спецыяльна падрыхтаваная паласа на зямной паверхні, надземнае або падземнае збудаванне для перамяшчэння трансп. і інш.тэхн. сродкаў, людзей, грузаў. Адрозніваюць Д.: бязрэйкавыя (аўтамабільныя дарогі, трактарныя, веласіпедныя, для гужавога транспарту, прагону жывёлы, падвесныя канатныя дарогі і інш.); рэйкавыя наземныя (чыгунка), падземныя (метрапалітэн), навясныя або падвесныя манарэйкавыя дарогі, наземныя канатныя (для перамяшчэння ваганетак з грузам па вузкакалейных пуцях з дапамогай канатнай цягі). На Д. будуюць масты, тунэлі, пуцеправоды, ставяць агароджы, знакі дарожныя і інш. сродкі тэлекамунікацый.
Сетка Д. (звычайна без пакрыццяў) пачала складвацца ў Еўразіі ў 5-м тыс. да н.э. Хеты і асірыйцы будавалі Д. значнай працягласці, часта з каменнымі пакрыццямі. У Стараж. Рыме ў канцы 4 ст. да н.э. пабудавана першая брукаваная Апіева дарога. З 2 ст. да н.э. наладжаны караванны Вялікі шаўковы шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі. На тэр. Беларусі сетка грунтавых Д. пачала складвацца ў 7—9 ст. З 9 ст. наладжаны водны шлях з «варагаў у грэкі» з выкарыстаннем паміж рэкамі прасцейшых сухапутных Д. З 11—12 ст. паступова будуецца і набывае значэнне Д. Масква—Смаленск—Мінск—Брэст (наз. «Вялікая Смаленская», або «Пасольская»). Пашырыліся паштовыя дарогі са станцыямі, корчмамі. мытнямі, ямской службай. У 19 ст. праз Беларусь пракладзены 2 важнейшыя шашэйныя Д. Расійскай імперыі — Масква—Варшава і Санкт-Пецярбург—Кіеў. У пач. 19 ст. вынайдзена дарожнае адзенне з суцэльнага слоя ўтрамбаванага друзу, што выклікала інтэнсіўнае буд-ва ва ўсіх краінах Д. з цвёрдым (пераважна друзавым) пакрыццём. Са з’яўленнем аўтамабіляў пачалося буд-ва Д. з асфальтавым пакрыццём. Развіццё дарожнага буд-ва стымулявала стварэнне спец.дарожных машын, вытв-сцьдарожна-будаўнічых матэрыялаў, распрацоўку тэхналогій дарожна-будаўнічых работ.
І.І.Леановіч.
Да арт.Дарога. Дарожны вузел (развязка) э мостам цераз раку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯРЫ́НЫ СТЫЛЬ,
у мастацтве, умоўная назва шырока распаўсюджанага ў стараж. мастацтве стылізаванага ўвасаблення жывёл, частак іх цела ці кампазіцый з некалькіх жывёл. Узнік у бронзавым веку, найб. пашыраны ў жал. веку і мастацтве раннекласавых дзяржаў. Першапачаткова звязаны з культам жывёлы (гл.Татэмізм). Найб.стараж. ўзоры З.с. вядомы ў Егіпце і Месапатаміі, Закаўказзі і Паўн. Каўказе (3-е тыс. да н.э.), у Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Індыі, Кітаі, Паволжы, Паўд. Сібіры (2-е тыс. да н.э.). Найб. развіты ў скіфа-сармацкім мастацтве Паўн. Прычарнамор’я і мастацтве плямён Паўд. Сібіры 1-га тыс. да н.э. і першых стагоддзяў н.э. Скіфскі З.с. склаўся пад уплывам мастацтва Ірана і Пярэдняй Азіі, Прычарнамор’я — стараж.-грэч. мастацтва. Для яго характэрны дынамічнасць кампазіцыі, рэаліст. перадача форм і рухаў жывёл. Найб. пашыраны зааморфныя выявы. Прыёмы ўвасаблення разнастайныя: гравіроўка па метале, ліццё, разьба па дрэве і косці, аплікацыі са скуры і лямцу; вядома таксама татуіроўка чалавечага цела ў З.с. Пераплеценыя целы жывёл, што ўтваралі арнаментальныя кампазіцыі, аздабляліся каляровымі ўстаўкамі з эмалі, шкла і інш. З часам рэаліст. пачатак быў выцеснены рысамі дэкар. умоўнасці і стылізацыі. З.с. мастацтва нарманаў (8 ст.) характарызуецца экспрэсіўнасцю, надзвычай стылізаваным адлюстраваннем звяроў, птушак і змей, што губляюцца ў складаных перапляценнях геам. ўзору. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. З.с. паступова страціў сваё значэнне. Дэкар. выявы жывёл, пазбаўленыя свайго першапачатковага магічнага сэнсу, працягвалі існаваць у сярэдневяковым мастацтве (ювелірныя вырабы, кніжная мініяцюра, разьба па дрэве, косці і камені, каменны арх. дэкор і інш.) і нар. творчасці.
