навуковы кірунак, што склаўся ў Зах. Еўропе і Расіі на аснове філасофіі пазітывізму ў апошняй чвэрці 19 ст. і існаваў да 1920-х г.Асн. прадметам вывучэння быў унутр. бок маст. творчасці — матывы душы аўтара, што спрыяюць нараджэнню твора, і працэсы, што адбываюцца ў свядомасці чытача. П.ш. мела пашырэнне ў зах.-еўрап. эстэтыцы (В.Вунт, В.Вец, І.Фолькельт, Э.Эльстэр у Германіі, С.Жырардэн у Францыі), дзе моцным быў яе псіхафізіялагічны кірунак, што перабольшваў ролю біял. фактараў у эстэт. дзейнасці чалавека і паўплываў на фарміраванне тэорыі псіхааналізу З.Фрэйда. Грунтоўна, на ўзроўні навук.-пазітыўнага пазнання тут вывучалася псіхалогія творчасці, значнае месца ў творчым працэсе адводзілася інтуіцыі, падсвядомасці. У рус.літ.-знаўстве П.ш. прадстаўлялі А.А.Патабня і яго вучні — Дз.М.Аўсяніка-Кулікоўскі, Т.Райнаў, М.С.Грыгор’еў і інш. П.ш. працягвала ідэі культурна-гістарычнай школы — пра сувязі л-ры з матэрыяльным і духоўным развіццём грамадства або асяроддзя (разумеючы яго як дыферэнцыраванае цэлае, што па-рознаму ўздзейнічае на мастака — асобу псіхалагічна непаўторную) і на першы план у маст. творчасці ставіла індывідуальны аўтарскі пачатак. Паводле канцэпцыі П.ш., творчы працэс — акт самавыяўлення мастака, вызвалення яго ад маральна-псіхал. грузу, цяжару думак і пачуццяў; сакрэты творчасці — у таямніцах аўтарскага «я», складанасці яго інтэлектуальна-душэўнага комплексу. Грамадская абумоўленасць маст. творчасці для іх была другарадным фактарам, бо лічылі, што жыццё ўплывае на мастака ў залежнасці ад канкрэтных носьбітаў гэтага ўплыву. Паняцце «ўнутранай формы слова» (сінонім паняцця «вобраз»), якое ўвёў у навук. ўжытак Патабня, стала стрыжнем яго паэтыкі, дзе праблемы лінгвістыкі і літ.-знаўства разглядаліся непадзельна. Аўсяніка-Кулікоўскі вылучаў 2 тыпы творчасці — назіральны (рознабаковае, больш дакладнае, праўдападобнае адлюстраванне) і эксперыментальны (аднабаковае, больш умоўнае). Ён расчляняў л-ру на вобразную (эпас і драма) і лірычную (лірыку) і тлумачыў апошнюю як асобны від творчасці, што аперыруе не вобразамі, а непасрэднымі эмоцыямі, што ствараюцца рытмам гукавога і пачуццёвага характару. П.ш. праяўлялася, хоць і скупа, у бел.літ.-знаўстве ў 2-й пал. 1920-х г. як процідзеянне вульгарна-сацыялаг. канцэпцыям. А.Бабарэка, абгрунтоўваючы эстэт. сутнасць л-ры і навук. асновы крытыкі, падкрэсліваў значэнне суб’ектыўна-псіхал. фактару, ролю аўтарскага ўяўлення ў літ. творчасці («З далін на ўзвышшы», «Аб разуменні мастацкай творчасці і некаторых пытаннях у вывучэнні мастацкай літаратуры» і інш.). З індывід. псіхалогіяй пісьменніка лічыўся і М.Піятуховіч («Нарысы гісторыі беларускай літаратуры», 1928). І.Замоцін ідэі П.ш. прымаў як элемент сінтэзу яго літ.-знаўчай тэорыі. На іх абапіраўся М.Каспяровіч, раскрываючы ўнутр. складанасць творчасці пісьменнікаў («Матывы барацьбы ў творчасці М.Багдановіча» і інш.).
