ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д СТАНО́ЧНЫХ ВУЗЛО́Ў.

Арганізаваны ў 1961 на базе шклатарнага з-да як з-д нармалізаваных вузлоў. З 1976 сучасная назва. Да 1972 выпускаў нармалі, электрамех. сілавыя сталы і рэдуктары да іх, прыстасаванні да заточных станкоў. У 1972 і 1978 уведзены ў эксплуатацыю магутнасці для вырабу дэталей такарных і радыяльна-свідравальных станкоў, загатовак па вырабе тавараў нар. ўжытку. У 1993 дадаткова арганізавана вытв-сць мэблі. Асн. прадукцыя (1997): радыяльна-свідравальныя і такарныя станкі, свідравальна-фрэзерныя прыстасаванні, мэбля, тавары нар. ўжытку. Экспарт прадукцыі ў краіны СНД, Турцыю, Іран, Аўстралію, ЗША і інш.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́Д (11 ст. да н.э., г. Віфлеем, Іарданія — 965 ці 964 да н.э.),

2-і цар Ізраільска-Іудзейскай дзяржавы. Паводле Старога запавету, юнак-пастух Давід перамог у адзінаборстве волата Галіяфа. Пасля гібелі цара Саула ў 1004 ці 1003 да н.э. быў абвешчаны царом Іудзеі, далучыў да яе тэр. ізраільскіх плямён і стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, правёў перапіс насельніцтва, зрабіў сталіцай г. Іерусалім. Біблейскі вобраз Давіда (юнак, пастух, палкаводзец, цар, складальнік псалмоў, музыкант, месія) атрымаў адлюстраванне ў л-ры, выяўл., тэатр., муз. мастацтве.

Давід. Скульптар Мікеланджэла. 1501—04.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЗО́РШЧЫКІ (Anax),

род стракоз сям. каромыслаў. Да 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. Жывуць на берагах стаячых і слабапраточных вадаёмаў. На Беларусі 1 від — Д.-імператар (A. imperator), зарэгістраваны на Нарачанскіх і Браслаўскіх азёрах; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 80 мм, крыла да 51 мм. Грудзі зялёныя, брушка ў самцоў светла-сіняе, зверху з шырокай чорнай падоўжнай паласой; у самак брушка зялёнае з бурай паласой. Вочы на некат. адлегласці датыкаюцца. Лічынкі развіваюцца ў стаячых і праточных вадаёмах.

Да арт. Дазоршчыкі. Дазоршчык-імператар.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́КІ (лац. Daci),

група паўн.-фракійскіх плямён, якія засялялі тэр. на Пн ад Дуная да Карпацкіх гор (сучасная Трансільванія). У 7—4 ст. да н.э. былі пад уплывам качэўнікаў-скіфаў, у 3—2 ст. да н.э. — кельтаў. Д. гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету, апрацоўвалі металы. У 1 ст. да н.э. аб’ядналіся з гетамі, але саюз хутка распаўся. Найвыш. росквіту дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. Страцілі незалежнасць у выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рым. імператарам Траянам, краіна стала рым. правінцыяй Дакія.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЗНАВАТАБРУ́ХІЯ (Solengastres), бяспанцырныя, жалабабрухія,

клас малюскаў. Каля 120 найб. прымітыўных відаў, пашыраных амаль ва ўсіх морах ад Арктыкі да Антарктыкі. Жывуць на розных глыбінях (да 9000 м). Найб. вядомыя Nematomenia flavens і Echinomenia corallophila.

Цела чэрвепадобнае, даўж. ад 1 мм да 30 см, звонку ўкрытае вапняковымі шыпамі рознай будовы. Ракавіна адсутнічае. У большасці на брушным баку знаходзіцца баразна (адсюль назва) з вузкім кілем (рудымент нагі). Гермафрадыты. Кормяцца дэтрытам, водарасцямі, дробнымі жывёламі. Частка з іх жыве сярод каралаў і аб’ядае іх паліпы.

