АПА́РЫН (Аляксандр Іванавіч) (2.3.1894, г. Угліч, Расія — 21.4.1980),
савецкі вучоны-біяхімік, грамадскі дзеяч. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1939), ганаровы чл. акадэмій навук Балгарыі, ГДР, Кубы, Іспаніі, Італіі. Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). З 1929 праф. гэтага ун-та. У 1935 з А.М.Бахам арганізаваў Ін-т біяхіміі АНСССР, з 1946 яго дырэктар. Навук. працы па біяхіміі раслін, праблеме ўзнікнення жыцця на Зямлі. Заснавальнік эвалюцыйнай біяхіміі, вучэння пра хім. эвалюцыю дабіялагічнага перыяду развіцця жыцця. Ленінская прэмія 1974. Залатыя медалі імя І.І.Мечнікава (1960) і М.В.Ламаносава (1979).
Тв.:
Возникновение жизни на Земле. 3 изд. М., 1957;
Жизнь, ее природа, происхождение и развитие. 2 изд. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ТЭНАНТ ((Butenandt) Адольф Фрыдрых) (24.3.1903, г. Брэмергафен, Германія — 18.1.1995),
нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Чл. Баварскай і Гётынгенскай АН. Ганаровы чл. Нью-Йоркскай АН, акадэмій навук Аўстраліі і Францыі. Вучыўся ў Марбургскім (з 1921) і Гётынгенскім ун-тах. З 1931 у Гётынгенскім ун-це, з 1933 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Данцыгу (сучасны Гданьск, Польшча), з 1936 дырэктар Ін-та імя М.Планка (Берлін, Цюбінген, Мюнхен). Навук. працы па біяхіміі палавых гармонаў: упершыню вылучыў у чыстым стане і сінтэзаваў эстрон (жаночы палавы гармон, 1929), андрастэрон (1931, незалежна ад Л.Ружычкі), тэстастэрон (1939), прагестэрон (1934) і інш. Распрацаваў методыку атрымання картызону. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1968). Нобелеўская прэмія 1939 (разам з Ружычкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯКЕ́ТАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (13.1.1826, с. Алфер’еўка Пензенскай вобл., Расія — 13.12.1911),
рускі фізікахімік, заснавальнік рус. школы фізікахімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Казанскі ун-т (1848). З 1849 у Медыка-хірург. акадэміі, з 1855 у Харкаўскім ун-це (з 1859 праф.), з 1886 у хім. лабараторыі Пецярбургскай АН. Навук. працы па фіз. хіміі. Адкрыў здольнасць магнію і цынку выцясняць іншыя металы з іх соляў (1863). Атрымаў бязводныя аксіды шчолачных металаў (1870). Выявіў магчымасць аднаўлення металаў з іх аксідаў алюмініем, што дало пачатак алюмінатэрміі. Вызначыў фіз. хімію як самаст.навук. дысцыпліну.
Тв.:
Избранные произведения по физической химии. Харьков, 1955.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецов Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЦЕ́ХЦІН (Анатоль Георгіевіч) (8.3.1897, с. Стрыгіна, Валагодская вобл., Расія — 20.4.1962),
савецкі геолаг, мінералог. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1946). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1924). З 1937 у Ін-це геал.навукАНСССР (Масква), з 1956 у Ін-це геалогіі рудных радовішчаў, петраграфіі, мінералогіі і геахіміі АНСССР. Навук. працы па тэорыі рудаўтварэння і мінераграфіі. Развіваў новы кірунак у даследаванні рудаў, звязаны з вывучэннем іх тэкстуры, структуры і парагенезісу мінералаў Распрацаваў тэорыі гідратэрмальнага мінералаўтварэння і ўтварэння рудаў марганцу. Аўтар манаграфіі «Прамысловыя марганцавыя руды СССР» (1946). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1947. Імем Бяцехціна названы мінерал бецехцяніт.