Літ.:
Потебня А. Мысль и язык. 5 изд. Харьков, 1926;
Осьмаков Н.В. Психологическое направление в русском литературоведении: Д.Н.Овсянико-Куликовский. М., 1981;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБА́ ПА ДРЭ́ВЕ,
спосаб апрацоўкі драўніны з дапамогай спец. інструментаў (нажа, разца, сякеры, свердла, пілы і інш.); від разьбы мастацкай. Выкарыстоўваецца пры вырабе прадметаў побыту, посуду, трансп. сродкаў, прылад працы, для ўпрыгожвання будынкаў, стварэння скульптур (гл.Скульптура драўляная), маст. вырабаў і інш. Вядома са старажытнасці многім народам свету. Шырока вядомы гуцульская (Украіна), багародская разьба, абрамцава-кудрынская разьба (Расія), драўляная скульптура Літвы, Польшчы, народаў Афрыкі і інш. На Беларусі пашырана контурная, выемчатая (пераважна трохгранна-выемчатая), рэльефная, скразная, аб’ёмная Р. па д., сродкамі якой ствараюць скульптуру. Схематычна, умоўна трактаваныя драўляныя фігуркі чалавека і жывёл вядомы з часоў каменнага веку. У 9—13 ст.геам. («вочкавым») арнаментам аздаблялі грабяні, лыжкі, чарпакі, прылады працы, зброю. У 14—16 ст. нізкарэльефнай разьбой аздаблялі інтэр’еры культавых збудаванняў, палацаў, сядзіб, мэблю. Напр., пінскім разьбяром Ананіем створаны двухбаковы абраз «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1499—1525). У 17—18 ст. гэты від разьбы развіўся ў аб’ёмна-ажурную (гл.Беларуская рэзь). Тагачасная разьба характарызуецца цеснай сувяззю з архітэктурай, у ёй адбіліся пануючыя маст. стылі — рэнесанс, барока, ракако, з канца 18 ст. — класіцызм. Разьбой упрыгожвалі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены палацаў і храмаў: іканастас Мікалаеўскай царквы ў Магілёве (1669—72), алтары Будслаўскага касцёла бернардзінцаў, Воўпаўскага касцёла Іаана Хрысціцеля, Навамышскага Праабражэнскага касцёла, Порплішчанскай Спаса-Праабражэнскай царквы (усе 17 ст.), касцёла Гродзенскага кляштара езуітаў, Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў (18 ст.) і інш. У нар. побыце найб. пашырэнне мела трохгранна-выемчатая разьба геам. характару, якой аздаблялі прылады працы (гл.Камянецкія прасніцы), хатняе начынне, посуд, трансп. сродкі. З канца 19 ст. у нар. драўляным дойлідстве пашырылася прапілоўка, якой аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі (гл.Разьба архітэктурная), а таксама мэблю. Р. па д. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі (М.Няхай, М.Свірачкоў, М.Рышкевіч і інш.). Пашыраны ўсе яе віды. Асаблівую папулярнасць набыла драўляная скульптура (І.Супрунчык, А.Маголін, І.Лізура, А.Лавор, Ф.Максімаў, М.Тарасюк і інш.). Утылітарна-дэкар. вырабы і сувеніры ў тэхніцы Р. па д. выпускаюць многія прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць). У 1999 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс разьбярства «Дрэва жыцця». Іл.гл. таксама да арт.Разьба мастацкая, Скульптура драўляная.
Літ.:
Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;
Канцедикас А.С. Литовская народная скульптура. М., 1974;
Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр.М., 1987.
Я.М.Сахута.
Да арт.Разьба па дрэве. Фрагмент царскіх варот з царквы Грыгорыя Неакесарыйскага ў Маскве. 17 ст.Да арт.Разьба па дрэве. Коўш. Беларусь. Пач. 20 ст.Да арт.Разьба па дрэве. Пудраніца, біклага, талерка. Івана-Франкоўская вобл. Украіна. 1970-я г.Да арт.Разьба па дрэве. Маска народа макондэ. Мазамбік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НС (ісп. romance),
камерны муз.-паэт. твор для голасу з інстр. суправаджэннем. Тэрмін «Р.» узнік у сярэднявякоўі ў Іспаніі і абазначаў свецкую песню на ісп. мове, у інш. краінах — паэт. твор і жанр вак. музыкі; у многіх мовах Р. і песня тэрміналагічна не адрозніваюцца. Ад песні адрозніваецца больш складаным комплексам выразных сродкаў, кампазіцыйных прыёмаў і муз. структур, выкарыстаннем больш глыбокіх і разнастайных паэт. тэкстаў, больш цеснай сувяззю тэксту з музыкай. Р. можа будавацца паводле прынцыпу адзінага скразнога развіцця, бывае 2- і 3-часткавым, рондападобным, строфікаварыянтным.
Развіццё Р. як сінтэтычнага муз.-паэт. жанру пачалося ў 2-й пал. 18 ст. ў Германіі (К.Бах, М.Агрыкала), Францыі (Э.Мегюль, Н.Далейрак). У Расіі напачатку Р. называлі вак. творы на франц. тэксты. Развіццё нац. форм Р. пачалося ў творчасці А.Дубянскага, В.Казлоўскага. Сярод разнавіднасцей Р. адрозніваюць баркаролу, баладу, элегію, маналог, серэнаду. У 19 ст. Р. — вядучы жанр у творчасці кампазітараў-рамантыкаў: Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, Х.Вольфа (Германія), Г.Берліёза, Ж.Бізэ, Ш.Гуно, Ж.Маснэ (Францыя), Б.Сметаны, А.Дворжака (Чэхія), М.Карловіча, К.Шыманоўскага (Польшча), Э.Грыга (Нарвегія), Я.Сібеліуса (Фінляндыя). У Расіі разам з камерна-вак. класікай развіваўся і бытавы Р. (А.Гурылёў, А.Варламаў, А.Аляб’еў, П.Булахаў, А.Дзюбюк); росквіту дасягнуў у творчасці М.Глінкі, А.Даргамыжскага, М.Мусаргскага, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, А.Барадзіна, М.Рымскага-Корсакава. Стылявое абнаўленне Р. адбылося ў 20 ст. (М.Мяскоўскі, Дз.Шастаковіч, С.Пракоф’еў, Ю.Шапорын. Г.Свірыдаў, С.Сланімскі, В.Гаўрылін і інш.).
