змяншэнне інтэнсіўнасці аптычнага выпрамянення (святла) пры праходжанні яго праз рэчыва.
Апісваецца Бугера-Ламберта-Бэра законам, які выконваецца пры адносна невял. інтэнсіўнасцях святла. Залежнасць каэфіцыента паглынання рэчыва ад даўжыні хвалі святла наз. спектрам паглынання (гл.Спектры аптычныя). Спектр паглынання адасобленых атамаў (напр., разрэджаных газаў) складаецца з вузкіх ліній, якія адпавядаюць частотам уласных ваганняў электронаў у атамах. Малекулярны спектр вызначаецца ваганнямі атамаў у малекулах і складаецца са значна больш шырокіх абласцей даўжынь хваль з істотным П.с. (палос паглынання). П.с. ў цвёрдых целах характарызуецца шырокімі абласцямі паглынання і вял. значэннем каэфіцыента паглынання. У светлавых пучках вял. інтэнсіўнасці закон Бугера—Ламберта—Бэра П.с. парушаецца (нелінейнае П.с.), што абумоўлена вял. доляй паглынальных часціц ва ўзбуджаным стане, не здольных паглынаць святло. Калі ў паглынальным асяроддзі створана інверсія заселенасці (гл.Актыўнае асяроддзе), то кожны фатон зыходнага патоку святла мае большую імавернасць выклікаць выпрамяненне такога ж фатона, чым быць паглынутым самому (гл.Вымушанае выпрамяненне). На гэтым заснаваны прынцып работы квантавых генератараў і квантавых узмацняльнікаў. Працэс П.с. выкарыстоўваецца ў розных галінах навукі і тэхнікі, на ім заснаваны многія метады колькаснага і якаснага хім. аналізу, напр., абсарбцыйны спектральны аналіз, спектрафотаметрыя, колераметрыя.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Квантовая теория взаимодействия света и вещества. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАПСІХАЛО́ГІЯ (ад пара... + псіхалогія),
галіна псіхал. даследаванняў, якая вывучае формы пачуццёвасці, што забяспечваюць спосабы прыёму інфармацыі і якую нельга растлумачыць дзейнасцю вядомых органаў пачуццяў, таксама адпаведныя формы ўздзеяння адной жывой істоты на другую, на фіз. аб’екты, інш. нестандартныя здольнасці арганізма. Разам з паняццем «П.» ажываюць таксама паняцці «псіхатроніка», «біяінфармацыя», «біяінтраскапія» і інш. Вылучаюць тыпы форм пачуццёвасці: тэлепатыя — мысленныя зносіны паміж тымі, хто перадае і хто прымае (індуктар і рэцыпіент); яснабачанне — атрыманне ведаў пра аб’ектыўныя падзеі знешняга свету, не заснаванае на рабоце вядомых органаў пачуццяў і меркаваннях розуму; прадбачанне (праскапія) — прыватны выпадак яснабачання, які адносіцца да прадказання будучых падзей; лазашукальніцтва (біяфіз. эфект) — пошук з дапамогай індыкатара (сагнуты металічны дрот, лаза і інш.) падземных вод, руды, пустаты і інш.; парадыягностыка — пастаноўка заснаванага на яснабачанні мед. дыягназу без кантакту з хворым. Гэтыя формы пачуццёвасці часта аб’ядноўваюцца паняццем экстрасенсорнага ўспрымання. Яснабачанне, тэлепатыю і прадказанне адносяць да псі-феномена, а мысленнае ўздзеянне на аб’ект на адлегласці (псіхакінез, тэлекінез) — да псі-капафеномена.
