НАПРУ́ЖАНАСЦЬ МАГНІ́ТНАГА ПО́ЛЯ,
вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе магн. поле. Роўная геам. рознасці магнітнай індукцыі , падзеленай на магнітную пастаянную μ0, і намагнічанасці асяроддзя :
. Для ізатропных асяроддзяў
. Калі аднародны і ізатропны магнетык поўнасцю запаўняе ўсю прастору з магн. полем, Н.м.п. не залежыць ад яго магнітнай пранікальнасці і супадае з Н.м.п., створанага той жа сістэмай макраскапічных токаў у вакууме. Адзінка Н.м.п. ў СІ — ампер на метр. Гл. таксама Поўнага току закон.
т. 11, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРУ́ЖАНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАГА ПО́ЛЯ,
вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе сілавое ўздзеянне поля на эл. зараджаныя часціцы і целы, што знаходзяцца ў ім. Вызначаецца адносінамі сілы , якая дзейнічае з боку поля на ўнесены ў яго дадатны пробны зарад q0, да абс. значэння гэтага зараду:
. Зарад q0 павінен быць дастаткова малым, каб яго ўнясенне ў даследаванае поле не выклікала змен значэнняў і размеркавання ў прасторы зарадаў, якія стварылі дадзенае поле. Адзінка Н.э.п. ў СІ — вольт на метр.
т. 11, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАЎНАВА́ЖНЫ СТАН у тэрмадынаміцы,
стан сістэмы, выведзенай з раўнавагі тэрмадынамічнай (у стат. фізіцы — з стану статыстычнай раўнавагі). Вывучаецца ў тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў і фіз. кінетыцы.
У сістэме, што знаходзіцца ў Н.с., адбываюцца неабарачальныя працэсы пераносу, якія імкнуцца вярнуць яе ў стан раўнавагі пры адсутнасці перашкаджальных фактараў, напр., адвядзення (ці падвядзення) энергіі або рэчыва з сістэмы. У процілеглым выпадку магчымы стацыянарны стан, калі павелічэнне энтрапіі ў сістэме кампенсуецца яе адвядзеннем ад сістэмы. Н.с. з часам існавання, многа большым за час рэлаксацыі, наз. метастабільным станам.
т. 11, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАТКО́ВЫЯ ЛЬГО́ТЫ,
частковае або поўнае вызваленне пэўнага кола фіз. і юрыд. асоб ад платы падаткаў шляхам вылічэнняў ці скідак пры вызначэнні падаткаў. П.л. маюць на мэце стымуляванне развіцця эканомікі, прыярытэтных галін, асобных вытворчасцей, рэгіёнаў краіны. Існуюць розныя формы П.Л.: неабкладны мінімум аб’екта падатку; выключэнне з абкладання пэўных элементаў аб’екта падатку; вызваленне ад платы падаткаў пэўных асоб або катэгорый плацельшчыкаў або паніжэнне падатковых ставак; вылік з падатковага плацяжу за разліковы перыяд; мэтавыя П.Л., падатковыя крэдыты, адтэрміноўкі спагнання падаткаў і інш.
М.Е.Заяц.
т. 11, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКІ (Альварэс Іванавіч) (н. 27.7.1937, г. Віцебск),
бел. матэматык і педагог. Канд. фіз.-матэм. н. (1968), праф. (1991). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1961). З 1966 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН БССР. У 1969—81 і з 1987 у Бел. дзярж. пед. ун-це імя М.Танка (з 1987 заг. кафедры). У 1981—87 дырэктар інфарм. выліч. цэнтра Мін-ва асветы Беларусі. Навук. працы па матэм. кібернетыцы, тэарэт. інфарматыцы, методыцы выкладання матэматыкі і інфарматыкі. Аўтар навуч. дапаможнікаў для школ.
