці садзейнічаў росквіту фальклору, інш. відаў этн. К., сабраных і апісаных у 19—20 ст. Заканамернасцю развіцця бел.нац. К. ў працэсе дээтнізацыісац. эліты і страты дзярж. статуса роднай мовы народа з’яўляецца паэтапнае культурна-нац. Адраджэнне — вяртанне яе да актыўнага грамадскага функцыянавання і падключэнне да кантэксту еўрап. і сусв.культ. творчасці (гл.Адраджэнне нацыянальнае). Новы этап развіцця бел. К. пачаўся пасля абвяшчэння суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Ягож. Беларуская культура: Гіст. нарыс (X ст. — 1917 г.) // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 10;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 3. Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. Мн., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд.Мн., 1997;
Крукоўскі М. Чалавек не можа не тварыць // Мастацтва. 1998. № 1—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСО́НСТВА,
франкмасонства (франц. franc-maęn, літар. вольны муляр), вучэнне і практыка найбуйнейшага міжнар. тайнага т-ва элітарнага тыпу, якое аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў пад эгідай пошуку «сапраўдных шляхоў духоўнага аднаўлення грамадства». Асн. метад дзейнасці т-ва — спроба ўплываць на гіст. падзеі праз намаганні сваіх адэптаў у розных сферах грамадскай дзейнасці і вядучых дзярж. установах. Класічнае М. ўяўляла сабой рэліг.-этычны рух, удзельнікі якога імкнуліся стварыць тайную сусв. арг-цыю з мэтай аб’яднання чалавецтва ў братэрскім саюзе, незалежна ад яго нац., паліт., сац., рэліг. і інш. адрозненняў. Гіст. карані М. — у брацтвах «вольных муляраў» (буд. саюзах), што ўзніклі ў Германіі ў 12—13 ст. Вызначэнне «вольны» азначала апрацоўшчыка «вольных» парод каменю (мармур, вапняк). Т-вы «вольных муляраў» (цэхі, ложы) пашырыліся Ў Англіі, Італіі, Францыі. З канца 16 ст. ’англ. ложы пачалі прымаць у свае рады т.зв. «пабочных муляраў» — заможных адукаваных людзей, якія садзейнічалі адукацыі і маральнаму ўдасканаленню астатніх членаў лож. Уласна буд. т-вы зніклі ў пач. 18 ст., але брыт. «пабочныя муляры», захоўваючы знешнюю атрыбутыку дзейнасці апошніх, пачалі выкарыстоўваць ложы для абмеркавання праблем маральнага выхавання асобы і грамадства ў цэлым. У 1717 брыт. ложы ўтварылі Вял.брыт. ложу. Па яе даручэнні масон Дж.Андэрсан распрацаваў у 1721 «Кнігу канстытуцый» — першы сістэматызаваны зборнік прынцыпаў М., якія забаранялі масонам быць атэістамі і вальнадумцамі, падтрымліваць афіц. ўлады і прымаць удзел у паліт. рухах, замацоўвалі асн. іерархічныя ступені лож — вучань, падмайстар, майстар, уводзілі асобнае званне — наглядчык (сачыў за правільным выкананнем рытуалаў). Кожнага члена ложы звалі «братам», прымаліся асобы не маладзей за 25 гадоў і толькі пры згодзе ўсіх «братоў». Так званая Вял. ложа аб’ядноўвала майстроў і наглядчыкаў усіх лож краіны і ўзначальвалася Вял. майстрам. Рытуал выконваўся ў кожнай ложы з выкарыстаннем традыц. мулярскіх інструментаў (малаток, навугольнік, цыркуль) і адзення (пальчаткі, капялюш, фартух). У далейшым арганізац. іерархія М. ўскладнілася. Меліся ложы з 33 ступенямі (градусамі) і нават з 99. З 18 ст. М. пашырылася ў Францыі, Германіі, Швецыі, Расіі, ЗША і інш. краінах. Яго ідэйныя арыенціры (пошук эфектыўных метадаў матэрыяльнага і маральнага прагрэсу грамадства, знакаміты дэвіз масонаў: «свабода, роўнасць, братэрства», імкненне ўзвысіцца над класавымі, парт. супярэчнасцямі) былі прыцягальнымі для многіх дзярж. дзеячаў, пісьменнікаў, філосафаў розных краін. Пэўны антыклерыкалізм М. абумовіў варожасць Ватыкана да т-ва, многія папскія булы (у т. л. Льва XIII у 1884) абвяшчалі М. анафему.
