КАНДРА́ЦЬЕЎ (Пётр Васілевіч) (20.6.1909, г. Віцебск — 1.6.1943),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў у Ленінградзе і Ейскую ваенна-марскую школу лётчыкаў. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, у час якой пам. камандзіра авіяпалка капітан К. зрабіў 66 баявых вылетаў, патапіў варожае судна з боепрыпасамі, спаліў на аэрадроме праціўніка 7 самалётаў, знішчыў 2 паравозы, 6 аўтамашын. У Вял.Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Ленінграда. Знішчальны авіяполк пад камандаваннем палкоўніка К. за 5 месяцаў правёў 389 паветр. баёў, знішчыў 105 варожых самалётаў, 55 танкаў. Загінуў у баі над Фінскім залівам. Яго імем наз. вуліца ў Віцебску, пасёлак у Выбаргскім р-не Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАЦЮ́К (Мікалай Кандратавіч) (н. 5.5.1931, г. Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),
украінскі спявак (барытон), педагог. Нар.арт.СССР (1978). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1958), з 1948 выкладае ў ёй (з 1979 праф., у 1974—83 рэктар). З 1957 саліст Укр.нар. хору імя Р.Вяроўкі, з 1959 — Нац.т-ра оперы і балета Украіны (Кіеў), з 1966 — Кіеўскай філармоніі. Валодае роўным ва ўсіх рэгістрах голасам прыгожага аксамітавага тэмбру. Сярод партый: Астап («Тарас Бульба» М.Лысенкі), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), граф ды Луна, Жэрмон («Трубадур», «Травіята» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Вядомы і як камерны спявак. Дзярж. прэмія Украіны 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЮШКЕ́ВІЧ (Марыя Іосіфаўна) (н. 7.11.1943, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1991), праф. (1991). Скончыла Гродзенскі пед.ін-т (1975). З 1979 выкладае ў Гродзенскім ун-це (з 1980 заг. кафедры, у 1992—93 дэкан філал. ф-та). Навук. працы па супастаўляльнай, функцыян., кагнітыўнай лінгвістыцы, сацыя- і прагмалінгвістыцы: «Сінтаксіс блізкароднасных моў: тоеснасць, падабенства, адрозненні» (1989), «Сінтаксіс рускай і беларускай моў: падабенства і адрозненні» (1994, у сааўт.), «Супастаўляльная функцыянальная граматыка рускай і беларускай моў: арыенціры і праекцыя вопыту», «Сацыялінгвістычная парадыгма моўнай сітуацыі ў Беларусі пасля рэферэндуму» (абедзве 1996), «Анімальны вобраз як фрагмент «карціны свету» (1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫЛЕ́НКА (Аляксандр Іванавіч) (1.8.1900, г. Краснаград Харкаўскай вобл., Украіна — 1.12.1958),
украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ін-тнар. асветы (1925). Друкаваўся з 1920. У зб-ках апавяданняў «Імем украінскага народа» (1924), «Буйны хмель» (1925), «Цвёрды матэрыял» (1928) адлюстраваў падзеі рэвалюцыі і класавую барацьбу ў краіне, у кнігах «Залатая грамата» (1937), «Сонечная раніца» (1949), «Суседзі» (1955), аповесцях і раманах «Вызваленне» (1930), «Дзесяцікласнікі» (1938), «Зямля вялікая» (1957) — героіку Вял.Айч. вайны і мірнага буд-ва. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Л.Салавей, А.Чаркасаў, А.Шарахоўская.
Тв.:
Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1980.