т. 12, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАГО́ВА (Ларыса Аляксандраўна) (н. 16.11.1952, г. Харкаў, Украіна),
бел. вучоны ў галіне медыцынскай рэабілітацыі. Д-р мед. н. (1997), праф. (1999). Скончыла Гродзенскі мед. ін-т (1976). З 1980 у Гродзенскім мед. ун-це (з 1997 заг. кафедры, з 1998 дэкан). Навук. працы па мед. рэабілітацыі хворых і інвалідаў неўралагічнага профілю немедыкаментознымі метадамі, імунакарэкцыі і імунарэабілітацыі фіз. метадамі.
Тв.:
Кинезотерапия в реабилитации больных рассеянным склерозом // Здравоохранение. 1996. № 11;
Изменения, встречающиеся на ЭКГ спортсменов. Тактика при их выявлении (у сааўт.) // Спорт. медицина. 1998. № 1.
т. 12, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ДСЦІЛЬНАЯ ПАВЕ́РХНЯ ў геаграфіі,
паверхня Зямлі (расліннасць, глеба, грунт, вада, снег і інш.), якая ўзаемадзейнічае з атмасферай у працэсе цепла- і вільгацеабмену. З’яўляецца таксама крыніцай пылу і ядраў кандэнсацыі для атмасферы. Уплывае на фіз. стан атмасферы, у т. л. на надвор’е і клімат, вызначае мясц. асаблівасці атм. цыркуляцыі. П.п. ў геалогіі фіксуе мяжу сутыкнення больш маладых адкладаў горных парод з больш стараж.; крыццё ніжняга і падэшва верхняга слоя. У межах тэктанічных структурных комплексаў П.п. з’яўляецца перадперарыўнай, таксама паверхняй размыву, дэнудацыі.
І.В.Клімовіч.
т. 12, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСВЯТЛЕ́ННЕ О́ПТЫКІ,
змяншэнне адбіцця святла ад паверхняў аптычных дэталей нанясеннем на іх непаглынальных плёнак таўшчынёй, сувымернай з даўжынёй хвалі аптычнага выпрамянення. Вынік інтэрферэнцыі святла, адбітага ад пярэдніх і задніх паверхняў такіх плёнак, вядзе да ўзаемнага «гашэння» адбітых хваль і ўзмацнення інтэнсіўнасці святла, якое прайшло праз плёнку. Плёнкі наносяць у 1, 2 ці больш слаёў фіз. (напр., вакуумным напыленнем) і хім. (апрацоўкай паверхні растворамі к-т) метадамі. Выкарыстоўваецца ў складаных аптычных сістэмах з многімі адбівальнымі паверхнямі, напр., у фатагр. аб’ектывах, акулярах, перыскопах.
т. 13, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВЕ́ДЗЕНАЯ МА́СА,
фізічная велічыня, якая характарызуе размеркаванне мас у рухомай мех., электрамех. ці інш. сістэме. Залежыць ад фіз. параметраў сістэмы (мас, момантаў інерцыі, індуктыўнасцей і інш.) і закону яе руху. У прасцейшым выпадку сістэмы двух узаемадзейных цел з масамі M і m П.м. роўная μ = Mm/(M + m), пры гэтым формула для кінетычнай энергіі сістэмы мае такі ж выгляд, як для матэрыяльнага пункта: T = μ v2/2, дзе ν — скорасць некаторага характэрнага пункта (напр., цэнтра мас) сістэмы, да якога прыводзіцца яе маса.
т. 13, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЧА́НЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія развіваюцца на пясках і маюць не больш за 10% часцінак фіз. гліны. Развіваюцца на марэнных, азёрна-ледавіковых, водна-ледавіковых, старажытнаалювіяльных, поймавых і эолавых пясках. Маюць значную водапранікальнасць, аэрацыю, цеплаёмістасць. Прыродная ўрадлівасць нізкая — колькасць арган. і мінер. рэчываў невялікая. Падзяляюць на рыхла- і звязнапясчаныя глебы. На Беларусі займаюць больш 25% тэр. (большасць пад хваёвымі лясамі). Складаюць каля 19% с.-г. угоддзяў. Акультурваюцца П.г. ўнясеннем арган. і мінер. угнаенняў, пасевамі бабовых, вапнаваннем, глінаваннем, арашэннем і інш.
В.І.Шабанава.
т. 13, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)