КАСТАЎЕ́,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Зах. Дзвіна, за 28 км на ПнУ ад Віцебска. Пл. 0,65 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 340 м, найб. глыб. 4,8 м, даўж. берагавой лініі каля 7 км. Пл. вадазбору 5 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, пясчаныя, параслі лесам, участкі на У і З у верхняй ч. разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на У і З часткова забалочаныя, сплавінныя. Дно да глыб. 1—1,5 м пясчанае, ніжэй выслана сапрапелем. Упадаюць 3 ручаі, на Пд выцякае ручай у Зах. Дзвіну. Зарастае слаба.

т. 8, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРАМСКА́Я ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы,

парода малочна-мяснога кірунку, выведзеная ў 1945 у Кастрамской вобл. скрыжаваннем мясц. жывёлы з альгаўскай і швіцкай пародамі. Гадуюць у Іванаўскай, Кастрамской, Уладзімірскай, Яраслаўскай абл. (Расія), на Беларусі — у асн. у Віцебскай і Магілёўскай абл.

Жывёлы моцнай канстытуцыі, з добра развітой мускулатурай. Галава невялікая, тулава крыху выцягнутае, на высокіх нагах, выш. ў карку да 130 см, спіна роўная. Масць шэрая і бурая розных адценняў. Надой малака за год 4000—5000 кг (рэкардысткі — да 14 200 кг), тлустасць 3,8—4,1%. Жывая маса кароў 550—650, быкоў 800—950 кг. Мясныя якасці добрыя.

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХЕ́ТЫ, Кахетыя,

гістарычная вобласць ва Усх. Грузіі ў вярхоўях рэк Іоры і Алазані (прытокі Куры). Да 8 ст. ўваходзіла ў склад Картлі. З 2-й пал. 8 ст. вылучылася ў незалежнае княства. У 1104 цар Давід Будаўнік пры дапамозе мясц. азнаураў заняў К. і ўключыў яе ў склад аб’яднанага Груз. царства. У 2-й пал. 15 ст. К. вылучылася ў самаст. царства, якое вяло ў 16—18 ст. барацьбу за сваю незалежнасць ад Ірана і Турцыі (гл. таксама Кахецінскае паўстанне 1659). У 1762 К. і Картлі аб’ядналіся ў адно царства, якое ў 1801 далучана да Расіі.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХО́ЎСКІ (Пётр Рыгоравіч) (1799, Смаленская губ. — 25.7.1826),

расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. Паручнік у адстаўцы (1821). У 1816—19 на дзеючай вайск. службе. Са снеж. 1824 у Пецярбургу. З пач. 1825 чл. Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, выступаў за ліквідацыю самаўладства, знішчэнне царскай сям’і і ўстанаўленне рэсп. ладу ў Расіі, удзельнічаў у падрыхтоўцы планаў паўстання. 14.12.1825 на Сенацкай плошчы заклікаў салдат не прысягаць Мікалаю I, забіў пецярбургскага ген.-губернатара М.​А.​Міларадавіча, параніў 2 афіцэраў. 15.12.1825 арыштаваны, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У пісьмах, напісаных у зняволенні, абгрунтаваў свае паліт. погляды і даў крытычны аналіз тагачаснага дзярж. ладу Расіі. Павешаны паводле прыгавору Вярх. суда.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАТЭРНІЁН (франц. quaternion ад лац. quaterni па чатыры),

адна з сістэм гіперкамплексных лікаў. Увёў У.Р.Гамільтан (1843) у сувязі з задачай абагульнення камплексных лікаў.

К. вызначаецца як лінейная камбінацыя віду a + bi + cj + dk, дзе a, b, c, d — сапраўдныя лікі, i, j, k — уяўныя адзінкі: i2 = j2 = k2 = −1. Складанне і множанне К. выконваецца па адпаведных правілах для мнагачленаў з улікам jk = −kj = i, ki = −ki = j, ij = −ji = k. Алг. дзеянні над К. маюць усе ўласцівасці (за выключэннем камутатыўнасці множання) адпаведных дзеянняў над сапраўднымі лікамі. Гэтым К. вылучаюцца сярод гіперкамплексных лікаў.

