ГЕРАСТРА́Т (Hērostratos, г. Эфес, Малая Азія, цяпер Турцыя),

грэк, які спаліў у 356 да н.э. храм Артэміды Эфескай (прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету), каб абяссмерціць сваё імя. Паводле падання, храм згарэў у ноч нараджэння Аляксандра Македонскага. Герастрат быў забіты. Па рашэнні жыхароў іанійскіх гарадоў імя Герастрата было аддадзена вечнаму забыццю; стала сімвалам ганебна набытай славы.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РМА (грэч. hermēs),

чатырохгранны слуп, завершаны скульпт. выявай галавы першапачаткова бога Гермеса (адсюль назва), потым стараж. багоў, з 5 ст. да н.э. і партрэтнымі выявамі дзярж. дзеячаў, філосафаў і інш. У ант. эпоху герма — пераважна межавы знак, паказальнік дарог, з 16 ст. — від дэкар. і садова-паркавай скульптуры.

Гермы на фасадзе палаца ў вёсцы Паланэчка Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́Я (франц. camée ад італьян. cammeo, cameo),

твор гліптыкі; від гемы — каштоўны, часцей паўкаштоўны камень (сардонікс, агат і інш.) з выпуклай разной выявай. Выразнасць дасягаецца праз натуральную слаістасць каменя (выява — аднаго колеру, фон, адметныя па тоне і фактуры дэталі — іншых). Вядома з 4 ст. да н.э., росквіт — у мастацтве эліністычнай Грэцыі і Стараж. Рыма.

Камея. Апафеоз Каракалы. Каля 217.

т. 7, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТЭР ((Carter) Хоўард) (9.5.1873, Суэфем, Вялікабрытанія — 2.3.1939),

англійскі археолаг. З 1891 удзельнічаў у археал. раскопках у Егіпце (раён Эль-Амарны і інш. мясціны Сярэдняга Егіпта). З 1902 праводзіў раскопкі ў Даліне цароў; у ліст. 1922 адкрыў грабніцу егіпецкага фараона XVIII дынастыі Тутанхамона (15 ст. да н.э.) — багацейшую скарбніцу помнікаў мастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — Гробница Тутанхамона. М., 1959.

т. 8, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАНІ́Я (Lakōnia),

Лаканіка, паўднёва-ўсходняя вобласць п-ва Пелапанес у Стараж. Грэцыі на мяжы з Аргалідай і Аркадыяй на Пн, Месеніяй на 3. У 12 ст. да н.э. заваявана дарыйцамі, якія на яе тэрыторыі заснавалі дзяржаву Спарта (афіц. назва Лакедэмон). Назвы Л., Лакедэмон, Спарта часта выкарыстоўваюцца як сінонімы. Паводле паданняў жыхары Л. былі вядомы дакладнасцю і сцісласцю мовы — лаканізмам.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЫСА (Larisa),

горад на У Грэцыі, на р. Піньёс. Адм. ц. нома Ларыса. Адзін з самых стараж. гарадоў Грэцыі і цэнтраў эгейскай культуры, вядомы з 2-га тыс. да н.э. 113 тыс. ж., з прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (1991). Прам-сць: харч., папяровая, тэкст., буд. матэрыялаў. Штогадовыя с.-г. кірмашы. Руіны ант. т-ра, тур. крэпасці.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНША́НЬ,

археалагічная культура эпохі позняга неаліту (1-я пал. 2-га тыс. да н.э.) у паўн. Кітаі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. 3 Л. звязваюць з’яўленне ў Кітаі пшаніцы і ячменю, свойскіх быка, казы і авечкі. Характэрны чорнаглянцаваны керамічны посуд, выраблены на ганчарным крузе, шліфаваныя каменныя сякеры, нажы, цёслы, вырабы з косці і ракавін.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭТАРЫЯ́НЦЫ (лац. praetoriani),

у Старажытным Рыме прывілеяваная частка войска. Першапачаткова П. наз. ахова палкаводцаў, якая набіралася з саюзнікаў і рым. коннікаў. Створаная ў 2 н.э. Аўгустам імператарская гвардыя (9 кагорт па 1000 чал. у кожнай) таксама наз. П. Камплектаваліся з італійцаў. Адрозніваліся ад легіянераў большай платай, меншым тэрмінам службы. П. скасаваны ў 312 Канстанцінам Вялікім.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦІКНІ́ЖЖА,

першыя 5 кніг Бібліі (Быццё, Зыход, Левіт, Лікі і Другазаконне); вядомыя таксама пад назвай Закон, або Вучэнне (па-яўрэйску — Тора); гал. свяшчэнныя кнігі іудаізму. П. — раздзел Старога запавету, складзены ў 1-м тыс. да н.э. Стварэнне яго прыпісваюць біблейскаму герою Майсею. У 1519 Ф.​Скарына выпусціў у Празе П. ў 5 асобных кнігах на старабел. мове.

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ШЫЯ, Брэша (Brescia),

горад на Пн Італіі, каля падножжа Альпаў. Адм. ц. прав. Брэшыя. 191,9 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел. Важны прамысл. і гандл. цэнтр. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (аўта- і авіябудаванне, с.-г. і тэкстыльнае), эл.-тэхн. і радыёэлектронная, хім., лёгкая (тэкстыль, адзенне, абутак), ваенная, гарбарная. Традыц. вытв-сць муз. інструментаў (арганаў). Цэнтр турызму. Ун-т. Акадэмія л-ры і мастацтва. Маст. галерэі. Бат. сад. Рэшткі рымскіх пабудоў, арх. помнікі 8—17 ст. У наваколлі здабыча парфіру і белага мармуру.

Засн. ў 6 ст. да н. э. галамі. З 225 да н.э. рым. калонія, з 4 ст. н.э. рэзідэнцыя біскупства. З 774 у імперыі Каралінгаў. У 1127 тут утварылася вольная гар. камуна. У 1429—1797 пад уладай Венецыі, мела аўтаномію. З 1797 у складзе Цызальпінскай Рэспублікі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 разам з Ламбарда-Венецыянскай вобласцю адышла да Аўстрыі. З 1859 у складзе Італьян. каралеўства. У 2-ю сусв. вайну моцна разбурана авіяц. бамбардзіроўкамі.

т. 3, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)