ГУ́ЛАРТ, Голарт (Goulart) Жаао (Жуан; 1.3.1918, г. Сан-Боржа, Бразілія — 1976), бразільскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Адзін з кіраўнікоў (з 1954 старшыня) Браз. трабальісцкай партыі, падтрымліваў палітыку Ж.Варгаса. Дэп. Заканад. асамблеі штата Рыу-Гранды-ду-Сул (1946—50) і Нац. кангрэса (з 1950). Міністр працы, прам-сці і гандлю (1953—54). У 1955—60 і ў 1961 віцэ-прэзідэнт, у 1961—64 прэзідэнт Бразіліі. Адхілены ад улады ў выніку ваен. перавароту 1964, эмігрыраваў.

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРТбел. муз. фальклоры),

устойлівы ансамбль з некалькіх творча раўнапраўных спевакоў. Кожны з іх выконвае ў ансамблі пэўную функцыю, якая асэнсоўваецца як асаблівае майстэрства і замацоўваецца ў спец. тэрміналогіі: запявала «заводзіць» песню, тыя, што вядуць асн. напеў ніжняга голасу, — «басуюць», а выканаўца верхняга сольнага голасу «падводкі» «падымае» песню. Пашыраны пераважна ў паўд. раёнах Беларусі.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971. С. 19—28.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТА (ад лац. gutta кропля),

старая назва шклозаводаў. Будаваліся пераважна на берагах рэк з якаснымі пяскамі, мелам, глінай, паліўнымі рэсурсамі. Выраб шкла на Беларусі вядомы з 12 ст. У 16—18 ст. на тэр. Беларусі дзейнічала каля 70 гут. Яны сталі базай, на якой утвараліся шкляныя мануфактуры. У канцы 18 — пач. 19 ст. самымі буйнымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. З удасканаленнем шкларобнай тэхналогіі ў 19 ст. мануфактуры саступілі месца шклозаводам.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЦІРА, Хуцьра (Hutyra) Ферэнц (1860, Вена — 1934), венгерскі эпізаатолаг і мікрабіёлаг. Скончыў Вышэйшую вет. школу ў Будапешце і з 1883 працаваў у ёй (з 1888 праф., рэктар). Навук. працы па інфекц. хваробах жывёл і вет. мікрабіялогіі. Вывучаў туберкулёз, сап, чуму свіней, увёў у практыку спецыфічную процічумную сываратку і прапанаваў сімультанную прышчэпку ад гэтай хваробы (1911). Адзін з аўтараў дапаможніка «Асобная паталогія і тэрапія свойскіх жывёл» (т. 1—2, 1905—06, 11-е выд., 1959).

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮ́БНЕРАВА ((Hübnerová) Марыя) (12.10.1862, г. Жамберк, Чэхія — 5.8.1931),

чэшская актрыса; прадстаўніца рэалістычнага чэш. мастацтва. З 1880 выступала ў правінцыяльных трупах, з 1896 у Нац. т-ры ў Празе. Тэмперамент, страснасць спалучаліся ў яе мастацтве з тонкім псіхалагізмам. Сярод роляў: Войнарка, Класкова («Войнарка», «Ліхтар» А.​Ірасека), Мадленка («Упартая жанчына» І.​Тыла), Фанка («Разбойнік» К.​Чапека), Пані Дульская («Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Агудалава, Кабаніха («Беспасажніца», «Навальніца» А.​Астроўскага).

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКЛЯРО́ВІЧ (таксама Дыклер, імя невяд.; 1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчык. З мяшчан. З 1756 вучыўся ў мясц. балетнай школе кн. Г.​Ф.​Радзівіла (педагогі А.Пуціні і Л.М.Дзюпрэ) і танцаваў у яго прыдворным т-ры ў Слуцку (дэбютаваў у 1758 у «Балеце на тры пары», лібрэта і паст. Пуціні), а таксама ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча), гастраліраваў у Нясвіжы. З 1760 вядучы танцоўшчык балетнай трупы Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі.

Г.​І.​Барышаў.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎБЕ́ШКІН (Пётр Лукіч) (8.10.1912, в. Паўлавічы Віцебскага р-на — 3.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Віцебскі фін.-эканам. тэхнікум (1934), Сумскае артыл. ваен. вучылішча (1937). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Калінінскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Капітан Д. вызначыўся 22.9.1943 у баях каля г. Пераяслаў-Хмяльніцкі (Украіна): мінамётны дывізіён на чале з Д. фарсіраваў Дняпро, на захопленым плацдарме адбіў 8 контратак праціўніка. Загінуў у баі.

П.Л.Даўбешкін.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЯКСІ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,

OHC—COOH, прасцейшая альдакіслата. Бясколерныя прызматычныя крышталі. Т-ра плаўлення 98 °C, добра раствараецца ў вадзе. З рэчывамі, у малекуле якіх ёсць індольнае кальцо, утварае чырвона-фіялетавы комплекс. У раслінных і жывёльных арганізмах гліяксілавая кіслата ўтвараецца пры акісленні гліколевай к-ты (фотадыханне), дэзамінаванні гліцыну з трыкарбонавых к-т лімонна-кіслага цыкла, у гліяксілатным цыкле. Гліяксілавая кіслата ўдзельнічае ў пераамінаванні, утвараючы гліцын, а таксама ў рэакцыі трансацэтыліравання з L-малатам і KoA.

т. 5, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАМАРФІ́ЗМ (ад гома... + грэч. morphē від, форма) у матэматыцы і логіцы, адлюстраванне аднаго алгебраічнага аб’екта (напр., групы, поля, цела) на другі, пры якім захоўваюцца ўсе зададзеныя на ім аперацыі і дачыненні; абагульненне паняцця ізамарфізму. Напр., гомамарфізм групы A ў групу B ставіць у адпаведнасць кожнаму элементу з A пэўны элемент (вобраз) з B, пры гэтым суме (здабытку або інш.) элементаў з A адпавядае сума (здабытак або інш.) іх вобразаў.

В.​І.​Бернік.

т. 5, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ АДКРЫ́ТАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «СПАРТА́К».

Засн. ў 1924 як кандытарскае прадпрыемства «Прасвет» па выпуску карамелі, цукерак, ірысу, мармеладу, з 1925 і халвы. У 1930—31 на яго аснове пабудаваны кандытарскі камбінат «Спартак». У Вял. Айч. вайну разбураны. У крас. 1944 аднавіў дзейнасць. У 1970—72 рэканструяваны. З 1993 сучасная назва. Асн. цэхі: карамельны, цукерачна-шакаладны, вафельны, бісквітны, патачны. У 1996 выпушчана 17 313 т кандытарскіх вырабаў. Супрацоўнічае з фірмамі Ізраіля, Ірландыі, Эстоніі, Украіны.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)