Літ.:
Шадлун Т.Н. Памяти академика А.Г.Бетехтина // Геология руд. Месторождений. 1963. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ МЕДЫЦЫ́НА,
сістэма навук. ведаў і практычная дзейнасць, якія маюць на мэце ўмацаванне здароўя асабістага складу войск, папярэджанне і лячэнне баявых ран і захворванняў. Тэарэт. асновай ваеннай медыцыны з’яўляецца ваен.-мед. навука — галіна ведаў, якая абапіраецца на навук. даныя агульнай медыцыны і ваен. навукі. У практычнай дзейнасці ваенная медыцына абапіраецца на сістэму і метады мед. забеспячэння ўзбр. сіл. Адным з асн. элементаў ваеннай медыцыны з’яўляецца ваен.-мед. адукацыя — сістэма фарміравання і ўдасканалення ваен.-мед. кадраў і планамернага папаўнення падрыхтаванымі для нясення ваен. службы ўрачамі, фельчарамі і г.д. Стан ваеннай медыцыны і канкрэтныя формы яе развіцця вызначаюцца эканам. ладам грамадства, арг-цыяй узбр. сіл і ўзроўнем развіцця мед. навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навукова-асветная ўстанова ў 1855—65, якая займалася зборам і даследаваннем помнікаў старажытнасці на тэр. Беларусі і Літвы. Створана па ініцыятыве Я.П.Тышкевіча пры Віленскім музеі старажытнасцей. У склад камісіі ўваходзілі Я.П.Тышкевіч (старшыня), М.І.Балінскі (віцэ-старшыня), А.К.Кіркор, І.Крашэўскі, Т.Нарбут, А.С.Плятар, У.Сыракомля, К.П.Тышкевіч і інш. Збірала матэрыялы па гісторыі краю, вывучала матэр. і духоўную культуру паводле «Праграмы дзеянняў», складзенай Я.П.Тышкевічам. Камісія выпускала «Записки Виленской археологической комиссии», краязн. працы, праводзіла абмен навук. інфармацыяй, кнігамі, наладжвала сустрэчы з навук. арг-цыямі Англіі, Даніі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі і інш. краін. Пасля паўстання 1863—64 паводле загаду ген.-губернатара М.М.Мураўёва яна закрыта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЕ́ЎСКАЯ (Кацярына Яфімаўна) (н. 25.12.1930, в. Старая Беліца Гомельскага р-на),
бел. вучоны ў галіне анкагінекалогіі. Д-рмед.н. (1985), праф. (1990). Правадз.чл. Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1995). Скончыла Віцебскі мед.ін-т (1955). З 1960 у Бел.НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі. Навук. працы па метадах дыягностыкі, хірург., камбінаванага і прамянёвага лячэння злаякасных новаўтварэнняў геніталіяў.
Тв.:
Лимфография в онкогинекологии.
Мн., 1984 (разам з М.М.Аляксандравым); Рак шейки матки: Диагностика, хирургическое и комбинированное лечение. Мн., 1987; Клинико-рентгенологический атлас опухолей женских половых органов. Мн., 1992; Ошибки в онкогинекологической практике: Справ. пособие. Мн., 1994 (разам з Я.У.Бохманам); Справочник по онкогинекологии. 2 изд. Мн., 1994; Детская онкогинекология. Мн., 1997.
старэйшы універсітэт Германіі. Засн. ў 1386 у г. Гайдэльберг курфюрстам Рупрэхтам I у складзе 4 традыцыйных для сярэднявечча ф-таў (вольных мастацтваў, багаслоўскі, мед., юрыд.); у 16 ст.ф-т вольных мастацтваў пераўтвораны ў філасофскі. У 15—16 ст. вядомы як цэнтр гуманізму. У канцы 17 ст. спалены французамі. Аднавіў дзейнасць як навуч. і навук. ўстанова пасля 1803 намаганнямі курфюрста Карла Фрыдрыха Бадэнскага. У 19 ст. адна з вядучых навуч. устаноў Германіі. Ф-ты: тэалагічны, філас., юрыд., прыродазнаўчых навук, мед. і інш. У ім працавалі філосафы Г.Гегель, К.Фішэр, хімік Р.Бунзен, фізік Г.Кірхгоф, даследчык прыроды Г.Гельмгольц, гісторык Ф.Шлосер і інш.Б-ка (з 1386).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЧУ́К (Міхаіл Іванавіч) (н. 28.6.1946, в. Дзевяткі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік, дзярж. дзеяч Беларусі. Чл.-кар.АН Беларусі (1986), д-рфіз.-матэм.н. (1983), праф. (1985). Засл. дз. нав. Беларусі (1996). Скончыў БДУ (1968). З 1970 у БДУ і НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. У 1985—88 заг. аддзела навукі і навуч. устаноў ЦККПБ. З 1988 міністр нар. адукацыі, з 1991 нам. старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. З 1994 рэктар БПА. Навук. працы па квантавай электроніцы і навук. прыладабудаванні (статыстычных метадах часавага аналізу хуткапераменных патокаў светлавога выпрамянення). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Статистический одноквантовый метод в оптико-физическом эксперименте. Мн., 1981 (разам з М.А.Івановым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАШКЕ́ВІЧ (Васіль Мікітавіч) (н. 13.1.1939, в. Васькавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ядзернай і нетрадыцыйнай энергетыкі. Д-ртэхн.н. (1991). Скончыў Харкаўскі авіяц.ін-т (1962). З 1976 у Ін-це ядзернай энергетыкі АН Беларусі, з 1992 дырэктар навук.-тэхн. цэнтра «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне» Нац.АН Беларусі. Навук. працы па працэсах гарэння паліва ў вадкасных ракетных рухавіках, стварэнні ядзерных энергет. установак. Распрацаваў рухавікі арыентацыі і стабілізацыі касм. аб’ектаў, акісляльнік для ракетнага паліва, асновы і канцэпцыю выкарыстання нетрадыцыйных крыніц энергіі ў Беларусі.