ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (30.5.1862, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. —4.7.1910),
вайсковец, падарожнік, дыпламат. Граф Абісінскай імперыі (1896). Вучыўся ў Мікалаеўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу, служыў у Гродзенскім гусарскім палку (да 1892). У 1894—95 арганізаваў на свае сродкі (дзеля чаго прадаў свае маёнткі) разам з падарожнікам А.В.Елісеевым рас. геагр. экспедыцыю ў Эфіопію (Абісінію). Наладзіў сяброўскія адносіны з імператарам Менелікам ІІ, садзейнічаў пасылцы ў ліп. 1895 эфіопскай місіі ў Пецярбург і ўсталяванню дыпламат. адносін паміж Расіяй і Эфіопіяй. Быў ініцыятарам адпраўкі ў Эфіопію летам 1895 вял. партыі рас. зброі. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96 ваен. саветнік Менеліка II. У 1897—99 ген.-губернатар Экватарыяльнай вобл. Эфіопіі, пасля чаго вярнуўся ў Расію. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. Апошнія гады жыў у Парыжы.
Літ.:
Бобрович В. Граф Абиссинской империи // Полит. собеседник. 1991. № 4.
В.Д.Бабровіч.
т. 9, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСЕ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
тры вайны паміж Месеніяй і Спартай (Стараж. Грэцыя). У выніку 1-й М.в. (канец 8 ст. да н.э.), якую пачала Спарта з мэтай захопу ўрадлівых зямель, Месенія страціла б. ч. сваёй тэрыторыі. Жорсткае спартанскае панаванне падштурхнула месенцаў да паўстання, вядомага як 2-я М.в. (сярэдзіна 7 ст. да н.э.). Больш моцная ў ваен. адносінах Спарта зноў перамагла і захапіла ўсю Месенію; частка насельніцтва перасялілася на Сіцылію, а большасць ператворана ў бяспраўных ілотаў. 3-я М.в. (464—455 да н.э.) фактычна была паўстаннем ілотаў, якія выкарысталі разгубленасць у Спарце ў выніку землетрасення 464, і пачалі ваен. дзеянні. Месенцы замацаваліся на гары Ітома і, нягледзячы на падмогу спартанцам з боку грэч. полісаў, на працягу 10 гадоў паспяхова трымалі абарону. Спартанцы былі вымушаны даць свабодны выхад з Месеніі паўстанцам, якія пасяліліся ў г. Наўпакт (Ц. Грэцыя).
Я.У.Новікаў.
т. 10, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКЛЕ́ВІЧ (Рамуальд Адамавіч) (7.12. 1890, г. Супрасль, Польшча — 9.2. 1938),
савецкі ваен. і дзярж. дзеяч. Флагман 1-га рангу. З 1912 на флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Петраградзе. З 1918 у Чырв. Арміі. З 1919 камісар Зах. граніцы, нач. штаба Свянцянскай групы войск, мінскі губ. ваен. камісар (ліп.—жн. 1919), камісар штаба 16-й арміі. З чэрв. 1920 чл. Магілёўскага ВРК. У 1921—22 чл. РВС Заходняга фронту 1919—24. У 1926—31 нач. (з 1931 інспектар) ВМС РСЧА. З 1934 нач. Гал. ўпраўлення суднабуд. прам-сці і адначасова (з 1936) нам. наркома абароннай прам-сці. Чл. ЦВК БССР і ЦВК Літ.-Бел. ССР (1919), ВЦВК (1921—22), ЦВК СССР (1925—31), чл. РВС (1926—34). У маі 1937 беспадстаўна арыштаваны і расстраляны. У 1956 рэабілітаваны.
Э.А.Карніловіч.
