агульначалавечы першавобраз, персанаж, што паслядоўна паўтараецца ў міфах, літаратуры і індывідуальным мысленні; спосаб сувязі вобразаў, што пераходзяць з пакалення ў пакаленне; цэнтр. паняцце аналітычнай псіхалогіі. Ідэю архетыпа ў аб’ектыўна-ідэаліст. форме можна знайсці ў творах Платона, Аўгусціна, схаластаў. Як навук. тэрмін «архетып» уведзены швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам і адаптаваны філасофіяй, літаратура- і мастацтвазнаўствам, тэорыяй міфалогіі, фалькларыстыкай і інш. Паводле тэорыі Юнга пра калект. неўсвядомленае, мадэлі чалавечага вопыту пэўным чынам генетычна закадзіраваны і пераходзяць да наступных пакаленняў. Тоесныя архетыпныя матывы і вобразы (сімвал сусветнага дрэва ці міф пра патоп) сустракаюцца ў няроднасных культурах і сферах мастацтва, што тлумачыцца іх універсальным і пастаянным пачаткам у чалавечай прыродзе. Маючы выток у далагічным мысленні, архетып выклікае аналагічныя пачуцці і асацыяцыі і ў аўтара твора, і ў спажыўца незалежна ад разбежкі ў часе. Архетып ляжыць у аснове сімволікі творчасці, розных рытуалаў, сноў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРЫ́НСКІЯ,
род татарскіх царэвічаў у ВКЛ, адгалінаванне крымскай дынастыі Гірэяў. Паходзілі ад царэвіча Дэўлеш-салтана, які ў 1491 трапіў на службу да вял. князя ВКЛ і караля польск. Казіміра IV. Род Астрынскіх некаторы час быў найб. уплывовым тат. родам у ВКЛ. Да сярэдзіны 16 ст. Астрынскія не ўваходзілі ў склад тат. харугваў, не падпарадкоўваліся тат. харунжым, мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана.
Сын Дэўлеш-салтана Азубек-салтан (Азюбек, Узубек, ? — пасля 1540) упершыню ўпомнены ў 1507. З 1514 ён і яго нашчадкі ў актах ВКЛ называюцца царэвічамі Астрынскімі (ад маёнтка Астрына, цяпер Гродзенская вобл.). Азубек-салтан удзельнічаў у цырымоніі абвяшчэння Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ (1529), на Берасцейскім сойме 1533, выступаў арбітрам у спрэчках літ. служылых татараў. Меў сыноў Багатыр-салтана, Джаная і Чынгіса. У 2-й пал. 16 ст. царэвічы Астрынскія паступова страцілі свае землеўладанні. Іх род згас на дзецях Чынгіса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЗНЕС (англ. business),
сістэма вядзення справы з мэтай атрымання прыбытку ці інш. выгады; адзін з асн. заняткаў ва ўмовах рыначнай эканомікі. Ахоплівае шырокую сферу дзейнасці: вытв., фін., камерц., кансультацыйную і інш. Займаюцца бізнесам не толькі ўласнікі прадпрыемстваў, а і нанятыя служачыя ў сферы менеджменту, маркетынгу, фінансаў і г.д. Па колькасці работнікаў, аб’ёме вытв-сці прадукцыі і ўмовах дзейнасці вылучаюць малы, сярэдні і буйны бізнес. Малы бізнес — самы масавы: як правіла, невял. прадпрыемствы, што выпускаюць аднародную прадукцыю і займаюць невял. ўдз. вагу на рынку, задавальняюць шырокі паўсядзённы попыт насельніцтва. Таму ў некаторых краінах такому бізнесу аказваецца дзярж. падтрымка: мэтавае бюджэтнае фінансаванне, сістэма крэдытнай гарантыі і страхавання, падатковыя льготы для стымулявання пэўных відаў дзейнасці. У развітых краінах высока каціруюцца маральна-этычныя прынцыпы бізнесу: захаванне дзелавой этыкі, сумленных метадаў канкурэнтнай барацьбы, выкананне абавязацельстваў і інш. Грамадскі статус бізнесмена залежыць не толькі ад росту яго прыбытку, а і ад удзелу ў вырашэнні сац. праблем — стварэнні рабочых месцаў, добраўпарадкаванні нас. пунктаў, дапамозе маламаёмным і г.д.Гл. таксама Прадпрымальніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД-СПАДАРО́ЖНІК,