Даследаванні феномена П. вядуцца з канца 19 ст., калі ў Лондане засн. «Таварыства для вывучэння псіхічных з’яў». Яно садзейнічала пазнанню псіхал. заканамернасцей гіпнозу, ідэаматорных актаў, субсенсорнага ўспрымання, фенаменальнай памяці, вылічальных здольнасцей. Многія з існуючых т-ваў і лабараторый аб’ядноўвае Міжнар. парапсіхалагічная асацыяцыя (Нью-Йорк).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЦЫН, Сацыні (Socyn, Socinus Sozzini) Фауст (5.12.1539, г. Сіена, Італія — 3.3.1604), італьянскі тэолаг-антытрынітарый, філосаф, заснавальнік сацыніянства. Скончыў ф-т права ў г. Ліён. Служыў сакратаром пры двары фларэнційскага князя Казіма I Медычы. З 1574 займаўся рэфарматарскай дзейнасцю (гл. Рэфармацыя) у тагачасным цэнтры рэліг. вальнадумства г. Базель. З 1579 у Кракаве, актыўна ўключыўся ў радыкальна-рэфармацыйны рух Польшчы і ВКЛ. З 1588, калі на сінодзе ў Брэсце прыхільнікі С. атрымалі ідэйную перамогу, ён стаў ідэолагам польскага і бел. антытрынітарызму. У ідэйнай спрэчцы правага і левага крыла антытрынітарыяў займаў цэнтрысцкія пазіцыі. Успрыняў і развіў некат. сац. і рэліг.-філас. ідэі С.Буднага, але асуджаў яго вучэнне пра натуральнае паходжанне Ісуса Хрыста і выступаў супраць атэіст. тэндэнцый у антытрынітарызме. Вырашальным крытэрыем у ацэнцы Бібліі лічыў індывідуальны чалавечы розум. Сцвярджаў, што чалавек валодае свабоднай воляй, якая кіруе розумам і мараллю. Таму ва ўратаванні чалавека вызначальную ролю адыгрываюць нецарк. прадпісанні, а свабодны выбар. Антрапалагічнаму песімізму кальвінізму проціпаставіў гуманістычны аптымізм, заснаваны на веры, што кожны чалавек здольны заслужыць уратаванне пры дапамозе індывідуальных духоўна-маральных намаганняў.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПОК (Spock) Бенджамін Маклейн (2.5.1903, г. Нью-Хейвен, штат Канектыкут, ЗША — 15.3.1998),
амерыканскі педыятр, педагог і грамадскі дзеяч. Скончыў Іельскі ун-т (1925) і мед. курсы пры ім (1929). У 1933—44 займаўся прыватнай практыкай у Нью-Йорку. У 1944—46 на вайсковай службе, у 1947—50 ад’юнкт-праф. Мінесоцкага ун-та, у 1951—55 кіраваў аддзяленнем дзіцячай псіхіятрыі пры мед. курсах Пітсбургскага ун-та. У кн. «Дзіця і яго догляд» (1946) абагульніў свой вопыт педыятра, выклаў уяўленні пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей, развіццё здаровай і шчаслівай асобы. Гал. ідэя С. — прызнанне адметнасці, унікальнасці асобы дзіцяці; ён раіў бацькам пазбягаць крайнасцей у выхаванні, праяўляць чуласць і ўлічваць жаданні дзіцяці, дамагацца такіх адносін з дзецьмі, калі адпадае неабходнасць у пакаранні. Важнейшым у выхаванні лічыў «метад цярпення», адначасова падкрэсліваў асн. ролю бацькоўскага аўтарытэту, які не мае нічога агульнага з дыктатам, значэнне дысцыпліны для выхавання. У шматлікіх публікацыях выказаў свае ідэі па пед. праблемах: выхаванне прыёмных і «цяжкіх» дзяцей, выхаванне ў няпоўнай сям’і. уплыў на дзяцей сямейных канфліктаў і разводаў, роля бацькі ў выхаванні і інш. Сваю грамадскую дзейнасць разглядаў як працяг гуманістычнай педагогікі.
Літ.:
