А́КТЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ, «Акты исторические, собранные и изданные Археографическою комиссиею»,

зборнік дакументаў па гісторыі Расіі. Выдадзены Археаграфічнай камісіяй (т. 1—5. Спб., 1841—42). Т. 1-ы ахоплівае 1334—1598, 2-і — 1598—1613, 3-і — 1613—45, 4-ы — 1645—76, 5-ы — 1676—1700. Змяшчаюць крыніцы па сац.-эканам., паліт., дыпламат. і ваен. гісторыі, гісторыі рус. царквы: асобныя дагаворныя граматы вялікіх і ўдзельных князёў 14—15 ст., даравальныя граматы духоўным і свецкім феадалам, устаўныя граматы, наказы ваяводам, дакументы пра збор дзярж. даходаў, судзебнікі 1497 і 1550, пасланні цара Івана IV да Максіма Грэка і ў Кірыла-Белазерскі манастыр, урывак следчай справы пра С.​Ц.​Разіна і інш. Да «Актаў...» складзены імянны і геагр. паказальнікі (Спб., 1843).

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ, «Акты Московского государства, изданные Императорскою Академиею наук»,

збор дакументаў па паліт. і ваеннай гісторыі Расіі. Выдадзены Рас. АН пад рэд. Н.​А.​Папова і Дз.​Я.​Самаквасава (т. 1—3. Спб., 1890—1901). Том 1-ы ахоплівае 1571—1634, 2-і — 1635—59, 3-і — 1660—64. Змешчаны дакументы са справаводства Маскоўскага стала Разраднага прыказа: пра станічную і вартавую службу на Пд Расіі ў 1570—90-я г., засечную пабудову 1638, барацьбу з набегамі крымскіх татараў у 17 ст. Шэраг дакументаў прысвечаны ваен. дзеянням 1614—18, войнам з Рэччу Паспалітай (1632—34, 1654—67) і Швецыяй (1656—58), эканам., паліт., ваен. гісторыі Рэчы Паспалітай і Крыма; ёсць звесткі пра становішча служылых людзей, Маскоўскае паўстанне 1662.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́РЫС,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог расліннасці, вады, уладар замагільнага свету. Лічыўся сынам бога зямлі Геба і багіні неба Нут, яго сястрой і жонкай была Ісіда. Асірыса ўяўлялі ў вобразе чалавека з муміфікаваным целам і знакамі царскай улады; лічылі, што ён адвучыў людзей ад дзікага ладу жыцця, навучыў сеяць злакі, пячы хлеб, здабываць руды, будаваць гарады і інш. Брат Асірыса, бог пустыні Сет, забіў яго, але Ісіда знайшла цела мужа, здабыла ўтоеную ў ім жыццёвую сілу і зачала ад мёртвага Асірыса сына Гора. Грэкі атаясамлівалі Асірыса з Дыянісам. Міф пра смерць і ўваскрэсенне Асірыса паўплываў на ўзнікненне міфа пра Хрыста.

Да арт. Асірыс. Гор вядзе памерлага да трона Асірыса. Малюнак з «Кнігі мёртвых». Каля 1450 да н.э.

т. 2, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЫ́ЛА (Attila; ? — 453),

правадыр гунаў у 434—453. Да 445 кіраваў разам з братам Бледам, якога забіў. Узначальваў спусташальныя паходы на Усх. Рым. імперыю (443, 447—448), Галію (451) і Паўн. Італію (452); у 451 пацярпеў паражэнне на Каталаунскіх палях. Пры Атылу (яго рэзідэнцыя знаходзілася на тэр. сучаснай Венгрыі) саюз гунскіх плямёнаў дасягнуў найб. магутнасці і пашырыў сваю ўладу ад Волгі да Рэйна, ад дацкіх астравоў да Дуная. Памёр у Паноніі ў ноч пасля вяселля з германкай Ільдыкай. Створаная ім імперыя распалася адразу пасля яго смерці. Вобраз Атылы адлюстраваны ў сярэдневяковым гераічным эпасе (ісландскія песні «Старэйшая Эда», герм. «Песня пра Нібелунгаў»), гіст. аповесці венгра М.​Олаха (перакладзена на старабел. мову ў канцы 16 ст. пад назвай «Гісторыя пра Атылу») і інш.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКІ ПА́КТ 1940,

пакт аб ваенным саюзе, падпісаны Германіяй, Італіяй і Японіяй 27 вер. ў Берліне. Прадугледжваў падзел свету паміж саюзнікамі, быў этапам у падрыхтоўцы агрэсіі супраць СССР. Бакі пагадзіліся, каб Германія і Італія ўсталявалі «новы парадак» у Еўропе, Японія — у Азіі, дамовіліся пра ўзаемадапамогу ў паліт., эканам і ваен. галінах. Да Берлінскага пакта далучыліся Іспанія, Тайланд, Фінляндыя, залежныя ад Германіі ўрады Венгрыі, Румыніі, Славакіі, Балгарыі, Югаславіі (27.3.1941 урад Цветкавіча быў скінуты, новы югасл. ўрад адмовіўся зацвердзіць акт пра далучэнне), марыянетачныя ўрады Маньчжоу-Го, Харватыі, створаны Японіяй на тэр. акупіраванага Кітая ўрад Ван Цзін-вэя. Берлінскі пакт страціў значэнне пасля паражэння дзяржаў фаш. блоку ў 2-й сусв. вайне. Гл. таксама «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт».