Літ.:
Тяжелов В.Н. Искусство средних веков в Западной и Центральной Европе. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́ЖСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры Еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.7.1944. Пл. 29,9 тыс.км². Нас. 1097 тыс.чал., гарадскога 72% (1996). Цэнтр — г.Калуга. Найб. гарады: Обнінск, Людзінава, Сухінічы, Кондрава, Малаяраславец, Кіраў.
Прырода. Паверхня — узгорыстая раўніна, густа расчлянёная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Большая ч.тэр. занята Смаленскім і Сярэднярускім узвышшамі. Пераважаюць вышыні 150—250 м, найб. 279 м. Карысныя выкапні: буры вугаль, фасфарыты, вапнякі, гліны, кварцавыя пяскі, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 18 °C. Гадавая колькасць ападкаў 550—650 мм. Гал. рэкі: Ака з прытокамі Жыздра, Угра, Шаня, Таруса, Пратва (бас.р. Волга), Балва і Снопаць (бас.р. Дняпро). Многа штучных вадаёмаў, найб. Людзінаўскае вадасховішча. Глебы на Пн і ПдЗ дзярнова-падзолістыя, у цэнтры і на У шэрыя лясныя. Пад лесам (хвоя, елка, бяроза, асіна) каля 40% тэр. У межах К.в. Угрынска-Жыздрынскі нац. парк і запаведнік «Калужскія засекі».
Гаспадарка. Прамысловасць шматгаліновая: маш.-буд. і металаапр. (турбіны, цеплавозы, электратэхн. вырабы, прылады, помпы, пуцеўкладчыкі), лёгкая (шарсцяная, гарбарная, трыкатажная, швейная, маст. вырабаў), харч. (мясная, плодакансервавая, крухмальная), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (піламатэрыялы, мэбля, запалкі, папера), буд. матэрыялаў (шкло, фаянс, жалезабетонныя вырабы, цэгла), хім. (вырабы з пластмасы і палімерных матэрыялаў). Здабыча бурага вугалю (Падмаскоўны вугальны бас.), торфу, буд. матэрыялаў. Першая ў свеце АЭС (Обнінск). Пад с.-г. ўгоддзямі 46,6% тэр. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, грэчка, ячмень, пшаніца, авёс), бульбу, агародніну, кармавыя культуры, з тэхнічных — лён-даўгунец. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Свіна-, авечка-, птушкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 361,4, свіней — 153. Па тэр. К.в. праходзяць чыгункі Масква—Сухінічы—Унеча, Вязьма—Калуга—Тула, Смаленск—Сухінічы—Бялёў, Вязьма—Людзінава—Бранск; аўтадарогі Масква—Малаяраславец—Рослаўль, Масква—Калуга—Арол. Суднаходства па р. Ака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМБРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД) (ад Камбрыя, Cambria — лац. назва Уэльса),
кембрый, першая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае першаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца вендскай і перакрываецца ардовікскай сістэмамі. Пачалася 570 і доўжылася да 510 млн. гадоў назад. Вылучана англ. геолагам А.Седжвікам у 1835. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): ніжні (ранняя), сярэдні (сярэдняя), верхні (позняя). Для Усх.-Еўрап. платформы прыняты ярусы: для ніжняга аддзела — тамоцкі, атдабанскі, батомскі, таёнскі; сярэдняга — амгінскі, майскі; верхняга — аюсаканскі, сакскі, аксайскі. У Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы расчляняецца на фауністычныя зоны.