У бел. музыцы жанр Р. развіваецца з 1920-х г.Бел. кампазітары пісалі Р. на творы класічнай паэзіі, імкнуліся да вобразна-тэматычнай разнастайнасці. Многія Р. на словы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі кампазітараў М.Аладава, Я.Цікоцкага, Л.Абеліёвіча, П.Падкавырава, А.Багатырова, Р.Пукста, М.Чуркіна, Э.Тырманд, Дз.Лукаса, Г.Вагнера, У.Алоўнікава ўвайшлі ў фонд нац.муз. мастацтва. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся новыя тэндэнцыі ў развіцці Р.: па-новаму вырашаецца праблема сінтэзу музыкі і паэзіі, вядуцца пошукі ў абнаўленні інтанацыйнай мовы, кампазіцыйнай будовы, тэмбрава-тэматычнай сувязі, у якой адбіваюцца элементы натуральнай прасодыі, пераасэнсоўваюцца фалькл. традыцыі (вак. цыклы Г.Гарэлавай «Дзявочыя песні», Л.Шлег «Голас зямлі», Р. Дз.Смольскага, А.Елісеенкава, А.Мдывані, С.Картэса, Шлег, А.Хадоскі, Э.Наско і інш.).
Літ.:
Русский романс. М.; Л., 1930;
Васина-Гроссман В.А. Русский классический романс XIX в. М., 1956;
Яе ж. Мастсра советского романса. 2 изд. М., 1980;
Курышева Т. Камерный вокальный цикл в современной русской советской музыке // Вопросы музыкальной формы. М., 1966. Вып. 1;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Аладова Р.Н. «Детский» камерный вокальный цикл в белорусской музыке 70-х гг. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1984. Вып. 3;
Алейнікава Э.А. Паэзія М.Багдановіча ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1988. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1925—28 У КІТА́І,
нацыянальная рэвалюцыя, якая мела на мэце аб’яднанне Кітая пад уладай Нац. партыі (Гаміньдана, ГМД) і скасаванне ў краіне ўплыву імперыяліст. дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі). Выклікана станам паліт. хаосу, у якім Кітай апынуўся пасля паражэння Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 і смерці ў 1916 прэзідэнта Кіт. Рэспублікі Юань Шыкая, калі ўлада на месцах апынулася ў руках мясц.ваен. правіцеляў — мілітарыстаў і Кітай фактычна перастаў існаваць як адзіная дзяржава. Рух 4.5.1919 спрыяў уздыму ў краіне грамадска-паліт. актыўнасці, на хвалі якой лідэр кіт. нацыяналістаў Сунь Ятсен абвясціў у кастр. 1919 пра стварэнне ГМД. У крас. 1921 ч. дэпутатаў кіт. парламента, які быў разагнаны мілітарыстамі ў 1917, на сходзе ў г. Гуанчжоў абрала Сунь Ятсена прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі, але яго ўрад не прызнала міжнар. супольнасць. У гэтых умовах у 1922—23 Сунь Ятсен заключыў саюз з СССР і Камуністычным інтэрнацыяналам. У абмен на фін. і ваен. дапамогу ён пагадзіўся на саюз ГМД з Кітайскай камуністычнай партыяй (КПК). На 1-м кангрэсе ГМД (студз. 1924) ГМД рэарганізавана на ўзор ВКП(б). Пры дапамозе сав.ваен. саветнікаў (М.В.Блюхер і інш.) на Пд Кітая створана Нац.-рэв. армія (НРА) Расстрэл 30.5.1925 паліцыяй брыт. сетльмента (квартал для іншаземцаў з уласнай адміністрацыяй) студэнцкай дэманстрацыі ў Шанхаі рэзка актывізаваў антыімперыялістычны рух у краіне. 1.7.1925 ГМД стварыў у Гуанчжоў Нац. ўрад на чале з Ван Цзінвэем. У выніку 1-га этапу Паўночнага паходу 1926—28 (ліп. 1926 — сак. 1927) Нац. ўрад пашырыў сваю ўладу на Пд ад р. Янцзы, у т. л. на такія буйныя гарады, як Шанхай, Нанкін і Ухань. Адначасова павялічваліся супярэчнасці паміж ГМД і КПК, якая заклікала да разгортвання шырокай агр. рэвалюцыі, што выклікала незадаволенасць кіраўніцтва ГМД і афіцэраў. Лідэр правых гаміньданаўцаў Чан Кайшы (галоўнакамандуючы НРА) адмовіўся падпарадкавацца Нац. ўраду, які знаходзіўся ў г. Ухань, абвясціў у крас. 1927 пра разрыў з КПК і пачаў супраць яе рэпрэсіі, потым стварыў у Нанкіне ўласны ўрад. Уханьскі нац. ўрад працягваў супрацоўніцтва з КПК. Кіраўніцтва КПК палічыла, што ў Кітаі склаліся перадумовы для сацыяліст. рэвалюцыі і ў ліп. 1927 ініцыіравала разрыў з уханьскім ГМД. У адказ той пачаў рэпрэсіі супраць КПК. Камуніст. паўстанні ў жн.—снеж. 1927 пацярпелі паражэнне (гл.Наньчанскае паўстанне 1927). У лют. 1928 адноўлена адзінства ГМД і створаны аб’яднаны Нац. ўрад на чале з Чан Кайшы. У выніку 2-га этапу Паўн. паходу (крас.—снеж. 1928) б.ч. Кітая прызнала ўладу нац. ўрада, што дазволіла кіраўніцтву ГМД абвясціць у кастр. 1928 пра сканчэнне ваен. этапу нац. рэвалюцыі.