У Беларусі і Літве масонскія ложы пачалі дзейнічаць з 2-й пал. 18 ст.як залежныя ад рас. і польскага М. У 1774 маёр рас. арміі Вердароўскі заснаваў у Полацку ложу «Талія». У Магілёве працавалі ложы «Да трох арлоў» (1770) і «Геркулес у калысцы» (1776). У 1781 у Вільні існавалі ложы «Дасканалае адзінства», «Руплівы літвін», «Добры пастыр», «Храм мудрасці», жаночая ложа «Дасканалая вернасць». У 1781 у Гродне засн. ложа «Шчаслівае вызваленне», у 1784 — пад той жа назвай ложа ў Нясвіжы. Пасля паўстання 1794 дзейнасць бел.-літ. лож прыпынілася і актывізавалася толькі ў 1810-я г. У гэты час узніклі масонскія ложы ў Вільні («Руплівы літвін», 1813; «Да храма мудрасці» і «Школа Сакрата», 1818; рус. ложа «Славянскі арол», 1819), у Мінску («Паўн. паходня», 1816, 200 чл. у 1822; «Гара Табар», 1818), Нясвіжы («Святыня спакою» і «Шчаслівае вызваленне», 1819), Слуцку («Уладзіслаў Ягайла»), Навагрудку («Вузел адзінства»), Гродне («Сябар чалавецтва»). Маладзёжныя т-вы філарэтаў, філаматаў і інш. структурай нагадвалі масонскія ложы. Кіраўнік філарэтаў Т.Зан быў членам віленскай ложы «Школа Сакрата». У 1822 усе масонскія ложы Рас. імперыі былі забаронены ўказам Аляксандра I. Яны пачалі аднаўляцца ў Маскве, Пецярбургу, Адэсе і інш. гарадах толькі з 1906—09. У Вільні ўзніклі ложы «Адзінства» (1910), «Літва» (1911), «Беларусь» (1914). Ёсць звесткі пра існаванне М. ў Віцебску і Мінску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны М. ў Расіі і Беларусі амаль спыніла дзейнасць. У сучасным свеце М. найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Агульная колькасць членаў лож складае, паводле розных звестак, ад 6 да 30 млн.чал. У Італіі, дзе ў 1981—82 адбыўся буйны паліт. скандал у сувязі з тайнымі «работамі» ложы «Прапаганда-2», у пач. 1990-х г. існавалі 582 ложы (16 700 чл.). Каля 400 лож у той час дзейнічала на Кубе. Кіраўніцтва дзейнасцю масонаў ажыццяўляецца на сходах (канферэнцыях) масонскіх лож свету, 1-ы з якіх адбыўся ў пач. 20 ст. ў Бруселі, пасля звычайна раз у 5 гадоў праводзяцца канферэнцыі. З канца 1980 — пач. 1990-х г. масоны аднавілі дзейнасць ва Усх. Еўропе (Будапешт, Белград, Прага, Варшава, Сафія), а таксама ў Расіі і некат. інш. рэспубліках б.СССР. У крас. 1991 дэлегацыя франц. масонаў стварыла ў Маскве брацтва «Паўночная зорка», у 1992 засн. роднасная ёй асацыяцыя «Свабодная Расія», а пазней — ложы «Паўночныя браты» і «Дзевяць муз», брацтвы «А.С.Пушкін» і «Мікалай Навікоў», а таксама асацыяцыі ў Санкт-Пецярбургу і Харкаве (Украіна). Куратарства дзейнасці вышэйназваных арг-цый ажыццяўляе парыжская ложа «Руская садружнасць», куды ўваходзяць 45 масонаў рас. паходжання. У сучасным М. вылучаецца 2 асн. плыні, якія прытрымліваюцца шатландскага або йоркскага рытуалу. Масоны імкнуцца да захавання таемнага характару сутнасці і метадаў сваіх «работ».
