ПСІХАЛОГІЯ
Псіхалогія на Беларусі пачала развівацца ў 1920-я г. Значную ролю ў яе станаўленні адыграў Л.С.Выгоцкі, які ў выніку праведзеных ім у 1919—24 даследаванняў у галіне псіхалогіі падрыхтаваў кн. «Педагагічная псіхалогія» і «Псіхалогія мастацтва». У 1923 ён стварыў пры Гомельскім пед. вучылішчы псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. псіхалогіі. Лабараторыя займалася навучальнай, доследнай і метадалагічнай дзейнасцю. У 1920—30-я г. станаўленне псіхал. навукі адбывалася ў асноўным у рамках педалогіі, пашыралася кола яе навук. і практычных відаў, ствараліся лабараторыі па абслугоўванні навуч. працэсу Асновы навуч.-метадычнай базы па псіхалогіі ў БДУ заклаў У.М.Іваноўскі, які распрацаваў першую праграму па псіхалогіі, фундаментальнай логіцы, гісторыі навук. светапогляду і гісторыі Беларусі, апублікаваў манаграфію «Метадалагічныя ўводзіны ў навуку філасофію» (1923). Уклад у развіццё педагогікі і псіхалогіі зрабіў П.Я.Панкевіч — адзін з заснавальнікаў і першы дырэктар НДІ педагогікі і педалогіі, з 1929 вядучай навук.-доследнай установы Беларусі ў галіне псіхал., пед. і сац.-эканам. навук. У 1927 пад яго кіраўніцтвам даследаваліся стан маральнай свядомасці, спосабы жыцця і побыту студэнтаў БДУ, апублікавана праца «Які ж наш беларускі студэнт?». Псіхал. аспекты сям’і, шлюбу, праблемы культ. развіцця, дзейнасці інтэлігенцыі на Беларусі вывучаў С.Я.Вальфсон; розныя аспекты метадалагічных пытанняў псіхалогіі даследавалі Б.Я.Быхоўскі, П.Я.Панкевіч, У.М.Іваноўскі і інш. У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе вывучаліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. адбору; апублікаваны працы С.М.Васілеўскага «Уводзіны ў тэорыю і тэхніку псіхалагічных, педолага-педагагічных і псіхатэхнічных даследаванняў» (1927), «Статыстычны метад у прымяненні да псіхалогіі, педагогікі і псіхатэхнікі» (1928), А.А.Гайвароўскага «Псіхатэхніка і бібліятэчная справа» (1928), Я.К.Матліна «Значэнне лагічнай памяці для засваення арыфметычных дзеянняў» і «Псіхалагічны стан навучэнцаў на экзаменах» (1933).
У 1930—50-я г. псіхал. навука развівалася ва ўзаемадзеянні з пед. і часткова мед. практыкай. У 1947—55 на філал. ф-це БДУ існавала аддзяленне логікі, псіхалогіі і рус. мовы (адзін з заснавальнікаў А.П.Ерась). У 1964 у Мінскім пед. ін-це засн. кафедра псіхалогіі. Праводзіліся навук. даследаванні ў галіне ўзроставай дзіцячай, педагагічнай і сац. псіхалогіі, звязаныя з праблемамі ўзаемаадносін у дзіцячых групах і калектывах (Л.А.Бандарэнка, Я.Л.Каламінскі, А.Б.Шырокава), прафес. арыентацыі школьнікаў (В.І.Жукоўская), развіцця літ. магчымасцей і адносін школьнікаў да літ. герояў (Л.М.Рожына) і інш. У 1965 у Мінскім пед. ін-це замежных моў створана кафедра псіхалогіі і лабараторыя па псіхалогіі маўлення. Навук. даследаванні бел. псіхолагаў былі звязаны з праблемамі навучання і выхавання школьнікаў: псіхалогіі памяці (К.А.Камісарчык, Я.К.Матлін), маўлення і мыслення (Б.А.Бенядзіктаў, Р.І.Вадэйка, В.І.Жукоўская, М.С.Кляўчэня), тэмпераменту, характару і здольнасцей (А.П.Ерась), фарміравання ў школьнікаў у працэсе навучання і выхавання ўвагі (М.Я.Мышко), пазнавальнай цікавасці (А.Я.Міленькі, Л.М.Рожына), навуковых паняццяў (У.М.Сіленка), прасторавых уяўленняў, успрымання літ. твораў (Л.А.Панько), міжасобасных адносін у дзіцячых калектывах (Я.Л.Каламінскі і інш.).