Літ.:
Юрьев М.Ф. Революция 1925—1927 гг. в Китае. М., 1968;
Делюсин Л.П., Костяева А.С. Революция 1925—1927 гг. в Китае: пробл. и оценки. М., 1985;
ВКП(б), Коминтерн и национально-революционное движение в Китае: Док. Т. 1—3. М., 1994—98;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХАЛІ́Н,
востраў каля ўсх. ўзбярэжжа Азіі, у Сахалінскай вобл. Расіі. Абмываецца Ахоцкім і Японскім морамі. Ад мацерыка аддзелены Татарскім пралівам (у вузкім месцы наз. Невяльскога), Амурскім ліманам і Сахалінскім зал., ад Японскіх а-воў — пралівам Лаперуза. Пл. 76,4 тыс.км². Даўж. 948 км, шыр. ад 27 да 160 км. Берагі слаба парэзаныя, буйныя залівы Аніва і Цярпення, п-вы Шміта, Цярпення, Таніна-Аніўскі, Крыльёнскі рэзка выступаюць у мора. Уздоўж берагоў цягнуцца Зах.-Сахалінскія (выш. да 1330 м, г. Онар) і Усх.Сахалінскія горы (выш. да 1609 м, г. Лапаціна). Паміж імі Тым-Паранайская нізіна, на Пн — Паўн.-Сахалінская раўніна. Бываюць землетрасенні да 8 балаў (на Пн). Карысныя выкапні: нафта, газ, кам. і буры вугаль, золата. Клімат мусонны, больш халодны пад уплывам Ахоцкага м. летам і сіб.кантынент. мусону зімой. Найб. цёплае паўд.-зах. ўзбярэжжа С. (уплыў Цусімскага цячэння). Сярэднія т-ры студз. ад -6 °C на Пд да -24 °C на Пн, жн. ад 19 °C на Пд да 10 °C на Пн. Ападкаў за год 500—600 мм на раўнінах, да 1200 мм у гарах. Рэкі кароткія, мнагаводныя; найб. — Тым і Паранай. Шмат дробных азёр, балот. Ёсць тэрмальныя і мінер. крыніцы. Глебы тарфяна-падзоліста-балотныя, алювіяльныя лугава-дзярновыя, у гарах бура-таежныя, трапляюцца горныя падзолістыя. Каля 2/3тэр. занята лясамі. На Пн лістоўнічная тайга, у цэнтр.ч. лясы з аянскай елкі і сахалінскай піхты. На ПдЗ мяшаныя лясы з ліянамі (актынідыя, лімоннік, вінаград), на З — з падлескам з курыльскага бамбуку. У гарах зараснікі каменнай бярозы і кедравага сланіку. Жывёльны свет сіб. тыпу, збеднены астраўной ізаляцыяй. Трапляюцца мядзведзь, собаль, вавёрка, бурундук, расамаха. Птушыныя кірмашы (кайры, тапаркі, бакланы). Лежбішчы марскіх жывёл (сівуч, марскі коцік). Паранайскі запаведнік. Звесткі пра гаспадарку, карту гл. ў арт.Сахалінская вобласць.