Літ.:
Дабранскі С. Масонскія лёжы ў Літве // Спадчына. 1997. № 1;
Ягож. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве // Там жа. №3;
Замойский Л.П. За фасадом масонского храма: Взгляд на пробл. М., 1990;
Соловьев О.Ф. Масонство в мировой политике XX в. М., 1998;
Sawicki J.Z dziejów «Wielkiego Wschodu Litwy» // Przegląd wschodni. 1997. Z. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА (ад грэч. logos слова, паняцце, розум),
сукупнасць навук, якія вывучаюць законы і правілы мыслення, спосабы развіцця і спасціжэння ведаў. Паводле Арыстоцеля, навука пра формы правільнага мыслення. І.Кант называў такую навуку фармальнай Л. У сучасным уяўленні фармальная Л. — навука аб законах высноўных ведаў, якія атрыманы з раней устаноўленых і правераных ісцін без звароту ў кожным канкрэтным выпадку да вопыту, а толькі ў выніку прыцягнення законаў і правіл мыслення; яе прадмет — даследаванне разважанняў (вывадаў і доказаў) з пункту погляду іх лагічнай формы (структуры) незалежна ад канкрэтнага зместу суджэнняў, што ў яго ўваходзяць. Пры аналізе лагічных працэсаў усе «асобныя» Л. карыстаюцца мовай сімвалаў і формул, якая будуецца ў адпаведнасці з агульнымі для ўсіх сістэм прынцыпамі Л.
У гіст. развіцці Л. прайшла некалькі этапаў. Фрагменты лагічных даследаванняў вядомы ў стараж.-інд. і стараж.-кіт. філасофіі. У стараж. Грэцыі Л. зарадзілася ў ранняй філасофіі і развівалася пад уплывам аратарскага мастацтва. Традыцыйная арыстоцелеўская Л. стала першай ступенню Л. высноўных ведаў, якая вывучае агульначалавечыя формы думак (паняцці і суджэнні), формы сувязі думак у разважанні (высновы), зафіксаваныя ў фармальна-лагічных законах (тоеснасці закон, супярэчнасці закон, выключанага трэцяга прынцып). Арыстоцель першы ўжыў метады фармальнага аналізу мыслення на аснове прынцыпу яго несупярэчлівасці, сфармуляваў правілы злічэння выказванняў, усебакова даследаваў адну з пашыраных форм розумазаключэнняў — сілагізм, стварыў закончаную тэорыю сілагістыкі, увёў знакавую сістэму лагічных пераменных. Прадстаўнікі мегарскай шкалы аналізавалі ўмоўныя і раздзяляльныя розумазаключэнні, увялі паняцце імплікацыі, вызначылі ідэю тэарэмы аб дэдукцыі і інш. Іх лагічныя ідэі развіты ў школе стоікаў. У раннім сярэдневякоўі Л. яксамаст. навука развівалася ў краінах арабскай культуры, дзе філасофія заставалася адносна незалежнай ад рэлігіі. У Еўропе складвалася ў асн. схаластычная Л. якцарк.-школьная дысцыпліна, якая прыстасавала элементы перыпатэтычнай Л. для абгрунтавання і сістэматызацыі хрысц. веравучэння. У 12—13 ст., калі творы Арыстоцеля былі кананізаваны царк. артадоксіяй, узнікла сярэдневяковая («несхаластычная») Л., асновы якой закладзены «Дыялектыкай» П.Абеляра. У творах У.Шэрвуда, Дунса Скота, Пятра Іспанскага, У.Окама, Ж.Бурыдана атрымалі развіццё палажэнні аб сферы дзеяння лагічных аперацый, адрозненні паміж формай і зместам, абгрунтаваны многія вядомыя цяпер законы Л. выказванняў, тэорыя дэдукцыі і інш. У эпоху Адраджэння Л. разглядалі як аснову «штучнага» мыслення і супрацьпастаўлялі ёй Л. «натуральнага мыслення», пад якой звычайна разумелі інтуіцыю і ўяўленне. У новы час патрэбы прыродазнаўства і тэхнікі выклікалі крытыку арыстоцелеўскай (у схаластычным тлумачэнні) Л., паслужылі стымулам у распрацоўцы індукцыйнай логікі, вучэння аб метадзе, праблем метадалогіі новай (эксперыментальнай) навукі аб прыродзе (Ф.Бэкан, Р.Дэкарт). І.Кант лічыў больш важнай за звычайную, традыц.Л., трансцэндэнтальную Л., якая даследуе ў формах мыслення тое, што забяспечвае ведам апрыёрны (давопытны) характар. Г.Гегель на ідэаліст., а К.Маркс і Ф.Энгельс на матэрыяліст. аснове стварылі вучэнне аб агульных законах і формах мыслення — логіку дыялектычную.