Кембрыйскі перыяд характарызуецца шырокай трансгрэсіяй мора. Адбылося значнае апусканне на мацерыках Паўн. паўшар’я, а ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Антарктыдзе пераважалі падняцці. Актывізавалася вулканічная і інтрузіўная дзейнасць, змяніўся працэс асадканамнажэння ў морах і акіянах. Існаванне розных палеагеагр. умоў стварыла складаныя структурна-фацыяльныя комплексы адкладаў, якія падзяляюцца на 2 асн. тыпы: тэрыгенны (Усх.-Еўрап., Паўн.-Амер. стараж. платформы і прылеглыя рэгіёны) і карбанатны (Сібірская, Кіт.стараж. платформы і прылеглыя складкавыя вобласці), сярод якіх трапляюцца эвапарытавыя (солі, некат. вапнякі і даламіты) і чарнасланцавыя намнажэнні. У кембрыі з’явіліся жывёлы з цвёрдым шкілетам. У канцы перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, але найб. пашыраны былі трылабіты. Для ранняга кембрыю характэрны археацыяты. З іншых груп фауны ў К.с.(п.) існавалі брахіяподы, малюскі, губкі, кішачнаполасцевыя, чэрві, ігласкурыя, грапталіты. Раслінны свет прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі.
На Беларусі кембрыйскія адклады пашыраны ў паўд.-зах. (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна) і паўн.-зах. (схіл Беларускай антэклізы) частках тэрыторыі. Прадстаўлены ніжнім і сярэднім аддзеламі, у складзе якіх вылучаны гарызонты: ровенскі, лантаваскі, дамінапольскі, вергальскі, раўсвенскі (ніжні аддзел); кібартайскі (сярэдні). Завяршае разрэз палеанталагічна не ахарактарызаваная орлінская світа. Адклады прадстаўлены глінамі, алеўралітамі, пясчанікамі (магутнасць да 436 м). Кембрыйскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Радовішчы нафты выяўлены ў Балт. сінеклізе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-МЕ́КСІКА (New Mexico),
штат на ПдЗ ЗША Пл. 315 тыс.км². Нас. 1,7 млн.чал. (1998). Адм. цэнтр — г. Санта-Фе, гал.эканам. цэнтр — г.Альбукерке. Большая частка тэр. занята паўд. адгор’ямі Скалістых гор (выш. да 4011 м), плато Лана-Эстакада (на У) і Каларада (на З). Клімат субтрапічны, засушлівы. Т-ра паветра ад 8 °C у студз. да 28 °C у ліпені. Ападкаў 250—500 мм за год. У гарах халадней і вільготней. На плато саванная і стэпавая расліннасць, горы ўкрыты хваёвым лесам. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па здабычы карысных выкапняў: уранавай руды (каля 2/3 разведаных запасаў урану ў ЗША), калійных солей (каля 80% здабычы ў краіне), нафты, прыроднага газу, руд цынку і поліметалаў. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр. і нафтахім., электронная, каляровая металургія, харч., атамная. Цэнтр атамнай прам-сці — г. Лос-Аламас. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1999): буйн. раг. жывёлы 1,6 млн. галоў, авечак 0,3 млн. галоў. Птушкагадоўля. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бавоўну, сорга, кукурузу, пшаніцу, агародніну. Турызм. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.