Азаров Ю. Диалог: Заметки о Бенджамине Споке и о современ. пробл. воспитания // Новый мир. 1979. № 9—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕ́ЙНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэматычнае мэтанакіраванае ўздзеянне на дзіця дарослых членаў сям’і і сямейнага ладу жыцця. Гал. задача С.в. — падрыхтоўка дзіцяці да жыцця ў пэўных сац. умовах. С.в. звычайна будуецца на аснове ідэалогіі, маралі і сістэмы ўзаемаадносін таго сац. пласта, да якога належыць сям’я. Фарміраванне асобы дзіцяці адбываецца ў выніку непасрэднага ўплыву аб’ектыўных умоў яго жыцця ў сям’і (сямейных адносін, структуры сям’і і колькасці яе членаў, прыкладу бацькоў і інш.) і ўздзеяння мэтанакіраванага выхавання дарослымі. Свядомая выхаваўчая дзейнасць дарослых становіцца эфектыўнай, калі праводзіцца не адасоблена ад рэальнага жыцця бацькоў, а пацвярджаецца ім. На С.в. істотна ўплывае духоўная культура бацькоў, іх вопыт сац.зносін, сямейныя традыцыі. Асобая роля належыць пед. культуры бацькоў, якая дае магчымасць звузіць элемент стыхійнасці, які найбольш уласцівы С.в. Маральнае ўздзеянне сям’і як выхаваўчага ін-та чалавек адчувае на працягу ўсяго жыцця. Аднак уплыў С.в. на розных этапах развіцця дзіцяці неаднолькавы. З паступленнем дзіцяці ў навуч. ўстановы сям’я пачынае падзяляць сваю выхаваўчую функцыю з інш.сац. ін-тамі; чым мацнейшая ўзаемасувязь і пераемнасць паміж С.в. і выхаваннем грамадскім, тым больш значны вынік выхавання як адзінага мэтанакіраванага працэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВА́РНЫ ЗНАК,
абазначэнне ці сімволіка. якая зарэгістравана на падставе дзеючага заканадаўства і ставіцца на тавары (часам на ўпакоўцы): садзейнічае адрозненню аднародных тавараў (паслуг) розных юрыд. або фіз. асоб і іх рэалізацыі. Можа мець слоўныя (у т. л. імёны ўласныя), літарныя. лічбавыя, аб’ёмныя абазначэнні або іх камбінацыі, любы колер ці колеравыя спалучэнні. Асн. патрабаванні да Т.з.: прастата, індывідуальнасць, распазнавальнасць, прывабнасць для спажыўцоў, адсутнасць элементаў герба, дзярж. сцяга і інш. абазначэнняў, што з’яўляюцца аб’ектамі выключнай уласнасці дзяржавы і ўрада. У Т.з. можна ўключаць скарочаныя ці поўныя назвы міжнар. і міжурадавых арг-цый, пячаткі, узнагароды і інш. знакі адрознення, як неахоўваемыя элементы, калі на гэта ёсць згола адпаведнага кампетэнтнага органа ці іх уладальніка. Рэгіструецца ў краіне, дзе фірма мае намер яго выкарыстоўваць. На сусв. рынку тавары. маркіраваныя Т.з., звычайна на 15—20% каштуюць даражэй, чым немаркіраваныя. Уладальнік Т.з. мае выключнае права на яго выкарыстанне, ён можа прадаць яго юрыд. або фіз. асобам па ліцэнзійных пагадненнях. Зарэгістраваны ў рамках міжнар. пагадненняў (напр., Парыжскай канвенцыі па ахове прамысл. уласнасці), карыстаецца аховай ва ўсіх краінах-удзельніцах і наз. сусветным Т.з. Разам з Т.з. у якасці фірменнага знака ўжываецца гандлёвая марка, якой абазначаюцца не адзін, а ўсе тавары пэўнай фірмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́Я (грэч. Troia), Іліён,
старажытны горад на ПнЗ М.Азіі, паліт. цэнтр гіст. вобласці Траада ў 3—2-м тыс. да н.э. Рэшткі Т. знойдзены ў 1865 Г.Шліманам у выніку раскопак на ўзгорку Гісарлык. Пазней раскопкі Т. вялі археолагі В.Дзёрпфельд (1893—94), К.Блеген (1932—38). Выяўлены рэшткі 9 паселішчаў эпох бронзы і жалеза. У 3000—2500 да н.э. Т. была крэпасцю з мурамі каля 3 м таўшчыні, яе жыхары займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам. ткацтвам, выплаўлялі медзь. Пасля пажараў 2500 і каля 2200 да н.э. горад адбудаваны, муры ўмацаваны вежамі. На акропалі ўзведзены палац цара. Найвыш. росквіт прыпадае на 1800—1300 да н.э., калі ў гаспадарцы пачалі выкарыстоўваць коней, распаўсюдзіліся новыя буд. прыёмы, вытв-сць бронзы і керамікі. Т. мела гандл. сувязі з Грэцыяй, Крытам, Кіпрам, Хецкім царствам. У час Траянскай вайны горад разбураны і больш не дасягнуў былой велічы. Зноў зруйнавана каля 1100 да н.э. Каля 700 да н.э. на яе месцы грэкі заснавалі г. Новы Іліён.
