ГЛЕ́БА,

паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.

Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.

На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.

Н.​М.​Івахненка.

Да арт. Глеба. Глебы: 1 — дзярнова-карбанатная; 2 — дзярнова-падзолістая; 3 — дзярнова-падзолістая (глеяватая); 4 — дзярновая забалочаная (глеяватая); 5 — поймавая; 6 — тарфяна-балотная.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНЫЯ РУДЫ,

прыродныя мінеральныя агрэгаты, якія маюць у сабе жалеза ў выгаднай для здабычы колькасці. Галоўныя рудныя мінералы: аксіды жалеза — магнетыт, гематыт, мартыт; гідрааксіды — гётыт і гідрагётыт; карбанаты — сідэрыт; сілікаты — шамазіт, цюрынгіт. Прамысл. Ж.р. маюць 16—72 % жалеза. У плаўку ідзе абагачаны да 60—70% канцэнтрат (гл. Абагачэнне карысных выкапняў, Агламерацыя). Карысныя прымесі: нікель, кобальт, марганец, вальфрам, малібдэн, хром, ванадый і інш. Шкодныя прымесі: сера, фосфар, цынк, свінец, мыш’як, медзь. У залежнасці ад паходжання вылучаюць Ж.р. эндагенныя (магматычныя, гідратэрмальныя, вулканагенна-асадкавыя і інш.), экзагенныя (асадкавыя пластавыя, радовішчаў выветрывання і інш.) і метамарфагенныя (жалезістыя кварцыты і інш.). Прамысл. тыпы класіфікуюць паводле пераважнага руднага мінералу (магнетытавыя, гематытавыя, сідэрытавыя і г.д.). Найб. запасы і аб’ёмы здабычы Ж.р. прыпадаюць на дакембрыйскія жалезістыя кварцыты, менш пашыраны асадкавыя буражалезняковыя, а таксама скарнавыя, гідратэрмальныя і карбанатытавыя магнетытавыя руды. Адрозніваюць Ж.р. багатыя (больш за 50% Fe) і бедныя (менш за 25% Fe); бедныя падзяляюцца на лёгка- і цяжкаабагачальныя. Па агульных запасах Ж.р. краіны СНД займаюць 1-е месца ў свеце (больш за 100 млрд. т), на 2-м месцы Бразілія (34 млрд. т). Ж.р. выкарыстоўваюцца для выплаўкі чыгуну, сталі і ферасплаваў, невялікая колькасць — як прыродная фарба (вохра) ці як уцяжарвальнік свідравальных раствораў. На Беларусі ў зах. ч. выяўлены радовішчы Ж.р. у пародах крышт. фундаменту (г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., г. Стоўбцы Мінскай вобл.), а таксама шэраг рудапраяўленняў. Ж.р. ў іх прадстаўлены жалезістымі кварцытамі (Аколаўскае радовішча жалезных руд, Рубяжэвіцкае рудапраяўленне), ільменітмагнетытавымі рудамі (Навасёлкаўскае радовішча і інш.) і магнетытавымі метасаматытамі.

Літ.:

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’Е́ЗДЫ КПСС,

вярхоўны орган Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977 КПСС адводзілася роля кіруючай сілы сав. грамадства, ядра яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый. Паводле Статута КПСС з’езды склікаліся не радзей аднаго разу ў 5 гадоў, нечарговыя — па ініцыятыве ЦК або па патрабаванні не менш як ⅓ агульнай колькасці членаў партыі, прадстаўленых на апошнім з’ездзе. Дата з’езда і парадак апавяшчаліся не пазней як за паўтара месяца да з’езда, нечарговыя з’езды склікаліся ў двухмесячны тэрмін. З’езд заслухоўваў і зацвярджаў справаздачу ЦК, Цэнтр. рэвіз. камісіі (ЦРК) і інш. цэнтр. арг-цый, пераглядаў, зменьваў і зацвярджаў Праграму і Статут КПСС, вызначаў лінію партыі па пытаннях унутр. і знешняй палітыкі, разглядаў і вырашаў найважнейшыя пытанні парт. і дзярж. жыцця, выбіраў ЦК і ЦРК. Указ рас. Прэзідэнта ад 20.8.1991 аб дэпартызацыі ў РСФСР дзярж. устаноў нанёс удар па манаполіі КПСС. У жн. 1991 дзейнасць КПСС на тэр. Расіі прыпынена. Даты з’ездаў: 1-ы (1898, Мінск), 2-і (1903, Брусель—Лондан), 3-і (1905, Лондан), 4-ы (1906, Стакгольм), 5-ы (1907, Лондан), 6-ы (1912, Прага), 7-ы (1917, Петраград), 8-ы (1919; гэты і ўсе наступныя адбываліся ў Маскве), 9-ы (1920), 10-ы (1921), 11-ы (1922), 12-ы (1923), 13-ы (1924), 14-ы (1925), 15-ы (1927), 16-ы (1930), 17-ы (1934), 18-ы (1939), 19-ы (1952), 20-ы (1956), 21-ы (1959), 22-і (1961), 23-і (1966), 24-ы (1971), 25-ы (1976), 26-ы (1981), 27-ы (1986), 28-ы (1990).