С. заселены больш за 4 тыс.г назад, яго найстараж. насельнікі — тончы, айны, ніўхі, эвенкі. Першымі з еўрапейцаў берагі вострава ўбачылі рус. казакі атрада І.Ю.Масквіціна ў 1640, у 1643 — галандскі мараплавец М.Г. дэ Фрыз. Першыя звесткі пра С. атрыманы ўдзельнікамі паходу рус. землепраходца В.Д.Паяркава (1643—46). Даследаванне С. пачата ў 18—19 ст. экспедыцыямі француза Ж.Ш.Лаперуза, рус. І.Ф.Крузенштэрна і Г.І.Невяльскога. З сярэдзіны 19 ст. рускія пачалі гасп. асваенне вострава. Паводле рус.-яп. дагавора 1875 прызнаны ўладаннем Расіі. З 1860-х г. С. — месца ссылкі і катаргі. Пасля паражэння Расіі ў рус.-яп. вайне 1904—05 Паўд. С. адышоў да Японіі. У 1920 Японія акупіравала і паўн. частку С., якая з 1925 зноў у складзе РСФСР. 20.10.1932 тут утворана Сахалінская вобл. У канцы 2-й сусв. вайны (жн. 1945) Паўд. С. заняты сав. войскамі і ў адпаведнасці з рашэннямі Крымскай і Патсдамскай канферэнцый 1945 перададзены СССР. У 1946 тут утворана Паўд.-Сахалінская вобл.; у студз. 1947 яна скасавана, яетэр. ўключана ў Сахалінскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯРДЛО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ўсх. схілах Сярэдняга і Паўн. Урала і зах. частцы Зах.-Сібірскай раўніны, у Расійскай Федэрацыі. Утворана 17.1.1934. Пл. 194,8 тыс.км². Нас. 4603 тыс.чал. (2000), гарадскога 87,6%. Цэнтр — г.Екацярынбург. Найб. гарады: Ніжні Тагіл, Каменск-Уральскі, Перваўральск, Сяроў, Азбест, Раўда.
Рэльеф Сярэдняга Урала слабахвалісты, найб. высокія вяршыні на Паўн. Урале — Канжакоўскі Камень (1569 м) і Дзенежкін Камень (1492 м). Ускраіна Зах.-Сібірскай раўніны займае 2/3тэр. вобласці. Карысныя выкапні: жал. і медныя руды, каменны і буры вугаль, азбест, тальк, мармур, золата, плаціна, каштоўныя камяні, торф і інш. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -20 °C на Пн да -15 °C на Пд, ліп. ад 16 °C на Пн да 19 °C на ПдУ. Ападкаў 350—600 мм за год. Асн. рэкі: Таўда, Тура, Ісець (бас.р. Об) і Чусавая, Уфа (бас.р. Кама). Глебы падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, у паласе лесастэпу шэрыя лясныя і чарназёмныя. Пад лесам каля 61% тэр. У горнай ч. пераважае цемнахвойная тайга, па нізкіх мясцінах — яловыя лясы з дамешкамі кедру. Шмат балот. На ПдУ лесастэп. Нац. парк Прыпышмінскія бары, запаведнікі Вісімскі і Дзенежкін Камень.
С.в. — адзін з найб. развітых прамысл. рэгіёнаў Расіі. У прам-сці (1999) вядучае месца належыць каляровай (31%) і чорнай (19,8%) металургіі, машынабудаванню (цяжкае, энергет., трансп. станкабудаванне, эл.-тэхн. і інш.) і металаапрацоўцы (15,7%), электраэнергетыцы (10,8%). Вытв-сць алюмінію, медзі, нікелю, пракату чорных металаў (3,4 млн.т), выплаўка сталі (5,4 млн.т). Вытв-сць пракатных станаў, абсталявання для доменных пячэй, нафтабуравых установак, буйных эл. машын, турбін, кормаўборачных камбайнаў, вагонаў, аўтапрычэпаў, матацыклаў, металарэзных станкоў, абсталявання для хім., лясной і дрэваапр. прам-сці, ваен. тэхнікі (танкаў, ракетных комплексаў, авіяц. оптыкі), падшыпнікаў, кабелю, трансфарматараў, халадзільнікаў, пыласосаў, пральных машын, радыёапаратуры і інш.Вытв-сць электраэнергіі 35,8 млрд.кВт∙гадз. Белаярская АЭС, Верхнетагільская, Ніжнетурынская, Рафцінская, Сяроўская, Сярэднеўральская ДРЭС. Развіты коксахім., хім. (шыны, мінер. ўгнаенні, пластмасы, хім. рэактывы, гумава-тэхн. вырабы, лакі, фарбы) і хіміка-фармацэўтычная (антыбіётыкі), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, фанера, мэбля, кардон, папера), буд. матэрыялаў, азбеставая, лёгкая і харч.прам-сць. Здабыча жал. і медных руд, золата, баксітаў, азбесту, тальку, вугалю, торфу. Вытв-сць ювелірных вырабаў з уральскіх самацветаў і вырабных камянёў. Сельская гаспадарка жывёлагадоўча-збожжавага кірунку. Гадуюць малочна-мясныя пароды буйн. раг. жывёлы, свіней, коз, авечак, птушак. Пасяўныя пл. займаюць 1,2 млн.га (1999).
Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, шматгадовыя травы, кукурузу на сілас, караняплоды, бульбу і агародніну (пераважна вакол буйных гарадоў і на Пд вобласці). Даўж. чыгункі 3551 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10,1 тыс.км. Асн.чыг. вузлы: Екацярынбург, Ніжні Тагіл, Сяроў, Каменск-Уральскі, Арцёмаўскі і інш. Суднаходства па р. Таўда і яе прытоках Лозьва і Сосьва і р. Тура. Газаправоды Урэнгой—Сяроў—Ніжні Тагіл—Екацярынбург, Бухара—Урал (да Екацярынбурга), транзітны газаправод Урэнгой—Памары—Ужгарад і нафтаправод Сургут—Перм—Ніжні Ноўгарад. Курорты: Абухава, Кур’і, Ніжнія Сяргі, Самацвет, Малтаева Возера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая (харвацка-сербская), што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце сербамі і харватамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы сербаў, чарнагорцаў, харватаў і мусульманскай часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час турэцкага панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус харвацкай мовы (Рэспубліка Харватыя) і С.м. (Саюзная Рэспубліка Югаславія). Ужываецца ў Венгрыі, Румыніі, Германіі, Швецыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш.
