ДВУХСТВО́РКАВЫЯ МАЛЮ́СКІ, пласціністашчэлепныя малюскі (Bivalvia, Lamellibranchia),

клас водных беспазваночных малюскаў. 3 надатр., 14 атр., 130 сучасных сям., каля 1 тыс. родаў, 20 тыс. відаў. Пашыраны ў прэсных вадаёмах, саленаватых азёрах, у акіянах і морах Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. Донныя маларухомыя жывёлы. На Беларусі найб. вядомы прадстаўнікі з родаў гарошынкі і шароўкі (каля 30 відаў), бяззубкі і перлаўкі; жамчужніца звычайная занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. 2—3 мм — 1,5 м, маса да 250 кг (трыдакна). Ракавіна з 2 створак (адсюль назва). На спінным баку створкі звязаны эластычнай перамычкай (лігаментам), унутры — 1—2 мышцамі-замыкальнікамі (адуктарамі). У большасці Д.м. патоўшчаны спінны край створак мае выступы (зубы), сукупнасць якіх утварае т.зв. замок. Створкі ракавіны ўнутры высланы 2 скурнымі складкамі — «мантыяй», між імі і целам мантыйная поласць. У некат. Д.м. (жамчужніцы, мідыі, бяззубкі) іншародныя часцінкі, што трапляюць у поласць, абвалакваюцца слаямі перламутру і пераўтвараюцца ў жэмчуг. На брушным баку цела ў большасці Д.м. ёсць мускулісты выраст — нага, у многіх з бісусавай залозай, якая выдзяляе трывалыя ніці (бісус), з іх дапамогай малюск прымацоўваецца да субстрату. Пераважна раздзельнаполыя, апладненне вонкавае. Біяфільтратары. Кормяцца планктонам або дэтрытам. Корм рыб і марскіх жывёл. Аб’екты промыслу і аквакультуры.

Двухстворкавыя малюскі: 1 — марская жамчужніца; 2 — спандылюс прыгожы; 3 — амусіум японскі; 4 — бяззубка вузкая; 5 — шароўка рачная; 6 — шароўка азёрная.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХХВО́СТКІ, вілахвосткі (Diplura),

атрад насякомых падкл. першаснабяскрылых. 3 сям.: кампадэіды (Campodeidae), япігіды (Japyeidae), праяпігіды (Projapygidae). 40 родаў, 600 відаў. Пашыраны пераважка ў трапічных і субтрапічных абласцях. Жывуць у глебе, лясным подсціле, мурашніках, гнілой драўніне, пал камянямі. На Беларусі найб. вядомыя кампадэя стафілінападобная (Campodea staphylinus) i клешчахвост звычайны (Catajapyx confusus).

Цела даўж. 2—8 мм, зрэдку да 50 мм, прадаўгаватае, малочна-белае, жаўтаватае, густа ўкрытае валаскамі. Галава круглаватая з доўгімі шматчленікавымі антэнамі; ротавыя часткі грызучыя. 3 пары ног. На заднім канцы цела парныя, як вілы, адросткі (адсюль назва). Пераважна драпежнікі (жывяцца дробнымі членістаногімі). Развіццё без пераўтварэння, лічынкі і дарослыя шмат разоў ліняюць.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДДТ, дыхлордыфенілтрыхлорэтан,

хімічны прэпарат для барацьбы са шкоднымі насякомымі (інсектыцыд). Шырока выкарыстоўваўся ў 1940—60-я г. ў многіх краінах свету. Устойлівае злучэнне, якое здольна назапашвацца ў навакольным асяроддзі, забруджваць яго і парушаць біял. раўнавагу ў прыродзе; небяспечнае для чалавека і жывёл (выклікае хранічнае атручэнне). Забаронены (на Беларусі — з 1970).

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЕНЬ»,

грамадска-літаратурная газета. Выдавалася ў 1861—65 у Маскве штотыднёва на рус. мове. Орган славянафілаў. Асвятляла, пераважна з пазіцый славянафільства, праблемы гісторыі і жыцця слав. народаў. Змяшчала інфарм. матэрыялы, гіст. і публіцыст. артыкулы, літ. творы. Асабліва вылучала бел. пытанне. Публікавала арт. Я.А.Балвановіча, А.Ф.Гільфердзінга, В.А.Ялапна і інш. пра бел.-польскія і бел.-рус. ўзаемаадносіны. М.В.Каяловіч даў гіст., тэарэт. і ідэалагічнае абгрунтаванне канцэпцыі заходнерусізму (арт. «Люблінская унія Літвы з Польшчай у 1569 г.», «Літва і Беларусь», «Аб адносінах рускага грамадства да Заходняй Расіі» і інш.). Характар асвятлення бел. тэмы ад знешне памяркоўнага (1861—62) змяніўся на агрэсіўна шавіністычны пасля паўстання 1863—64.