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДЫЯ (Lombardia),

гістарычная і адм. вобласць на Пн Італіі, самая вял. па плошчы і колькасці насельніцтва ў краіне. Уключае 9 правінцый: Бергама, Брэшыя, Варэсе, Крэмона, Кома, Мантуя, Мілан, Павія, Сондрыо. Пл. 23,8 тыс. км². Hac. каля 9 млн. чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр — г. Мілан. На Пн Ламбардскія Альпы (выш. да 4049 м) і Перадальпы, астатняя ч. Паданская раўніна. Клімат пераходны ад міжземнаморскага да ўмеранага, у гарах умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Найб. эканамічна развітая вобласць Італіі. Прам-сць сканцэнтравана ў асн. у Мілане і яго прыгарадах: маш.-буд. (радыёэлектронная, электратэхн., выпуск энергасілавога абсталявання, станкоў, прылад, аўтамабіляў, самалётаў і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, фарбавальнікі, сінт. каўчук, пластмасы і інш), тэкст., швейная, харчовая. Асноўны с.-г. раён краіны. Апрацоўваецца каля 1,5 млн. га, у т. л. каля 60% пад ворывам, каля 30% пад лугамі і пашай, 10% пад садамі і вінаграднікамі. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, рыс, кармавыя культуры, агародніну. Жывёлагадоўля пераважна малочнага кірунку. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Развіты турызм. Шматлікія курорты, цэнтры зімовых і водных відаў спорту.

Стараж. назва Л. — Інсубрыя (ад назвы кельцкага племя інсубраў). У 2 ст. да н.э. заваявана Рымам. У 5—7 ст. н.э. на Л. нападалі остготы, Візантыя, лангабарды (адсюль назва Л.). З 8 ст. ў складзе імперыі Каралінгаў. З 10 ст. ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», у 11—13 ст. існавалі самакіравальныя гар. камуны, у 14—15 ст. усталяваліся тыранічныя рэжымы. Пазней належала ісп. і аўстр. Габсбургам, напалеонаўскай Францыі, з 1815 пад аўстр. панаваннем, уваходзіла ў склад Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. З 1859 у складзе Італіі.

І.​Я.​Афнагель.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРЫ́ТЫ,

малыя целы Сонечнай сістэмы, якія трапляюць на Зямлю з міжпланетнай прасторы; часткі метэорных цел, якія не паспелі згарэць у атмасферы (гл. Метэоры).

У залежнасці ад канечнай масы і скорасці, а таксама характару грунту ў месцы падзення М. застаюцца ляжаць на паверхні ці пранікаюць у глебу на глыбіню да 6,5 м, утвараючы лейкападобную выемку Адрозніваюць М.: каменныя (92% агульнай колькасці), жалезакаменныя (2%) і жалезныя (6%). Складаюцца пераважна з алюмінію, жалеза, кальцыю, кіслароду і інш. і не маюць у сабе якіх-н. невядомых на Зямлі хім. элементаў. Форма ў асноўным няправільная абломкавая, радзей — арыентаваная (завостраная з аднаго боку і расшыраная і прытупленая з другога). Звычайна М. з усіх бакоў пакрытыя тонкай коркай плаўлення таўшчынёй не болей за 1 мм, колер чорны (матавы ці бліскучы), радзей светлы і паўпразрысты. На М., якія доўга праляжалі ў зямлі, кара акісляецца і робіцца цёмнага чырвона-бурага колеру. Паверхня М. мае своеасаблівыя паглыбленні — рэгмагліпты. Колер унутр. рэчыва — светла-шэры, цёмна-шэры, зусім чорны ці амаль белы. Маса М. — ад доляў грама да дзесяткаў тон, самы буйны — М. Гоба (маса каля 60 т, Афрыка). На 1 млн. км² паверхні Зямлі падаюць 3 М. ў год. У сусветны рэестр занесена больш за 2 тыс. М. На Беларусі вядома 5 М.: «Брагін», «Грэск», «Жмены», «Заброддзе», «Чорны Бор». Бел. калекцыя М. захоўваецца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Гл. таксама Тунгускі метэарыт, Сіхатэ-Алінскі метэарыт.

