МАРСКІ́Я СЛАНЫ́ (Mirounga),

род цюленевых атр. ластаногіх. 2 віды. Паўд. М.с. (M. leonina) пашыраны ў Паўд. паўшар’і (а-вы Кергелен, Макуоры, Паўд. Георгія і інш.), паўн. (M. angustirostris) — на ўзбярэжжы Мексікі і Каліфорніі. Сезонна мігрыруюць. Жывуць статкамі.

Найб. буйныя з ластаногіх: самцы даўж. да 6,5 м, маса да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Валасяное покрыва кароткае, афарбоўка — ад светла-бурай да карычневай. На канцы морды ў самцоў скурны мяшок («хобат», адсюль назва) даўж. 40—80 см. Кормяцца галаваногімі малюскамі, рыбай. Палігамы, у гарэме да 20 самак. Нараджаюць 1 дзіцяня.

Марскі слон.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРХУ́Р, вінтарогі казёл (Capra falconeri),

парнакапытная жывёла роду горных казлоў сям. пустарогіх. Некалькі падвідаў, якія адрозніваюцца формай рагоў. Пашыраны ў гарах Азіі. Жывуць да выш. 3500 м, на стромкіх схілах, скалах. Трымаюцца групамі. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 1,7 м, выш. ў карку да 0,9 м, маса да 90 кг і больш. Афарбоўка рыжавата-шэрая, у старых самцоў — брудна-белая. Рогі прамыя, закручаны накшталт штопара або вінта (адсюль другая назва). У самцоў на шыі і грудзях падвес з падоўжаных валасоў. Нараджаюць 1—2 казляняці.

Мархур.

т. 10, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРАСТО́МАВЫЯ (Merostomata),

клас пераважна вымерлых марскіх членістаногіх жывёл. 3 (або 4) атр., з іх 2 (або 3) — ракаскарпіёны — вядомы з кембрыю — дэвону (каля 500 млн. гадоў назад), 1 — мечахвосты — з сілуру (каля 400 млн. гадоў назад) і існуе цяпер. Ракаскарпіёны жылі на дне мелкаводных мораў, некаторыя, магчыма, у прэснай вадзе.

Даўж. вымерлых форм да 3 м, сучасных да 0,9 м. Цела ўкрыта хіцінавым панцырам, падзяляецца на галавагрудзі і членістае (да 12 сегментаў) брушка з іголкай на канцы. Мелі 12 пар канечнасцей (брушныя са шчэлепнымі пласцінкамі). Драпежнікі.

Да арт. Мерастомавыя. Ракаскарпіён птэрыготус.

т. 10, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕРСЕДЭ́С-БЕНЦ»

(Mercedes-Benz),

сям’я аўтамабіляў і аўтобусаў канцэрна «Даймлер-Бенц». Выпускаюцца з 1926. Маюць пераважна дызельныя рухавікі. Легкавыя аўтамабілі сярэдняга, вял. і вышэйшага класаў з кузавамі розных тыпаў маюць рухавікі магутнасцю ад 55 да 290 кВт; найб. скорасць 250 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння з рухавікамі магутнасцю 55—390 кВт і поўнай масай да 35 т. Пасажыраўмяшчальнасць аўтобусаў ад 9 да 174 чал.

Да арт. «Мерседэс-Бенц»: а — легкавы аўтамабіль класа Е; б — грузапасажырскі мікрааўтобус «Мерседэс-Бенц-Спрынтэр-314»; в — седлавы цягач «Мерседэс-Бенц-1838 LSSK» у аэрадынамічным выкананні.

т. 10, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВІТУ́ХІ, рапухі-павітухі (Alytes),

род бясхвостых земнаводных сям. круглаязычных. 2 віды: П. звычайная (A. obstetricans), якая пашырана ў Сярэдняй Еўропе і ўсх. ч. Пірэнейскага п-ва, і П. іберыйская, або іспанская (A. cisternasii), — у Іспаніі і Партугаліі. Жывуць ва ўзгорыстых і гарыстых мясцовасцях. Актыўныя ўначы. Пракопваюць доўгія хады ў глебе.

Даўж. да 5 см. Скура бародаўчатая, папяліста-шэрая Кормяцца беспазваночнымі Самка адкладвае (на сушы) ікру 2 слізістымі шнурамі даўж. да 1,7 м (у кожным да 75 яец), самец намотвае іх на свае сцёгны (адсюль назва) і носіць да вылуплівання апалонікаў.

