БРЭ́СЦКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,

адзін з цэнтраў манетнай вытворчасці ў Рэчы Паспалітай. Створаны ў Брэсце ў час грашовай рэформы 1659—66 для выпуску меднага соліда (барацінкі). Працаваў з 4.12.1665 да 16.12.1666. Соліды Брэсцкага манетнага двара падобныя на медныя соліды Віленскага манетнага двара. На іх аверсе была выява бюста Яна II Казіміра Вазы

[1648—68],

на рэверсе — герба ВКЛ («Пагоня»). Ёсць меркаванне, што б.ч. тыражу манет мае адметныя рысы: шчыт з вострым вуглом, малая манаграма, палеаграфічныя асаблівасці.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРСАЛА́ДЗЕ (Элісо Канстанцінаўна) (н. 14.9.1942, Тбілісі),

грузінская піяністка. Нар. арт. Грузіі (1972). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966, клас А.​Вірсаладзе), З 1959 салістка Тбіліскай, з 1977 — Маскоўскай філармоній. З 1967 выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі. Глыбокі і тонкі інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта. У рэпертуары таксама творы кампазітараў-рамантыкаў. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў імя Р.​Шумана (Цвікаў, ГДР, 1966), імя П.​І.​Чайкоўскага (1962, Масква), Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1966). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТГЕНШТЭЙН ((Wittgenstein) Людвіг) (26.4.1889, Вена — 29.4.1951),

аўстрыйскі філосаф, адзін з заснавальнікаў аналітычнай філасофіі. З 1929 у Вялікабрытаніі. Распрацаваў філасофію лагічнага атамізму, згодна з якой штучная мова, створаная сродкамі матэматычнай логікі, адлюстроўвае атамарныя (элементарныя) факты рэчаіснасці. Асн. працы: «Логіка-філасофскі трактат» (1921), «Філасофскія даследаванні» (1953), «Заўвагі па асновах матэматыкі» (1956) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Философские работы. Ч. 1—2. М., 1994.

Літ.:

Грязнов А.Ф. Эволюция философских взглядов Л.​Витгенштейна: Критич. анализ. М., 1985.

т. 4, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Першапачаткова ахоплівала, верагодна, тэр. Віцебскай зямлі, намеснікі якой з 1503 карысталіся тытулам ваяводы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 складалася з Віцебскага і Аршанскага пав. Мела харугву зялёнага колеру з выявай «Пагоні» ў белым полі. Першы ваявода Ю.​Глябовіч. У 1772 амаль уся тэр. Віцебскага ваяводства (акрамя зах. часткі Аршанскага пав.) адышла да Рас. імперыі, аднак пасада віцебскага ваяводы захоўвалася ў ВКЛ да 1794.

т. 4, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАСЦЬ ВО́НКАВАГА СЦЁКУ,

частка сушы, з якой рэкі нясуць ваду ў мора, звязаныя з Сусветным ак. Займае 78% пл. сушы. Падзяляецца на Атлантыка-Ледавіты схіл, у межах якога бас. найб. рэк Зямлі — Амазонкі, Місісіпі, Конга, Ніла, Обі, Енісея, Лены, і Ціхаакіянска-Індыйскі схіл з бас. рэк Амур, Янцзы, Ганг і інш. Да бас. Атлантычнага ак. адносіцца 35% плошчы сушы, у т. л. рэкі тэр. Беларусі, Ціхага ак. — 15%, Індыйскага — 14% і Паўн. Ледавітага — 14%.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЦІ,

старадаўняя рыбалоўная прылада беларусаў; дрэўка з металічным наканечнікам, які меў ад 2 да 10 зубоў з завусеніцамі. Наканечнік насаджваўся на дрэўка пры дапамозе ўтулкі, перавязаныя паміж сабой зубы ўбіваліся ў канец палкі ці ў драўляную пласцінку і дадаткова мацаваліся дротам. Рыбачылі восцямі зімой у час прыдух, вясной на нерасцілішчах, летам ноччу з агнём (гарэў у спец. прыстасаванні, гл. Каза). Былі пашыраны па ўсёй Беларусі; у наш час лоўля восцямі забаронена.

І.​М.​Браім.

Восці.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́Р ((Aulard) Франсуа Віктор Альфонс) (19.7.1849, Манброн, Францыя — 23.10.1928),

французскі гісторык. Замежны чл.-кар. Рас. АН (з 1924). Па адукацыі філолаг. Даследчык франц. рэвалюцыі 1789—94. У 1886—1922 узначальваў кафедру гісторыі Рэвалюцыі ў Сарбоне. У працы «Палітычная гісторыя Французскай рэвалюцыі. Паходжанне і развіццё дэмакратыі і рэспублікі» (1901) разглядаў ход рэвалюцыі з пазіцый ідэйнай барацьбы, лічыў перыяд Консульства працягам рэвалюцыі. З пач. 1900-х г. даследаваў праблемы эканам. і сац. гісторыі рэвалюцыі.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГЕБРАІ́ЧНЫ ВЫ́РАЗ,

матэматычны выраз, які складаецца з літар і лікаў, злучаных знакамі алг. дзеянняў: складання, аднімання, множання, дзялення, узвядзення ў ступень, здабывання кораня. Рацыянальны алгебраічны выраз адносна некаторых літар не змяшчае іх пад знакам кораня. Ірацыянальны алгебраічны выраз мае радыкалы, напр., x + y . Цэлы алгебраічны выраз адносна некаторых літар не змяшчае дзялення на выразы з гэтымі літарамі. Калі некаторыя з літар (або ўсе) лічыць пераменнымі, то такі алгебраічны выраз наз. алгебраічнай функцыяй.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГЕБРАІ́ЧНЫ ЛІК,

корань мнагаскладу P(x) = an xn + ... + a1x + a0 з рацыянальнымі каэфіцыентамі an, з якіх не ўсе роўныя 0; у агульным выпадку можа быць камплексным лікам. Г.Кантар (1872) паказаў, што мноства ўсіх алгебраічных лікаў злічонае і таму існуюць неалг. лікі (гл. Трансцэндэнтны лік), напр., 2, π і інш. Мноства ўсіх алгебраічных лікаў — алгебраічна замкнёнае поле (напр., адвольны корань мнагаскладу з алг. каэфіцыентамі таксама алгебраічны лік).

В.​І.​Бернік.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯХНО́ВІЧ (Галіна Іванаўна) (н. 22.11.1930, Мінск),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1981), праф. (1987). Скончыла БДУ (1954). З 1970 працуе ў БДУ. Асн. даследаванні па эканам. праблемах нар. гаспадаркі Беларусі і рыначнай сістэмы сучаснага капіталізму.

Тв.:

Экономика Белоруссии в условиях Великой Отечественной войны (1941—1945). Мн., 1982;

Экономическая система современного капитализма. Мн., 1988 (разам з С.​В.​Мачэрным);

Государственно-монополистический капитализм: Сущность и национальные особенности. Мн., 1991 (з ім жа).

т. 1, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)