БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Ганс Гвіда фон) (8.1.1830, г. Дрэздэн, Германія — 12.2.1894),
нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар. Адзін з заснавальнікаў сучаснай дырыжорскай школы (першы дырыжыраваў на памяць). Вучыўся ў Ф.Ліста (фп.) і М.Гаўптмана (кампазіцыя). З 1850 дырыжор у т-рах Цюрыха і Санкт-Галена, у 1855—64 узначальваў канцэрты Т-ва сяброў музыкі і выкладаў у кансерваторыі Штэрна ў Берліне. З 1867 прыдворны капельмайстар і дырэктар Каралеўскай муз. школы ў Мюнхене, дзе дырыжыраваў прэм’ерамі опер «Трыстан і Ізольда» і «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.Вагнера. У 1877—79 дырыжор прыдворнага т-ра ў Гановеры (паст. оперу «Жыццё за цара» М.Глінкі, 1878), у 1880—93 дырыжор аркестраў у Майнінгене, Гамбургу, Берліне. Гастраліраваў як піяніст і дырыжор у Еўропе і Амерыцы. Выступаў як муз. крытык. П.Чайкоўскі прысвяціў Бюлаву 1-ы канцэрт для фп. з аркестрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ (Язэп Аляксандравіч) (7.1.1897, г. Барысаў — 22.4.1937),
дзярж. дзеяч БССР. З сак. 1918 у Смаленску ў штабе Чырв. гвардыі, удзельнік задушэння стракапытаўскага мяцяжу. З вер. 1918 ваен. камісар Магілёўскага і Лепельскага ваен. Саветаў. З вер. 1920 нар. камісар па ваен. справах БССР, адначасова з 1921 нар. камісар унутр. спраў і нам. старшыні ЦВК і СНКБССР. Удзельнічаў у падрыхтоўчай рабоце па ўтварэнні СССР. У 1924 у складзе Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) па ўзбуйненні тэр. Беларусі. У 1924—27 старшыня СНКБССР, у 1924—25 чл.РВССССР. З 1927 чл. Прэзідыума ВСНГСССР і старшыня праўлення Цукратрэста СССР, з 1932 на Д. Усходзе. Чл.ЦБ у 1920—22, ЦК і Бюро ЦККП(б)Б у 1924, чл.ЦВКБССР у 1920—27 і СССР у 1924—29. Ва ўмовах масавых рэпрэсій скончыў жыццё самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙ ЦЫН (сапр.Цзян Хайчэн; н. 27.3.1910, павет Цзіньхуа правінцыі Чжэцзян, Кітай),
кітайскі паэт. Першы зб. «Да Яньхэ» (1936). У зб-ках «Поўнач» (1939), «Вестка пра золак» (1943), «Ён памёр другі раз» (1946) і паэмах «Да сонца» (1938), «Факел» (1940) стварыў трагічны, з элементамі рамантызму, мастацкі свет, у якім супрацьстаяць сілы святла і цемры, праўды і хлусні. У ходзе кампаніі па барацьбе з іншадумствам (1957) аб’яўлены «правым элементам» і 16 гадоў знаходзіўся ў ссылцы. У 1978 вярнуўся да літ. і грамадскай дзейнасці. Выдаў зб-кі «Песня вяртання» (1980, роздум над гісторыяй чалавецтва і сваёй радзімы), «Лістапад» (1982), «Зарубежныя вершы» (1983), «Кароткія вершы» (1984), аўтабіягр. нарыс «Маё творчае жыццё» (1983). Яго лірыка адметная высокай грамадзянскасцю, філас. накіраванасцю, гуманізмам; выкарыстоўваў напеўную мелодыку нар. песень, строгія памеры класічных жанраў, перавагу аддаваў беламу вершу.