С.А.Кузняева.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖ,

графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «ж», перадае афрыкату «дж». У пісьмовых помніках выкарыстоўваецца з 16 ст., аднак старабел. аўтарамі гук «дж» часцей перадаваўся літарамі «ч», «ж», спалучэннямі «д» і «ч», «ж» і «ч» («ѣздживаль», «розъежчалъ», «приеждчий»). У сучаснай бел. літ. мове спалучэнне «дж» вымаўляецца па-рознаму: у словах тыпу «аджыць», «паджылкі», дзе «д» — частка прыстаўкі, а «ж» — пачатковы гук кораня, «дж» чытаецца як спалучэнне 2 гукаў «д» і «ж» («ад-жыць»); у выпадку, калі «д» і «ж» не стаяць на стыку 2 марфем, яны вымаўляюцца як адзін непаДзельны гук («джунглі», «загароджаны», «ураджай»).

М.Р.Прыгодзіч.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАБАЛПУ́Р,

горад у цэнтр. ч. Індыі, У вярхоўі р. Нармада, у штаце Мадх’я-Прадэш. Засн. ў 1-й пал. 19 ст. як англійская ваен. база. 764,6 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл.-прамысл. цэнтр. Прам-сць: тэкст., керамічная, шкляная, гумавая, лесапільная, металаапр., аўтамабілебудаўнічая. Гандаль драўнінай. Ун-т.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАБА́РАЎ Джуманіяз

(н. 25.11.1930, кішлак Пулаты Кашкадар’інскай вобл., Узбекістан),

узбекскі паэт. Засл. дз. маст. Узбекістана (1980). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (Ташкент, 1952). Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў паэзіі «Я слаўлю Радзіму» (1953), «Подых вясны» (1956), «Рэха гор» (1961), «Сшытак дваццаці дзён» (1967), «Хвіліны натхнення» (1971) і інш. Вядомы як перакладчык і драматург. Пераклаў на ўзб. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклалі Р.Барадулін, В.Іпатава.

Тв.:

Рус. пер. — Родное тепло. Ташкент, 1982;

Убежденность. Ташкент, 1982.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАБАРЛЫ́ Джафар

(20.3.1899, в. Хізы Апшэронскага р-на, Азербайджан — 31.12.1934),

азербайджанскі пісьменнік, рэжысёр. Засл. дз. маст. Азербайджана (1932). Скончыў Азербайджанскі ун-т (1929). Друкаваўся з 1915. Выступаў у жанрах апавядання, сатыр. верша, п’есы. Сярод твораў: гіст. драмы «Насрэддзін-шах» (1916), «Нявеста агню» (паст. 1928), п’есы «Айдын», «Акгай Эль-аглы» (паст. 1922—23), «Алмас» (паст. 1931), «Яшар» (паст. 1932) і інш. Вастрыня драм. канфліктаў, па-майстэрску пабудаваны дыялог — адметныя рысы яго твораў. Аўтар лібрэта опер, кінасцэнарыяў, літ.-крытычных артыкулаў. Пераклаў на азерб. мову асобныя творы Я.Купалы.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. Баку, 1969.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАБЕ́РЦІ (Gioberti) Вінчэнца

(5.4.1801, г. Турын, Італія — 26.10.1852),

італьянскі тэолаг і філосаф, дзярж. дзеяч. Свяшчэннік. У 1825—33 праф. Турынскага ун-та. За сувязь з Дж.Мадзіні праследаваўся ўладамі, у 1833—48 у эміграцыі ў Францыі і Бельгіі. У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі прэм’ер-міністр Сардзінскага каралеўства, сардзінскі пасол у Францыі, у 1849 эмігрыраваў у Парыж, дзе і памёр. Аўтар прац «Пра духоўнае і грамадзянскае пяршынствы італьянцаў» (1843), «Пра грамадзянскае абнаўленне Італіі» (т. 1—2, 1851), прысвечаных праблеме Рысарджымента і інш.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАВАХЕ́ЦКАЕ НАГО́Р’Е,

у Закаўказзі (Грузія), частка Паўд.-Груз. нагор’я, на Пд ад Трыялецкага хр., паміж р. Кура на 3 і Ніжнекартлійскай раўнінай на У. Уключае Самсарскі і Джавахецкі мерыдыянальныя хрыбты (выш. да 3300 м) і плато Цалкінскае, Гамарэцкае, Дманіскае і Ахалкалакскае (выш. да 1700 м). Складзена з андэзіта-базальтавых і трахітавых лаў. У катлавінах шмат азёр тэктанічнага ці вулканічнага паходжання (Паравані, Табацкуры і інш.). Горныя стэпы, субальпійскія лугі, якія выкарыстоўваюцца як пашы.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)