Літ.:

Кринов Е.Л. Вестники Вселенной. М.,1963;

Вуд Дж.А Метеориты и происхождение солнечной системы: Пер. с англ. М., 1971;

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.​Я.​Бардон.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖМАЛЕКУЛЯ́РНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,

узаемадзеянне паміж малекуламі з насычанымі хім. сувязямі. Існаванне М.ў. ўпершыню ўлічыў Я.​Д.​Ван дэр Ваальс пры тлумачэнні ўласцівасцей рэальных газаў і вадкасцей (гл. Ван-дэр-Ваальса ўраўненне). Асобны выпадак М.ў. — вадародная сувязь.

Характар М.ў. залежыць ад адлегласці паміж малекуламі (r). Пры вялікіх r (rl, дзе l — лінейныя памеры малекул, што ўзаемадзейнічаюць) электронныя абалонкі малекул не перакрываюцца, паміж малекуламі пераважаюць сілы прыцягнення (далёкадзейныя сілы), якія маюць эл. прыроду. Далёкадзейныя сілы падзяляюць на арыентацыйныя (сілы ўзаемадзеяння паміж палярнымі малекуламі), індукцыйныя (паміж палярнымі і непалярнымі малекуламі), дысперсійныя (паміж любымі малекуламі). Пры малых r (rl), калі электронныя абалонкі малекул перакрываюцца, пераважаюць сілы адштурхоўвання, якія з’яўляюцца кароткадзейнымі сіламі. Энергія адштурхоўвання залежыць ад r так, як у выпадку абменнага ўзаемадзеяння, што прыводзіць да ўтварэння хім. сувязі. М.ў. звычайна апісваецца патэнцыяльнай энергіяй узаемадзеяння U(r) (патэнцыялам М.ў.), а сіла ўзаемадзеяння ƒ — функцыяй ƒ = −dU(r)/dr. Тэарэт. вызначэнне залежнасці U(r) ці эксперым. вымярэнне ƒ практычна немагчымыя з-за вельмі вял. колькасці малекул, што ўзаемадзейнічаюць, і малых значэнняў r. Звычайна залежнасць U(r) падбіраюць эмпірычна так, каб праведзеныя з яе дапамогай разлікі розных характарыстык рэчыва адпавядалі эксперым. даным. М.ў. вывучаюць рознымі фіз. метадамі, асн. з іх: метад малекулярных пучкоў і дыфракцыйныя метады. Пры даследаванні М.ў. усё часцей выкарыстоўваюць разліковыя метады квантавай хіміі.

Літ.:

Межмолекулярные взаимодействия: От двухатомных молекул до биополимеров: Пер. с англ. М., 1981.

Крывая залежнасці патэнцыяльнай энергіі U(r) міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ад адлегласці r паміж малекуламі; r = σ — найменшая магчымая адлегласць паміж нерухомымі малекуламі; ε — глыбіня патэнцыяльнай ямы (вызначае энергію сувязі малекул).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ СССР,