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ДНЫ (Міхаіл) (сапр. Эпштэйн Міхаіл Сямёнавіч; 24.12.1903, г. Арцёмаўск, Украіна — 20.1.1949),

рускі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя В.​Я.​Брусава. Аўтар зб-каў «Палі» (1922), «Дарогі» (1925), «Вершы і песні» (1930), «Вершы пра Грамадзянскую вайну» (1932), «Песні і балады Айчыннай вайны» (1942), «З новых вершаў» (1946), тэкстаў песень «Партызан Жалязняк», «Песня пра Шчорса». На рус. мову пераклаў каля 30 твораў Я.​Купалы (у т. л. паэму «Курган» і інш.), асобныя вершы А.​Александровіча. На бел. мову творы Галоднага перакладалі Александровіч, П.​Броўка, П.​Глебка, А.​Дудар, Я.​Журба, А.​Звонак, К.​Кірэенка, В.​Маракоў, П.​Пестрак, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Стихотворения;

Баллады;

Песни. М., 1959;

Бел. пер. — Выбраныя вершы. Мн., 1936;

У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАСІМО́ВІЧ (Пётр Мікалаевіч) (12.3.1912, в. Танежыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 20.4.1990),

бел. мастацтвазнавец і графік. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). Выкладаў у Мазырскім пед. тэхнікуме (1933—41), у 1945—82 працаваў у Дзярж. маст. музеі Беларусі. Аўтар прац пра бел. выяўл. мастацтва, манаграфій пра мастакоў Я.​А.​Зайцава (М., 1958) і А.​М.​Тычыну (Мн., 1961). Асн. творы станковай графікі: «Год 1919», «Год 1930» (абодва 1968), «Памятай, таварыш», «Пасля навальніцы» (абодва 1970), партрэты Я.​Коласа і Я.​Купалы (абодва 1982).

Тв.:

Изобразительное искусство Белорусской ССР. М., 1957 (з П.​П.​Нікіфаравым);

Изобразительное искусство Белоруссии (з ім жа) // Искусство, рожденное Октябрем. М., 1967;

Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1976 (з А.​К.​Рэсінай);

Нацюрморт: [Альбом]. Мн., 1982.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБУЛА́ДЗЕ (Сяргей Саламонавіч) (7.2.1909, г. Ахалцыхе, Грузія — 22.7.1978),

грузінскі графік, тэатр. мастак і жывапісец. Нар. мастак Грузіі (1958), чл.-кар. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1925—30), выкладаў там з 1938. Графічным творам К. ўласціва героіка-рамант. трактоўка вобразаў, скульптурнасць форм (іл. да «Віцязя ў тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі, 1935—37; «Слова пра паход Ігаравы», 1939, і інш.). Тэатр. работы: афармленне балетаў «Раймонда» А.​Глазунова (1945) у Вял. т-ры, «Сінатле» Кіладзе (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) і оперы «Казанне пра Тарыэля» Ш.​Мшвелідзе (1946, Дзярж. прэмія СССР, 1947) у Тбіліскім т-ры оперы і балета. Працаваў таксама як партрэтыст і пейзажыст.

С.Кабуладзе. Ілюстрацыя да паэмы Ш.​Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 1935—37.

т. 7, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛУЧ»,

газета Мінскай арг-цыі РСДРП і фракцыі сацыял-дэмакратаў-меншавікоў франтавога к-та Зах. фронту. Выдавалася з 4(17) кастр. да ліст. 1917 у Мінску на рус. мове 6 разоў на тыдзень. Рэдактары: С.​Басіст, А.​Хаст, А.​Штэрн. Змяшчала матэрыялы па надзённых пытаннях тагачаснага жыцця, асаблівую ўвагу аддавала рабочаму, сялянскаму і франтавому жыццю, з 2-й пал. кастр. асвятляла ход падрыхтоўкі выбараў ва Устаноўчы сход. Стаяла на платформе класавай барацьбы, але адмоўна ставілася да заклікаў бальшавікоў пра неабходнасць сац. рэвалюцыі і ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту, выказвалася супраць перадачы ўсёй улады Саветам. Кастр. рэвалюцыю 1917 кваліфікавала як бальшавіцкі пераварот. Друкавала матэрыялы К-та выратавання рэвалюцыі Зах. фронту, звесткі пра барацьбу за ўладу ў Мінску і інш. гарадах Беларусі.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Мікалай Андрэевіч) (1898, г. Лібава, Латвія — 1944),

бел. графік. Працаваў пераважна ў кніжнай графіцы. У 1920—30-я г. працаваў у газ. «Чырвоная змена», выконваў ілюстрацыі да час. «Іскры Ільіча» і «Беларускі піянер». Аформіў кнігі для дзяцей «Першы дзень у дзіцячым садзе» (1928), «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.​Лынькова (1937), «Казка пра рыбака і рыбку» А.​Пушкіна, «Канёк-гарбунок» П.​Яршова (абедзве 1938), «Верабейчык» Я.​Герасімовіча (1939), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» К.​Чорнага (1941). У 1920-я 1930-я г. працаваў і як карыкатурыст (8 пано-плакатаў «Падпал рэйхстага Ван дэр Любэ»).

Літ.:

Ціхановіч В. М.​А.​Малевіч. Мн., 1959.

М.​А.​Гугнін.

М.Малевіч. Ілюстрацыі да казкі «Канёк-гарбунок» П.​Яршова, 1938.

т. 10, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)