Павітуха.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ПЫ,

прымацаваныя формы кішачнаполасцевых: гідроідных, сцыфоідных і каралавых паліпаў, каралаў. Жывуць пераважна ў акіяне.

Даўж. ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў (зрэдку да некалькіх метраў). Цела цыліндрычнае, на верхнім канцы ротавая адтуліна з шчупальцамі, на ніжнім — падэшва для прымацавання да субстрату або цела калоніі. Многія П. маюць цвёрды вонкавы або ўнутр. шкілет, арган. або вапнавы. Пераважна каланіяльныя формы, ёсць адзіночныя (актыніі, гідры), здольныя да павольнага перамяшчэння. Кормяцца пераважна жывёльным кормам, з дапамогай шчупальцаў. Размнажаюцца палавым (на многіх П. узнікаюць палавыя асобіны — медузы) і бясполым (пачкаванне) спосабамі.

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РУСНІКАВЫЯ (Istiophoridae),

сямейства рыб атр. кунепадобных. 3 роды: кап’яносцы, або кап’ярылы (Tetrapturus) — 6 відаў, марліны (Makaira) — 3 віды, паруснікі (Istiophorus) — 2 віды. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Жывуць пераважна ў прыбярэжнай зоне. Развіваюць скорасць да 130 км/гадз.

Даўж. да 5 м, маса да 900 кг. Рыла падоўжанае. Першы спінны плаўнік доўгі і высокі, нагадвае парус (адсюль назва), у час руху здольны ўкладвацца ўздоўж спіны. Грудныя плаўнікі звычайна доўгія і вузкія. Драпежнікі, кормяцца рыбай і кальмарамі. Аб’екты промыслу.

Да арт. Паруснікавыя. Паруснік інда-ціхаакіянскі.

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ТНІЦКАЕ,

радовішча будаўнічага каменю ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Сітніца. Прымеркавана да выступу дапалеазойскага крышт. фундамента, прадстаўлена пераважна гранітамі і дыярытамі. Пароды ружаватых і шэрых адценняў, сярэднезярністыя, зверху закранутыя выветрываннем, участкамі да першаснага кааліну, які залягае ў зах. ч. радовішча і належыць да ўскрышных парод. Разведаныя запасы буд. каменю (да глыб. 150 м) 263,1 млн. м³, перспектыўныя 277,2 млн. м³. Запасы кааліну 2 млн. т. Магутнасць ускрышных парод (пяскі, алеўрыты) 9—64 м. Граніты і дыярыты прыдатныя на выраб друзу.

А.​П.​Шчураў.

т. 14, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УГАРЫ́Т,

старажытны горад-дзяржава ў Паўн. Фінікіі, на месцы сучаснай Рас-Шамры (Сірыя). Вядомы з пач. 2-га тыс. да н.э. З 16 ст. да н.э. пад уладай Егіпта, з пач. 14 ст. да н.э. — хетаў. У пач. 12 ст. да н.э. разбураны землетрасеннем. На тэр. У. знаходзілася каля 180 земляробчых паселішчаў-абшчын, жыхары якіх плацілі падаткі і выконвалі павіннасці на карысць цара. У руках цара былі вял. зямельныя ўладанні, рамесная вытв-сць, гандаль. У. з’яўляўся цэнтрам міжнар. гандлю Егіпта, краін Эгейскага мора, М.​Азіі, Двухрэчча і Цэнтр. Сірыі.

т. 16, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРАБЕ́ЖНЫЯ НЕРВО́ВЫЯ ВАЛО́КНЫ, эферэнтныя, маторныя нервовыя валокны,

адросткі нерв. клетак (аксоны) разам з іх абалонкамі, якія перадаюць узбуджэнне ад цэнтральнай нервовай сістэмы да рабочых органаў (мышцаў, залоз). Адрозніваюць чэрапнамазгавыя, спіннамазгавыя і інш. Ц.н.в. адносяцца і да саматычных, і да вегетатыўнах аддзелаў нервовай сістэмы; большасць перыферычных нерваў з’яўляюцца змешанымі (уключаюць у сябе і цэнтраімклівыя нервовыя валокны). У складзе аднаго нерва Ц.н.в. часта праходзяць да некалькіх рабочых органаў. Паводле хуткасці ўзбуджэння Ц.н.в. ў цеплакроўных жывёл падзяляюцца на 3 групы: A (праводзяць узбуджэнне найб. хутка), B і C.

т. 17, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)