На Беларусі Л. з 17 ст. развівалася ў рэчышчы агульнанавук. даследаванняў законаў і аперацый лагічнага мыслення, распрацоўкі методыкі яе выкладання як вучэбнай дысцыпліны. Б.Дабшэвіч, аўтар некалькіх кніг па Л., лічыў яе першай з навук, здольных умацаваць сувязі паміж матэматыкай, прыродазнаўствам і філасофіяй дзеля пошуку ісціны; фундаментальнымі прынцыпамі Л. ён лічыў прынцыпы дастатковай падставы і адмаўлення. Прадстаўнік схаластычнай філасофіі М.Карскі разглядаў Л. як мову навукі. Паводле К.Нарбута, Л. — гэта навука, якая вучыць, як спасцігаць і спазнаваць ісціну, або мастацтва правільна мысліць. Я.Снядэцкі даследаваў лагічна-фармальныя заканамернасці мовы, сэнсу і ролі знакаў і сімвалаў у пазнанні і выкарыстанні мовы. А.Доўгірд пры распрацоўцы праблем сенсуалістычнай псіхалогіі, індукцыйных і разумовых здольнасцей чалавека і звязаных з імі суджэнняў, гіпотэз увёў паняцце «натуральнага сілагізму». Уклад у тэарэт. развіццё і методыку выкладання Л. зрабілі Б.Будны, С.Майман, Сімяон Полацкі, С.Шадурскі, В.Тылкоўскі і інш.
З 2-й пал. 19 ст. пачаўся якасна новы этап развіцця Л., звязаны з актуальнымі задачамі абгрунтавання і даследавання лагічных асноў матэматыкі, выкарыстаннем матэм. метадаў пры вырашэнні лагічных праблем. Г.Лейбніц лічыў магчымым стварыць своеасаблівы «алфавіт чалавечых думак» шляхам вылучэння зыходных паняццяў і суджэнняў. Ён заклаў асновы матэматычнай логікі (2-я ступень фармальнай Л.), тэорыі тоеснасці і гіпатэтыка-дэдукцыйнага метаду, сфармуляваў дастатковай падставы прынцып. Дж.Міль распрацаваў тэорыю індукцыйных розумазаключэнняў, метады даследавання прычыннай сувязі (гл.Прычыннасць). На аснове лагічнай спадчыны Лейбніца сфарміравалася сучасная алгебра логікі і логіка класаў (Дж.Буль, У.Джэванс, Ф.Морган, Ч.Пірс, Э.Шродэр, П.С.Парэцкі, Дж.Пеана, Б.Расел, А.Уайтхед). Г.Фрэге распрацаваў прынцыпы аксіяматычнай пабудовы злічэнняў, выказванняў і прэдыкатаў, паказаў адрозненне паміж лагічнымі законамі і правіламі лагічных вывадаў, мовы і метамовы, паклаў пачатак семантыкі лагічнай. У 1920—30-я г. створана мнагазначная Л. (Я.Лукасевіч, Э.Пост), праведзены новыя даследаванні суадносін паміж мадальнай і інтуіцыянісцкай Л. (К.Льюіс, В.Гліванг, А.Гейтынг). Гал. даследаванні пераносяцца ў метадалогію лагічных доказаў, удасканалення правіл і спосабаў пабудовы злічэнняў і вывучэння іх асн. уласцівасцей — незалежнасць пастулатаў, несупярэчлівасць і паўната (В.Акерман, К.Гёдэль, Ж.Эрбран, Д.Гільберт). З’явіліся класічныя працы па лагічнай семантыцы і тэорыі мадэлей (А.Тарскі, Л.Лёвенгайм, Т.Сколен, Гёдэль, А.І.Мальцаў), закладзены асновы вывучэння «машыннага мыслення» — тэорыі алгарытмаў (Гёдэль, С.Кліні, А.Чорч, А.А.Маркаў, А.М.Калмагораў і інш.). Метады лагічных аперацый і злічэнняў сталі шырока выкарыстоўвацца ў вылічальнай тэхніцы, кібернетыцы (алгебраічная тэорыя рэлейна-кантактных схем, тэорыя канечных аўтаматаў і інш.), у тэарэт. фізіцы (квантавая Л.), інфарматыцы (праграмаванне і даследаванні па штучным інтэлекце), у галіне гуманітарных ведаў (лінгвістыка, юрыспрудэнцыя і інш.). Прыкладны аспект лагічнага аналізу з яго шматлікімі праблемамі спрыяў узнікненню такіх кірункаў даследаванняў, яклогіка адносін, логіка навукі, Л. быцця, Л. змянення, Л. часткі і цэлага, лагічныя тэорыі ведаў, пераканання, уяўлення і інш.Гл. таксама Лагістыка, Лагіцызм, Логіка выказванняў, Логіка прэдыкатаў.