т. 11, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́НАЎ (Леў Барысавіч) (н. 1.12.1930, г. Іванава, Расія),
расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Ін-т ваен. дырыжораў у Маскве (1952). Маст. кіраўнік армейскіх ансамбляў. У 1979—88 начальнік і муз. кіраўнік Ансамбля песні і танца Бел. ваен. акругі (з 1992 Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 праф.), з 1995 кіраўнік камернага аркестра гімназіі-каледжа пры ёй. Аўтар песень («Пяюць гвардзейцы на прывале», «Беражом зямлі світанні», «Сцягоў прамяністая слава», «Мы ідзём па вуліцы» і інш.), аранжыровак твораў муз. класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. «Змрок багоў» Р.Вагнера, «Музычныя вечары» Б.Брытэна паводле Дж.Расіні, уверцюра да оперы «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Трыумфальны марш» з балета «Спартак» А.Хачатурана, сюіта на тэмы оперы «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна і інш.
т. 11, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЯСПЕ́КА,
стан абароненасці інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад унутр. і знешніх пагроз у эканам., гуманіт., экалагічнай, інфарм., ваен., паліт. сферах жыццядзейнасці. Асн. аб’ектамі і суб’ектамі Н.б. адначасова з’яўляюцца асоба, грамадства і дзяржава. Іх жыццёва важныя інтарэсы, рэальныя і патэнцыяльныя пагрозы гэтым інтарэсам, прыярытэтныя кірункі іх забеспячэння і абароны вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі, ваен. дактрынай і інш. паліт.-прававымі актамі. Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь зацвердзіў канцэпцыю Н.б. (1995), у якой сфармуляваны змест і структура Н.б. ва ўмовах існавання Беларусі як незалежнай дзяржавы, вызначаны асн. прынцыпы і кірункі арганізацыі сістэмы Н.б., эканам., прававыя і інш. аспекты яе функцыянавання. Агульнае кіраўніцтва сістэмай Н.б. ажыццяўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Ён фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі, які разглядае асн. праблемы Н.б. і каардынуе дзейнасць органаў заканадаўчай, выканаўчай і суд. улад па яе забеспячэнні.
А.А.Тозік.
т. 11, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗА́-ШАХ ПЕХЛЕВІ́ (16 31878, Алашт, Іран — 26.7.1944),
шах Ірана [1925—41], заснавальнік дынастыі Пехлеві. Служыў афіцэрам у перс. Казацкай брыгадзе. 21.2.1921 на чале групы перс. казакоў здзейсніў дзярж. пераварот. У 1921—23 ваен. міністр, у 1923—25 прэм’ер-міністр Ірана. Дамогся адхілення ад улады апошняга правіцеля з Каджарскай дынастыі — Ахмад-шаха (кастр. 1925) і 12.12.1925 абвясціў сябе шахам Ірана. Ажыццявіў шэраг рэформ, у т. л. судовую, ваен., адукацыі, адмяніў прывілеі іншаземцам, прыняў меры па эмансіпацыі жанчын. У эканам. галіне падтрымліваў развіццё нац. прам-сці, пры ім пабудавана Трансіранская чыгунка. Адначасова ўсталяваў рэжым уласнай дыктатуры, жорстка душыў апазіцыю. У пач. 1940-х г. праводзіў курс на супрацоўніцтва з Германіяй, што прывяло да ўступлення ў Іран у жн. 1941 сав. і брыт. войск. Быў вымушаны адмовіцца ад прастола на карысць свайго сына Мухамеда Рэза Пехлеві. Высланы англічанамі ў Паўд. Афрыку.
т. 13, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОЕ СЛО́ВО»,
грамадска-паліт. газета акцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 10(23).11.1915 да 30.4(13.5).1916 у Мінску на рус. мове штодзённа. Падтрымлівала палітыку ўрада, асвятляла дзейнасць цэнтр. і мясц. органаў улады. Друкавала паведамленні пра ваен. дзеянні ў Расіі і яе саюзнікаў у час 1-й сусв. вайны. Прапагандавала ідэю сац. і нац. міру, адзінага патрыят. фронту для перамогі ў вайне.
Адмаўляла нац. і культ. самастойнасць беларусаў. Інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё ў Мінску. Друкавала вершы і нарысы мясц. аўтараў, якія з рэліг. і патрыят. пазіцый сцвярджалі ўпэўненасць у ваен. перамозе Расіі. Спрабавала выкарыстаць класічную л-ру з кансерватыўна-ахоўніцкімі мэтамі, І.Тургенева і інш. рус. пісьменнікаў называла «вялікімі нацыяналістамі зямлі рускай». Вяла палеміку з газ. «Минский голос», «Минская газета-копейка» і «Варшавское утро» па ідэалаг. матывах і з-за канкурэнтных меркаванняў.