т. 8, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ДРЫН (Дзмітрый Барысавіч) (4.2.1907, пас. Шчаглоўка Данецкай вобл., Украіна — 18.9.1945),

рускі паэт. Друкаваўся з 1924. Першы і адзіны прыжыццёвы зб. «Сведкі» (1940). У вершах, баладах («Дойліды», 1938), паэмах («Конь», 1940) паэтызацыя сучаснасці і гіст. мінулага, прырода роднай зямлі, глыбіня лірычных інтанацый, нац.-гіст. каларыт. Адзін з лепшых яго твораў — вершаваная драма «Рэмбрант» (1940) пра трагічнае адзінаборства геніяльнага мастака за духоўнае разняволенне. У творчасці перыяду Вял. Айч. вайны вершы пра Радзіму, нязломнасць нар. духу. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Ю.​Гаўрук, Х.​Жычка.

Тв.:

Стихотворения. Поэмы. М., 1982.

Літ.:

Тартаковский П. Дмитрий Кедрин. М., 1963.

т. 8, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЕРА ПЛАН,

сістэма індывідуалізаванага навучання ў ВНУ. Стваральнік — амер. псіхолаг і педагог Ф.​С.​Келер. Спачатку К.п. распрацоўваўся (1963—64) як сістэма выкладання псіхалогіі ў Бразільскім ун-це; у 1968 прапанаваны як агульнадыдактычная сістэма навучання ў ВНУ. Асн. рысы К.П.: арыентацыя на поўнае засваенне зместу навуч. матэрыялу; індывід. работа студэнтаў ва ўласным тэмпе; выкарыстанне лекцый (каля 6 за семестр) толькі з мэтай матывацыі і агульнай арыентацыі навучэнцаў; бягучая ацэнка засваення матэрыялу па раздзелах курса проктарамі (асістэнты выкладчыка) і інш. Паводле К.п. навучэнцы могуць свабодна выбіраць від навуч. дзейнасці і рэжым працы. Найбольшае пашырэнне атрымаў у вышэйшых навуч. ўстановах ЗША.

т. 8, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РАЛА,

штат на ПдЗ Індыі, на ўзбярэжжы Аравійскага мора. Пл. 39 тыс. км². Нас. 29,1 млн. чал. (1993), пераважна народ малаялі. Адм. ц.г. Трывандрам. Большую ч. штата займае нізінны Малабарскі бераг. На У — схілы гор Кардамонавых і Анаймуды. Клімат трапічны мусонны. Вільготны сезон з крас. да лістапада, ападкаў да 3 тыс. мм за год. К. — аграрны штат. Гал. культуры — какосавая пальма (каля 70% насаджэнняў краіны) і рыс. Вырошчваюць таксама арэхі кэш’ю, тапіёку, спецыі і вострыя прыправы, каўчуканосы, чай, каву. Марское рыбалоўства. Здабыча манацытавых пяскоў. Развіта харч., баваўняная, дрэваапр., гумавая, электратэхн., хім., нафтаперапр. прам-сць. Транспарт чыг. і марскі.

т. 8, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРГЕЛЕ́Н (Kerguelen),

архіпелаг вулканічных астравоў у паўд. ч. Індыйскага ак., у Антарктыцы. Тэр. Францыі. Найб. в-аў Кергелен і каля 300 дробных (вяршыні падводнага хр. Кергелен). Агульная пл. каля 7 тыс. км². Пласкагор’і (выш. 300—600 м) з асобнымі вулканічнымі вяршынямі выш. да 1965 м. На в-ве Кергелен ледавікі (пл. каля 500 км²), Клімат субантарктычны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Бедная травяністая расліннасць. Частка рэзервата Антарктык-Франсэз. Навук. станцыя Порт-о-Франсэ (з 1950). Названы ў гонар франц. мараплаўца І.Ж. дэ Кергелен Трэмарэка, які адкрыў асн. востраў архіпелага ў 1772.

т. 8, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРМЕ́К (Limonium),

род кветкавых раслін сям. плюмбагавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. Трапляюцца на засоленых узбярэжжах мораў і азёр, сухіх горных схілах. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны К.: Бандуэлі (L. bonduellii), выемчаты (L. sinuatum), Гмеліна (L. gmelinii), Меера (L. meyeri), шыракалісты (L. platyphyllum).

Шмат- і двухгадовыя травы, радзей паўкусты выш. 10—15 см. Сцёблы ператварыліся ў бязлістыя галінастыя кветаносы, Лісце буйное, эліпса- або яйцападобнае ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі дробныя, ружовыя, пурпуровыя, жоўтыя ў мяцёлчатых або шчыткападобных суквеццях. У каранях вял. колькасць дубільных рэчываў. Тэхн. і дэкар. расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

Кермек звычайны.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)