з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Рас. Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі (РСФСР), Укр. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі (УССР), Бел. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі (БССР) і Закаўказскай Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі (ЗСФСР), на якім абвешчана стварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Адбыўся 30.12.1922 у Маскве. Дэлегаты з’езда (2214 чал., у т. л. 1673 з рашаючым голасам, 541 з дарадчым) былі выбраны на з’ездах Саветаў у кожнай з 4 намінальна незалежных рэспублік: 1727 ад РСФСР (1217 з рашаючым голасам), 364 ад УССР (354 з рашаючым голасам), 91 ад ЗСФСР (73 з рашаючым голасам), 33 ад БССР (23 з рашаючым голасам). З іх 94,1% былі камуністамі, 0,2% (5 чал.) належалі да інш. партый, 5,7% былі беспартыйнымі. Старшынёй з’езда абраны М.І.Калінін, ганаровым старшынёй — У.І.Ленін. З’езд аднагалосна зацвердзіў Дэкларацыю аб утварэнні СССР і Саюзны дагавор, падпісаны 4 рэспублікамі. Па прапанове М.В.Фрунзе абодва дакументы вырашана перадаць на дадатковы разгляд у ЦВК саюзных рэспублік з тым, каб ЦВК СССР з улікам атрыманых водгукаў зацвердзіў іх і ўвёў у дзеянне. Канчатковы тэкст Дэкларацыі і Саюзнага дагавора падлягаў зацвярджэнню на 2-м з’ездзе Саветаў СССР. З’езд выбраў ЦВК СССР у складзе 371 чл. і 138 кандыдатаў ад усіх рэспублік прапарцыянальна колькасці іх насельніцтва з некаторымі адступленнямі на карысць менш населеных рэспублік (БССР, маючы 1,2% ад насельніцтва СССР, атрымала ў складзе саюзнага ЦВК 1,9% месцаў). На 1-й сесіі ЦВК СССР (30.12.1922) выбраны Прэзідыум ЦВК з 19 членаў і 13 кандыдатаў. Былі абраны 4 старшыні ЦВК: М.​І.​Калінін ад РСФСР, Р.І.Пятроўскі ад УССР, Н.Нарыманаў ад ЗСФСР, А.Р.Чарвякоў ад БССР.

Е.​Ф.​Саўчук.

т. 12, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕРЫЗА́ЦЫЯ,

метад сінтэзу палімераў, пры якім макрамалекула ўтвараецца шляхам паслядоўнага далучэння малекул аднаго ці некалькіх манамераў да актыўнага цэнтра, што знаходзіцца ў канцы растучага ланцуга; адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў. У П. ўступаюць нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх маюць кратныя сувязі (алефіны, дыенавыя і ацэтыленавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрыты і інш.) або цыклічныя групоўкі, здольныя раскрывацца (аксіды алефінаў, цыклічныя эфіры, лактоны, лактамы і інш.).

Паводле колькасці манамераў, што ўдзельнічаюць у П., адрозніваюць гамаполімерызацыю (адзін манамер) і суполімерызацыю (2 і больш), паводле прыроды актыўнага цэнтра — радыкальную П., калі актыўны цэнтр — свабодны радыкал (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі), і іонную П., актыўныя цэнтры — іоны (аніённая ці катыённая П.) або палярызаваныя малекулы (каардынацыйна-іонная П.). Пры П. развіццё кінетычнага ланцуга (працэс П. ўключае некалькі асн. стадый, т.зв. элементарных актаў — ініцыіраванне, рост ланцуга, яго абрыў і перадача) адбываецца адначасова з ростам матэрыяльнага ланцуга макрамалекулы. Найб. пашыраныя спосабы ажыццяўлення П.: П. ў масе, ці блочная (П. вадкага манамера ў адсутнасці растваральніку), П. ў растворы (полімерызуецца раствораны манамер), эмульсійная П. і суспензійная П. (П. манамера, дыспергаванага ў вадзе), газафазная (П. газападобнага манамера пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ці на паверхні каталізатара), а таксама цвердафазная П. (П. манамераў у крышт. або шклопадобным стане). Метадам П. атрымліваюць каля 75% агульнага аб’ёму сінт. палімераў, што вырабляюць у свеце, (у т. л. найб. буйнатанажныя поліалефіны, полістырол, полівінілхларыд), а таксама асн. масу каўчукоў сінтэтычных.

