ЗАРЭ́ЧЧА,

радовішча глін у Брэсцкім р-не, каля в. Буякі. Пластавы паклад звязаны з азёрна-алювіяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны ад блакітна- да буравата-шэрых, сярэднедысперсныя, сярэднепластычныя, шчыльныя. Разведаныя запасы 4,9 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,5—7,6 м, ускрышы (торф, супескі, суглінкі, пяскі) 1,1—5,7 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы і пячных кафляў.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕРНЕПАГРУ́ЗЧЫК,

машына бесперапыннага дзеяння для пагрузкі збожжа ў трансп. сродкі, фарміравання і пералапачвання бунтаў, загрузкі зернеачышчальных машын, зернесушылак і збожжасховішчаў. Мае 2 асн. рабочыя органы — сілкавальнік і транспарцёр. Паводле тыпу рабочых органаў падзяляюцца на скрабалкавыя, шнэкавыя і камбінаваныя. Бываюць самаперасоўныя і пераносныя. Прыводзяцца ў дзеянне ад электрарухавікоў. Найб. пашыраны З. самаперасоўныя скрабалкавыя прадукцыйнасцю да 100 т/гадз.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАБА́РЫ (ад іза... + грэч. baros цяжар, вага),

1) ізалініі атмасфернага ціску.

2) Лініі, якія адлюстроўваюць раўнаважны ізабарны працэс на тэрмадынамічнай дыяграме стану. Ураўненне І. ідэальнага газу: V/T=const, дзе V — аб’ём, T — т-ра.

3) Атамныя ядры розных хім. элементаў з аднолькавым масавым лікам. Маюць розныя колькасці пратонаў і нейтронаў, аднак іх агульная колькасць аднолькавая. Гл. Ядро атамнае.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАТЭ́РМА (ад іза... + грэч. therme цеплыня),

лінія, якая на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўвае раўнаважны ізатэрмічны працэс. Ураўненне І. ідэальнага газу: pV = const, дзе р — ціск, V — аб’ём дадзенай масы ідэальнага газу; для рэальных газаў ураўненне І. больш складанае (гл. Ван-дэр-Ваальса ўраўненне) і пераходзіць ва ўраўненне для ідэальнага газу толькі пры малых цісках або высокіх т-рах.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЗЛЕДЗЬ,

рака на мяжы Валожынскага, Стаўбцоўскага р-наў Мінскай вобл. і Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл., левы прыток р. Волка (бас. р. Нёман). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 134 км². Пачынаецца на ПнЗ ад в. Забор’е Валожынскага р-на на схілах Мінскага ўзв. У нізоўі цячэ па Налібоцкай пушчы. Асн. прыток — р. Каменка. Рэчышча б.ч. каналізаванае.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАНАСКО́П (ад грэч. eikōn выява, відарыс + скоп),

пераўтваральнік светлавога сігналу ў электрычны (відэасігнал); адна з першых перадавальных тэлевізійных трубак з назапашваннем эл. зарадаў. Заменены на больш дасканалыя пераўтваральнікі — відыкон, суперартыкон, ПЗС-матрыцы і інш.

Схема іканаскопа: 1 — электронны пражэктар; 2 — адхіляльная сістэма; 3 — аб’ектыў; 4 — калектар фота- і другасных электронаў; 5 — мазаічная мішэнь; 6 — сігнальная пласціна.

т. 7, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЬЖА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 20 км на Пн ад г. Браслаў. Пл. 0,21 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 470 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,8 км. Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя, месцамі на З і У пад хмызняком. Злучана ручаём з воз. Прасвята.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т (ад лац. institutum установа, устанаўленне),

1) назва навукова-даследчай ці навучальнай установы, якая дае вышэйшую адукацыю ў якой-н. галіне.

2) Сярэдняя навуч. ўстанова закрытага тыпу для жанчын дваранскага паходжання у дарэв. Расіі.

3) Сукупнасць прававых норм у якой-н. сферы грамадскіх адносін (напр., І. грамадзянства); пэўная арганізацыя грамадскай дзейнасці і сац. адносін (напр., І. сям’і і шлюбу).

т. 7, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЧЫНСКАЯ СО́ПКА,

найвышэйшы і адзіны актыўны вулкан Сярэдзіннага хр. на Камчатцы, у Расіі. Выш. 3621 м. Складзены з андэзітавых і базальтавых лаў. Тры вяршынныя купалы ўкрыты фірнавай шапкай, ад якой спускаюцца ледавікі. На выш. 3000 м выхады гарачых газаў (фумаролы і сальфатары), на схілах — лававыя патокі. Унутры сомы (даўж. 25 км) знаходзяцца 2 злітныя конусы і экструзіўныя купалы.

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЫ́ЛІНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 38 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 0,22 км², даўж. 610 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі каля 1,7 км. Схілы катлавіны выш. да 13 м, параслі лесам, на Пн часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. Каля паўн.-ўсх. берага невял. востраў.

т. 7, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)