На тэр. Н.-М., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны, еўрапейцы з’явіліся ў 1539. У 1598 першыя паселішчы заснавалі іспанцы, якія здабывалі тут серабро. У 1771 у складзе ісп. калоніі Новая Іспанія. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 увайшла ў склад Мексікі (1821). У час амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 захоплена ЗША, у 1850 занятая імі тэрыторыя названа Н.-М. (уваходзілі сучасныя штаты Юга, Арызона, частка тэр. Тэхаса і Каларада). У 19 ст. індзейцы Н.-М. неаднаразова паўставалі (1863, 1882, 1886). З 1912 Н.-М. — 47-ы штат ЗША. У 1943 на яго тэр. (г. Лос-Аламас) створана і ў 1945 выпрабавана (г. Аламагорда) першая атамная бомба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІТАЛО́ГІЯ (ад паразіты + ...логія),
біялагічная навука пра паразітычныя арганізмы, выкліканыя імі хваробы жывёл, чалавека і раслін, метады і сродкі барацьбы з паразітозамі. Падзяляецца на агульную, мед., вет., экалагічную і агранамічную. Асн. метады даследавання — мікраскапічны, эксперым., клінічны. Зачаткі П. ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Сістэм. вывучэнне паразітаў пачалося ў 18 ст. (К.Ліней, П.С.Палас, К.І.Скрабін і інш.). На Беларусі пытанні П. сістэматычна вывучаюцца з 1920—30-х г.: даследавалася фауна паразітычных прасцейшых (П.М.Мардасаў, К.Ф.Расцягаева, С.П.Сузько, В.Л.Якімаў і інш.), кляшчоў (М.А.Аленеў, А.Е.Беліцэр, В.Ф.Гусеў), насякомых (Р.Я.Бей-Біенка, А.У.Бург, А.Р.Маеўскі і інш.), гельмінтаў (Х.С.Гарагляд, В.Ф.Чарвякоў і інш.), узбуджальнікаў хвароб раслін (В.Ф.Купрэвіч, М.А.Дарожкін). Даследаванні вядуцца ў ін-тах заалогіі, эксперым. батанікі, Нац.АН Беларусі, Бел.НДІ аховы раслін, эксперым. ветэрынарыі, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Брэсцкім пед. ун-це і інш.Асн. кірункі даследаванняў: арахнаэнтамалагічны, гельмінталагічны, протазаалагічны, паразітацэналагічны. У 1970—90-я г. высвятляліся асаблівасці і краявой П., распрацоўваліся метады дыягностыкі і ліквідацыі асн. паразітаў, вывучаўся іх патагенез і клініка, фауна, экалагічная і эпідэміял. значнасць гельмінтаў, крывасосных кляшчоў і насякомых у лясных біяцэнозах, урбаландшафтах, з 1986 у зоне аварыі Чарнобыльскай АЭС. Распрацаваны інтэгральны кантроль крывасосных мошак па прафілактыцы сімуліятаксікозу буйн. раг. жывёлы, практычныя рэкамендацыі па барацьбе з эймерыёзамі с.-г. жывёл, птушак і абмежаванні пашырэння асн. узбуджальнікаў хвароб. Найб. ўклад у гэтыя даследаванні зрабілі І.Ц.Арзамасаў, М.П.Карасёў, А.І.Ятусевіч, Н.С.Балагіна, Е.І.Бычкова, АС.Гембіцкі, В.М.Капліч, К.М.Кірыенка, А.Г.Лабецкая, І.В.Меркушова, М.М.Трухан, Н.В.Цярошкіна, І.В.Чыкілеўская, Г.А.Яфрэмава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУНЫ́, рэптыліі (Reptilia),
клас вышэйшых пазваночных (амніёт). Вядомы з сярэдняга карбону (каля 300 млн.г. назад). Паходзяць ад стэгацэфалаў; мелі 2 гал.эвалюц. ствалы — зверападобных (далі пачатак млекакормячым) і дыяпсід (архазаўраў і лепідазаўраў, якія далі пачатак птушкам). Найб. разнастайныя былі ў мезазойскую эру (каля 200—150 млн.г. назад), калі сярод іх з’явіліся марскія (іхтыязаўры і інш.) і лятаючыя (птэразаўры) формы. 4 сучасныя атр.: кракадзілы, лускаватыя, чарапахі і дзюбагаловыя; больш за 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балот і вадаёмаў. Некат. ўпадаюць у зімовую або летнюю спячку. Каля 150 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 відаў: вераценніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчаркі жывародная і порсткая. Мядзянка і чарапаха балотная занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. ад некалькіх сантыметраў (некат. яшчаркі) да 10 м (некат. змеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кг і больш (некат. кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой луской, пласцінкамі або панцырам. Канечнасці пяціпальцыя, у некат. відазмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (змеі, некат. яшчаркі). П. — пайкілатэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамернае (у кракадзілаў чатырохкамернае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеум). Сярод змей і яшчарак ёсць ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некат. чарапахі і яшчаркі расліннаедныя. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласціва яйцажыванараджэнне і жыванараджэнне; некат. змеям і яшчаркам уласцівы партэнагенез. Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты змяінага яду выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Вывучае П. герпеталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКІ́ (Beta),
род адна-, двух- і шматгадовых травяністых раслін сям. лебядовых. 6 відаў (па іншых звестках 15). Пашыраны ў Зах. Еўропе, Міжземнамор’і, Зах. Азіі, Індыі, вырошчваюць таксама ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. У культуры двухгадовыя віды: буракі лісцевыя, ці мангольд, і буракі звычайныя караняплодныя (B. vulgaris), да якіх належаць групы разнавіднасцей цукр., сталовых і кармавых буракоў. Пачалі спажываць карані буракоў у 3—1 ст. да н.э. У канцы 12 ст. з’явіліся ў культуры кармавыя формы, у 18—19 ст. — цукровыя. На Беларусі буракі ў культуры з 1830-х г.
