ДЗЕ́МБА (Мар’ян) (парт.псеўд. Я н ; каля 1885 — люты 1921),
рэвалюцыянер, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1906 чл.РСДРП. За рэв. дзейнасць зняволены ў турму. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве. У жн. 1919 пакінуты ЦК КП(б)ЛіБ для падп. работы ў Мінску, акупіраваным польск. войскамі. Адзін з кіраўнікоў Мінскага падп.к-та КП(б)ЛіБ, вёў работу па арганізацыі камуніст. ячэек і партыз. атрадаў у Мінскай губ. 3 крас. 1920 на падп. рабоце ў Вільні. У канцы 1920 арыштаваны. Памёр у лагеры для інтэрніраваных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
у праве здольнасць грамадзяніна або юрыдычнай асобы сваімі дзеяннямі набываць правы і ствараць для сябе юрыдычныя абавязкі, несці адказнасць за ўчыненае правапарушэнне. У Рэспубліцы Беларусь поўнай Дз. валодаюць грамадзяне па дасягненні паўналецця (18 гадоў). Юрыд. асобы набываюць Дз., як і праваздольнасць, з моманту іх узнікнення. Правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, а таксама грамадзян, прызнаных недзеяздольнымі ў выніку псіхічнай хваробы або разумовай непаўнацэннасці, абараняюцца іх законнымі прадстаўнікамі — бацькамі, усынавіцелямі або апекунамі. Ніхто не можа быць абмежаваны ў Дз. інакш, як у выпадках, прадугледжаных законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІТРАЧЭ́НКА (Аляксандр Пятровіч) (1.9.1900, г.п. Ула Віцебскай вобл. — 8.8.1981),
савецкі вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Акад. УАСГНІЛ (1967). Засл. дз. нав. РСФСР (1961). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Сцебутаўскі с.-г.ін-т (1922). Працаваў у ВНУ Ленінграда (у 1930—35 і з 1946) і Валагодскім малочным ін-це (у 1939—46). Навук. працы па пытаннях эфектыўнасці выкарыстання і ацэнцы пажыўнасці кармоў, тыпізацыі кармлення с.-г. жывёл, распрацоўцы прынцыпаў нармавання кармлення з выкарыстаннем ЭВМ для складання аптымальных рацыёнаў.
Тв.:
Методы нормирования кормления сельскохозяйственных животных. Л., 1970 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Васіль Аляксеевіч) (4.4.1908, с. Судбішча Арлоўскай вобл., Расія — 12.12.1974),
бел. географ. Праф. (1961). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1940 у БДУ. З 1962 прэзідэнт Геагр.т-ва Беларусі. Аўтар сістэмы фіз.-геагр. і геамарфал. раянавання Беларусі, прац па ландшафтах, праблемах Бел. Палесся, гісторыі геаграфіі. Удзельнічаў у складанні Атласа БССР.
Тв.:
Прырода Беларусі: (Фізіка-геагр. агляд). Мн., 1959 (разам з А.Х.Шклярам, В.П.Якушка);
Система физико-географических районов Белоруссии // Физическая и экономическая география. Мн., 1960;
География Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМ’Я́НАЎ (Мікалай Якаўлевіч) (27.3.1861, г. Цвер, Расія — 19.3.1938),
савецкі хімік-арганік. Акад.АНСССР (1929; чл.-кар. 1924). Скончыў Маскоўскі ун-т (1886). З 1894 праф. Пятроўскай лясной і земляробчай акадэміі ў Маскве, з 1935 у Ін-це арган. хіміі АНСССР. Навук. працы па хіміі цыклічных злучэнняў. Распрацаваў агульны метад атрымання нармальных гранічных гліколяў, ненасычаных спіртоў і ізамерных ім аксідаў. Адкрыў ізамерызацыю аліцыклаў (расшырэнне ці звужэнне на адзін атам вугляроду) пры дэзамінаванні першасных амінаў азоцістай к-той (перагрупоўка Дз., 1903). Ленінская прэмія 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЧЫНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Кампазіцыя будынка складаецца з асн. квадратнага ў плане аб’ёму, прамавугольнай (звонку, унутры паўкруглай) апсіды і бабінца.