Літ.:
Маковельский А.О. История логики. М., 1967;
Кант И. Трактаты и письма: Пер. с нем. М., 1980;
Клаус Г. Введение в формальную логику: Пер. с нем. М., 1960;
Аристотель. Первая аналитика. Вторая аналитика // Соч.М., 1978. Т. 2;
Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ.М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗІДЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Ён увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з інш. дзяржавамі і міжнар. арганізацыямі; прымае меры па ахове суверэнітэту краіны, яе нац. бяспекі і тэр. цэласнасці, забяспечвае паліт. і эканам. стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзярж. улады, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж імі. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзей за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Прававой асновай для выбараў Прэзідэнта з’яўляюцца Канстытуцыя, Выбарчы кодэкс і некаторыя інш. прававыя акты Рэспублікі Беларусь. Выбары прызначае Палата прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь не пазней як за 5 мес, яны праводзяцца не пазней як за 2 мес да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта. Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта (іх колькасць не абмяжоўваецца) вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. Рэгістрацыю кандыдатаў у Прэзідэнты ажыццяўляе Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, паліт. партыям, грамадскім аб’яднанням, прац. калектывам, давераным асобам кандыдатаў у Прэзідэнты даецца права свабодна і ўсебакова абмяркоўваць выбарчыя праграмы кандыдатаў, іх паліт., дзелавыя і асабістыя якасці, праводзіць агітацыю за іх або супраць на сходах, мітынгах, тэлебачанні і радыё, у друку, у час сустрэч з выбаршчыкамі. Прэзідэнт выбіраецца непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 гадоў на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні ў парадку, устаноўленым Законам Рэспублікі Беларусь «Аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Ён заступае на пасаду пасля прынясення Прысягі ў прысутнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага суда, Вярх. суда і Вышэйшага гасп. суда не пазней як праз 2 мес з дня выбрання. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Прэзідэнта вызначаюцца Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» (1995, у новай рэдакцыі закона ад 7.7.1997). Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 10.7.1994 абраны А.Р.Лукашэнка, 9.9.2001 ён перавыбраны на другі тэрмін.