У 1-ы год буракі ўтвараюць сакаўны мясісты караняплод з разеткай лісця, на 2-і даюць кветаносы і насенне. Сцябло травяністае, прамастойнае, галінастае, паяўляецца на 2-і год. Лісце буйное, гладкае або хвалістае, прыкаранёвае на доўгіх чаранках, сцябловае амаль сядзячае. Кветкі двухполыя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца, утвараючы суплоддзі — клубочкі.
Сталовыя буракі (агароднінныя) культывуюцца ў 2 формах: сталовыя караняплодныя (больш пашыраныя) і буракі лісцевыя (мангольд). Караняплоды масай 0,4—0,9 кг, цёмна-чырвоныя, бардовыя, чырвона-фіялетавыя, багатыя цукрам (9—16%), бялком (1,8—3%), мінер. солямі, арган. к-тамі, клятчаткай, вітамінамі C, групы B, P, PP. Спажываюцца караняплоды і лісце вараныя, кансерваваныя, сушаныя. Лепшыя для іх глебы на Беларусі — акультураныя дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя. Раянаваныя сарты: Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18. Кармавыя буракі багатыя вугляводамі, мінер. солямі, вітамінамі. Караняплоды масай да 10—12 кг, жоўтыя, белыя, чырвоныя. Скормліваюцца ўсім відам жывёлы, пераважна малочным. Бацвінне ідзе на корм свежае і сіласаванае. Сеюць на акультураных тарфяніках, на сугліністых і супясчаных мінер. глебах з нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору. Раянаваныя сарты: Бел. чырвоныя, Экендорфскія жоўтыя і інш.Цукровыя буракі — найважнейшая тэхн. культура — сыравіна для цукр. прам-сці. Маюць белыя караняплоды масай 400—500 г, багатыя цукрам (19—20%, макс. да 23%). Цепла- і святлолюбівыя, вельмі патрабавальныя да ўмоў жыўлення і вільгаці, асабліва ў перыяд фарміравання лісця і караняплода (ліп.—жн.). Вырошчваюцца на добра ўгноеных сугліністых і супясчаных дзярнова-падзолістых глебах, на акультураных тарфяна-балотных. Бацвінне, жамерыны, патака ідуць на корм. Гл. таксама Буракаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ЖЫВЁЛ,
комплекс міжнародных, дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні асобных відаў і ўсёй сукупнасці відаў дзікіх жывёл (генафонду) і інш. рэсурсаў жывёльнага свету; састаўная частка аховы прыроды і праблемы захавання біял. разнастайнасці Зямлі.
