АМАЗО́НКІ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчыны-ваяўніцы, якія жылі ў Малой Азіі ці ў перадгор’ях Каўказа. У пэўную пару года Амазонкі ўступалі ў блізкія адносіны з мужчынамі з мэтай захавання роду. Народжаных хлопчыкаў аддавалі на выхаванне бацькам ці забівалі, дзяўчынак пакідалі сабе і рыхтавалі іх да вайны. Амазонкі ўзбройваліся лукамі, баявымі сякерамі, лёгкімі шчытамі, самі выраблялі адзенне, шлемы і інш. вайсковы рыштунак.

Бітва грэкаў з амазонкамі. Фрагмент размалёўкі кратэра. Каля 460 да н.э.

т. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ДЫРСКАЯ НІЗІ́НА,

на ПнУ Азіяцкай часткі Расійскай Федэрацыі, у Чукоцкай аўт. акрузе, у даліне р. Анадыр. На У прылягае да Анадырскага заліва, на З абмежавана хрыбтамі Пэкульней і Рарыткін. Даўж. 270 км. Складзена з алювіяльна-азёрных адкладаў. Рэльеф пераважна раўнінны (выш. да 100 м), бліжэй да гор хвалісты, на У з астанцавымі і нізкагорнымі масівамі (Залаты хрыбет, Ушканоў краж). Усюды шматгадовая мерзлата. Шмат тэрмакарставых азёраў, азёраў-старыц. Ландшафт травяніста-купінаватай і хмызняковай тундры.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МЕНКА,

селішча і бескурганны могільнік кіеўскай культуры (паводле Л.​Д.​Побаля — позназарубінецкай) на Беларусі, каля в. Адаменка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. (у л-ры вядома і пад назвай Абідня), ва ўрочышчы Абідня. Раскапана каля 25% плошчы селішча і 12 пахаванняў з трупаспаленнем на могільніку. Выяўлены рэшткі наземных слупавых жытлаў, 29 паўзямлянак зрубнай канструкцыі, шкляныя пацеркі, фібулы, манета Геты (209—212), падвескі з эмаллю (гл. Абідзенскія эмалі) і інш.

Жалезнае крэсіва з селішча Адаменка.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛІ́ГА,

павышэнне т-ры паветра да 0 °C і вышэй зімой ва ўстойлівы марозны перыяд. Узнікае ад прытоку паветра з больш цёплых раёнаў (гл. Адвекцыя, Цыклон) або выклікаецца мясц. награваннем паветра сонечнай радыяцыяй. Найб. характэрна для тэрыторый з кліматам, пераходным ад марскога да кантынентальнага. На Беларусі за снеж.—люты на крайнім ПдЗ бывае больш за 50 дзён з А., на ПнУ — 26—30. Працяглыя адлігі часам выклікаюць сярод зімы паводкі на рэках.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя арганічныя злучэнні, якія змяшчаюць азагрупу -N=N-, звязаную з двума радыкаламі. Радыкалы бываюць аліфатычныя, араматычныя ці гетэрацыклічныя з функцыян. групамі (OH, NH​2, CN) або без іх. Найпрасцейшыя азазлучэнні — азаметан CH3N=NCH3, азабензол. Для азазлучэнняў характэрна цыс- і трансізамерыя, для оксізамяшчальных — таўтамерыя. Асн. метад атрымання — азаспалучэнне. Аліфатычныя азазлучэнні выкарыстоўваюць як ініцыятары палімерызацыі і сітавінаўтваральнікі, араматычныя з OH- і NH2-групамі як сінт. азафарбавальнікі і кіслотна-асноўныя індыкатары ў аналітычнай хіміі.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́НЧЫК (Аляксандр Сямёнавіч) (н. 10.8.1908, в. Яцкавічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мядзельскім р-не ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З 1922 працаваў на сельскай гаспадарцы, з 1939 у органах НКУС. У жн. 1941 арганізаваў партыз. дыверсійную групу, якая дзейнічала ў складзе атрада імя Будзённага, са снеж. 1943 камандзір атрада «Патрыёт» і нач. асобага аддзела брыгады імя Будзённага. У 1944—57 на сав. рабоце.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЁНАЎ (Уладзімір Віктаравіч) (н. 1.2.1935, в. Гібліцы Касімаўскага р-на Разанскай вобл., Расія),

расійскі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1976, 1980), лётчык-касманаўт СССР (1976). Канд. тэхн. н. (1981). Скончыў Усесаюзны політэхн. ін-т (1963). З 1973 у атрадзе касманаўтаў. Як бортінжынер здзейсніў касм. палёты: разам з В.Ф.Быкоўскім на караблі «Саюз-22» (15—23.9.1976), з Ю.В.Малышавым на караблі «Саюз Т-2» і арбітальным комплексе «Салют-6» — «Саюз-36» (5—9.6.1980). У космасе правёў 11,8 сут.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРДА́Ж (франц. abordage),

спосаб вядзення бою вёславымі і паруснымі караблямі. Адзін або некалькі атакоўчых караблёў падыходзілі да карабля праціўніка як мага шчыльней, счапляліся з ім бартамі, высаджвалі абардажную каманду, якая ў рукапашнай сутычцы вырашала зыход бою. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў да 19 ст.; разам з таранным ударам складаў аснову тактыкі марскога бою. З развіццём карабельнай артылерыі, ростам агнявой магутнасці і быстраходнасці караблёў страціў сваё значэнне. Выкарыстоўваюць пры перадачы (прыёме) грузу і людзей.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБС-ПЛА́СТЫК,

тэрмапластычны матэрыял з 2-фазнай структурай, супалімер акрыланітрылу, бутадыену і стыролу. Непразрысты, звычайна цёмнага колеру, t размякчэння 90—105 °C, шчыльн. 1,08∙10​3 кг/м³. Растваральны ў араматычных і хлараваных вуглевадародах, вільгаце-, масла-, бензіна-, кіслота-, шчолачаўстойлівы; з высокімі мех. трываласцю, цепластойкасцю, жорсткасцю. Атрымліваюць радыкальнай палімерызацыяй стыролу з акрыланітрылам у прысутнасці каўчукавага латэксу. Канструкцыйны матэрыял для аўтамабіле-, машына-, прыладабудавання, тэкст. і харч. прам-сці, на выраб спарт. інвентару, мэблі; напаўняльнік некаторых палімераў.

т. 1, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́ПЕНКА (Валерый Іванавіч) (н. 29.1.1942, пас. Фершампенуаз Чэлябінскай вобл., Расія),

фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1964). З 1965 у Ін-це фізікі, з 1993 у Ін-це малекулярнай і ат. фізікі АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы газавага разраду і ўзаемадзеяння эл.-магн. хваляў з плазмай, аптычным прыладабудаванні.

Тв.:

Экспериментальное исследование механизма абсолютной параметрической неустойчивости неоднородной плазмы (у сааўт.) // Журн. эксперим. и теор. физики. 1987. Т. 93, вып. 10.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)