горад, пасёлак або група гарадоў, створаных вакол буйнога горада з мэтай абмежавання яго росту, разушчыльнення забудовы, стварэння больш зручных умоў для жыццядзейнасці чалавека. Мае цесныя сац., эканам. і прасторавыя сувязі з гал. горадам. Першыя з іх узніклі ў канцы 19 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі ў сувязі з развіццём прам-сці і ростам гар. насельніцтва. Адрозніваюцца функцыян. роляй (т.зв. гарады-спальні або адносна самаст. паселішчы са сваімі вытв. зонамі), велічынёй (30—100 тыс. жыхароў), аддаленасцю адгал. Горада (10—80 км) і інш. Агульнае для ўсіх: стварэнне зручных і хуткіх зносін з горадам-цэнтрам, фарміраванне зялёных паясоў, якія раздзяляюць гарады-спадарожнікі паміж сабой і аддаляюць іх адгал. горада. Шырока вядомыя гарады-спадарожнікі Лондана — Харлаў, Стывенедж, Кроўлі; Парыжа — Эўры, Сержы-Пантуаз, Сен-Кантэн; Масквы — Зеленаград, Дзяржынскі, Дубна і інш. У Мінску ролю гарадоў-спадарожнікаў выконваюць Бараўляны, Самахвалавічы, Заслаўе, Лагойск і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАЛА́ПС,
працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.
У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя адхім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.
Літ.:
На переднем крае астрофизики: Пер. с англ.М., 1979;
Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДНА́Я КЛЕ́ТКА,
аснова груднога аддзела тулава ў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека, складзеная з грудных пазванкоў, рэбраў і грудзіны; частка восевага шкілета амніётаў. З’явілася ўпершыню ў паўзуноў у сувязі з прагрэсіўным развіццём органаў апоры (апора плечавога пояса) і дыхання. У чалавека мае форму ўсечанага конуса, сплюшчанага ў пярэднезаднім напрамку, які мае верхнюю і ніжнюю апертуры. Плоскасць верхняй апертуры нахілена ўперад, таму пярэдні край яе знаходзіцца ніжэй за задні. Ніжняя апертура абмежавана рэбернай дугой і закрыта дыяфрагмай. Міжрэберныя прамежкі запоўнены мышцамі. Велічыня акружнасці грудной клеткі (вымяраецца на ўзроўні саскоў) характарызуе склад цела чалавека. Пры ўдыху грудная клетка расшыраецца. Выгляд і памеры яе залежаць ад спосабу жыцця, рухаў, дыхання; маюць узроставыя, палавыя, індывід. і прафес. адрозненні. Змены грудной клеткі бываюць у выглядзе прыроджаных і набытых, сіметрычных і асіметрычных дэфармацый, ад пухлінных, дыспластычных, дыстрафічных працэсаў і пашкоджанняў, што ўплывае на функцыянаванне грудной клеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ АДДЗЕ́Л ЛІТВЫ́, Літоўска-Беларускі чырвоны жонд,
цэнтр па кіраўніцтве паўстаннем 1863—64 у Літве і Беларусі. Створаны ў Вільні 26.6.1863 паводле дэкрэта варшаўскага Нац. ўрада ад 10.5.1863 на базе Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Спачатку старшынёй быў Я.Гейштар, пасля яго арышту 12.8.1863 кіраўніком стаў К.Каліноўскі. Фармальна залежаў ад варшаўскага паўстанцкага ўрада, але фактычна вырашаў важнейшыя пытанні паўстання незалежна. Уваходзілі У.Малахоўскі, Ю.Каліноўскі, Ф.Зянковіч, Ц.Далеўскі, І.Здановіч, І.Ямант. Аддзел намагаўся ўмацаваць рэв. арг-цыю, наладзіць сувязі з рус. рэвалюцыянерамі, далучыць да паўстання шырокія нар. масы. Прадстаўнікамі выканаўчага аддзела Літвы за мяжою былі Д.Банольдзі, Б.Длускі, Малахоўскі. У Кёнігсбергу ў 1864 было наладжана выданне падп.газ. «Glos z Litwy» («Голас з Літвы»). Пасля арышту К.Каліноўскага 10.2.1864 у Вільні дзейнічалі рэшткі паўстанцкай адміністрацыі.