Асн. аб’ём накрыты 4-схільным дахам з купалам на драўляным светлавым 8-гранным барабане ў цэнтры і 4 галоўкамі па вуглах. У інтэр’еры 4 слупы падтрымліваюць канструкцыю сферычнага купала на ветразях. Хоры над уваходам адкрываюцца ў зальнае памяшканне арачным праёмам. Алтарная і падкупальная часткі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік архітэктуры ракако. Створана ў 1751 па фундацыі Мікалая Радзівіла ў г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл. на беразе р. Дзятлаўка. Комплекс уключае палац, пейзажны парк з вадаёмам і творамі архітэктуры малых формаў (масткі, павільёны), які з У паўкальцом агінае палац. Гасп. пабудовы размяшчаліся пры ўездзе з Пд у сядзібу.
Палац — мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём з высокім вальмавым дахам і 2 вуглавымі вежападобнымі алькежамі на цокальным паверсе, накрытымі ўвагнутымі шатрамі з заломамі (алькежы не зберагліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На тэр. Чарнігаўскай, Сумскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай, Варашылаўградскай абл. Украіны і Растоўскай вобл. Расіі, уваходзіць у Дняпроўска-Прыпяцкую газанафтаносную правінцыю. Пл. каля 115 тыс.км². Прамысл. распрацоўка радовішчаў з 1952. Асн. радовішчы нафты і газу ў дэвонскіх каменнавугальных і ніжняпермскіх адкладах. Нафтавыя паклады на глыб. да 4500 м, газавыя і газакандэнсатныя — да 5000—5800 м. Буйнейшыя радовішчы: Шабялінскае, Заходне-Крэсцішчанскае, Яфрэмаўскае (газакандэнсатныя), Глінска-Розбышаўскае, Гнедзінцаўскае (нафтагазакандэнсатныя), Лялякаўскае (нафтавае). Цэнтры па разведцы і здабычы нафты і газу — гарады Чарнігаў, Прылукі, Балаклея і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КТАРАЎ (Яўген Уладзіміравіч) (н. 2.9.1946, г. Вілейка Мінскай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1993). Скончыў БДУ (1971). З 1974 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы патэарэт. фізіцы і фізіцы салітонаў. Распрацаваў метады дакладнага інтэгравання нелінейных эвалюцыйных ураўненняў і з іх дапамогай даследаваў дынаміку салітонавых імпульсаў у валаконна-аптычных лініях сувязі.
Тв.:
Некоторые геометрические и групповые методы в теории вполне интегрируемых нелинейных уравнений // Теория групп, гравитация и физика элементарных частиц: Тр. Физического ин-та АНСССР. М 1986 Т 167.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МАГК ((Domagk) Герхард) (30.10.1895, Лагаў, каля г. Штэрнберг, Германія — 24.4.1964),
нямецкі патолаг і мікрабіёлаг. Скончыў Кільскі ун-т (1921) і працаваў у ім. З 1924 у Ін-це паталогіі ў Грайфсвальдзе, з 1925 у Мюнстэрскім ун-це (з 1928 праф.). Адначасова з 1927 дырэктар лабараторыі канцэрна «І.Г.Фарбэніндустры» у г. Вуперталь. Навук. працы па хіміятэрапіі бактэрыяльных інфекцый. Распрацаваў першы эфектыўны прэпарат для лячэння ганарэі (1934), новыя прэпараты для хіміятэрапіі туберкулёзу і пухлін. Абгрунтаваў антыбактэрыяльнае ўздзеянне і ўвёў у лячэбную практыку сульфаніламідныя прэпараты. Нобелеўская прэмія 1939.