Прэзідэнт ажыццяўляе сваю дзейнасць з мэтай развіцця Рэспублікі Беларусь якдэмакр.сац. прававой дзяржавы, паляпшэння яе эканам. становішча, павышэння дабрабыту народа і на аснове прынцыпаў роўнасці сац., нац. і інш. супольнасцей, абароны правоў і інтарэсаў чалавека, забеспячэння роўнасці кожнага перад законам. Толькі Прэзідэнт можа прызначаць рэсп. рэферэндум (нар. галасаванне), чарговыя і нечарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і мясц. прадстаўнічыя органы, датэрмінова спыняць паўнамоцтвы палат Парламента (адзін са спосабаў вырашэння канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі). Прэзідэнт мае права самастойна або ва ўзаемадзеянні з інш. органамі прызначаць на пасады кіраўнікоў дзярж. органаў. Ён прызначае 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў. Прэзідэнт мае права ствараць, скасоўваць або рэарганізоўваць свой рабочы орган — Адміністрацыю Прэзідэнта, органы дзярж. кіравання і кансультатыўна-дарадчыя органы пры Прэзідэнце. Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў прызначае на пасаду Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. У выпадку двухразовай адмовы Палаты прадстаўнікоў у дазволе на назначэнне Прэм’ер-міністра Прэзідэнт мае права прызначыць выконваючага абавязкі Прэм’ер-міністра, распусціць Палату прадстаўнікоў і прызначыць новыя выбары. Прэзідэнт вызначае структуру Урада, прызначае і вызваляе ад пасады намеснікаў Прэм’ер-міністра і інш. членаў Урада, прымае іх адстаўку. Са згоды Савета Рэспублікі Прэзідэнт прызначае на пасады: Старшыню Канстытуцыйнага суда, Старшыню і суддзяў Вярх. суда, Старшыню і суддзяў Вышэйшага гасп. суда Рэспублікі Беларусь з ліку суддзяў гэтых судоў, Старшыню Цэнтр. камісіі па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыню і членаў Праўлення Нац. банка. З улікам роўнага ўдзелу Прэзідэнта і Парламента ў фарміраванні Канстытуцыйнага суда ён самастойна вырашае пытанне аб прызначэнні 6 з 12 суддзяў Канстытуцыйнага суда. Прэзідэнт таксама прызначае і вызваляе ад пасады Старшыню Камітэта дзярж. кантролю.
Прэзідэнт звяртаецца з пасланнямі да народа Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў краіне і аб асн. кірунках унутр. і знешняй палітыкі, са штогадовымі пасланнямі — да Парламента. Ён мае права ўдзельнічаць у рабоце Парламента і яго органаў, старшынстваваць на пасяджэннях урада. Прэзідэнт вырашае пытанні, звязаныя з прыёмам у грамадзянства Рэспублікі Беларусь, яго спыненнем і прадастаўленнем прытулку. Ён устанаўлівае дзярж. святы і святочныя дні, правамоцны ўзнагароджваць дзярж. ўзнагародамі, прысвойваць класныя чыны і ганаровыя званні, ажыццяўляць памілаванне асуджаных. Прэрагатывай Прэзідэнта з’яўляецца вядзенне перагавораў і падпісанне міжнар. дагавораў, назначэнне і адкліканне дыпламат. прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнар. арганізацыях, прыём даверчых і адзыўных грамат акрэдытаваных пры ім дыпламат. прадстаўнікоў замежных дзяржаў. У выпадку стыхійнага бедства, катастрофы або беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэр. цэласнасці і існаванню дзяржавы, Прэзідэнт уводзіць на тэр. краіны або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча. Прынятае Прэзідэнтам рашэнне аб увядзенні надзвычайнага становішча ў трохдзённы тэрмін уносіцца на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. У выпадках, прадугледжаных законам, Прэзідэнт мае права адкласці правядзенне забастоўкі (не больш як на 3 мес), адмяняць акты Урада. З мэтай забеспячэння прынцыпу раздзялення ўлад, узаемнага стрымлівання і ўзаемаўплыву заканад. і выканаўчай улад Прэзідэнт падпісвае ўсе законы. Ён ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства мясц. органамі кіравання і самакіравання. Прэзідэнт фарміруе і ўзначальвае Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады дзяржаўнага