ДО́ЎГАЕ,

гідралагічны заказнік на тэр. Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Створаны як азёрны заказнік для аховы азёр і прылеглых прыродных комплексаў у 1979. Пл. 3,3 тыс. га (1997). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град. Уключае Доўгае возера, воз. Псуя (бас. р. Зах. Дзвіна) і прылеглую частку вадазборнай плошчы. Лясы (у асноўным елка з дамешкам бярозы і асіны) пераважна ў паўд.-ўсх. ч. Трапляюцца хвойнікі, у лагчынах — шэраалешнікі. Лясістасць 15%, па берагах — 25%. У далінах рэк невял. лугі. У фітапланктоне воз. Доўгае выяўлена рэдкая водарасць асцыляторыя чырванаватая.

т. 6, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГУ́Н (Уладзімір Леанідавіч) (н. 21.9.1946, Мінск),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р тэхн. н. (1994), праф. (1996). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Акадэмічным навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава». Навук. працы па бескантактнай дыягностыцы цеплавых працэсаў і з’яў у капілярна-сітаватых целах, гетэрагенных сістэмах, біяаб’ектах (для мэт мед. дыягностыкі). Распрацаваў прынцыпы і навук.-тэхн. асновы выліч. тэрмаграфіі.

Тв.:

В мире тепла. Мн., 1991 (разам з С.​У.​Коневым);

Вычислительная термография: Применение в медицине. Мн., 1992 (разам з С.​А.​Філатавым).

т. 6, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЙСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1706—1832 у Друі. Засн. браслаўскім падчашым П.​К.​Качаноўскім. Мураваныя касцёл і жылы корпус пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. па праекце італьян. архітэктара Парака. Касцёл св. Антонія асвячоны ў 1767 бел. біскупам-суфраганам Ф.​Тавянскім. У 1839 будынкі кляштара перададзены праваслаўным; мясц. памешчык Мілаш царскім загадам быў абавязаны пераабсталяваць касцёл у царкву, але потым выдаткі былі перакладзены на прыхаджан. З-за адсутнасці сродкаў работы не выконваліся. У канцы 19 ст. кляштар разабраны на цэглу, касцёл узарваны ў 1909.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЬКЕ́ВІЧ (Юрый Валянцінавіч) (25.1.1905, ст. Стрэльна Ленінградскай вобл., Расія — 1.4.1974),

бел. вучоны ў галіне паталагічнай анатоміі. Чл.-кар. АМН СССР (1969), д-р мед. н. (1949), праф. (1950). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў Іркуцкі ун-т (1930). З 1955 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па паталогіі баявых траўмаў, уплыву ахалоджвання на арганізм жывёл і чалавека, гісторыі паталагічнай анатоміі, перынатальнай паталогіі, тэраталогіі і генетыцы.

Тв.:

Патология последа человека и ее влияние на плод. Мн., 1968 (разам з М.​Ю.​Макавеевай, Б.​І.​Нікіфаравым).

т. 5, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСАКО́Ў (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 12.2.1953, в. Батвінава Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1996). Д-р эканам. н. (1994). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1976). У 1979—96 у Беларускім НДІ эканомікі і інфармацыі аграпрамысл. комплексу (з 1994 дырэктар). Навук. працы па метадалогіі эканам. развіцця сельскай гаспадаркі і стратэгіі агр. рэформы, тэорыі гасп. механізму аграпрамысл. комплексу.

Тв.:

Хозрасчет в сельском хозяйстве. Мн., 1990 (у сааўт.);

На пути к рынку. Мн., 1992;

Рынок продовольствия и сырья: тенденции и стратегия. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 5, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСЬ ШЭ́РАЯ (Anser anser),

птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўразіі па рачных поймах, азёрах, ліманах, балотах, мокрых лугах з густымі зараснікамі расліннасці. На Беларусі трапляецца пераважна на пралётах, месцамі гняздуецца на Палессі і ў Бел. Паазер’і.

Даўж. цела 76—89 см, маса 2,5—4,4, зрэдку да 6 кг. Апярэнне светла-шэрае, падхвосце белае, на бруху чорныя плямы. Дзюба і лапы шаравата-ружовыя. Гняздо — кучка з раслінных рэшткаў. Нясе 4—12, найчасцей 4—5 яец. Корміцца травамі, парасткамі, насеннем, клубнямі. Продак многіх парод гусей свойскіх. Аб’ект палявання.

Гусь шэрая.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСЬКО́Ў (Валерый Уладзіміравіч) (н. 12.3.1932, г. Іркуцк, Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтамабіле- і трактарабудавання. Д-р тэхн. н. (1969), праф. (1972). Засл. дз. навукі і тэхн. Беларусі (1982). Скончыў Томскі політэхн. ін-т (1953). З 1963 у БПА. Навук. працы па сістэмным аналізе і сінтэзе параметраў мабільных машын. Распрацаваў асновы тэорыі ўзаемадзеяння рухачоў мабільных машын з апорнай паверхняй і аптымізацыі параметраў аўтамабіляў і трактароў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Оптимальные параметры сельскохозяйственных тракторов. М., 1966;

Тракторы: Теория. М., 1988 (у сааўт.).

А.​І.​Болсун.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЭ́РЫЯТ ((Garriott) Оўэн) (н. 22.11.1930, г. Інід, ЗША),

касманаўт ЗША; вучоны ў галіне фізікі Сонца. Чл. Міжнар. акадэміі астранаўтыкі. Скончыў Аклахомскі (1953), Станфардскі (1957) ун-ты. Вёў даследаванні па фізіцы іанасферы. З 1965 у групе касманаўтаў НАСА. 28.7—25.9.1973 з А.Бінам і Дж.Лусма здзейсніў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (тройчы выходзіў у адкрыты космас; агульны час 13,7 гадз). 28.11—8.12.1983 з Дж.Янгам, Б.Шоу, Т.Паркерам, Б.Ліхтэнбергам, У.Мербальдам здзейсніў палёт на касм. караблі «Спэйс Шатл» («Калумбія»). Агульная працягласць палётаў 69,8 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д,

пятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Д («дабро»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Δ («дэльта»), У старабел. графіцы абазначала гукі «д», «д’», «дз’» («вода», «день», «людзи»), мела таксама лічбавае значэнне «чатыры». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі выбухны пярэднеязычны гук «д» («дарога», «дуброва»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў — парны да яго па звонкасці-глухасці гук «т» («кладка», «сад»). Уваходзіць у склад дыграфаў «дж» («ураджай») і «дз» («дзіва»).

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДА ВІ́ЛЬНІ Е́ДУЦЬ»,

бел. нар. гульня. Гуляюць 3—8 хлопчыкаў. На пляцоўцы чэрцяць круг дыяметрам 4—7 м, у цэнтры ставяць «Вільню» (завостраная палка). Першы гулец злёгку ўтыкае ў зямлю на рысцы круга калок (даўж. 15—20 см) і б’е па ім шляжкай (палка-бразготка). На колькі калок увойдзе ў зямлю, на столькі гулец перамяшчае яго да «Вільні». Калі ж прамахнецца, шляжка перадаецца іншаму. Гульня працягваецца, пакуль усе калкі не стануць ушчыльную да «Вільні». Прайграе той, хто прыехаў у «Вільню» апошнім.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)