У аснове С.м. — штокаўскі дыялект з трыма асн. тыпамі гаворак (екаўскі/іекаўскі, экаўскі і ікаўскі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у пэўных пазіцыях гук р словаўтваральны, з 25 зычных 5 мяккія (љ, њ больш мяккія, чым бел. [ль], [нь]), [х] менш актыўны, чым бел. [х] (у многіх гаворках страчаны ці замяняецца санорнымі [в] і [ј]), націск політанічны ці музычны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адз.л., марфал. выражэнне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў назоўніках адз.л. м.р., адсутнасць скланення ў колькасных лічэбніках пасля 5, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова, займеннікавыя і дзеяслоўныя энклітыкі, суіснаванне інфінітыва і канструкцыі «да + форма цяперашняга часу», якая яго змяняе; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык.
Першыя пісьмовыя помнікі: кірылічныя Міраславава і Вуканава евангеллі (канец 12 — пач. 13 ст.), Грамата бана (баснійскага правіцеля) Куліна 1198. Развіццё пісьменства і літ. мовы затармазілася нашэсцем туркаў (канец 14 ст.) і шматвяковым турэцкім прыгнётам. Пісьмовая традыцыя развівалася толькі на свабодных ці часткова незалежных тэрыторыях і ў суседніх землях (у 1494 у Чарнагорыі іераманах Макарый надрукаваў слав. кірылічную кнігу, у 15 ст. ў рукапісах распаўсюджвалася па Русі «Сербская Александрыя», у 16 ст. на Беларусі зроблены пераклад-пераказ з сербскага перакладу «Аповесці пра Баву Каралевіча»). Сучасная літ. С.м. сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. на базе наваштокаўскіх гаворак. У яе фарміраванні вызначальнай была дзейнасць В.Караджыча. Рэфармаваны ім сербскі кірылічны алфавіт (вуковіца) адлюстроўвае спецыфіку гукавой сістэмы С.м., у т. л. за кошт увядзення спец. графічных знакаў для перадачы спецыфічных сербскіх зычных. Выкарыстоўваецца і лацінка (асабліва ў побытавай сферы).
Літ.:
Толстой Н.И. Литературный язык у сербов в конце XVIII—начале XIX в. // Национальное возрождение и формирование славянских литературных языков. М., 1978;
Леонова Л.В. Сербскохорватский язык. Мн., 1988;
Сокаль Н.И., Зайцева С.В., Вукович Б. Сербский язык. СПб., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЯНІ́ЗМ (ад назвы ўзгорка Сіён у г. Іерусалім),
ідэалагічны і паліт. рух, разгалінаваная сістэма арг-цый, дзейнасць якіх накіравана на рэалізацыю ідэі адзінай сусветнай яўрэйскай нацыі; у вузкім сэнсе — афіц. палітыка дзяржавы Ізраіль. Сіянісцкі рух актывізаваўся ў 2-й пал. 19 ст., калі ў Еўропе і Паўн. Амерыцы ўзніклі першыя палесцінафільскія арг-цыі: «Сусветны саюз ізраэлітаў» (1860, Парыж), «Камітэт за эміграцыю яўрэяў Расіі» (1882, Парыж), «Таварыства для распаўсюджвання асветы сярод яўрэяў Расіі» (1863, С.-Пецярбург з аддзяленнямі ў Адэсе і Рызе) і інш. З 1880-х г. сіянісцкія групы дзейнічалі ў Кіеве, Львове, Палтаве, Кракаве. У 1882 у Расіі створана група «Ховеве-Цыён» («Сябры Сіёна») з аддзяленнямі ў Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША. У ЗША сіяністы стварылі масонскі ордэн «Бнай Брыт» («Сыны Запавету», 1843), «Саюз амерыканскіх іудзейскіх кангрэгацый» (1873), «Цэнтральную канферэнцыю амерыканскіх рабінаў» (1889), «Федэрацыю яўрэйскіх жаночых арганізацый» (1896) і інш. арг-цыі і фонды. У 1897 існавала больш за 450 сіянісцкіх арг-цый у 28 краінах свету, выдавалася больш за 100 газет і часопісаў. У 1897 у г. Базель (Швейцарыя) адбыўся 1-ы сіянісцкі кангрэс, на якім створана Сусветная сіянісцкая арганізацыя, распрацаваны і зацверджаны яе статут і структура, выбраны кіраўнічыя органы, абвешчана праграма, дзе ў якасці першачарговай задачы выступала стварэнне яўр. дзяржавы ў Палесціне. Ідэйным ядром С. з’яўляецца канцэпцыя міру і адзінства ўсіх яўрэяў, незалежна ад іх сац. становішча і месца пражывання, а таксама ідэі «богавыбранасці» і «выключнасці» яўр. народа. Сіяністы выступаюць супраць