сакратара Савета Рэспублікі. Ён з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасады і вызваляе ад пасад вышэйшае камандаванне Узбр. Сіл і ў выпадку ваеннай пагрозы ўводзіць на тэр. Беларусі надзвычайнае становішча, аб’яўляе поўную або частковую мабілізацыю з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. У выпадку нечаканага ўварвання ўзбр. сіл на тэр. Беларусі або наўмыснага ўварвання ў яе паветраную прастору ён мае права аддаць загад аб пачатку ваен. дзеянняў без аб’яўлення вайны. Прэзідэнт валодае правам заканадаўчай ініцыятывы, выдае ўказы, распараджэнні і дэкрэты, якія маюць абавязковую сілу на тэр. Беларусі. Ён можа ў любы час падаць у адстаўку, якая прымаецца Палатай прадстаўнікоў, або датэрмінова быць вызвалены ад пасады на падставе і ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягі новаабраным Прэзідэнтам пераходзяць да Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка.Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КЦЫЯ (ад лац. abstractio адцягненне),
метад навук. даследавання, заснаваны на мысленным вылучэнні істотных уласцівасцяў і сувязяў, агульнай адзнакі, якая характарызуе пэўны клас прадметаў і адцягненні ад інш. прыватных яго ўласцівасцяў і сувязяў; вынік працэсу абстрагавання, сінонім «мысленнага», «паняційнага». За кошт такога звужэння (спрашчэння) мадэлі аб’екта адкрываецца магчымасць пазнання фундаментальных бакоў і сувязяў у параўнанні з зыходнай мадэллю. Ступень абстрактнасці паняцця расце адпаведна павелічэнню яго аб’ёму і звужэнню зместу, што забяспечвае больш глыбокае пранікненне думкі ў аб’ект. Даволі абстрактныя паняцці, зведзеныя ў лагічна ўпарадкаваныя сістэмы, з’яўляюцца не толькі адлюстраваннем фундаментальнага парадку свету, але і лагічнымі, універсальнымі формамі думкі (напр., філасофія). На розных ступенях пазнання і культуры абстракцыя не заўсёды існуе ў сваёй уласнай форме; нават у народаў з развітой культурай у паўсядзённай свядомасці пераважаюць паняцці наглядна-эмпірычнага характару. Павышэнне ўзроўню абстрактнасці паняццяў, з якіх фарміруецца сістэма ведаў, — паказчык развітасці і тэарэтычнага ўзроўню навукі, яе практычнай эфектыўнасці. Часам тэрмін «абстракцыя» выкарыстоўваюць для абазначэння адарванасці навукі ад практыкі і рэчаіснасці (уласцівы абстрактна-лагічнаму «вобразу» свету). Аднак мера абстракцыі змяншаецца разам з дэталізацыяй і ростам сістэмнасці «вобраза». Паслядоўна разгортваючыся ў абстрактна-лагічных сістэмах, пазнанне праходзіць свой асаблівы шлях, накіраваны да канкрэтнага, да свету законаў, якія кіруюць бясконцай разнастайнасцю прадметаў і з’яў. На веданні такіх законаў аб’ектыўнай рэальнасці трымаецца ў канчатковым выніку ўвесь прагрэс чалавецтва.
У залежнасці ад мэтавай характарыстыкі вылучаюць, некалькі відаў абстракцыі: абстракцыя атаясамлівання (абстрагаванне ад уласцівасцяў рэчаў, якія адрозніваюцца паміж сабой, і вылучэнне аднолькавых, падобных, агульных, тоесных уласцівасцяў); ізалявальная абстракцыя (вычляненне з’явы, якая даследуецца з пэўнай цэласнасці); абагульняльная абстракцыя (дае абагульненую карціну з’явы); абстракцыя актуальнай бесканечнасці (абумоўлівае магчымасць абстрагавання ад незавершанасці і незавяршальнасці працэсу ўтварэння бясконцых мностваў і аперыравання імі на аснове законаў і правілаў матэматыкі і логікі); абстракцыя патэнцыяльнай ажыццявімасці (абстрагаванне ад канструктыўных магчымасцяў чалавека і прыняцце рэальнай ажыццявімасці пэўных крокаў). Сучасны наміналізм пазітывісцкага кірунку адмаўляе неабходнасць для навукі абстракцый высокіх узроўняў, чым пазбаўляе яе важнейшых сродкаў адлюстравання рэчаіснасці і патэнцыяльных магчымасцяў. У дыялектычнай логіцы слова «абстракцыя» ўжываецца таксама як паняцце «аднабаковае», «неразвітое», у адрозненне ад канкрэтнага (гл.Абстрактнае і канкрэтнае).