Тв.:
Рус.пер. — Слово солнца: Избр. стихотворения. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧ (Піліп Казімір) (? — 6.9.1656),
дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, дыпламат, пісьменнік. З роду Абуховічаў, паходжаннем з мазырскай шляхты, якая асела на Навагрудчыне. Скончыў Замойскую акадэмію (цяпер Люблінскае ваяв., Польшча). З 1649 пісар ВКЛ. Пасол у Венецыі і Маскве (1651). Ваявода віцебскі, смаленскі (1653). У 1654 узначальваў абарону Смаленска і пасля доўгай аблогі здаў горад рус. войскам. За гэта быў абвінавачаны ў здрадзе, але на сойме 1658 апраўданы. Яму адрасаваны «Ліст да Абуховіча». Аўтар вершаў на лац. мове. У 1617 у Замосці апубл. прамовы на лац. і грэчаскай мовах у гонар П.Замойскага. У «Дыярыушы» апісаў падзеі 1630—54: грамадска-паліт.жыццё Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі, ваен. падзеі ў час антыфеад. вайны ўкр. і бел. народаў 1648—54, міжнар. адносіны ва Усх. Еўропе сярэдзіны 17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМСАХУ́РДЫЯ (Канстанцін Сіманавіч) (15.5.1891, г. Абаша, Грузія — 17.7.1975),
грузінскі пісьменнік. Акад.АН Грузіі (1944). Скончыў Берлінскі ун-т (1919). Друкаваўся з 1914. Падарожнічаў па Італіі, Грэцыі, Турцыі, жыў у Парыжы. У зб-ку навел «Краіна, якую я бачу» (1924), рамане «Усмешка Дыяніса» (1925) уплыў дэкадэнцтва. Раманы «Украдзены месяц» (т. 1—3, 1935—36) і «Цвіценне лазы» (1956) пра жыццёгруз. вёскі 1920—40-х г., «Дзясніца вялікага майстра» (1939) пра нац. культуру і норавы ў Грузіі ў часы сярэднявечча, «Давід Будаўнік», (т. 1—4, 1946—58; прэмія імя Ш.Руставелі) пра барацьбу груз. народа за нац. незалежнасць у 11 ст. Творы Гамсахурдыя адметныя шырынёй ахопу гіст. падзей, майстэрствам іх адлюстравання, самабытнасцю мовы. Пераклаў на груз. мову «Боскую камедыю» Дантэ. У 1930-я г. падвяргаўся рэпрэсіям.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́О (Dario) Рубэн [сапр.Гарсія Сармьента
(García Sarmiento) Фелікс; 16.11.1867, г. Сьюдат-Дарыо, Нікарагуа — 6.2.1916], нікарагуанскі паэт, журналіст, буйнейшы прадстаўнік т.зв. лацінаамер. мадэрнізму. Быў консулам Нікарагуа ў Парыжы (1893—98),
паслом у Іспаніі (1908—10), карэспандэнтам. Вядомасць прынеслі зб-кі «Рыфы» і «Рыфмы» (абодва 1887), «Блакіт» (1888), «Язычніцкія псалмы» (1896). Лірыка Д. вызначаецца пантэісцкім бачаннем свету, культам прыгажосці, музычнасцю і пластычнасцю: зб-кі «Песні жыцця і надзеі» (1905), «Паэма восені і іншыя вершы» (1910) і інш. Яго эсэістыка спрыяла засваенню лацінаамерыканскай еўрап. культуры і ўсведамленню нац. самабытнасці (зб-кі «Сучасная Іспанія», 1901, «Увесь палёт», 1912, і інш.). У вершах і публіцыстыцы адлюстраваліся рэзкае непрыманне каштоўнасцей бурж. грамадства, абарона права на паліт. незалежнасць. Аўтар мемуарнай прозы («Гісторыя маіх кніг», 1913, «Жыццё Рубэна Д., расказанае ім самім», 1915, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМЕТРЫ́ (Lamettrie, La Mettrie) Жульен Афрэ дэ (25.12.1709, г. Сен-Мало, Францыя — 11.11.1751), французскі філосаф, асветнік. Урач па адукацыі. За матэрыяліст. і атэіст. погляды («Натуральная гісторыя душы», 1745) праследаваўся царкоўнікамі, эмігрыраваў у Галандыю, дзе выдаў твор «Чалавек-машына» (1747), потым у Германію (вы даў працы «Чалавек-расліна», 1748; «Сістэма Эпікура», 1751). Першым у Францыі даў паслядоўнае выкладанне сістэмы механістычнага матэрыялізму і сенсуалізму, абгрунтаваў існаванне адзінай матэрыяльнай субстанцыі, вызначальнымі атрыбутамі якой лічыў працягласць, здольнасць да руху і пачуццёвасць. Асн. ідэя Л. — тлумачэнне псіхічных з’яў фізіял. працэсамі. Яго філас. ідэі паўплывалі на Д.