У.М.Конан.
т. 14, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКО́РСКІ ((Sikorski) Уладзіслаў) (20.5.1881, Тушаў-Нарадовы, каля г. Мелец, Польшча — 4.7.1943),
польскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. броні (1940). Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Жэшаў (1902), Львоўскі політэхн. ін-т (1908). З 1902 удзельнічаў у польскім нац.-вызв. руху. У 1-ю сусв. вайну адзін са стваральнікаў легіёнаў польскіх у Галіцыі (Аўстра-Венгрыя), з 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1919—20 на тэр. Беларусі (камандаваў Палескай брыгадай, 5-й і 3-й арміямі). У 1921—22 нач. Генштаба. У снеж. 1922 — маі 1923 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў Польшчы. З 1923 ген. інспектар пяхоты, у лют. 1924 — ліст. 1925 міністр вайск. спраў. Выступаў за знешнепаліт. арыентацыю Польшчы на Францыю. Памяркоўна ставіўся да нац. меншасцей, у т. л. беларусаў. У 1925—28 камандаваў войскамі ваен. акругі (Львоў). Пасля ваен. перавароту Ю.Пілсудскага 1926 адхілены ад гэтай пасады (1928). Быў апанентам «санацыйнага рэжыму». У 2-ю сусв. вайну прэм’ер-міністр і міністр вайск. спраў (з 30.9.1939) польскага ўрада ў эміграцыі (у Францыі, з чэрв. 1940 у Вялікабрытаніі), адначасова вярх. галоўнакамандуючы і генеральны інспектар узбр. сіл (з 7.11.1939). Імкнуўся да перамогі над нацысцкай Германіяй у саюзе з зах. краінамі (пасля 22.6.1941 і з СССР) і аднаўлення незалежнай польск. дзяржавы з даваен. усх. мяжой. Адзін з першых палітыкаў на Захадзе, які прапанаваў адкрыццё другога фронту. У ліп. 1941 заключыў савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога з польскіх ваеннапалонных і б. жыхароў Зах. Беларусі і Зах. Украіны створана Андэрса армія, а ў час свайго афіц. візіту ў СССР (снеж. 1941) падпісаў Дэкларацыю аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе з СССР (Дэкларацыя С. — Сталіна). Загінуў у авіякатастрофе каля Гібралтара пры нявысветленых абставінах. Аўтар шэрагу прац па пытаннях ваен. і дзярж. палітыкі міжваен. Польшчы.
Літ.:
Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991;
Парсаданова В.С. Владислав Сикорский // Вопр. истории. 1994. № 9: Terlecki O. Władysław Sikorski. Wrocław etc., 1985.
Ю.В.Грыбоўскі.
т. 14, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАРЭ́Я (ваен.; франц. batterie ад battre біць),
агнявое і тактычнае падраздзяленне ў артылерыі. Батарэі могуць быць самастойнымі (у палкавой, берагавой артылерыі) або ўваходзіць у артыл. дывізіён (полк). Складаецца з 2—3 агнявых узводаў, узвода (аддзялення) кіравання. Мае 2—8 гармат (мінамётаў, баявых машын рэактыўнай артылерыі або процітанкавых кіроўных ракет).
т. 2, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МІНУ́ЎШЧЫНА»,
гісторыка-публіцыстычны ілюстраваны часопіс. Выходзіць з 1993 на бел. мове 6 разоў у год. Гал. мэты выдання: папулярызацыя гіст. ведаў, аказанне дапамогі вучоным і краязнаўцам у навук. распрацоўцы праблем гісторыі Беларусі. Асн. рубрыкі: «Роздум», «Дзяржава», «Звіцязтва» (ваен. гісторыя), «Архівы», «Музеі», «Этнаграфія», «Пяроспар» (дыскусіі), «Беларусіка».
Л.В.Лойка.
т. 2, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)