Літ.:
Килимник О.В. Олександр Копиленко. 2 вид. Київ, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЁЎ (Павел Міхайлавіч) (29.7.1915, в. Крыцкія Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл — 1.3.1998),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу ў Ленінградзе (1947). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял.Айч. вайну з жн. 1941 на Зах., Бранскім, 1-м Укр. франтах. Вызначыўся ў баях на рубяжы р. Одэр: з 27.1 да 4.2.1945 батарэя пад камандаваннем капітана К. ў раёне г. Алава (Польшча) адбіла 11 контратак пяхоты і танкаў праціўніка; 5 лютага, знаходзячыся ў акружэнні ворага, у крытычны момант бою К. выклікаў агонь сваёй артыл. на сябе, адбіў 14 контратак і ўтрымаў плацдарм. Да 1957 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТА́ЕЎ (Герман Іванавіч) (н. 3.10.1931, р.п. Балаганск Усць-Удзінскага р-на Іркуцкай вобл., Расія),
бел. геафізік, геолаг. Д-р геолага-мінералагічных н. (1968), праф. (1970). Чл.-кар.Міжнар.АН Еўразіі (1996). Скончыў Новасібірскі ін-т геадэзіі, аэраздымкі і картаграфіі (1953). З 1987 заг. лабараторыі Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі комплекснай і геал. інтэрпрэтацыі геафіз. палёў, глыбіннай будове і фіз. неаднароднасці зямной кары і верхняй мантыі Зямлі, глыбіннай геафізіцы і карысных выкапнях, экалагічнай геафізіцы.
Тв.:
Геофизические модели земной коры Белорусско-Прибалтийского региона. Мн., 1993 (у сааўт.);
Нелинейные дисперсионные модели структурной геофизики. Мн., 1997 (разам з В.К.Фурс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЧЭ́НЯ (Іван Міхайлавіч) (н. 13.8.1948, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл.),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Бел.с.-г. акадэмію (1975), Мінскую вышэйшую парт. школу (1986). З 1967 на гасп., сав. і парт. рабоце. З 1986 старшыня Вілейскага райвыканкома, адначасова 1-ы сакратар гаркома КПБ. З 1990 дэпутат, чл. Прэзідыума, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1992 каардынатар Рабочай групы Савета кіраўнікоў дзяржаў і Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У 1993—98 выканаўчы сакратар СНД. З 1996 чл. Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. З мая 1998 1-ы нам. выканаўчага сакратара СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЧУ́Н (Уладзімір Рыгоравіч) (14.3.1914, в. Кухцічы Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 25.6.1998),
Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Мінскі трансп.-эканам. тэхнікум (1933), Сталінградскае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1939).
У Чырв. Арміі з 1936. У Вял.Айч. вайну з крас. 1943 на Паўд., 4-м Укр., 3, 1 і 2-м Прыбалт., Ленінградскім франтах. Камандзір авіяэскадрыллі штурмавікоў, капітан. К. зрабіў 133 баявыя вылеты на разведку і бамбардзіроўку войск праціўніка, знішчыў 27 танкаў, 112 аўтамашын з грузам і жывой сілай, 3 самалёты на аэрадромах і 2 у паветр. баі, шмат інш. тэхнікі і жывой сілы праціўніка. Да 1957 у Сав. Арміі, падпалкоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ТКАЯ (Таццяна Пятроўна) (н. 5.1.1951, в. Анеліна Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1997). Скончыла БДУ (1973). З 1973 у Ін-це філасофіі і права Нац.АН Беларусі. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя асновы фарміравання і станаўлення традыц.рэліг. філасофіі і філас.-рэліг. мадэрнізму ў Расіі і Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст., гісторыю і спецыфіку функцыянавання розных рэліг. плыняў на Беларусі ў сучасны перыяд.
Тв.:
Религиозная философия в Белоруссии начала XX в. Мн., 1983;
Старообрядчество в Беларуси. Мн., 1992 (разам з Е.С.Пракошынай, Г.А.Чуднікавай);
В поисках новой рациональности: Религ. философия в России конца XIX — нач. XX в. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́Н (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 6.11.1953, г. Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. мастак; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1979), выкладае ў ім (з 1983). Творчасці ўласцівы дакладная распрацоўка кампазіцыі, выразная рытмічнасць, каларыстычная гармонія, вытанчанасць і пластычнасць жывапіснай формы. Працуе ў жанрах нацюрморта («Кветка папараці», 1983; «Нацюрморт з фіялкамі», 1986; «Старыя самавары», нізка «Кветкі», усе 1988; «Нацюрморт з самаварам», 1989; «Шкло і вінаград», 1990; «Вэнджаная рыба», 1993; «Памяці Вівальдзі», 1995; «Нацюрморт з дыняй», 1997), партрэта («Маці», 1981; «Юнацтва», 1987), пейзажа («Сілуэты Нінбурга», 1988; «Пейзаж са старой царквой», 1990; «Элегія», 1992; «Пачатак зімы», 1995).