БАКАВА́Я ЭРО́ЗІЯ,
падмыванне водным патокам схілаў рачной даліны, якое выклікае адступанне берагоў, расшырэнне даліны і міграцыю рэчышча ракі з утварэннем меандраў. Адбываецца адначасова з глыбіннай, звычайна пераважае тады, калі базіс эрозіі высокі, профіль ракі выраўноўваецца, набліжаецца да профілю раўнавагі. На тэр. Беларусі бакавая эрозія найбольш уласціва рэкам басейнаў Прыпяці, Дняпра і вярхоўям Нёмана (гл. таксама Эрозія).
т. 2, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НАС, ахар,
археалагічная культура эпохі энеаліту (каля 1900—1300 да нашай эры) на тэр. штата Раджастхан (Індыя). Назва ад р. Банас, у басейне якой даследавана паселішча Ахар (адсюль другая назва культуры). Насельніцтва займалася земляробствам (вырошчвала рыс, пшаніцу), асн. буд. матэрыялам былі камень і гліна. Характэрна чорна-чырвоная кераміка, упрыгожаная малюнкамі белай фарбы. Пашыраны медныя і бронзавыя вырабы.
т. 2, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫІ ЗЯМЛЯ́ (Victoria Land),
частка тэр. Усх. Антарктыды. На З абмываецца м. Роса, на Пн — м. Сомава. У межах зах. часткі В.З. — Трансантарктычныя горы, выш. да 4025 м (г. Лістэр). На У да гор прымыкае ледавіковае плато. Магутнасць ледавіковага покрыва месцамі перавышае 2500 м. Адкрыта ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.Роса, названа ў гонар англ. каралевы.
т. 4, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІР, водаварот,
кругавы лейкападобны рух вады ў паверхневым слоі на асобных участках вадаёмаў або рэк. Узнікае пры зліцці плыняў вады, пры абцяканні выступаў берага або пры рэзкім расшырэнні рэчышча. Можа быць пастаянным або часовым. Марскія віры ўтвараюцца ў месцах сутыкнення прыліўна-адліўных хваль з цячэннямі. Вір — небяспечнае месца; на тэр. Беларусі вада ў віры доўга не замярзае.
т. 4, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Віцебск. Пл. акругі 11,4 тыс. км². Нас. 583,4 тыс. чал. (1926). Уключала 12 раёнаў (Бешанковіцкі, Віцебскі, Высачанскі, Гарадоцкі, Езярышчанскі, Лёзненскі, Лосвідскі, Мяжанскі, Сенненскі, Сіроцінскі, Суражскі, Чашніцкі), 3 гарады (Віцебск, Гарадок, Сянно), 5 мястэчак, 131 сельсавет. Акр. газ. «Заря Запада». 26.7.1930 Віцебская акруга скасавана.
т. 4, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАБРО́ГІ (лац. Allobroges),
кельцкае племя, якое жыло паміж Жэнеўскім воз., рэкамі Рона і Ізер і Альпамі. Іх гал. гарады — Віена (сучасны В’ен у Францыі) і Генава (сучасная Жэнева). Алаброгі выступалі на баку Ганібала (218 да н.э.), у 121 да н.э. падпарадкаваны рым. палкаводцам Фабіем Максімам Квінтам, а іх тэр. ўключана ў склад правінцыі Карбонская Галія Нарбонская Галія.
т. 1, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ДА (1068—1123),
заснавальнік і першы імператар [1115—23] дзяржавы Цзінь у Кітаі. Завяршыў аб’яднанне чжурчжэняў, распачатае яго бацькам Янкэ, у 1114 узняў паўстанне супраць панавання кіданьскай імперыі Ляо і заняў крэпасці кіданяў на б.ч. Маньчжурыі. У 1115 абвясціў сябе імператарам пад імем Мінь і назваў дынастыю Цзінь («Залатая»). У 1116 захапіў усю Маньчжурыю, да 1123 — тэр. Ляо ў Паўн. Кітаі.
т. 1, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙРА́ЦКАЕ ХА́НСТВА, Джунгарскае ханства,
феадальная дзяржава айратаў (група зах.-манг. народаў) у Джунгарыі (ч. тэр. сучаснага Паўн.-Зах. Кітая) у 17—18 ст. Склалася ў 1630-я г. ў выніку аб’яднання айрацкіх княстваў. Узмацнілася пры Батуры-хунтайджы [1635 — каля 1660]. З 1670-х г. вяло войны з маньчжурскімі феадаламі. У 1757—58, аслабленае працяглай феад. усобіцай, заваявана кітайскай дынастыяй Цын.
т. 1, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЕРМА́НСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1826.
Падпісана паміж Расіяй і Турцыяй 7 кастр. ў г. Акерман (цяпер г. Белгарад-Днястроўскі, Украіна). Дапаўняла Бухарэсцкі мірны дагавор 1812, пашырыла ўплыў Расіі на Балканах. Турцыя прызнала размежавальную лінію на Дунаі, Расія атрымала права на свабоду гандлю на тэр. Турцыі і суднаходства ў яе водах, у Дунайскіх княствах аднаўлялася мясц. самакіраванне, вызначаліся прынцыпы будучага ладу Сербіі.
т. 1, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА АЙЧЫ́НЫ,
абарона краіны ад знешняга нападу, пагрозы яе незалежнасці і тэр. цэласнасці. Абарона Рэспублікі Беларусь — найважнейшая функцыя дзяржавы, канстытуцыйны абавязак і доўг кожнага яе грамадзяніна. Актыўная форма рэалізацыі гэтага абавязку — ваенная служба. Закон «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 рэгламентуе парадак падрыхтоўкі насельніцтва да абароны краіны і забеспячэння камплектавання яе Узброеных Сіл.
т. 1, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)