асіміляцыі яўр. народа, у т. л. шляхам шлюбу з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей. У межах сваіх канцэптуальных ідэй С. дапускае пэўны ідэалагічны плюралізм, чым абумоўлена неаднароднасць і шматварыянтнасць сіянісцкай ідэалогіі. У С. вылучаюцца кансерватыўная, ліберальная, дэмакратычная, сацыял-дэмакратычная, сацыяліст., камуніст. ідэйна-паліт. плыні, а таксама экстрэмісцкія кірункі: артадаксальна-клерыкальны, расісцкі. Валоданне велізарнымі капіталамі, кантроль над фінансамі, банкамі, страхавымі кампаніямі, вытв-сцю ўзбраення, інфармацыйна-вылічальнай тэхнікі і інш. галінамі прам-сці і сродкамі масавай інфармацыі, а таксама ўваходжанне ў склад паліт. эліты дазваляе прадстаўнікам С. ўплываць на развіццё сусв. эканомікі, эканам.міжнар. адносін. Вядучымі цэнтрамі эканам. і паліт. актыўнасці С. з’яўляюцца ЗША і Ізраіль. У 1975 С. асуджаны ААН як адна з форм расізму, у 1991 гэта рэзалюцыя скасавана.
На Беларусі з пач. 20 ст. дзейнічалі такія сіянісцкія партыі, як Паалей-Цыён (1906), Сіянісцка-сацыялістычная партыя (1904), Яўр.с.-д. рабочая партыя (1905), Мізрахі (сіянісцкая рэліг.арг-цыя, 1902) і інш. З канца 1920 — пач. 1930-х г. дзейнасць сіянісцкіх арг-цый у СССР была забаронена.
Літ.:
Идеология и практика международного сионизма. М., 1978;
Бегун В.Я. Вторжение без оружия. 3 изд. Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІ РАЁН.
Размешчаны на Пд Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 25.12.1962). Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 40,5 тыс.чал. (2001, без г. Слуцк). Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Слуцк. Уключае 209 сельскіх нас. пунктаў, 19 сельсаветаў: Акцябрскі, Амговіцкі, Беліцкі, Бокшыцкі, Вясейскі, Гацукоўскі, Грэскі, Знаменскі, Ісернскі, Казловіцкі, Кіраўскі, Ленінскі, Маяцкі, Паўстынскі, Першамайскі, Покрашаўскі. Рачкавіцкі, Сорагскі, Сяражскі.
Большая ч. тэрыторыі ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. паўн.-зах. — у межах Капыльскай грады. Паверхня пераважна раўнінная, 80% яе на выш. 160—180 м, 18% — на выш. 150—160 м. Найвыш. пункт 212 м на Пн ад в. Жылін Брод. Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел, калійныя солі (паўн.ч. Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей). буд. пяскі. пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі для цэглы. Сярэдняя т-растудз. -6.3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 580 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб.р. Случ з прытокамі Лакнея, Морач, Сівельга, Вясейка, Вял. Сліва. Вадасх. Рудня. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (34,2%), дзярнова-падзолістыя (29,8%), дзярновыя забалочаныя (14,7%), тарфяна-балотныя (13,6%). Пад лесам 23,6% тэрыторыі, найб. лясныя масівы на Пн і ПнУ. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, трапляюцца асінавыя, дубовыя, грабавыя і інш. Штучныя насаджэнні — каля 19%. пераважна хваёвыя. Пад балотамі 0,9% тэр. раёна, найб. Пціч, Верхслуч, Жукава. Чамярыца, Вял. Мох—Ямнае. У межах раёна помнік прыроды рэсп. значэння — насаджэнне лістоўніцы ва Урэцкім лясніцтве.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 105,5 тыс.га, з іх асушаных 53,2 тыс.га. На 1.1.2002 у раёне 27 калгасаў, 1 саўгас, 19 фермерскіх гаспадарак, падсобная гаспадарка адкрытага акц.т-ва (ААТ) «Сельгасхімія», с.-г. прадпрыемствы ААТ «Крывая Града», «Эксперыментальная база «Танежыцы», даччынае Бел. чыгункі саўгас «Рачкавічы», арэнднае «Колас», с.-г.вытв. кааператыў «Селішча», племптушказавод. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, кукурузы, цукр. буракоў, шматгадовых сеяных траў, лёну, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (сыр, вінна-гарэлачныя вырабы, воцат харчовы), буд. матэрыялаў (бетон, жалезабетонныя канструкцыі, пенапалістырол, палістыролбетон), паліўнай (торфабрыкет), металаапр. (вогнетушыцелі, садова-агародны інвентар); лясгас (драўніна, піламатэрыялы). Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Баранавічы — Асіповічы і Слуцк — Салігорск; аўтадарогі Мінск — Мікашэвічы, Асіповічы — Баранавічы, Івацэвічы—Старыя Дарогі і інш. У раёне 24 сярэднія. 9 базавых, 3 пач., 4 муз. школы, 3 школы мастацтваў, ПТВ, 26 дашкольных устаноў, 26 дамоў культуры. 12 клубаў, 40 б-к, 9 бальніц, 3 паліклінікі, 6 амбулаторый, 35 фельч.-ак. пунктаў, 2 дзіцячыя санаторыі «Случ» і «Сонейка». Помнікі архітэктуры: касцёл (пач. 20 ст.) у в. Балотчыцы, Сямёнаўская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Барок, касцёл езуітаў (1649) у в. Замосце, паштовая станцыя (сярэдзіна 19 ст.) у в.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАІЦЫ́ЗМ,
школа ў антычнай філасофіі, прадстаўнікі якой імкнуліся абгрунтаваць унутр. незалежнасць, непахіснасць, нязломнасць асобы. Засн. каля 300 да н.э.Зянонам з Кітыёна ў Афінах; першапачаткова школа размяшчалася ў афінскім порціку Стоя (адсюль назва). У развіцці С. вылучаюць 3 перыяды: стараж. Стоя (3—2 ст. да н.э.; Зянон, Клеанф з Аса, Хрысіп Солскі і іх вучні Арыстон з Кеаса, Герыл Карфагенскі, Эратасфен Кірэнскі і інш.); сярэдняя Стоя (2—1 ст. да н.э.; Баэт, Панетый, Пасідоній) і позняя Стоя (рымскі С.; 1—2 ст.н.э.; Сенека, Эпіктэт, Марк Аўрэлій, Мусоній Руф і інш.). Некат. даследчыкі вылучаюць 4-ы перыяд у развіцці С., да якога адносяць эклектычных платонікаў і піфагарэйцаў 1—2 ст. н э., а таксама Філона Александрыйскага. Стараж. Стоя характарызуецца жорсткасцю, рыгарызмам этычнага вучэння, сярэдняя — памякчэннем вучэння С. і выкарыстаннем метадаў Платона і Арыстоцеля, позняя — тэндэнцыяй да сакралізацыі. Філас. сістэма С. складаецца з 3 частак: фізікі (натурфіласофіі), этыкі і логікі. У аснове натурфіласофіі С. — вучэнне Арыстоцеля пра матэрыю і форму, адноўлены і значна перагледжаны касмалагізм Геракліта. Натурфілас. погляды стоікаў адрозніваюцца тэалагічнай, правідэнцыяльнай, фаталістычнай арыентаванасцю і эклектычнасцю. На іх думку, сусвет уяўляе сабой адушаўлёнае сферычнае цела, а першаасновай усяго існага з’яўляецца агонь («пнеўма», «дух», «дыханне»), іманентная ўласцівасць якога Логас. Паводле С., сусвет стварае і кіруе ім Першаагонь (Бог-Логас). Стоікі прызнавалі існаванне сусв. плана і ўсеагульнай мэтазгоднасці; лічылі, што свет развіваецца цыклічна. С. прызнае ўсеагульную цялеснасць, у т. л. Бога і душы. Душа чалавека разглядалася стоікамі як частка сусв. душы, якая са смерцю пакідае цела. У цэнтры С. — этычнае вучэнне. Дабрадзейнасць, паводле С., — гэта жыццё ў адпаведнасці з законамі прыроды, Логасу, але толькі мудрацы бяруць прыклад з прыроды з яе «бясстраснасцю». Гал. задачу філасофіі стоікі бачылі ў выпрацоўцы ў людзях «бясстраснасці» (стану, калі адсутнічаюць афекты) і маральнага абавязку. Лёс у С. разглядаецца як дадзенасць, непахісны факт, які пашыраецца і на чалавека, і на ўвесь космас, а свабода — як добраахвотнае падпарадкаванне чалавека знешнім абставінам. Стоікі ўпершыню ўвялі тэрмін логіка, пад якім разумелі навуку аб славесным выказванні. Логіка ў С. падзяляецца на рыторыку і дыялектыку, якая складаецца з вучэнняў пра гукі мовы (паэтыка, тэорыя музыкі і граматыка) і пра значэнне, сэнсавы бок мовы. Вучэнне С. паўплывала на неаплатанізм і хрысц. філасофію; этычныя погляды стоікаў развіваліся ў 17—18 ст.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Ранний эллинизм. М., 1979;
Яго ж. Эллинистически-римская эстетика 1—11 вв. н.э.М., 1979;
Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с др.-греч. М., 1995;
Ренан Э.Ж. Марк Аврелий и конец античного мира: Пер. с фр.М., 1991;
Этика стоицизма: традиции и современность: [Сб. ст.]. М., 1991;
Аврелий Марк. Размышления: Пер. с греч. Магнитогорск, 1994;
Степанова А.С. Философия Древней Стои. СПб., 1995;