Літ.:
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСНА́,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж зімой і летам. У астраноміі — перыяд ад дня веснавога раўнадзенства да летняга сонцастаяння (з 21 сак. да 22 чэрв. ў Паўн. паўшар’і, з 23 вер. да 22 снеж. ў Паўднёвым). Паводле календара веснавыя месяцы ў Паўн. паўшар’і сакавік, красавік, май, у Паўд. — вер., кастр., лістапад. Паводле феналагічных з’яў падзяляюць на раннюю вясну, ажыўленне і разгар вясны. На Беларусі за пачатак вясны прымаецца дата пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C, за канец — праз 10 °C у бок павышэння. На ПдЗ вясна пачынаецца ў 1-й дэкадзе сак., на ПнУ у канцы сак., заканчваецца адпаведна ў канцы крас., пач. мая. Ва ўмераных шыротах, у т. л. на Беларусі, характарызуецца ўзмацненнем цыкланічнай дзейнасці, павышэннем у гадавым ходзе сярэднясутачных т-р паветра, поўным вызваленнем зямной паверхні ад снегавога покрыва, крыгаломам і разводдзем на рэках, пачаткам вегетацыі і цвіцення раслін, прылётам птушак з выраю, пачаткам пашавага перыяду ў жывёлагадоўлі і інтэнсіўных палявых работ у раслінаводстве і агародніцтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЕ́ТА (адгрэч. diaita склад жыцця, рэжым харчавання),
рацыён харчавання чалавека, які прадугледжвае пэўныя колькасныя і якасныя суадносіны харч. рэчываў і прадуктаў, спосабы кулінарнай апрацоўкі, інтэрвалы ў прыёме ежы. Распрацоўкай і рэкамендацыямі Д. для хворага займаецца дыеталогія. Д. складаецца з улікам фізіял. патрэбнасці арганізма ў харч. рэчывах і энергіі, хім. складзе і кулінарнай апрацоўкі ежы, характару паталаг. працэсу, яго стадыі, актыўнасці і функцыян. расстройстваў, тыповых для дадзенай хваробы; базіруецца на законах рацыянальнага харчавання — фізіялагічна паўнацэннага харчавання з улікам асаблівасцей чалавека.
Д. найчасцей назначаюць пры пэўнай хваробе (гастрыце, язвавай хваробе, інфаркце міякарда і інш.), пры хранічных хваробах страўнікава-кішачнага тракту, абмену рэчываў, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, для прафілактыкі, калі чалавек ачуньвае пасля хваробы, аперацыі. Пры хваробах унутр. органаў хворы павінен прытрымлівацца пэўнай Д. доўга, іншы раз усё жыццё. У лячэбна-прафілакт. установах адзіная нумарная сістэма Д. (ад № 1 да 15). Адрозніваюць таксама разгрузачныя Д. (1—2 дні ў тыдзень). Д. жывёл — рэжым кармлення хворай жывёлы.
раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае метады і прынцыпы распазнавання хваробы, пастаноўкі дыягназу, назначэння лячэння і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў. Уключае 3 асн. раздзелы: семіётыку (вывучае сімптомы хваробы), метады дыягнастычнага абследавання хворага (дыягнастычную тэхніку), метадалагічныя асновы, якія вызначаюць тэорыю і метады дыягназу. Пры Д. нараўне з анамнезам, мед. аглядам аўскультацыяй, пальпацыяй, перкусіяй выкарыстоўваюць удасканаленыя тэхн. сродкі і метады — ангіяграфію, камп’ютэрную тамаграфію, рэнтгенаграфію, фонакардыяграфію, электракардыяграфію, электраэнцэфалаграфію, эндаскапію, радыеізатопную і ультрагукавую Д. і інш. З дапамогай эндаскапічных, рэнтгеналагічных, ультрагукавых метадаў даследавання, лапараскапіі праводзяць Д. захворванняў гінекалагічнага профілю. Ультрагук выкарыстоўваюць у акушэрстве для прэнатальнай Д. (дае магчымасць удакладніць стан плода, плацэнты, правесці Д. заган развіцця плода). Д. неабходная пры даследаванні нервовай, сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, касцявой, мочавыдзяляльнай сістэм, органаў стрававання. Найб. важная ранняя Д. захворванняў, зыход якіх залежыць ад своечасовасці лячэння (напр., раку, туберкулёзу). Адным са шляхоў ранняй Д. з’яўляецца дыспансернае абследаванне практычна здаровых людзей. Гл. таксама Дыспансерызацыя.