АБЫВА́ЦЕЛІ,

1) назва паўнапраўных грамадзян у прававых актах 16 ст. ў ВКЛ і Польшчы. У 17—18 ст. абывацелямі называлі шляхціцаў Рэчы Паспалітай, у 19 — пач. 20 ст. — памешчыкаў на тэр. Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы.

2) У Рас. імперыі афіц. назва саслоўя гараджан, а таксама назва сталых жыхароў якой-н. мясцовасці.

3) Людзі, якія жывуць дробнымі, вузкаасабістымі інтарэсамі.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1880 у Оршы на месцы царквы 1460 на левым беразе Дняпра.

Храм крыжова-купальнай кампазіцыі з 5-граннай апсідай і шатровай званіцай. Фасады дэкарыраваны філёнгамі, раскрапоўкамі, карнізамі, какошнікамі. Цэнтр. частка асн. аб’ёму завершана купалам. Тэр. царквы абнесена каменнай агароджай з брамай, вуглавымі вежамі і контрфорсамі.

Аршанская Ільінская царква.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМА́Н (Ібн Афан) (?—656),

трэці праведны халіф (з 644) у Араб. халіфаце; адзін з паплечнікаў і зяць Мухамеда. З роду Амеядаў. Па яго даручэнні складзена афіц. рэдакцыя Карана. Пры Асману тэр. халіфата значна пашырылася. Аддаваў перавагу меканскай, пераважна амеядскай, знаці. Яго палітыка выклікала незадаволенасць у войску і сярод часткі араб. знаці. Забіты ў час паўстання ў Медыне.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРВЕ́ТА,

рака ў Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. і Літве, правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 34 км, у т. л. ў межах Беларусі 3 км. Пл. вадазбору 1600 км².

Пачынаецца з воз. Эрзветас і цячэ на працягу 31 км па тэр. Літвы. Ніжэй цячэ па Полацкай нізіне. Асн. прыток на Беларусі — р. Мядзелка.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЗМ,

сукупнасць працэсаў і з’яў, звязаных з перамяшчэннем магмы ў верхняй мантыі, зямной кары і на паверхні Зямлі. Тыповае праяўленне паверхневага вулканізму — вулканы, глыбіннага — інтрузіі і змяненні горных парод пры сутыкненні з магмай (гл. Магматызм). Вулканізм звязаны з сейсмічна актыўнымі зонамі зямной кары і гораўтваральнымі рухамі. На тэр. Беларусі шырока праяўляўся ў вендзе і познім дэвоне.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУКА́Т (італьян. ducato ад позналац. ducatus герцагства),

агульнаеўрапейская назва залатой манеты, якую з 1284 чаканіла Венецыя. Чаканілі ў Венгрыі і Чэхіі (каля 1325—26), Германіі (сярэдзіна 14 ст.), Польшчы (1320, 1528), ВКЛ (1562). На тэр. Беларусі ў 14—16 ст. найб. пашыраны венгерскі Д., у 16—18 ст. абарачаўся Д. Паўд. Нідэрландаў і Германіі.

Дукат ВКЛ. 1561.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́РПЦКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

феадальная дзяржава ў Лівоніі (тэр. паўд.-ўсх. ч. сучаснай Эстоніі з г. Тарту). Засн. ў 1224 рыжскім епіскапам Альбертам, які ўзначаліў агрэсію ням. крыжакоў у Прыбалтыку. На чале стаяў каталіцкі епіскап, буйны феадал-землеўладальнік. Феад. ўсобіцы, а таксама Рэфармацыя ў пач. 16 ст. аслабілі Д.е., і на пач. Лівонскай вайны 1558—83 яно перастала існаваць.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МБУРГСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура канца верхняга палеаліту (каля 11 тыс. г. да н.э.) на тэр. паўн. Германіі і Нідэрландаў. Насельніцтва ў асноўным займалася паляваннем на паўн. аленяў, што ішлі з Пд за адступаючым ледавіком, мела жытлы — круглыя і авальныя палаткі. Тыповымі прыладамі былі невял. крамянёвыя наканечнікі з бакавой выемкай, разцы з рога аленя з крамянёвымі ўкладышамі.

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎБУШ (Алекса Васілевіч) (1700, с. Печанежын Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 4.9.1745),

кіраўнік нац.вызв. і антыфеад. руху ўкр. апрышкаў. Атрад Д. (каля 50 чал.) у 1738—45 дзейнічаў на тэр. зах. раёнаў Украіны (Галіцыя, Букавіна, Закарпацце), нападаў на маёнткі шляхты, арандатараў, захопліваў іх маёмасць і раздаваў сялянам. Быў забіты. Імя Д. вядома таксама ў Польшчы, Малдове, Венгрыі.

т. 6, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШНЕ́ВІЧ (Міхал) (1797, Мінск — 1862),

бел. астраном. Магістр філасофіі. Скончыў Віленскі ун-т. У 1819—48 працаваў у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Вёў назіранні планет, Месяца, зацьменняў зорак Месяцам. У 1824 з геадэзістам І.І.Ходзькам праводзіў градусныя вымярэнні на тэр. Беларусі. Вынікі яго даследаванняў ў 1838—46 публікаваліся ў выданнях абсерваторыі, а некат. працы — у час. «Astronomische Nachrichten» («Веснік астраноміі»).

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)