Літ.:
Гиндин Л.А. Население гомеровской Трои. М., 1993;
Ванденберг Ф. Золото Шлимана: Пер. с нем. Смоленск, 1996;
Черветти Д. Золото Трои: Легенда и действительность: Пер. с итал. М., 1996;
Дарет Фригийский. История о разрушении Трои: Пер. с лат. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНАЯ ФО́РМА СЛО́ВА,
матываваная сувязь семантычнай і марфемна-словаўтваральнай будовы аднаго слова (яго асновы) з інш. словам, лексічнае значэнне якога заключае ў сабе тую семантычную прыкмету, якая была пакладзена ў аснову ўтварэння новага наймення. Напр., «ляснік» — ’чалавек, звязаны з лесам’<«лес»; «леснічоўка» — ’хатка лесніка’<«ляснік»; «залессе» — ’месца...’<«за лесам»; «падлесак» — ’маладыя дрэўцы ў лесе’ <«пад лесам». У аснове ўсіх чатырох намінацый (назоўнікаў) ляжыць агульная семантычная прыкмета — значэнне марфемы «-лес-», якая і служыць базай У.ф.с. з рознымі лексічнымі значэннямі. Часцей У.ф.с. выяўляецца шляхам словаўтваральнага аналізу. Але паколькі У.ф.с. непасрэдна не звязана з лексічным значэннем новага слова, яна нярэдка зацямняецца або страчваецца зусім (параўн., «стол» <’сцяліць’ і «заяц»<’скакаць’). У такіх выпадках для высвятлення У.ф.с. праводзіцца этымалагічны аналіз. Напр., бел. «горад» і англ. town маюць аднолькавую ўнутр. форму. Але калі ў слове «горад» яшчэ адчуваецца сувязь з ’агароджваць’, то для англ. town яна адкрываецца пры супастаўленні з фанетычна суадпаведнымі словамі інш. моў: англ. town — ням. Zaun — ’агароджа, плот’ — бел. «тын» — ’плеценая агароджа’. Унутр. форма моўнага знака можа існаваць у формах: яўнай («сасновы лес»), згорнутай («сасоннік») і скрытай («бор» — ’сасновы лес, сасоннік’). 1-я форма вывучаецца сінтаксісам, 2-я — словаўтварэннем, 3-я — этымалогіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДО́СІЙ КАСО́Й (? — сярэдзіна 1570-х г.),
рэлігійны вальнадумец і прапаведнік у Маскоўскай дзяржаве і ВКЛ; адзін з кіраўнікоў рэфармацыйнага руху ва Усх. Еўропе. Ідэолаг радыкальнай антыправасл. ерасі — феадасіянства. У 1554 прыцягнуты да следства па справе рус. вальнадумца М.Башкіна і зняволены ў адзін з маскоўскіх манастыроў. Уцёк на Беларусь, дзе жыў у 1550—60-я г. (спачатку ў Віцебску). Крытыкаваў царк. абраднасць, афіц. веравучэнне, правасл. царкву як сац.ін-т і духавенства як носьбіта ўласцівых царкве заганаў. Адмаўляў боскую прыроду Хрыста, не верыў у святых і цуды, у замагільнае жыццё і ўваскрэсенне мёртвых, крытыкаваў шанаванне абразоў, асуджаў феад. адносіны і ўладу, заклікаў да грамадскага непадпарадкавання. Выступаў за роўнасць народаў і веравызнанняў. Ідэі Ф.К. мелі шырокую падтрымку сярод гар. нізоў Беларусі і ўвогуле ВКЛ. Феадасіянства стала агульнаславянскай з’явай і адыграла немалую ролю ў генезісе антыфеад. тэндэнцый у ходзе Рэфармацыі ў ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай, уяўляла небяспеку для духоўнай манаполіі правасл. царквы. Пад пагрозай расправы Ф.К. з аднадумцамі прымусілі пакінуць Віцебск. Самыя познія звесткі пра Ф.К. датуюцца сярэдзінай 1570-х г., калі ён прапаведаваў на Валыні. Прадаўжальнікам феадасіянскіх традыцый на Беларусі быў С.Лован.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI—начало XVII в.). Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́НГА ПЛАН,
другі рэпарацыйны план для Германіі па выніках 1-й сусв. вайны, распрацаваны міжнар. к-там экспертаў на чале з О.Юнгам (ЗША), зацверджаны 20.1.1930 на 2-й Гаагскай канферэнцыі 14 краінамі.
У адрозненне ад Даўэса плана Ю.п. вызначаў дакладную суму рэпарацый для Германіі ў 113,9 млрд. марак, штогадовыя плацяжы зніжаны на 20% і складалі па 2 млрд. марак на наступныя 37 гадоў. Паводле Ю.п. змяняўся парадак спагнання рэпарацый. адмянялася сістэма аблігацый, ад плацяжоў вызвалялася герм.прам-сць, рэпарацыі павінны былі выплачвацца з даходаў чыг. транспарту і дзярж. бюджэту. ліквідаваўся кантроль над эканомікай і фінансамі Германіі, не прадугледжваліся санкцыі на выпадак невыканання абавязацельстваў. Адначасова прынята рашэнне датэрмінова вывесці саюзныя войскі з Рэйнскай вобл. ЗША, зацікаўленыя ў рэгулярных плацяжах амер. трымальнікам аблігацый за пазыкі Германіі, прымусілі Вялікабрытанію. Францыю і Італію згадзіцца з адтэрміноўкай рэпарацыйных выплат на год (т.зв. «мараторый Гувера», ад імя прэзідэнта ЗША), які набыў сілу 15.7.1931. Калі тэрмін мараторыя скончыўся. Германія, спасылаючыся на эканам. крызіс, спыніла выплату рэпарацый, і Ю.п. перастаў існаваць (афіцыйна адменены на Лазанскай канферэнцыі 1932). Выкліканы Ю.п. цяжар спрыяў распальванню ў Германіі шавіністычных настрояў напярэдадні прыходу да ўлады фашыстаў (студз. 1933). Крах Ю.п. адкрыў магчымасці для аднаўлення герм.ваен.-прамысл. патэнцыялу.