Літ.:

Оудиан Дж. Основы химии полимеров: Пер. с англ. М., 1974;

Иванчев С.С. Радикальная полимеризация. Л., 1985;

Брук М.А., Павлов С.А. Полимеризация на поверхности твердых тел. М., 1990.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЯС,

пас, доўгая вузкая стужка (са скуры або плеценая, тканая, вітая з нітак) для падпяразвання. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ў многіх народаў свету. Неад’емная частка нац. адзення беларусаў. Бытавалі пераважна П. тканыя, плеценыя, вітыя, а таксама вязаныя пруткамі і кручком. Яны мелі даўж. 150—300 см, шыр. 1,5—30 см. Арнаментыка нар. П. вызначаецца разнастайнасцю геам. узораў: падоўжаныя, папярочныя і касыя палоскі, крыжыкі, ромбы і інш. Іх аздаблялі кутасамі, махрамі, бісерам, уплеценым паміж тканымі палоскамі, саламянымі ўстаўкамі, нашытымі кавалачкамі тканіны. Пераважала спалучэнне чырвонага колеру з белым фонам (у невял. колькасці ўводзіўся зялёны, сіні, жоўты і інш.). Паліхромнасць уласціва для П. Зах. Палесся. Сусветную вядомасць набылі шаўковыя слуцкія паясы. П. падпяразвалі кашулі і верхняе адзенне (мужчынскія П. былі звычайна шырэйшыя за жаночыя і дзіцячыя). Завязвалі іх вузлом спераду або збоку; у залежнасці ад памераў абкручвалі вакол стану 1—3 разы, падтыкалі па баках так, каб канцы звісалі на 20—40 см. На П. ці за П. насілі сякеру, нож, шабету, капшук, грабеньчык, ключы. У лес або ў поле на П. неслі збан з вадой, каробку, палатняную торбу, спарыш з абедам. Спец. П. — спавівачом — спавівалі немаўлят, вузкія ўзорыстыя П.-подвязкі служылі і аборамі. П.-крайкі прышывалі да спадніц і фартухоў, а вузкімі плеценымі або вітымі П. абшывалі каўняры, барты і рукавы світ, падолы спадніц. П. паўсюдна выраблялі да 1940-х г. У наш час вырабляюцца асобнымі майстрамі і некат. фабрыкамі маст. вырабаў.

В.​І.​Селівончык.

Беларускі народны жаночы касцюм з поясам. Вёска Ляхаўцы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1900—20.
Паясы. Заходняе Палессе. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 12, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫХО́ДСКІЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ, парафіяльныя вучылішчы,

ніжэйшыя пачатковыя навуч. ўстановы ў межах царк. правасл. прыходаў або каталіцкіх парафій. На Беларусі сталі вынікам развіцця школ граматы пры манастырах (гл. Манастырскія школы) і кляштарах. Да 1770-х г. большасць школ на Беларусі адносілася да П.в., акрамя калегіумаў. Адукацыйная камісія ўпершыню ўвяла афіц. падзел паміж рознымі тыпамі навуч. устаноў, што існавалі ў Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці са статутамі 1774 і 1783 планавалася адкрываць П.в. на сродкі царквы і прыватныя ахвяраванні. Настаўнікаў для П.в. рыхтавала асобная пед. семінарыя, адкрытая ў Вільні ў 1775. Аднак недахоп сродкаў прыводзіў да скарачэння колькасці П.в. (у 1777 іх было 330, 1781—276, 1782—251). Паводле статутаў 1803 і 1804 у Віленскай навучальнай акрузе П.в. лічыліся ніжэйшай ступенню сістэмы адукацыі, куды прымалі дзяцей усіх саслоўяў. Паводле статута 1807 П.в. падзяляліся на 2-класныя гарадскія і 1-класныя вясковыя. Агульная колькасць П.в. у Віленскай навуч. акрузе была ў 1804—245, 1807—298, 1811—395, 1813—211, 1819—326, 1827—265. Школьны статут 1828 абвясціў П.в. школамі для «самых нізкіх станаў», выпускнікам якіх было забаронена паступаць у павятовыя вучылішчы і гімназіі. Колькасць прадметаў абмяжоўвалася катэхізісам, чытаннем, пісьмом, лічэннем, царк. спевамі. З 1864 П.в., адкрытыя царквой, пераўтвораны ў царкоўнапрыходскія школы. З астатніх П.в. захаваліся толькі тыя, што падпарадкоўваліся Мін-ву нар. асветы. У канцы 19 — пач. 20 ст. засталося 11 двухкласных (4 гады навучання) і каля 60 аднакласных (2 гады навучання) П.в. Пасля 1917 П.в. скасаваны ў выніку рэарганізацыі сістэмы адукацыі.

Літ.:

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.

А.​Ф.​Самусік.

т. 13, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)