У 1970—90-я г. кафедры псіхалогіі створаны ў пед. ін-тах Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва і інш. Узніклі інж., гіст., этнічная, касмічная і інш. галіны псіхал. навукі. Для навук. творчасці бел. псіхолагаў характэрна арганічнае спалучэнне глыбокіх тэарэт. даследаванняў у рэчышчы сац. і агульнай псіхалогіі з гуманіст. накіраванасцю на рашэнне актуальных праблем у сферы псіхалогіі адукацыі (Б.А.Бенядзіктаў, Я.Л.Каламінскі, С.В.Кандрацьева, Г.М.Кучынскі, У.А.Янчук), міжасобасных адносін і сувязей (Т.У.Сянько, Л.А.Панько, А.С.Сляповіч), мовы (Б.А.Бенядзіктаў, Н.Т.Ерчак, Г.М.Кучынскі), вышэйшай школы (Л.А.Кандыбовіч, А.Ц.Растуноў), псіхал. праблем, звязаных з наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (Л.А.Пергаменшчык). Вывучаюцца праблемы псіхалогіі прац. выхавання (Ф.І.Івашчанка), узроставага і гендэрнага падыходу да развіцця асобы (І.А.Фурманаў, Л.Г.Лысюк, Ю.М.Карандышаў), псіхалогіі пед. навучання і пед. дзейнасці (Л.У.Марышчук, І.А.Фурманаў), інж. псіхалогіі (В.М.Казубоўскі, Г.І.Лосік), псіхалогіі спорту (Ю.А.Каламійцаў) і інш. Актуальныя праблемы сац. псіхалогіі даследуюць С.В.Кандрацьева, Г.М.Кучынскі, Л.А.Пергаменшчык, Л.М.Рожына, У.А.Янчук; пед. і ўзроставай псіхалогіі — Б.А.Бенядзіктаў, Ф.І.Івашчанка, Л.Г.Лысюк, Л.У.Марышчук, Т.М.Савельева, В.І.Секун, А.С.Сляповіч, І.А.Фурманаў, Т.У.Сянько; псіхалогіі ў асаблівых умовах — Л.А.Кандыбовіч, В.М.Казубоўскі, М.А.Крэмень, А.М.Пастушэня, А.Ц.Растуноў. У апошняе дзесяцігоддзе створаны ф-ты псіхалогіі ў Бел. пед. ун-це імя Танка, Жаночым ін-це «ЭНВІЛА», Гродзенскім і Брэсцкім ун-тах, у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З 1995 выдаецца навук.-метадычны час. «Псіхалогія».
Літ.:
Василевский С.М. Статистический метод в применении к психологии, педагогике и психотехнике. Мн., 1928;
Мышко М.Я. Прылежнасць і яе выхаванне. Мн., 1954;
Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;
Матлин Е.К. Психологические основы нравственного воспитания учащихся. Мн., 1968;
Ересь Е.П. Воспитание характера. Мн., 1961;
Яе ж. Организация внимания в учебно-воспитательном процессе. Мн., 1974;
Кучинский Г.М. Психология внутреннего диалога. Мн., 1988;
Карандышев Ю.Н. Психология развития. Ч. 1—2. Мн., 1996—97;
Ждан А.Н. История психологии. М., 1997;
Иващенко Ф.И. Психология воспитания школьника. 2 изд. Мн., 1999;
Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах (общие и возрастные особенности). 2 изд. Мн., 2000;
Пергаменщик Л.А. Кризисная психология. Мн., 2001;
Развитие психологии в Беларуси: история и современность. Мн., 2001;
Кандыбович Л.А. История психологии в Беларуси. Мн., 2002;
История психологии в Беларуси: Хрестоматия. Мн., 2004.
Л.А.Кандыбовіч.
т. 18, кн. 2, с. 467