Да арт. Баразнаватабрухія. Малюскі: 1 — Nematomenia flavens; 2 — Echinomenia corallophila.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ АЎТААГРЭГА́ТНЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1944 у г. Баранавічы як маторарамонтны з-д. У 1946 пабудаваны ліцейны і механазборачны цэхі. Рэканструяваны ў 1959—64 і ў 1986. У 1960—66 з-д аўтамаб. агрэгатаў, з 1966 сучасная назва. У 1960-я г. асвоіў выпуск аўтамаб. агрэгатаў: гідраўлічных дамкратаў, рулявых механізмаў, рычажных і тэлескапічных амартызатараў да аўтамабіляў МАЗ, прыводных шківаў да трактароў «Беларусь». З 1975 у ВА «БелаўтаМАЗ». Асн. прадукцыя (1995): вузлы і дэталі да велікагрузных і запасныя часткі да легкавых аўтамабіляў, тавары шырокага ўжытку.

І.​І.​Ясевіч.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЫЯАДАПТА́ЦЫЯ (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + адаптацыя), аламарфоз,

прыватнае прыстасаванне арганізмаў да пэўных умоў жыцця ў канкрэтным знешнім асяроддзі. Адпаведны кірунак эвалюцыйных пераўтварэнняў наз. алагенезам. У процілегласць арамарфозу і рэгрэсіўным зменам — катамарфозу І. не адбіваецца істотна на агульным узроўні арганізацыі. Звычайна І. вядзе да пашырэння арэала групы арганізмаў, падзелу яе на вял. колькасць роднасных сістэм адзінак. Прыклады І.: розныя прыстасаванні камароў да паразітызму, раслін — да распаўсюджвання насення, розныя тыпы дзюб у птушак у сувязі з выкарыстаннем разнастайнага корму і спосабаў яго здабывання і інш.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАН-БЭ́ЛЬКА (галанд. kranbalk),

разнавіднасць пад’ёмнага крана маставога тыпу, у якога таль з эл. або ручным прыводам рухаецца па пралётнай ездавой бэльцы, абсталяванай канцавымі хадавымі цялежкамі. Цялежкі перамяшчаюцца па рэйках, укладзеных па падкранавых бэльках, якія абапіраюцца на калоны ці падвешваюцца да кроквенных ферм. К.-б. бываюць адна- (пралёт да 15 м) або шматпралётныя (да 100 м). Грузападымальнасць да 5 т. Разнавіднасць К.-б. — катабэлька для падымання і апускання якараў на суднах.

І.​І.​Леановіч.

Кран-бэлька: 1 — тэльфер; 2 — кнопачны пульт; 3 — ферма; 4 — канцавая бэлька.

т. 8, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАПА́ТКІ,

птушкі сям. цецеруковых і фазанавых атр. курападобных. Пашыраны ўсюды, ад тундры да трапічных лясоў і высакагор’яў. На Беларусі 2 віды: К. белая (Lagopus lagopus) і К. шэрая (Perdix perdix). Жывуць на палях, балотах, лугах, у драбналессі. К. белая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 46 см, маса да 900 г. Афарбоўка шэра-бурая, рыжа-бурая, у К. белай зімой белая. Кормяцца парасткамі, пупышкамі, насеннем траў, зернем, насякомымі (у т. л. каларадскімі жукамі). Нясуць да 24 яец. Аб’ект палявання. Гл. таксама Белыя курапаткі.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЫ́ЙНЫ ПЛЮМ,

гарачыя струмені магматычнага рэчыва, што ўздымаюцца з ніжняй мантыі Зямлі (амаль ад мяжы ядро — мантыя) да асновы літасферных пліт і праплаўляюць іх; праява ўнутрыплітнай магматычнай і тэктанічнай актыўнасці, іх зараджэнне — прадвеснік перадрыфтавага тэктанічнага рэжыму зямной кары. Тэрмін уведзены ў 1963 амер. геолагамі Дж.​Уілсанам і В.​Морганам. Прыкметы М.п.: скляпеннае падняцце зямной кары дыям. да 2000 км з праявай вулканізму і трэшчынных выліванняў, высокі цеплавы паток, геамех. напружанасць да 800 МПа, т-ра плаўлення рэчыва да 1400—1600 °C.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)