ПАРА́МЕТР y тэхніцы, фізічная велічыня, якая з’яўляецца істотнай характарыстыкай тэхн. сістэмы, з’явы, працэсу. У мех. сістэмах П. — гэта маса, каэф. трэння, момант інерцыі і інш. З эл. П. найб. характэрныя супраціўленне, індуктыўнасць, ёмістасць, сіла току, напружанне. П. цеплавых працэсаў — цеплаёмістасць, цеплаправоднасць і інш. П. бываюць пастаянныя і пераменныя (залежаць ад часу і сістэмы каардынат), сканцэнтраваныя і размеркаваныя.

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАПРАКТЫ́Т (ад пара... + практыт),

запаленне клятчаткі каля прамой кішкі і задняга праходу. Часцей выклікаецца гнаяроднымі мікробамі. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Пры вострым утвараецца абсцэс, у цяжкіх выпадках — сепсіс. Прыкметы: востры боль у вобласці прамой кішкі, балючасць пры дэфекацыі, павышаная т-ра цела, з’яўленне інфільтрату ў вобласці задняга праходу, гнайнік можа прарвацца і ўтварыць свішч. Лячэнне: процізапаленчыя сродкі, хірургічнае.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАСІ́ЦА,

рака ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Проня (бас. р. Дняпро). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 112 км². Пачынаецца на схілах Смаленскага ўзвышша за 1,5 км на ПнЗ ад в. Куртасы, вусце ў межах г. Горкі. Рэчышча на працягу 500 м каля вусця каналізаванае. На паўн. ускраіне г. Горкі плаціна і сажалка.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФУМЕ́РЫЯ (франц. parfumerie ад partum прыемны пах),

вырабы, што выкарыстоўваюць для араматызацыі скуры, валасоў, адзення, а таксама як гігіенічныя асвяжальныя сродкі. Асн. віды парфумерных вырабаў — духі, адэкалоны, туалетная вада. Парфумерныя кампазіцыі (спіртавыя ці водна-спіртавыя сумесі пахучых рэчываў) выкарыстоўваюць для араматызацыі касметычных сродкаў (гл. Касметыка), туалетнага мыла, мыйных сродкаў і інш. прадукцыі быт. хіміі. Гл. таксама Парфумерна-касметычная прамысловасць.

т. 12, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЁЛАК,

населены пункт пры прамысловых, с.-г. і інш. прадпрыемствах. П. наз. таксама сядзібы саўгасаў і калгасаў. На Беларусі П. аднесены да катэгорыі сельскіх нас. пунктаў (Закон «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998). Некаторыя П. пры колькасці жыхароў больш за 500 чал. атрымліваюць статус рабочых пасёлкаў.

Тыповая забудова сучаснага пасёлка.

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭРНАЛІ́ЗМ (ад лац. paternus бацькоўскі),

заступніцтва, апека старэйшага ў адносінах да малодшых, падапечных. У развітых дзяржавах П. у адносінах да працоўных называюць сістэму дадатковых ільгот і выплат на прадпрыемствах за кошт прадпрымальнікаў. Накіраваны на замацаванне кадраў, на змякчэнне прац. канфліктаў. У міжнар. адносінах тэрмін «П.» выкарыстоўваўся для абазначэння апекі буйных дзяржаў над больш слабымі дзяржавамі, калоніямі, падапечнымі тэрыторыямі.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПЛО́СКАСЦЬ,

сукупнасць пунктаў плоскасці, якія ляжаць з аднаго боку ад прамой, зададзенай на гэтай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасці Ax + By + C > 0 (ці Ax + By + < C), дзе A, B і C — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама прамая (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + C = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.

т. 12, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАСТО́РА,

сукупнасць пунктаў прасторы, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць Ax + By + Cz + D > 0 (ці Ax + By + Cz + D < 0), дзе A, B, C і D — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама плоскасць (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + Cz + D = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАМАРФО́З [ад грэч. pais (paidos) дзіця + морфа],

эвалюцыйная змена арганізмаў, што прыводзіць да поўнай страты дарослай стадыі з адпаведным скарачэннем антагенезу, пры якім апошняй стадыяй становіцца былая раней лічынкавай. Бываюць у арганізмаў, лічынкі якіх здольныя да размнажэння, у прыватнасці, на аснове неатэніі і педагенезу. Шляхам П. ўзніклі некат. групы хвастатых паўзуноў, насякомых, павукападобных.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНА́ЛЬЦІ (ад англ. penalty пакаранне, штраф),

пакаранне ў спарт. гульнях за парушэнне правіл у штрафной пляцоўцы. У футболе ўведзены ў 1891 як штрафны ўдар, што прабіваецца па варотах каманды, якая правінілася, з адлегласці 11 м. Назначаецца суддзёй. П. выкарыстоўваецца таксама ў водным пола (з 4 м), гандболе (з 7 м), хакеі на лёдзе і на траве.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)