ВАЛЬБЕ́РХАВА (Валберхава) Марыя Іванаўна

(7.1.1789, С.-Пецярбург — 27.9.1867),

руская актрыса. Дачка І.І.Вальберха. Дэбютавала на пецярбургскай сцэне ў 1807 (з 1832 — Александрынскі тэатр) як трагічная актрыса (Антыгона — «Эдып у Афінах» У.​Озерава). З 1815 выступала як камедыйная актрыса (Графіня Лелева — «Ліпецкія воды» А.​Шахаўскога, Агата — «Свавольствы закаханых» М.​Хмяльніцкага). Адна з лепшых роляў — Наташа ў вадэвілі «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (напісалі для яе А.​Грыбаедаў, Шахаўской і Хмяльніцкі). Працавала ў т-ры да 1855.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (30.6.1895, в. Падстарыны Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 25.8.1938),

савецкі военачальнік. Скончыў Чугуеўскае ваен. вучылішча (1916). У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце, прапаршчык. Са снеж. 1918 у Чырв. Арміі, камісар палка, нач. палітаддзела дывізіі. З 1929 нач. і ваенком Аб’яднанай беларускай вайсковай школы. З 1932 камендант умацаванага раёна, з 1936 камандзір стралк. корпуса Асобай Далёкаўсх. арміі. Чл. ЦВК БССР у 1929—32. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Мікалай Сямёнавіч) (10.12.1928, в. Макраны Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 14.12.1989),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1986), праф. (1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954). З 1961 у Дзярж. б-цы БССР, з 1968 у Мінскім пед. ін-це замежных моў, з 1978 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў праблемы сучаснай бел. літ. мовы. Аўтар прац «Прадуктыўныя тыпы дзеясловаў у сучаснай беларускай мове» (1970) і «Дзеяслоўнае словаўтварэнне: Адыменныя суфіксальныя лексемы» (1985).

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮКО́ВА (Галіна Георгіеўна) (н. 21.3.1927, г. Барысаў Мінскай вобл.),

руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). У 1944 вывезена ў Германію, з сак. 1945 у атрадзе Супраціўлення ў Чэхаславакіі. Друкуецца з 1957. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў і вершаў для дзяцей («Старэйшы брат», 1959; «Розныя гісторыі», 1966; «Лялькаград», 1970; «Трывожныя дні», 1983, і інш.). У яе творах добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даходліва, з гумарам расказаць пра з’явы рэчаіснасці, падзеі вайны.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́Н ((Washington) Букер Тальяфера) (5.4.1856, Хейлс-Форд, штат Віргінія, ЗША — 14.11.1915),

палітычны і грамадскі дзеяч ЗША, ідэолаг негрыцянскай буржуазіі. З 1881 дырэктар індустр. ін-та для неграў у Таскігі (штат Алабама). У 1890-х г. выступіў з праграмай навучання неграў с.-г. навукам і рамёствам. Адначасова заклікаў неграў адмовіцца ад барацьбы за сац. і паліт. правы і пагадзіцца з перавагай белых. У 20 ст. рух за грамадз. правы неграў абверг пастулаты Вашынгтона.

т. 4, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ДОМОСТИ» пятроўскія,

першая руская друкаваная газета. Засн. паводле ўказа Пятра I. Выдавалася з 16.12.1702 (па інш. звестках з 2.1.1703) да 1917 спачатку ў Маскве (да 1711), потым папераменна ў Пецярбургу і Маскве. Мяняла назвы: «Ведомости», «Ведомости московские», «Ведомости о военных и иных делах...» і інш. Выходзіла неперыядычна. Друкавала звесткі пра поспехі прам-сці, асветы і гандлю, паведамленні пра перамогі арміі і флоту, замежную інфармацыю. З 1728 выходзіла пад назвай «Санкт-Петербургские ведомости».

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЛЕ,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вельніца (выцякае з возера), за 7 км на З ад г.п. Расоны. Пл. 0,55 км², даўж. 0,93 км, найб. шыр. 840 м, найб. глыб. 4,6 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,7 км².

Схілы катлавіны нізкія, на Пд выш. да 3 м, разараныя, месцамі пад лесам. Берагі на Пн і У нізкія, пясчаныя, на Пд і З затарфаваныя, парослыя хмызняком.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТУРЛІ́Н (Васіль Васілевіч) (?—1656),

рускі ваенны дзеяч, дыпламат. З 1640 акольнічы, з 1652 прыбліжаны баярын і дварэцкі цара Аляксея Міхайлавіча. Суддзя Разбойнага прыказа (1650—51) і Прыказа Вял. дварца (1652—54). У 1648 люта расправіўся з удзельнікамі паўстання ў Курску. У 1653 узначаліў рус. пасольства на Украіну. На Пераяслаўскай радзе 1654 прывёў да прысягі на вернасць Расіі яе ўдзельнікаў. У 1655 камандуючы войскамі, якія былі пасланы на дапамогу Хмяльніцкаму супраць польскіх войскаў.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДО́ХРЫШЧА, Хрышчэнне Гасподне, Богаяўленне,

адно з дванадзесятых свят праваслаўя; зімовае свята нар. календара, якім завяршаюцца Каляды. Адзначаецца 6(19) студзеня. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем у рацэ Іардан і з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. У царк. каляндар увайшло не раней як у 2-й пал. 2 ст. У гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, у цудадзейную моц якой верылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБКО́ВА (Нінэль Міронаўна) (н. 16.10.1930, г. Смаленск),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі сілікатаў. Д-р тэхн. н. (1970), праф. (1973). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыла БПІ (1953). З 1957 у БПІ, з 1976 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па фізікахіміі шклопадобнага стану рэчываў, сіталаў, кампазіц. матэрыялаў.

Тв.:

Физическая химия силикатов и тугоплавких соединений. Мн., 1984;

Бесщелочные ситаллы и стеклокристаллические материалы. Мн., 1992 (разам з Л.​М.​Сіліч).

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)