Літ.:
Лазарев Ф.В. О природе научных абстракций. М., 1971;
Новосёлов М.М. Абстракция и научный метод // Логика научного познания. М., 1987;
Зуев Ю., Широканов Д. Генезис логических форм «единично-общее» и процедура обобщения // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАНО́МІЯ (ад аўта... + грэч. nomos закон),
1) права на самастойнае ажыццяўленне пэўных функцый дзярж. улады ці на кіраванне якой-небудзь часткай дзяржавы, дадзенае агульнадзярж. канстытуцыяй. Аўтаномія звычайна будуецца паводле адм.-тэр. прынцыпу і можа мець розную арганізацыю — рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нац., рэліг. супольнасць. Адрозніваюць палітычную, адміністрацыйную аўтаномію. У б.СССРпалітычная аўтаномія была дадзена аўт. рэспублікам, якія з’яўляліся нац. дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, уласнае грамадзянства; адміністрацыйную аўтаномію мелі аўтаномныя вобласці і аўтаномныя акругі, якія лічыліся нац.-тэр. ўтварэннямі, а не дзяржавамі; яны не мелі сваёй канстытуцыі, грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адм. кіравання. Усяго ў СССР існавала 38 аўтаномных адзінак: 20 аўт. рэспублік, 8 аўт. абласцей і 10 аўт. акруг. Паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі 1993, існуюць 1 аўтаномная вобласць — Яўрэйская і 10 аўт. акруг. Тэр. Іспаніі падзелена на 17 аўт. абласцей, якія аб’ядноўваюць 50 правінцый. У Кітаі існуе 5 аўт. раёнаў; у Партугаліі такі статус маюць Азорскія а-вы і а-вы Мадэйра. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў інш. краінах свету (напр., у Бельгіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Грузіі, Таджыкістане і інш.). Даецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нац. супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканам., паліт. і культ. развіцця.
2) Аўтаномія нацыянальна-культурная — свабоднае, самаст. функцыянаванне і развіццё нац. культур асобных этн. супольнасцяў, што грунтуецца на канстытуцыі ці інш. заканадаўчых актах краіны. Можа існаваць у форме нац. саветаў, школ, культ.-асв. устаноў і інш. На Беларусі ў 1920—30-я г. ў месцах кампактнага пражывання нац. меншасцяў былі нац. сельскія і местачковыя саветы з правамі аўтаноміі: 23 яўр., 23 польск., 16 рус., 5 лат., 2 укр. і 2 ням.нац. Саветы, а таксама Койданаўскі польскі нац. раён; дзейнічалі нац. школы, нар. дамы, хаты-чытальні, тэатры, маст. студыі, літ. аб’яднанні, выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нац. меншасцяў. У канцы 1930-х — 40-я г. ўсе формы нац.-культ. аўтаноміі ў БССР ліквідаваны. Іх адраджэнне пачалося ў 1980—90-я г. Створаны шэраг нац. грамадскіх арганізацый, у т. л.Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», Бел. аб’яднанні яўр. арг-цый і суполак, Бел. згуртаванне татараў-мусульман «Аль-кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны, культ.-асв. ўстановы, выходзяць перыяд. выданні на мовах асобных нац. супольнасцяў краіны.
3) Аўтаномія царкоўная — самастойнасць, незалежнасць царквы ў пытаннях унутр. кіравання (гл.Аўтакефалія).