На Беларусі ахова жывёл рэгулюецца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1981), «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), Парадкам выдачы дазволаў на здабычу жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (1993), адпаведнымі палажэннямі зямельнага, воднага і ляснога заканадаўства, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. Заканадаўствам устаноўлены забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян па захаванні аптымальнай колькасці жывёл і іх генафонду (гл.Ахова генафонду). Асаблівай аховы патрабуюць рэдкія і тыя, што знікаюць, рэліктавыя, асяроддзеўтваральныя і асяроддзефарміравальныя, гаспадарча карысныя, прамыслова- і спартыўна-паляўнічыя віды жывёл. Ахова рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў жывёл ажыццяўляецца ў адпаведнасці са спісам, прапанаваным Міжнар. саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Еўрапейскім Чырвоным спісам рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў жывёл, рэгіянальнымі і нац. Чырвонымі кнігамі (гл.Ахоўныя жывёлы). У адпаведнасці з міжнар. канвенцыяй аб гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, на Беларусі забаронены здабыча, продаж і купля хахулі, гіганцкай вячэрніцы, сярэднееўрап. ляснога ката, зубра, скапы, змеяеда, арлана-белахвоста, беркута, сапсана, дзербніка, шулячка, звычайнай пустальгі, чорнага бусла, драфы. Ахова прамыслова- і спартыўна-паляўнічых відаў жывёл ажыццяўляецца праз ліцэнзаванне паляўнічага промыслу, правядзенне біятэхн. мерапрыемстваў, увядзенне часовых забаронаў на здабыванне (адлоў ці адстрэл) асобных відаў, арганізацыю месцаў спакою дзікіх жывёл. Колькасць прамысл. жывёл рэгулюецца Палажэннем аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і Правіламі рыбалоўства ў вадаёмах Рэспублікі Беларусь (гл.Паляўніцтва, Рыбалоўства). Функцыю кантролю мерапрыемстваў па ахове жывёл выконваюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з далучэннем грамадскасці (гл.Беларускае таварыства аховы прыроды, Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў і інш.). Адной з формаў аховы жывёл з’яўляецца таксама ўтрыманне і развядзенне рэдкіх і гаспадарча карысных відаў у заапарках, заасадах, спецыялізаваных гадавальніках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,
навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых істот на субклетачным і малекулярным узроўні; раздзел генетыкі і малекулярнай біялогіі. Вывучае заканамернасці і малекулярныя механізмы захавання, узнаўлення і перадачы спадчыннай інфармацыі. Даныя М.г. выкарыстоўваюцца ў медыцыне, прам-сці, сельскай гаспадарцы, складаюць аснову многіх біял. навук.
Вылучылася ў самастойны кірунак у сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з доказам ролі малекул ДНК і РНК у спадчыннасці і ўкараненнем у біялогію новых фіз. і хім. метадаў даследаванняў. У развіццё М.г. вял. ўклад зрабілі амер. вучоныя А.Д.Хершы, Дж.Ледэрберг, Дж.Уотсан, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Х.Г.Карана, Д.Балтымар, франц. — Ф.Жакоб, Ж.Мано, англ. — Ф.Крык, сав. — А.А.Баеў, А.С.Спірын, Г.К.Скрабін, і інш. Вывучаны механізмы функцыянавання і структура ДНК і РНК, расшыфраваны генетычны код, адкрыта адваротная транскрыпцыя, высветлена роля і механізмы дзеяння ферментных сістэм у рэплікацыі, транскрыпцыі, трансляцыі і рэпарацыі генаў; створана аперонная мадэль рэгуляцыі экспрэсіі генаў. Стварэнне рэкамбінантнай малекулы ДНК (амер. вучоны П.Берг, 1972) паклала пачатак развіццю генетычнай інжынерыі. Вядуцца работы па малекулярна-генет. карціраванні геномаў, лакалізацыі і кланіраванні генаў. У шэрагу арганізмаў вызначана нуклеатыдная паслядоўнасць ДНК усяго генома. Створаны генетычна мадыфікаваныя мікраарганізмы, расліны і жывёлы з генамі, каштоўнымі для сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш. У 1997 англ. вучоныя адкрылі магчымасць кланіравання жывёл з адной саматычнай клеткі.
На Беларусі праблемы М.г. распрацоўваюцца з канца 1960-х г. Значны ўклад у развіццё М.г. зрабілі Р.Р.Ганчарэнка, М.Л.Картэль, Г.І.Лазюк, У.А.Пракулевіч, Ю.К.Фамічоў і інш. Даследаванні вядуцца ў ін-тах Нац.АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі, эксперыментальнай батанікі, лесу, Цэнтр.бат. садзе; БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў. Вывучаюцца малекулярныя структуры і функцыянаванне геномаў раслін, роля паўторных паслядоўнасцей ДНК у геномах, генет. трансфармацыя раслін, мітахандрыяльныя і хларапластныя геномы. Высвятляюцца генет. арганізацыя храмасом фітапатагенных бактэрый і генетыка бактэрыяфагаў, малекулярныя механізмы генет. рэгуляцыі сінтэзу ферментаў у бактэрыяльнай клетцы. Даследуюцца праблемы спадчынных заган развіцця.
Літ.:
Стент Г., Кэлиндар Р. Молекулярная генетика: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981;
Инге-Вечтомов С.Г. Введение в молекулярную генетику. М., 1983;
Картель Н.А. Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989.