Дзідро, П.Гольбаха, К.Гельвецыя. У Беларусі і Літве творы і вывучэнне Л. вядомы з канца XVIII ст.Напр., у перакладной ананімнай кн. «Жыццё і творы вядомых пісьменнікаў XVIII ст.» (1794) ёсць раздзел, прысвечаны Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІІ МЯСЦО́ВЫХ САВЕ́ТАЎ ДЭПУТА́ТАЎ,
дапаможныя органы мясц. кіравання і самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь і ў некат. краінах СНД. Гал. іх мэты: папярэдні разгляд і падрыхтоўка пытанняў, якія адносяцца да ведання мясц. Саветаў, правядзенне ў жыццё рашэнняў Саветаў і вышэйстаячых дзярж. органаў. Адрозніваюць камісіі пастаянныя і часовыя. Пастаянныя камісіі выбіраюцца на сесіях Саветаў па прапанове старшыні Савета (абл., гар., раённых; у сельскіх Саветах пастаянныя камісіі могуць не ўтварацца) з дэпутатаў гэтых Саветаў. Колькасць камісій, іх склад і арганізацыя заканадаўствам не рэгламентаваны. Звычайна пастаянныя камісіі выбіраюцца ў складзе старшыні, яго намесніка, сакратара і не менш як 2 чл. камісіі. Рэкамендацыі пастаянных камісій падлягаюць разгляду адпаведнымі дзярж. і грамадскімі органамі і арг-цыямі. Пастаянныя камісіі дзейнічаюць на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў Савета. Для вырашэння канкрэтных пытанняў могуць стварацца і часовыя камісіі, якія спыняюць сваё існаванне пасля выканання ўскладзеных на іх даручэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЗЯНО́К (Зінаіда Валянцінаўна) (21.3.1915, г. Віцебск — 1.9.1985),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Бел. т-ры юнага гледача (1937—41), Брэсцкім абл.драм. т-ры (1944—76). Выконвала ролі травесці, драм. і вострахарактарныя. Яе работы вызначаліся дэталёвай распрацоўкай сцэн. характараў, падкрэсленай тэатральнасцю формы. Сярод лепшых роляў: у Бел. т-ры юнага гледача — Маруся Гарбацэвіч («Блакітнае і ружовае» А.Бруштэйн), Першы сын караля («Цудоўная дудка» В.Вольскага); у Брэсцкім драм. т-ры — Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Круціцкая («Не было ні граша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), мадам Абломак («Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава), Старухна («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.Карастылёва), Баба Яга («Два клёны» Я.Шварца), місіс Пэдзі («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІ́МАДА ((Quasimodo) Сальваторэ) (20.8.1901, г. Сіракузы, Італія — 14.6.1968),
італьянскі паэт. Вучыўся ў Рымскім політэхн. ін-це. З 1941 праф. Міланскай кансерваторыі імя Дж.Вердзі. У 1930-я г. далучыўся да герметызму з яго матывамі тугі і адзіноты (зб-кі «Вада і зямля», 1930; «Патанулы габой», 1932; «Эрата і Апаліён», 1936; «Вершы», 1938). У перыяд антыфаш. Супраціўлення звярнуўся да сац. рэчаіснасці (зб-кі «І надышоў вечар», 1942; «Дзень за днём», 1947). У пасляваен. творчасці пераважаюць грамадз. і патрыят. тэмы, вера ў народ (зб-кі «Жыццё не сон», 1949; «Фальшывая і сапраўдная зеляніна», 1954; «Непараўнальная зямля», 1958; «Даваць і мець», 1966). Аўтар зборнікаў публіцыстыкі, эсэ, перакладаў з грэч. мовы Сафокла, Эсхіла, Авідзія. Нобелеўская прэмія 1959. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Я.Семяжон.